Блакіроўку сайтаў можна будзе аспрэчыць у судзе
Абмежаванне доступу да інтэрнэт-сайтаў можна будзе абскардзіць у судовым парадку — адпаведныя нормы ўнесеныя ў законапраект аб зменах у закон аб СМІ пры падрыхтоўцы яго да другога чытання.

Пра гэта паведаміла пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ ў сваім адказе на зварот Партыі БНФ датычна зменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, што былі прынятыя 19 красавіка ў першым чытанні.
“Па папярэдніх выніках дапрацоўкі праекта закона да другога чытання, артыкулы 51.1 і 51.2 дапоўненыя адпаведна часткамі 8 і 5, якімі замацоўваецца права ўладальніка інтэрнэт-рэсурса, уладальніка сеткавага выдання абскардзіць у судовым парадку рашэнні аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурса, сеткавага выдання і рашэнне аб адмове ў аднаўленні доступу,” — гаворыцца ў лісце старшыні пастаяннай камісіі Андрэя Наумовіча.


Каментуючы адказ парламенцкай камісіі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў:
— Улады вырашылі хоць неяк змягчыць прадугледжаныя законапраектам драконаўскія нормы пра блакіроўку інтэрнэт-сайтаў. Прыняццё рашэнняў пра абмежаванне доступу да сайтаў па-ранейшаму застаецца ў кампетэнцыі Міністэрства інфармацыі, аднак з’яўляецца хаця б нейкая магчымасць судовага перагляду такіх рашэнняў. Мы вітаем той факт, што заканадаўцы прыслухаліся да голасу розуму і пачулі рацыянальныя аргументы грамадскасці па гэтым пытанні. Аднак мушу адзначыць, што міжнародным стандартам адпавядала б аднясенне рашэнняў пра абмежаванне доступу да інтэрнэт-сайтаў цалкам да кампетэнцыі судовай улады.
Па іншых нашых прапановах што да зменаў у закон аб СМІ парламентары станоўчых адказаў не далі. У цяперашнім выглядзе законапраект не служыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі і не спрыяе выкананню права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі. Спадзяюся, што ўдасканаленне гэтага законапраекта працягнецца, прапановы грамадзянскай супольнасці будуць улічаныя, і пры другім чытанні законапраект набудзе выгляд, больш спрыяльны для айчыннай медыя-прасторы і для правоў грамадзянаў.
Нагадаем, што раней адказ на прапановы Партыі БНФ што да зместу зменаў у заканадаўства аб СМІ дало Міністэрства інфармацыі.