Крызісы бежанцаў. Дасье ў карыкатурах

На нашых вачах разгортваецца адзін з самых маштабных крызісаў з уцекачамі ў гісторыі Еўропы. Гаворка пра ўкраінцаў, якія бягуць ад вайны. Зрэшты, у нашым стагоддзі такое ўжо здаралася.

Але спачатку прыгадаем т. зв. «вялікую міграцыю» — масавыя ўцёкі палякаў, найперш у Францыю, пасля паразы паўстання 1831 года. Тады радзіму пакінула каля 30 тысяч чалавек, у тым ліку такія ключавыя для польскай культуры персанажы, як Міцкевіч і Шапэн. Французы вельмі гасцінна сустрэлі бежанцаў, што наглядна ілюструе малюнак тых гадоў.

1_541.jpg

Што тычыцца цяперашняга стагоддзя, то, напэўна, многія яшчэ не забыліся на 2015 год, калі ў Еўропу нелегальна намагалася трапіць незлічоная колькасць мігрантаў з краін Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу. Прычынай міграцыі эксперты называлі вайну ў Сірыі і нестабільнасць на Блізкім Усходзе. Усяго тады ў ЕС прыбылі, паводле розных ацэнак, ад 1 да 1,8 мільёна мігрантаў (для параўнання, у 2014 годзе іх было зарэгістравана каля 280 000). У выніку Захад, перш за ўсё дзякуючы пазіцыі нямецкага канцлера Ангелы Меркель, пагадзіўся на іх легалізацыю. Такі крок не абышоўся для ЕС без наступстваў. Зрэшты, карыкатурысты даступнымі ім сродкамі адразу папярэджвалі, што міграцыя — штука непрадказальная.

2_503.jpg


Менш вядомая ў нашых шыротах трагедыя прадстаўнікоў клану мусульман-рохінджа, якія кампактна жылі ў М'янме (былая Бірма). У тым жа 2015-м ім давялося ўцякаць на тэрыторыі Бангладэша і іншых суседніх краін, ратуючыся ад эскалацыі гвалту. Рохінджа сталі ахвярамі нападаў будысцкіх экстрэмістаў, якіх негалосна падтрымлівала дзяржава (урад М'янмы адмаўляецца прызнаваць прадстаўнікоў рохінджа сваімі грамадзянамі). У выніку больш за 200 тысячам чалавек давялося бегчы. Пры гэтым многія ўцякалі па моры на прымітыўных лодках, што было вельмі рызыкоўна. Прэса пісала аб сотнях патанулых. Трагедыю тых, хто вырашыў бегчы марскім шляхам, адлюстраваў адзін з мастакоў.

3_447.jpg


Ужо на працягу многіх гадоў праблема нелегальнай іміграцыі для ЗША стаіць вельмі востра. Кожную ноч амерыканскую мяжу з боку Мексікі перасякаюць сотні чалавек. Гэта не толькі мексіканцы, якія едуць у ЗША з-за эканамічных меркаванняў. Значная частка бежанцаў — выхадцы з бедных лацінаамерыканскіх краін, якія бягуць у Штаты ад палітычных рэпрэсій і гвалту на радзіме. Па некаторых ацэнках, нелегальна мяжу паміж Мексікай і ЗША перасякае каля 500 тысяч чалавек штогод, і гэтая лічба толькі расце. Не ў стане вырашыць пытанне і адміністрацыя Байдэна. На гэтую тэму карыкатура аднаго з амерыканскіх выданняў.

4_418.jpg

У 2016 годзе свет звярнуў увагу на Паўднёвы Судан. Адсюль у сувязі з правалам працэсу мірнага ўрэгулявання (у найноўшай гісторыі краіна была арэнай зацяжных канфліктаў і грамадзянскіх войнаў), а таксама экалагічных змен, пачалі масава бегчы людзі. Па некаторых падліках, краіну былі вымушаныя пакінуць прыкладна 737 000 чалавек. Іншыя крыніцы называюць увогуле фантастычную лічбу — паўтара мільёна чалавек. Гэта дало нагоду некаторым карыкатурыстам падазраваць, што з краіны ўцякуць літаральна ўсе.

5_386.jpeg


А сёння мы сталі сведкам беспрэцэдэнтнага крызісу з украінскімі бежанцамі. Ніхто не чакаў, што людскі струмень, які лінуў з украінскай тэрыторыі, будзе настолькі велізарным — па апошніх даных, межы ЕС перасеклі ўжо звыш 2,2 млн чалавек. Галоўным чынам іх прыняла Польшча (больш за мільён). Хваля таксама паступова накрывае і Германію — украінцаў там, па самых прыблізных падліках, ужо не менш за 100 тыс. У Еўрасаюзе лічаць, што гэта колькасць можа вырасці да сямі мільёнаў.
Застаецца толькі спадзявацца, што інфраструктура краін ЕС зможа змясціць новых жыхароў. У любым выпадку трэба падзякаваць еўрапейцам, якія гатовы даць прытулак ахвярам агрэсіі. Не дзіўна, што мастакі высмейваюць Ліз Трасс, кіраўніка брытанскага МЗС, якая забараніла ўкраінскім уцекачам уязджаць у Вялікабрытанію без віз.

6_272.jpg