Вайскоўцы ў Судане забілі дваіх пратэстоўцаў, 80 чалавек параненыя
Вайскоўцы ў Судане адкрылі агонь для разгону пратэстоўцаў супраць перавароту і застрэлілі дваіх дэманстрантаў, паведамляе «Интерфакс-Запад» са спасылкай на агенцтва «Associated Press».
Паводле даных Камітэта лекараў Судана, яшчэ 80 удзельнікаў пратэстаў параненыя. Тысячы чалавек выйшлі на вуліцы гарадоў Судана, каб выказаць незадаволенасць нядаўнімі затрыманнямі суданскімі вайскоўцамі некалькіх міністраў.
Суданскія вайскоўцы ў ноч на панядзелак затрымалі шэраг міністраў пераходнага ўрада, у тым ліку часовага прэм'ер-міністра Абдалу Хамдока. Генерал суданскай арміі Абдэль Фатах аль-Бурхан заявіў пра ўвядзенне ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча, роспуск Кабінета міністраў і суверэннай рады і пра намер сфармаваць адказны ўрад.
Са жніўня 2019 года Суданам кіруе пераходная ваенна-грамадзянская адміністрацыя.