The Guardian: Беларускія сілавікі загадалі мігрантам на мяжы ехаць у Польшчу ці Украіну
Як зазначае «Свабода» са спасылкай на брытанскае выданне, ёсць пагроза новага мігранцкага крызісу.
![mihranty_3.jpg mihranty_3.jpg](/img/v1/images/mihranty_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзясяткі іншаземцаў, якія на месяцы засталіся ў лагістычным цэнтры «Брузгі» ля польскай мяжы пад Гроднам, 5 сакавіка атрымалі загад ад групы беларускіх сілавікоў пакінуць будынак пад дулам пісталета альбо выбраць адзін з двух варыянтаў: перасячы мяжу з Польшчай або трапіць ва Украіну.
Пра гэта расказаў The Guardian адзін з мігрантаў, які прыбыў у Беларусь мінулай восенню.
«Група з сямі памежнікаў, якіх мы ніколі раней не бачылі, увайшла ў будынак, — сказаў мужчына. — Яны былі апранутыя ў вайсковую форму і ўпершыню ўвайшлі ў лагер са зброяй, пабілі нас і сказалі, што ў нас ёсць два варыянты — альбо перайсці ў Польшчу, альбо адправіцца ва Украіну».
У сярэдзіне лютага міністар замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей расказваў, што ў лагістычным цэнтры «Брузгі» працягваюць жыць больш за 700 мігрантаў, сярод іх 270 дзяцей.
«Гэта людзі, якія не хочуць ехаць на радзіму, не хочуць заставацца ў Беларусі», — пракаментаваў Макей.
З ягоных словаў, большасць з іх хоча паехаць у заходнія краіны, каб уз'яднацца са сваім сем’ямі. Па тых, хто запытае прытулку ў Беларусі, разгледзяць пытанне; хто захоча вярнуцца на радзіму — адправяць дадому.
Ён зазначыў, што прадстаўнікі Еўрасаюзу прыяжджалі ў Беларусь, каб праверыць, ці ідзе супрацоўніцтва па мігрантах з міжнароднымі арганізацыямі. У іншым, са словаў Макея, Захад не цікавіцца далейшым лёсам гэтых людзей.