У Судане вайсковы пераварот: затрымалі прэм'ера і некалькіх міністраў
Некалькі вуліц сталіцы дзяржавы Хартуму перакрылі пратэстоўцы, паведамляе Радыё Свабода.
У Судане прэм’ер-міністра Абдалу Хамдока пасадзілі пад хатні арышт, а чатырох міністраў і грамадзянскага прадстаўніка Суверэннай рады краіны затрымалі, паведамляе тэлеканал Al Hadath.
Паводле тэлеканалу, затрыманні правялі людзі ў вайсковай форме без апазнавальных знакаў.
Тэлеканал Al-Jazeera удакладніў, што сярод затрыманых міністры прамысловасці, інфармацыі, сувязі, дарадца прэм’ер-міністра, а таксама кіраўнік правінцыі Хартум і сябра пераходнай Суверэннай рады Судану.
Дачка міністра прамысловасці Ібрагіма Шэйха ўдакладніла, што таго затрымалі чальцы Аб’яднаных атрадаў, сфармаваных у чэрвені на загад намесніка кіраўніка Суверэннай рады.
Пратэстоўцы паляць шыны і перакрылі некалькі вуліц Хартуму.
Суверэнная рада ўтварылася ў 2019 годзе пасля вайсковага перавароту, што адбыўся раніцай 11 красавіка. У выніку прэзідэнт Судану Амар аль-Башыр, які займаў гэтую пасаду амаль 30 гадоў, быў адхілены ад улады ўзброенымі сіламі краіны пасля хвалi народных пратэстаў.