У Судане больш за дзве сотні чалавек загінулі ў сутычках між этнічнымі групамі

Цяперашнія падзеі сталі самымі крывавымі ў краіне за многія гады.

thumbs_b_c_eb684d1c07e925d2c8c9ae6cb5ddd031.jpg


Прынамсі 229 чалавек загінулі падчас сутыкненняў у правінцыі Блакітны Ніл на паўднёвым усходзе Судана, паведамляе «DW» са спасылкай агенцтва DPA.
Сутыкненні паміж народамі хаўса і берта, якія пачаліся ў сярэдзіне кастрычніка з-за зямельных спрэчак, сталі самымі кровапралітнымі за апошнія гады, заявіў кіраўнік рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя Фатэх аль-Рахман Абдула. Паводле яго слоў, загінулых можа быць значна больш, бо медыцынскім службам пакуль не ўдаецца трапіць у эпіцэнтр сутыкненняў.
За апошні год каля 10 тысяч жыхароў правінцыі былі вымушаныя пакінуць свае дамы, больш за 200 тысяч чалавек сталі вымушанымі перасяленцамі. Улады Блакітнага Ніла ўвялі ў рэгіёне надзвычайнае становішча на 30 дзён, са сталіцы Судана да месцаў баёў былі адпраўленыя войскі.


Сутыкненні адбываюцца ў крытычны для краіны час — напярэдадні першай гадавіны вайсковага перавароту, які сарваў пераход усходнеафрыканскай дзяржавы да дэмакратыі пасля амаль трох дзесяцігоддзяў кіравання Амара аль-Башыра.
У 2019 годзе аль-Башыр быў скінуты ў выніку народнага паўстання. Пасля гэтага армія і грамадзянская апазіцыя дамовіліся пра фарміраванне пераходнага ўрада, які павінен быў падрыхтаваць краіну да выбараў.
25 кастрычніка 2021 года вайскоўцы пад кіраўніцтвам генерала аль-Бурхана захапілі ўладу ў Судане і ўвялі ў краіне надзвычайнае становішча. Лідар путчыстаў абвясціў аб роспуску пераходнага ўрада, паабяцаўшы, што вайскоўцы будуць працягваць працэс пераходу краіны да дэмакратычных выбараў да абрання грамадзянскага ўрада. Выбары ён прызначыў на ліпень 2023 года.
У апошнія тыдні вайскоўцы і прадэмакратычны рух вялі перамовы, падчас якіх генералы пагадзіліся дазволіць выбары прэм'ер-міністра, піша агенцтва «Associated Press», адзначаючы, што сутыкненні ў Блакітным Ніле, верагодна, паставяць на паўзу гэтыя перамовы.
Часовая інтэграваная місія ААН у Судане (UNITAMS) выказала сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з эскалацыяй гвалту ў рэгіёне:
«Спыніць гвалт будзе немагчыма без цалкам функцыянальнага, годнага даверу ўрада, які надасць першачарговую ўвагу патрэбам мясцовых супольнасцей: устойлівы мір, бяспеку, — і ліквідуе карэнныя прычыны канфліктаў».
Паводле звестак СМІ, сярод загінулых ёсць дзеці, але іх колькасць не называецца.