Вяртанне прывіду камунізму
Упершыню з часоў падзення Берлінскай сцяны была прызнана небяспечнасць левага тэрарызму.
Упершыню з часоў падзення Берлінскай сцяны была прызнана небяспечнасць левага тэрарызму.
На самым пачатку 2000-х гадоў у Грэцыі была раскрытая сетка левай тэрарыстычнай арганізацыі “17 Лістапада. Еўрапейская прэса рэагавала на гэта гучнымі загалоўкамі кшталту
“Левы тэрарызм у Еўропе цалкам знішчаны. Раней склалі зброю іншыя вядомыя тэрарыстычныя арганізацыі (нямецкая Фракцыя Чырвонай Арміі, Ірландская рэспубліканская армія) або былі
выкрытыя службамі бяспекі (французскае “Прамое дзеянне). Увогуле, пасля падзення СССР сама ідэя барацьбы сродкамі тэрору за класавыя інтарэсы гучала неяк экзатычна.
І вось прывід камунізму вяртаецца. У снежні еўрапейская арганізацыя “Еўрапол хіба ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе выдала спецыяльную заяву, прысвечаную праблематыцы левага
тэрарызму. “Актыўнасць левых і анархісцкіх тэрарыстаў і экстрэмістаў пачынае пашырацца на ўсё большыя абшары Еўрапейскага саюза, — гаворыцца ў матэрыялах
арганізацыі.
Трывогу б’юць перш за ўсё паліцэйскія Паўднёвай Еўропы, дзе дзейнасць анархісцкага падполля папросту выйшла з-пад кантролю.
Пачнём з Грэцыі, дзе год таму мелі месца маштабныя акцыі моладзі супраць паліцэйскага гвалту. Атмасфера быццам разрадзілася. Аднак гэта толькі ілюзія. Падчас тых падзей нарадзілася некалькі
тэрарыстычных арганізацый, якія рэгулярна нагадваюць пра сябе. Серыя тэрарыстычных атак пачалася ўвесну, калі дасюль невядомая група “Рэвалюцыйная барацьба ўзарвала ў Афінах
некалькі аўтамабіляў. Пасля байцы ўсё той жа арганізацыі ўзялі адказнасць за напады на офісы амерыканскіх фірм і канцэрнаў. Да ахвяр пакуль не дайшло, аднак, здаецца, гэта толькі справа часу. У
снежні экстрэмісты ўварваліся ў кабінет рэктара Афінскага універсітэта. Чыноўніку пашанцавала: яго толькі моцна збілі.
Падобная сітуацыя і на суседніх Апенінах. Не так даўно ў Мілане невядомая раней “Федэрацыя анархістаў Італіі (FAI) заклала два кілаграма дынаміту ў будынку універсітэта Баконі
(самая прэстыжная эканамічная ВНУ Італіі, кузня кадраў менеджэраў і банкіраў, якіх так ненавідзяць анархісты). Пазней паліцыя раскрыла планы тэрарыстаў арганізаваць выбухі ў банках Unicredit і
Barclays. Мясцовыя газеты ўжо пачалі задавацца пытаннем, ці не вяртаецца краіна ў 1970-я, калі “Чырвоныя брыгады трымалі ўсю палітычную эліту ў перманентным жаху? Дастаткова
згадаць выкраданне прэм’ера Альда Мора ў 1977-м.
Пры гэтым для актывістаў той жа FAI адной Італіі ўжо занадта мала. Не так даўно паліцыя знайшла бомбы ў пасылках, адрасаваных спікеру Еўрапейскага парламента і Еўрапейскай камісіі. Адказнасць за
карэспандэнцыю ўзяла на сябе ўсё тая ж “Федэрацыя анархістаў Італіі.
У Іспаніі паліцыя без асаблівых вынікаў змагаецца супраць атак анархістаў на банкаматы. Даўно сталі звычайнай справай падпалы прадстаўніцтваў буйных кампаній, кшталту Manpower. Рэкорды б’юць
перш за ўсё нашчадкі Бакуніна з Валенсіі і Галіцыі.
Аднак цяга да экстрэмізму характэрна не толькі для моладзі раманскіх нацыяў. У Германіі ўвесь апошні год анархісты вялі неабвешчаную вайну супраць аўтамабіляў класу люкс. Прасцей кажучы, амаль штодня
нейкая групоўка падпальвае дарагія машыны. Страхавыя кампаніі не ведаюць, што рабіць. За адзін год колькасць такіх выпадкаў вырасла ў Берліне ўтрая. Шэф берлінскай паліцыі прагназуе, што ў хуткім
часе анархісты, якім ужо сумна будзе падпальваць машыны, паспрабуюць стварыць нешта кшталту “Фракцыі чырвонай арміі.
Тэндэнцыя часткова адлюстроўваецца на выніках выбараў. Так, у Партугаліі “Bloco — картэль мааістаў і трацкістаў — на апошніх парламенцкіх выбарах прыйшоў
чацвёртым, набраўшы 11 працэнтаў. Паказнікам росту антыкапіталістычных настрояў на Поўначы Еўропы ёсць феномен Партыі піратаў, якая выступае супраць аўтарскага права ў інтэрнэце.
Дзе ляжаць крыніцы ўздыму экстрэмізму? Палітолагі звяртаюць увагу на тое, што анархісцкія арганізацыі на поўдні дружна выступаюць супраць еўрапейскіх інстытутаў, што пасуе настальгічным сентыментам
шматлікіх жыхароў краін ЕС. Пачатак дэмантажу мадэлі сацыяльнай дзяржавы яны часта памылкова звязваюць з уступленнем іх краін у зону еўра і інтэнсіфікацыі працэсаў еўрапейскай інтэграцыі.
Ускосным, аднак важным фактарам з’яўляецца тое, што лакаматывам еўрапейскай інтэграцыі ёсць Германія. У Грэцыі, дзе моцныя традыцыі антыфашысцкага супраціву, патрабаванне Бруселем жорсткай
бюджэтнай палітыкі ўспрымаюць як ультыматумы Гітлера. У сваю чаргу, мясцовыя шматлікія безадказныя палітыкі гуляюць на падобных асацыяцыях.
Акрамя таго, хапае ў гэтым рэгіёне і сацыяльных падстаў для росту экстрэмізму. Так, у Іспаніі ў выніку крызісу 19 працэнтаў працаздольнага насельніцтва вымушаны абіваць парогі біржы працы. Пры гэтым
43 працэнты з іх — моладзь. У Грэцыі беспрацоўных — 18 працэнтаў.
Пры гэтым эксперты кажуць, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Міжнародны валютны фонд прагназуе банкруцтва кожнага трэцяга іспанскага банка, які працуе з іпатэкамі. Той жа
МВФ навязвае ўрадам Грэцыі, Партугаліі і Іспаніі вельмі суровыя бюджэтныя рэцэпты. Іх мэта быццам добрая — паменшыць разрыў узроўню жыцця паміж Поўначчу і Поўднем Еўропы. Аднак дзеля гэтага
на Поўдні трэба будзе зацягнуць паясы, што, натуральна, адлюструецца на тутэйшай палітычнай атмасферы.
Пакуль, на жаль, ніякіх сродкаў для барацьбы супраць уздыму левых экстрэмісцкіх настрояў у еўрапейскіх палітыкаў няма. Адзінае, што застаецца, як піша брытанскі “Daily Telegraph,
канстатаваць: “Еўрапейскія спецслужбы праспалі новую хвалю левага тэрору. Пакуль Захад ганяецца за Бен Ладэнам, пад бокам з’явілася новая пагроза.