Вайна выбарам не перашкода?

Падобна, Кіеў схіляецца да таго, каб правесці прэзідэнцкія выбары ўвесну наступнага года. Гісторыя ведае няшмат прыкладаў, калі выбары праходзілі ў краіне, якая вядзе ваенныя дзеянні. Напэўна, самы вядомы прэцэдэнт — прэзідэнцкая кампанія ў ЗША ў 1944 годзе.

poster_14.jpg

Пакуль ва Украіне аб правядзенні выбараў  афіцыйна не абвешчана, але паводле закону яны павінны адбыцца вясной 2024 года. Раней улады краіны некалькі разоў карэкціравалі свой пункт гледжання па гэтым пытанні. Аднак зараз, падаецца, выбар усё ж зроблены на карысць варыянту з правядзеннем кампаніі. Пра намер балатавацца ўжо заявіў Аляксей Арастовіч.

На правядзенні выбараў у тым ліку настойваюць заходнія саюзнікі Кіева. Пярэчанні наконт таго, што выбары ва ўмовах вайны дастаткова цяжкая і непрадказальная справа, парыруюцца ў тым ліку спасылкамі на гістарычныя прэцэдэнты. Напрыклад, вайна ў Карэі не перашкодзіла паўднёвакарэйцам абраць прэзідэнта ў 1952-м. Праўда, дэмакратычнасць той кампаніі выклікае сумневы (падчас выбараў былі забітыя прыкладна 700 актывістаў камуністычнай апазіцыі). Куды больш прывабна выглядаюць выбары ў 1944-м у ЗША, якія праходзілі на фоне бітваў Другой сусветнай.

На першы погляд, тыя выбары былі чыста фармальным мерапрыемствам. Аўтарытэт дзеючага прэзідэнта Франкліна Рузвельта быў каласальным. Ужо на той момант ён быў першым палітыкам у гісторыі Штатаў, які тройчы запар абіраўся прэзідэнтам. Ніводная буйная фігура ўнутры Дэмпартыі не рызыкавала публічна крытыкаваць Рузвельта. Як вынік, ён быў лёгка вылучаны кандыдатам у прэзідэнты на кангрэсе Дэмакратычнай партыі ў Чыкага.

Аднак нельга сказаць, што ўсё ішло без перашкод. Правыя фракцыі ўнутры партыі ў прыватным парадку паведамілі Рузвельту, што не пагаджаюцца з паўторным вылучэннем Генры Уолеса на пасаду віцэ-прэзідэнта з-за яго дастаткова левых поглядаў. Уолес сапраўды быў цікавай асобай, напрыклад, ён вядомы як прыхільнік тэорыі канвергенцыі «амерыканскага капіталізму», «еўрапейскага сацыялізму» і «рускага камунізму».

Замест Уолеса правыя прапанавалі Рузвельту сенатара Гары Трумэна, які быў шырока вядомы як старшыня сенацкага камітэта, што займаўся расследаваннем махлярстваў у ваеннай сферы. Рузвельт неахвотна пагадзіўся прыняць Трумэна ў якасці свайго кандыдата на пасаду віцэ-прэзідэнта, каб захаваць адзінства партыі. У выніку гэты выбар з часам вельмі моцна паўплываў на сусветную гісторыю. Калі ў красавіку 1945 года Рузвельт памёр, менавіта антыкамуніст Трумэн замест Уолеса заняў пасаду прэзідэнта краіны, што ў сваю чаргу стала ўверцюрай для старту халоднай вайны.

Зрэшты, унутрыпартыйныя разборкі вакол кандыдата на пасаду віцэ-прэзідэнта былі не галоўнай праблемай Рузвельта. Самым слабым месцам стала відавочнае фізічнае пагаршэнне знешняга выгляду прэзідэнта, а таксама чуткі пра таямнічыя праблемы са здароўем. Менавіта на гэты момант рабілі стаўку канкурэнты з лагера рэспубліканцаў.

Іх кандыдат Томас Дзьюі (губернатар Нью-Ёрка) таксама выступаў супраць неэфектыўнасці эканамічнага «Новага курсу», карупцыі і камуністычнага атачэння дзейнага прэзідэнта. Дзьюі публічна казаў, што Рузвельт ведаў пра напад на Пэрл-Харбар загадзя і дапусціў атаку японцаў, каб атрымаць карт-бланш на вайну. Кур'ёзна, але рэспубліканцы спрабавалі выкарыстаць у сваёй агітацыі ўлюбёнца прэзідэнта — шатландскага тэр'ера па мянушцы Фал. Томас Дзьюі намякаў, што для транспарціроўкі Фала нават выкарыстоўваюць ваенныя караблі.

На карысць рэспубліканцаў іграла і эрозія прэзідэнцкага лагера, які стыхійна склаўся ў гады барацьбы з наступствамі вялікай дэпрэсіі. Да 1944-га эканоміка ЗША стабілізавалася, і многія былыя партнёры Рузвельта (напрыклад выбаршчыкі Поўдня) сталі ад яго дыстанцыявацца.

Усё гэта прымусіла прыхільнікаў прэзідэнта аб'явіць мабілізацыю. Найперш Рузвельта падтрымалі прафсаюзныя цэнтры, жаночыя арганізацыі, бенефіцыяры сацыяльных праграм. Актыўна выступала за Рузвельта і багема, дзе традыцыйна папулярныя левыя погляды. На Брадвеі нават прыдумалі музычны нумар «Давайце пераабяром Рузвельта».

Каб развеяць чуткі аб сваім дрэнным здароўі, Рузвельт настаяў, каб у кастрычніку 1944-га праехаць на адкрытым аўтамабілі па вуліцах Нью-Ёрка. Аднак, думаецца, галоўным фактарам падтрымкі высокага рэйтынгу Рузвельта сталі баявыя поспехі Амерыкі ў Еўропе і на Ціхім акіяне, такія як вызваленне Парыжа ў жніўні 1944 года і паспяховая бітва ў заліве Лейтэ на Філіпінах у кастрычніку. Фактычна яны завочна зрабілі прэзідэнта Рузвельта непераможным.

7 лістапада 1944 года Дзьюі прайграў выбары прэзідэнту Рузвельту. Ён набраў 45,9 працэнта галасоў выбаршчыкаў у параўнанні з 53,4 працэнта галасоў Рузвельта. У калегіі выбаршчыкаў Рузвельт перамог Дзьюі з перавагай 432 супраць 99. Але былі і трывожныя званочкі: Дзьюі набраў больш галасоў, чым любы папярэдні апанент-рэспубліканец Рузвельта. Многія былыя электаральныя бастыёны дэмакратаў галасавалі за рэспубліканцаў.

У гэтым плане дарэчы ўспомніць, што ў рамках праймерыз некаторыя рэспубліканцы прапаноўвалі зрабіць сваім кандыдатам папулярнага генерала Дугласа Макартура. Аднак Макартур узначальваў саюзныя войскі супраць Японіі і таму не мог праводзіць кампанію за сваё вылучэнне. Можна дапусціць, што калі б вядомы генерал пайшоў на выбары, перамога Рузвельта не была такой гарантаванай.

Застаецца пачакаць вясны 2024-га, каб даведацца ці зможа Уладзімір Зяленскі паўтарыць поспех Франкліна Рузвельта.