У Судане — ваенны пераварот. Над сталіцай лётаюць знішчальнікі

Паміж арміяй і ваенізаванай праўладнай групоўкай адбыліся сутыкненні. Гэта далёка не першы пераварот у Судане за апошнія гады. У 2019 годзе RSF і армія Судана здзейснілі ваенны пераварот у краіне і пазбавілі ўлады прэзідэнта Амара аль-Башыра, які кіраваў краінай 30 гадоў. У 2021-м у Судане зноў адбыўся пераварот пры ўдзеле RSF і рэгулярнай арміі.

Дым над адным з раёнаў Хартума. 15 красавіка 2023 года. Фота Marwan Ali / AP / Scanpix / LETA

Дым над адным з раёнаў Хартума. 15 красавіка 2023 года. Фота Marwan Ali / AP / Scanpix / LETA

У Судане — новая спроба дзяржаўнага перавароту. Сілы хуткага рэагавання (Rapid Support Forces, або RSF) змагаюцца за ўладу з арміяй Судана. Але ў краіне ёсць яшчэ і трэцяя ваенная сіла ВПС. Хто ў выніку пераможа?

Аналітык украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч нагадвае, што яшчэ пару дзён таму суданскі ўрад пагадзіўся на размяшчэнне расійскай вайсковай базы ў Судане. Што будзе цяпер і якая з сіл у выніку пераможа?

— Днямі быў чарговы «дэдлайн» перадачы ўлады ад вайсковай хунты «грамадзянскай супольнасці» — разнамаснай групе дэмакратычных актывістаў, што фінансуюцца праз профільныя грантавыя праграмы ЕС і ЗША, — піша Тышкевіч. — Ёсць і іншы складнік — рэсурсы. У прыватнасці, транспарціроўка і часткова здабыча нафты, золата, разведка радовішчаў медзі, цынку, вальфраму. І тут ёсць цікавасць «партнёраў» з РФ і Кітая, якіх не спыняе фармат хунты. Больш за тое, расійскія СМІ пару дзён таму з радасцю паведамлялі, што Суданскі ўрад «даў дабро» на размяшчэнне вайсковай базы ў Судане.

Але час перафарматавання сістэмы кіравання краінай прайшоў. Больш за тое, сілы Сілы хуткага рэагавання (Rapid Support Forces, або RSF), якія выведзеныя «за рамкі арміі», маюць сваё бачанне наконт будучыні краіны. З пазаўчорашняга дня яны пачалі канцэнтрацыю сваіх падраздзяленняў і рэкрутызацыю «ветэранаў» (гэта значыць, былых байцоў) у Хартуме і шэрагу іншых буйных гарадоў.

Вайсковае кіраўніцтва краіны, з аднаго боку, паспрабавала пагражаць, патрабуючы ад камандавання RSF (СБР) распусціць байцоў з базаў, а з другога — дэманстраваць нейкае падабенства эфектыўнасці і здольнасці хутка працаваць. Так, напрыклад, быў арыштаваны адзін з «супрацоўнікаў» ПВК «Вагнер» пры спробе вывезці кантрабандай 5 кілаграмаў золата. У прынцыпе, гэта звыклая схема працы расійскіх ПВК у такіх рэгіёнах — замест аплаты на рахунак яны бяруць «натурай». Але гэтым разам нешта пайшло не так.

Пікантнасці сітуацыі дадае тое, што з рускімі ў той ці іншай ступені працуюць як армейцы, так і RSF.

Сітуацыя падышла да кропкі кіпення — і сёння ў Хартуме і шэрагу гарадоў адбываюцца вулічныя баі. СБР заяўляе аб кантролі над прэзідэнцкім палацам і аэрадромамі паблізу сталіцы. Армія кажа пра «баі» за аэрапорты і аэрадромы. Апошняе важна, паколькі ў Судане ёсць яшчэ адна ваенная сіла, якая стаіць асабняком — ВПС. Яны, дарэчы, правялі першы (з чарады) ваенны пераварот і былі скінутыя менавіта армейскім кіраўніцтвам (якое потым скінула RSF, праўда, у далейшым яго ўсё ж падзялілася ўладай).

Ад таго, хто будзе кантраляваць аэрадромы, і хто атрымае падтрымку ВПС, залежыць далейшы ход гэтай спробы дзяржаўнага перавароту.

І, улічваючы шматразовыя правалы фарміравання «грамадзянскай адміністрацыі», тое, якім чынам будзе функцыянаваць палітычная сістэма Судана. А таксама тое, хто са знешніх гульцоў атрымае доступ да рэсурсаў Судана.

Што цяпер адбываецца ў Судане?

Каля 10 раніцы па мясцовым часе ў сталіцы Судана Хартуме, а таксама ваколіцах горада пачаліся ўзброеныя сутыкненні паміж Сіламі хуткага рэагавання (RSF) і рэгулярнай арміяй краіны. Страляніна была чутная ў раёне штаб-кватэры суданскай арміі і Міністэрства абароны ў цэнтры Хартума, а таксама ў паўночнай частцы сталіцы, дзе знаходзіцца прэзідэнцкі палац, піша Meduza.

Мясцовыя жыхары паведамлялі, што бачылі на вуліцах горада артылерыйскія ўстаноўкі і бранятэхніку.

Прадстаўнікі RSF заявілі, што вайскоўцы атачылі адну з баз групоўкі ў Хартуме і абстралялі яе з розных відаў узбраення. Лідар RSF Махамед Хамдан Дагала абвінаваціў суданскую армію ў спробе дзяржаўнага перавароту, а таксама заявіў, што ў горадзе Мераве да групоўкі далучыліся падраздзяленні Узброеных сіл, а «многія іншыя часткі здаліся».

У сваю чаргу, армія Судана назвала RSF «мяцежнай сілай» і абвінаваціла ў атацы на дзяржаўныя і стратэгічныя аб'екты.

У RSF абвясцілі пра ўзяцце пад кантроль міжнароднага аэрапорта Хартума і Эль-Фашэра, а таксама ваенных авіябаз у Мераве і Джэбель-Аулія. Пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль немагчыма, але мясцовыя СМІ пішуць, што аэрапорт у сталіцы Судана спыніў працу. Авіякампаніі з Егіпта і Саудаўскай Аравіі спынілі палёты ў Хартум.

Каля 11 раніцы па мясцовым часе карэспандэнтка «Аль-Джазіра» паведаміла, што перастрэлка паміж RSF і вайскоўцамі на тэрыторыі аэрапорта і яго ваколіц працягваецца.

Паведамляецца, што ў аэрапорце Хартума загарэўся Боінг украінскага лаўкостэра SkyUp. У авіякампаніі заявілі, што на адным з двух лайнераў SkyUp у суданскім аэрапорце спрацаваў аварыйны радыёбуй, але пакуль немагчыма ўсталяваць, у якім стане самалёт і якія пашкоджанні ён атрымаў.

Арабскі тэлеканал «Аль-Арабія», які базуецца ў ААЭ, сцвярджае, што ў сталічным аэрапорце згарэў самалёт ААН, а таксама быў пашкоджаны Airbus A330 авіякампаніі Saudia.

Дым над будынкамі ў раёне аэрапорта Хартума. 15 красавіка 2023 года. Фота AFP / Scanpix / LETA

Дым над будынкамі ў раёне аэрапорта Хартума. 15 красавіка 2023 года. Фота AFP / Scanpix / LETA

Неўзабаве ў RSF заявілі, што захапілі прэзідэнцкі палац, — але армія абвергла гэтую інфармацыю. Пазней камандуючы суданскай арміяй генерал Абдэль Фатах аль-Бурхан заявіў, што гэта вайскоўцы кантралююць прэзідэнцкі палац, ваенны штаб і аэрапорт.

У СМІ з'явіліся паведамленні, што войска Судана нанесла авіяўдары па штабу спецназа ў Хартуме.

Сулейма Эль-Халіфа з суданскага ўрадавага падраздзялення па барацьбе з гендарным гвалтам распавяла «Аль-Джазіра», што «ні ў каго няма інфармацыі пра тое, што адбываецца», а па тэлебачанні «трансляцыя ідзе так, як быццам гэта звычайны дзень».

BBC News са спасылкай на саюз лекараў паведамляе, што два мірныя жыхары загінулі ў раёне аэрапорта Хартума, яшчэ адзін — у правінцыі Паўночны Кардафан. Акрамя таго, паводле інфармацыі медыцынскіх работнікаў, дзевяць чалавек атрымалі раненні.

На тое, што адбываецца, адрэагаваў амбасадар ЗША ў Судане Джон Годфры. «Перарастанне напружанасці сярод вайскоўцаў у прамыя баявыя дзеянні вельмі небяспечна. Я настойліва заклікаю вышэйшае ваеннае кіраўніцтва спыніць баявыя дзеянні», — напісаў ён у твітары. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў сілавікоў Судана неадкладна спыніць гвалт.

Да спынення агню і да перамоваў заклікала і амбасада Расіі ў Судане і заявіла, што занепакоеная «эскалацыяй гвалту» ў краіне. Расіянам, якія знаходзяцца ў Судане, амбасада раіць «заставацца дома і захоўваць спакой». Акрамя таго, да стрыманасці бакі канфлікту заклікалі Егіпет, ААЭ.

Былы прэм'ер-міністр Судана Абдала Хамдук, які сышоў у адстаўку ў студзені 2022 года, заклікаў вайсковага лідара Судана Фатаха аль-Бурхана, камандуючых арміяй і лідараў RSF неадкладна спыніць баявыя дзеянні, ад якіх пакутуюць жыхары краіны.

У 2019 годзе RSF і армія Судана здзейснілі ваенны пераварот у краіне і адхілілі ад улады прэзідэнта Амара аль-Башыра, які кіраваў Суданам 30 гадоў. У кастрычніку 2021 года ў Судане зноў адбыўся пераварот пры ўдзеле RSF і рэгулярнай арміі. З тых часоў краінай кіруе пераходная суверэнная рада — пераходная ваенна-грамадзянская адміністрацыя, у якую ўваходзіць лідар RSF Махамед Хамдан Дагала.

Армія і прадэмакратычныя групоўкі Судана патрабуюць інтэграцыі RSF ва Узброеныя Сілы. Перамовы па гэтым пытанні сталі прычынай канфлікту, з-за якога ў пачатку красавіка ў трэці раз было адкладзена падпісанне пагаднення паміж ваенна-грамадзянскай адміністрацыяй і апазіцыяй аб стварэнні ў краіне пераходнай грамадзянскай улады, якая прадугледжвае абранне прэм'ер-міністра і прэзідэнта.

Паводле Meduza, ВВС