Вяртанне Анжалікі
У Францыі вырашылі мадэрнізаваць славутую кінасагу пра прыгоды Анжалікі. У снежні мінулага года на экраны выйшла версія яе прыгод, заснаваная на новым варыянце вядомай кнігі Ан і Сержа Галон (літаратурны псеўданім сямейнай пары Сімоны Шанжо і Усевалада Галубінава).
Сярод шматлікіх сусветных рэкордаў кнігапродажаў асобнае месца займае фантастычны поспех кніжкі «Анжаліка» ў часы позняга СССР. Толькі за адзін 1990 год у СССР было прададзена 12 (!) мільёнаў асобнікаў гэтай кнігі. Гэта толькі афіцыйная статыстыка. Відавочна, што паралельна каласальнымі накладамі прадаваліся пірацкія экземпляры.
Увогуле, такое захапленне «Анжалікай» не ганьба. У адрозненні ад культу папсовых серыялаў «Санта-Барбары» і «Марыяны», у любові да Анжалікі нічога ганебнага няма. Анжаліку любілі і дасюль любяць у шматлікіх краінах свету. Напрыклад, у Японіі нават паставілі дзве оперы па матывах кніг. Агульны наклад прададзеных з 1956 года кніг пра прыгоды Анжалікі складае каля 63 мільёнаў экземпляраў. У свой час Ан Галон нават называлі новым Аляксандрам Дзюма.
Сама гісторыя прыгод арыстакраткі сярэдзіны XVII стагоддзя, якая шукае свайго асуджанага на смяротнае пакаранне мужа па ўсім свеце, перакладзена на 20 моваў. У Францыі даўно існуе цэлы рух фанатаў Анжалікі. Прычым гэта не проста аматары пачытаць або паглядзець кіно. Фанаты, прааналізаваўшы ўсе старонкі прыгод Анжалікі, устанавілі, што яе правобраз — сапраўды існаваўшая ў XVII стагоддзі нейкая Сузана дэ Руж. Яе, таксама, як Анжаліку ў маладосці, выдалі замуж за арыстакрата, які пасля канфлікту з каралём быў асуджаны на смерць. Аматары Анжалікі арганізуюць цэлыя туры на радзіму прататыпа свайго куміра.
Пры гэтым сама аўтарка Анжалікі (лічыцца, што ў асноўным кнігі пісала Сімона Шанжо, а не яе муж) дасюль не прызналася, адкуль яна ўзяла сюжэт сваёй эпапеі і з каго яна спісала вобраз. Дакладна вядома, што ў дзяцінстве яна вельмі цікавілася гісторыяй сярэднявечнай Францыі, а сесці за напісанне кніжкі пра Анжаліку яе натхніў муж (дарэчы, геолаг і хімік па адукацыі, як і муж Анжалікі граф Жафрэй дэ Пейрак). Да таго, як заняцца «Анжалікай», Сімона спрабавала рэалізаваць сябе ў жанры рэпартажу і фемінісцкага раману.
Парадаксальна, аднак першым набыць правы на кнігу пра прыгоды «Анжалікі» пагадзілася не французы, а нейкае нямецкае выдавецтва. Здарылася гэта ў 1956 годзе. Толькі праз год кнігу перавыдалі ў Францыі. Яна прынесла Ан Галон шалёную папулярнасць. Яшчэ праз пару гадоў кніга выйшла за акіянам і мела таксама выключна пазітыўныя ацэнкі чытацкай аўдыторыі. Нядзіўна, што літаратурныя агенты адразу атакавалі Сімону Шанжо з прапановамі працягнуць апавяданне пра «Маркізу анёлаў». Шанжо пагадзілася. Усяго з таго часу было выдадзена 13 кніг. Па сюжэту, Анжаліка ўсё ж знайшла свайго мужа Жафрэя і адправілася з ім і сваімі дзецьмі ў Амерыку. У апошняй кнізе «Перамога Анжалікі» гераіня перамагае з дапамогай індзейцаў усіх сваіх ворагаў.
Хаця да 1964 года ў свеце было прададзена больш за 60 мільёнаў кніжак пра Анжаліку, усе пагаджаюцца, што сапраўдным культурным феноменам Анжаліка стала пасля выхаду ў тым жа годзе першага фільму «Анжаліка — Маркіза анёлаў». Праца рэжысёра Бернарда Бордзіера з Мішэль Мерсье ў галоўнай ролі спадабалася гледачам. Пасля было яшчэ 4 фільмы. У 1990-я гады былі спробы зняць па сюжэту тэлевізійны серыял, аднак пасля пілоту ад ідэі адмовіліся. На думку прадзюсараў, актрысы, якая б магла быць не горш за Мішэль Мерсье, на той час было.
Самае смешнае, аднак, было наперадзе. Прыкладна ў 1990-я гады нечакана высветлілася, што Анжаліка, якую мы ведаем, не сапраўдная. Калі верыць Сімон Шанжо, якой, дарэчы, было ўжо за 70 гадоў, усе тэксты, што яна прыносіла ў выдавецтва, праходзілі жорсткую рэдактуру. У выніку ад арыгінальнага тэксту, калі зноў жа верыць Шанжо, заставалася вельмі мала. Таму ў сярэдзіне 1990-х гадоў Шанжо выступіла з амбіцыйным праектам — яна вырашыла перапісаць наноў усе выдадзеныя раней 13 кніжак пра прыгоды Анжалікі.
Сімона не жартавала. Спачатку яна моцна пасварылася з уладальнікамі правоў на друк яе твораў. Пасля шматлікіх судовых працэсаў яна атрымала права на карэкціроўку «Анжалікі». Дарэчы, за сваю настойлівасць яна атрымала ад аднаго з саюзаў літаратараў спецыяльную прэмію. Літаратуразнаўцы, праўда, крытычна ацэньваюць творчасць Сімоны Шанжо.
Калі ўжо гаворка зайшла пра прафесійную ацэнку творчасці Шанжо, нельга прайсці міма стаўлення да Анжалікі прафесійных гісторыкаў. Гісторыкі, як не дзіўна, не вельмі крытыкавалі кнігі. На думку прэсы, такая талерантнасць звязаная з тым, што прыгоды Анжалікі разбурылі рэспубліканскае табу. Амаль два стагоддзя вобраз Людовіка XIV, які па сюжэту кнігі заляцаецца да Анжалікі, быў выключна негатыўным. Лічылася, што выяўляць манарха інакш палітычна некарэктна. У кнізе Ан Галон кароль выглядае як жывы чалавек са сваімі часам пазітыўнымі, а часам негатыўнымі забабонамі. Пасля трыумфу «Анжалікі» гісторыкам стала лягчэй ставіць пад сумнеў догмы рэспубліканскай гістарыяграфіі.
Вяртаючыя да лёсу Анжалікі. Новая кінаверсія яе прыгод пабудаваная якраз на мадэрнізаванай гісторыі. У галоўнай ролі — Нора Арнэзедэр, якую мы ведаем па фільмах «Код доступу «Кейптаун» і «Парыж, Парыж». А Жафрэя дэ Пейрака ўвасобіў Жэрар Ланвен.
З першых рэцэнзій цяжка зразумець, у чым прынцыповая розніца паміж новай стужкай і легендарнымі фільмамі з удзеламі Мішэль Мерсье. Аднак прэм’ера новай «Анжалікі» ўсё роўна стала вялікай культурнай падзеяй. Напярэдадні рэлізу ў прэсе разгарнулася дыскусія наконт феномену галоўнага персанажу твору. Некаторыя культуролагі нават мяркуюць, што Анжаліка можа скласці канкурэнцыю такім жаночым сімвалам Францыі, як Жана д’Арк і Марыяна.
Акрамя таго, актыўна дыскутуецца тэма, наколькі Анжаліку можна лічыць феміністкай. З аднаго боку, яна не цягне на такі тытул. Яна не ставіць пад сумнеў асновы рэакцыйнага манархісцкага ладу і ўпарта шукае мужа. З іншага боку — Анжаліка маніфестуе, што нетрадыцыйна для жанчыны XVII стагоддзя: узначальвае вулічную банду або выступае заснавальнікам і менеджарам цэлага прадпрыемства.
Застаецца дадаць, што галоўная загадка чакае нас наперадзе. Ан Галон паабяцала, што пасля таго, як яна перапіша ўсе 13 раманаў пра Анжаліку, яна выдасць заключны раман серыі. Па словах рэдакцыі, якая выкупіла правы на друк кнігі, нас чакае сенсацыя. Ужо вядома папярэдняя назва кнігі — «Анжаліка і французскае каралеўства».