Вайна сілавікоў у Судане: хто з кім ваюе і хто з іх больш звязаны з Расіяй?

Баявыя дзеянні, якія ўспыхнулі ў сталіцы Судана Хартуме і іншых раёнах краіны, сталі прамым вынікам жорсткай барацьбы за ўладу ў ваенным кіраўніцтве краіны. Пра тое, што адбываецца ў краіне, распавядае ВВС.

Байцы Хемеці лепш аплачваюцца і лепш узброены, чым рэгулярная армія. Фота Getty Images

Байцы Хемеці лепш аплачваюцца і лепш узброены, чым рэгулярная армія. Фота Getty Images


У ключавых стратэгічных пунктах сталіцы адбываюцца сутыкненні паміж чальцамі ваенізаваных фарміраванняў — Сіл хуткага рэагавання (Rapid Support Forces, або RSF) — і рэгулярнай арміяй.

Вось што пра гэта трэба ведаць.

Перадгісторыя

Пасля перавароту ў кастрычніку 2021 года Суданам кіруе Рада, якая складаецца з генералаў, і паміж двума самымі галоўнымі з іх разгарэўся канфлікт.

Адзін з іх — генерал Абдэль Фатах аль-Бурхан, кіраўнік узброеных сіл і фактычна прэзідэнт краіны.

Другі — яго намеснік і камандуючы Сіламі хуткага рэагавання генерал Махамед Хамдан Дагала, таксама вядомы як Хемеці.

Яны разышліся ў меркаваннях адносна напрамку, у якім мусіць рухацца краіна, і прапанаванага пераходу да цывільнага кіравання.

Галоўныя спрэчныя моманты — гэта план уключэння Сіл хуткага рэагавання (а гэта каля 100 тысяч чалавек) у склад рэгулярнай арміі і тое, хто ўзначаліць пасля гэтае войска.


Чаму ўсё пачалося 15 красавіка?

Канфлікт увайшоў у новую фазу пасля некалькіх дзён напружанасці: чальцы Сіл хуткага рэагавання былі перадыслакаваныя па ўсёй краіне, армія расцаніла гэта як пагрозу.

Слабая надзея на тое, што перамовы змогуць вырашыць сітуацыю, не апраўдалася — перамовы так і не адбыліся.

Незразумела, хто зрабіў першы стрэл, але ёсць асцярогі, што гэта пагоршыць і без таго нестабільную сітуацыю.

Дыпламаты заклікалі абодва бакі спыніць агонь.


Што такое Сілы хуткага рэагавання?

Яны былі сфарміраваныя ў 2013 годзе на аснове адыёзнага апалчэння «Джанджавід», якое варварскімі метадамі змагалася з паўстанцамі ў Дарфуры.

З тых часоў генерал Дагала стварыў магутную ваенную групоўку, якая ўдзельнічала ў канфліктах у Емене і Лівіі і кантралюе некаторыя залатыя капальні Судана.

Чальцоў групоўкі таксама абвінавачваюць у парушэннях правоў чалавека, у тым ліку ў масавым забойстве больш за 120 дэманстрантаў у чэрвені 2019 года.

Магутная ваенізаваная групоўка, што не падпарадкоўваюцца арміі, уяўляе пагрозу стабільнасці краіны.

Як генерал Хамдан Дагала звязаны з Расіяй?

Генерал-лейтэнант Махамед Хамдан Дагала пачынаў як гандляр вярблюдамі, але ў апошнія два дзесяцігоддзі няўхільна назапашваў уплыў і багацце ў Судане ды падымаўся да вяршыняў улады.

Генерал Хамдан быў камандзірам апалчэння «Джанджавід», якое абвінавачваюць у масавых злачынствах падчас канфлікту ў Дарфуры, што пачаўся ў 2003 годзе і прывёў да гібелі да 300 тысяч чалавек. Мільёны людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Дзеянні Хамдана ў гэтай ролі прыцягнулі ўвагу прэзідэнта Амара аль-Башыра, які ў 2013 годзе прызначыў яго кіраўніком нядаўна створаных на базе «Джанджавід» Сіл хуткага рэагавання. Аднак пасля пратэстаў у 2019 годзе з патрабаваннем адстаўкі аль-Башыра генерал Хамдан выступіў супраць былога заступніка і дапамог адхіліць яго ад улады.

У 2019 годзе Сілы хуткага рэагавання задушылі дэмакратычныя пратэсты ў Судане з патрабаваннем цывільнага ўрада.

Паводле некаторых даных, Сілы хуткага рэагавання таксама ваююць як найміты ў Емене ў складзе кааліцыі пад кіраўніцтвам Саудаўскай Аравіі.


У Судане інтарэсы Хемеці звязаныя са здабычай золата і будаўніцтвам. Ён таксама займаецца рэгіянальнай палітыкай і развівае сувязі з Расіяй.

У сакавіку 2022 года суданскія чыноўнікі заявілі, што плануюць аднавіць прыпыненае ў 2020 годзе пагадненне, паводле якога Масква атрымала б у арэнду на 25 гадоў ваенна-марскую базу ў Порт-Судане на Чырвоным моры.

Тады ж Хамдан ездзіў у Маскву, дзе сустракаўся з расійскімі чыноўнікамі, у тым ліку міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым і Мікалаем Патрушавым, сакратаром Рады бяспекі Расіі.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Судана SUNA тады паведаміла, што бакі дамовіліся аб аднаўленні ўсіх папярэдніх эканамічных і дыпламатычных пагадненняў і пагадненняў у галіне бяспекі.

У сакавіку гэтага года пасля візіту Сяргея Лаўрова вайсковы рэжым у Судане ўхваліў будаўніцтва расійскай базы ВМФ. На ёй мусіла размесціцца каля 300 вайскоўцаў і чатыры караблі. У абмен Масква абяцала забяспечваць Хартум зброяй і вайсковай тэхнікай.

16 сакавіка тэлеграм-канал «Прэс-служба Прыгожына» апублікаваў вытрыманы ў яго звычайнай манеры адказ карэспандэнту New York Times, у якім у прыватнасці гаварылася: «Мы... не маем ніякага дачынення... да спадара Хамеці».


Чаму Суданам кіруюць вайскоўцы?

Баявыя дзеянні ў гэтыя выходныя — чарговая ўспышка напружанасці, якая пачалася ў краіне пасля адхілення ад улады ў 2019 годзе прэзідэнта Амара аль-Башыра.

Аль-Башыр знаходзіўся ва ўладзе амаль тры дзесяцігоддзі. Пасля масавых вулічных пратэстаў з патрабаваннем адхіліць яго ад улады вайскоўцы здзейснілі пераварот і ўзялі на сябе кіраўніцтва краінай.

Цывільнае насельніцтва патрабавала пераходу да дэмакратычнага праўленню.

У выніку быў створаны сумесны ваенна-грамадзянскі ўрад, але ў выніку чарговага перавароту ў кастрычніку 2021 года ён быў зрынуты.

З тых часоў суперніцтва паміж генералам Бурханам і генералам Дагала ўзмацнілася.

У снежні мінулага года была ўзгодненая рамачная здзелка па перадачы ўлады ў рукі цывільных асоб, але перамовы, на якіх бакі збіраліся ўзгадніць дэталі гэтага пераходу, праваліліся.


Што можа адбыцца далей?

Калі баявыя дзеянні працягнуцца, гэта можа яшчэ больш раздрабіць краіну і ўзмацніць палітычную нестабільнасць.

Дыпламаты, якія адыгралі вырашальную ролю ў спробе пераканаць насельніцтва вярнуцца да грамадзянскага праўлення, будуць спрабаваць знайсці спосаб прымусіць двух генералаў сесці за стол перамоваў.

Тым часам простых суданцаў чакае яшчэ адзін перыяд нявызначанасці.

Паводле ВВС, пераклад «НЧ»