Выбух у Казахстане
Пасля Беларусі тэрарызм прыйшоў у Казахстан. 18 мая ў прыёмнай аддзялення Камітэта нацыянальнай бяспекі (аналаг нашага КДБ) горада Актобе прагучаў выбух. Пра версіі, рэакцыю грамадства і
ўлады журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з палітолагам з Казахстана Андрэем Грышыным.
Інфармацыя Генпракуратуры Казахстана:
Пасля Беларусі тэрарызм прыйшоў у Казахстан. 18 мая ў прыёмнай аддзялення Камітэта нацыянальнай бяспекі (аналаг нашага КДБ) горада Актобе прагучаў выбух. Пра версіі, рэакцыю грамадства і
ўлады журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з палітолагам з Казахстана Андрэем Грышыным.
Інфармацыя Генпракуратуры Казахстана:
17 мая ў горадзе Актобе (былы Акцюбінск) у 9.30 па мясцовым часе падазраваны ў здзяйсненні злачынства ў складзе арганізаванай злачыннай групы Макатаў Рахымжан Арынбасаравіч, 1986 года нараджэння, з
мэтай ухілення ад адказнасці, знаходзячыся ў будынку дэпартамента Камітэта нацыянальнай бяспекі (КНБ), здзейсніў акт самападрыву. У выніку выбуху былі забітыя два чалавекі. Смяротнік выкарыстоўваў
самаробную прыладу невялікай магутнасці.
— Калі чытаеш афіцыйную версію, нельга не заўважыць адну супярэчнасць. Яна тычыцца дзіўнай прававой трактоўкі ўчынку Макатава — «акт самападрыву». Хіба
ў казахскім заканадаўстве ёсць такая форма злачынства?
— Натуральна, не. Папросту ўлады Казахстана ўпарта адмаўляюцца прызнаць выбух тэрарыстычным актам.
— З чым гэта можа быць звязана?
— Жаданне казахстанскіх уладаў звесці ўсё, што адбылося ў Актобе, да банальнай крымінальшчыны звязаная з макрапалітыкай: палітычная стабільнасць у рэспубліцы лічыцца ледзь не галоўным
дасягненнем Казахстана за гады незалежнасці і рэжыму Нурсултана Назарбаева. Аднак эксперты даўно папярэджваюць, што стабільнасць гэта надзвычай далікатная. Яна трымаецца выключна на асобе першага
прэзідэнта.
— А ці былі ў Казахстане раней тэракты?
— Гэта першая ў Казахстане атака смяротніка. Іншых тэрактаў я не магу прыгадаць. У 2008 годзе ў тым жа Актобе арыштавалі сяброў ісламісцкай групы «Азамат», якія быццам
рыхтавалі выбух. Іх засудзілі на 12 гадоў. Аднак у гэтай справе шмат незразумелага. Таксама, як і ў справах актывістаў руху за Рускую рэспубліку. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы паўстання рускамоўнага
насельніцтва за выхад паўночных абласцей са складу Казахстана і далучэння іх да Расіі. Аднак гэта былі толькі намеры. Да канкрэтных акцый гвалту справа не даходзіла.
— Значыць, тое, што адбылося ў Актобе, больш падобна на тэрарыстычны акт?
— Пра гэта цяжка казаць дакладна, таму што адсутнічае інфармацыя. Адказнасць за выбух у Актобе дасюль не ўзяла на сябе ніводная з тэрарыстычных арганізацый. Аднак на выхадку
вар’ята-адзіночкі гэта ўсё ж мала падобна: занадта добра ён быў падрыхтаваны. Пояс шахіда — дзіўная экіпіроўка для крымінальніка, які імкнуўся, па словах пракуратуры Казахстана,
«ухіліцца ад адказнасці». Калі Макатаў хацеў «ухіліцца», дзіўным выглядае яго рашэнне бегчы ад адказнасці наўпрост у прыёмную абласнога аддзялення КНБ. Так што,
хутчэй за ўсё, мы ўсё ж такі маем справу з тэрактам, які здзейсніў самазабойца. Здаецца, да такой думкі схіляюцца і спецслужбы. Інакш бы яны не паводзілі сябе так, як зараз. Ідуць ператрусы і
затрыманні каўказцаў, якія жывуць у Актобе.
— Чаму каўказцы трапілі ў фокус інтарэсу КНБ?
— Актобе знаходзіцца на мяжы з Расіяй. Расійска-казахстанская мяжа вельмі празрыстая. Гэтым актыўна карыстаюцца баевікі разнастайных незаконных узброеных фармаванняў на Паўночным Каўказе
(перш за ўсё — у Дагестане), якія за апошні час ператварылі Заходні Казахстан фактычна ў сваю тылавую базу. Ёсць думка, што мясцовыя ўлады да апошняга часу спецыяльна імкнуліся не заўважаць
прысутнасці прадстаўнікоў паўночна-каўказскіх узброеных фармаванняў на сваёй тэрыторыі. За гэта, па маўклівай дамове з уладамі, баевікі не рабілі на тэрыторыі Казахстана нічога злачыннага. Магчыма,
нешта парушыла гэтую дамову. Яшчэ адзін доказ на карысць каўказскага следу: пояс шахіда — тыповая зброя тэрарыстаў з Паўночнага Каўказу.
— Як грамадства рэагуе на падзею ў Актобе? Ці вераць простыя людзі ў версію ўлады?
— Безумоўна, шмат у каго гэта выклікала шок. «Няўжо да нас таксама прыйшоў тэрарызм?» — можна часта пачуць на вуліцах. Я б не сказаў, што ёсць стоадсоткавы давер
да версіі ўлады. Усё ж такі дробны крымінальнік пра выбух, ды яшчэ ў будынку КНБ, у якасці шахіда не думае. Яму значна лягчэй на зону сесці і там перабівацца, чым дэманстратыўна падарваць сябе. Нехта
кажа, што Макатаў быў псіхам. Ёсць думка, што яго папросту давялі да такога кроку.
— Каўказская версія хутчэй працуе на карысць тэзісу пра тое, што ў Казахстане ўсё спакойна.
— Інцыдэнт у Актобе адбыўся праз месяц пасля праведзенай казахстанскім спецназам аперацыі ў адным з прыгарадаў Алма-Аты па ліквідацыі арганізаванай злачыннай групы. Падчас аперацыі былі
забітыя два чалавекі. Прэса, са спасылкай на свае крыніцы, сцвярджае, што гэта былі не злачынцы, а эмісары, якія «адмыслова прыехалі ў Казахстан для стварэння мясцовага ісламісцкага
падполля». Справа ў тым, што Казахстан, з аднаго боку, шматэтнічная краіна, дзе многа дыяспар. З другога — краіна, якая мае празрыстыя межы. Таму ўсе рэгіянальныя экстрэмісцкія рухі
— тыя ж уйгуры або каўказцы — выкарыстоўваюць край у якасці базы, пры гэтым асабліва не канфліктуючы з уладамі. Зараз у адносінах бакоў назіраецца канфлікт.
— Чым ён можа быць выкліканы?
— Сілавікі маглі выпадкова зачапіць бізнэс-інтарэсы адной з дыяспар. Тая вырашыла адпомсціць. Праўда, нехта кажа, што пасля ўступлення Казахстану ў Мытны саюз адносіны ўлады і дыяспар,
звязаных з палітычным экстрэмізмам, будуць пераглядацца. Быццам гэтага патрабуе Масква, якая не хацела, каб узбекскія, уйгурскія, курдскія і іншыя экстрэмісты, якія жывуць у Казахстане, маглі
спакойна падарожнічаць у Расію. А магчыма, нашы спецслужбы самі разарвалі мір. Уся краіна трымаецца на Назарбаеве, якому ўжо за 70. Калі з ім нешта здарыцца, нельга выключыць канфрантацыі ўнутры
краіны, якой могуць скарыстацца экстрэмісты. Вось нашы чэкісты і заварушыліся. У любым выпадку, імідж рэжыму з-за выбуху аказаўся вельмі падмочаны. Хаця шмат што яшчэ будзе залежыць ад вынікаў
следства.