«Вясёлы талібан»

У прэзідэнты Казахстана ідзе Мурат Целібекаў. Адны лічаць яго аферыстам. Другія бачаць у ім агента спецслужбаў. Трэція мяркуюць, што Целібекаў спрабуе змагацца з дыктатурай Назарбаева метадамі Хаджы Насрэдзіна і Алдара-Касэ. 



tielibiekov.jpg

«Вы карыстаецеся абсалютным даверам у народзе, маеце каласальны вопыт эфектыўнага кіравання грамадой. У самыя цяжкія часы пад вашым кіраўніцтвам казахі пераадолелі ўсе выпрабаванні. З вашым прозвішчам усе звязваюць надзеі на беспрэцэдэнтныя эканамічныя поспехі, сацыяльны дабрабыт, стабільнасць, упэўненасць». Калі вы думаеце, што гэта панегірык Назарбаеву, дык памыляецеся. Тэкст адрасаваны старшыні Саюза мусульман Казахстана (СМК) Мурату Целібекаву, дасланы звычайнымі грамадзянамі краіны. Прынамсі, так сцвярджае сам кіраўнік СМК, які, атрымаўшы зварот, вырашыў падацца ў прэзідэнты.
Саюз мусульман Казахстана (СМК) быў заснаваны былым журналістам Муратам Целібекавым у 2004 годзе. Арганізацыя паспрабавала атрымаць рэгістрацыю афіцыйнага рэлігійнага аб’яднання, аднак спробы не мелі поспеху. Больш таго, Духоўнае кіраўніцтва мусульман Казахстану прыстрашыла Целібекава судовым іскам. «Мусульмане» адступілі, аднак у выніку рэгістрацыю атрымалі пад назвай «Прыватны фонд — СМК». Паводле статуту Саюза мусульман, галоўнай мэтай аб’яднання з’яўляецца «каардынацыя намаганняў грамадзян Рэспублікі Казахстан і спонсараў у аказанні матэрыяльнай і духоўнай падтрымкі грамадзянам Казахстана, а таксама фарміраванне развітой асобы».

На практыцы «каардынацыя намаганняў» і «фармаванне развітой асобы» выліваюцца ў няспынную плынь сенсацыйных публічных заяў, якія з-за сваёй экзатычнасці лёгка прарываюць інфармацыйную манаполію дзяржаўных СМІ, трапляючы на старонкі таблоідаў. Напрыклад, некалькі гадоў таму Саюз мусульман Казахстана адзначыўся законапраектам аб крымінальным пакаранні за непрыстойныя жэсты на «высокапастаўленых асоб» (нагодай для гэтай ініцыятывы стаў сярэдні палец жыхара Паўладара, выстаўлены ў бок картэжу старшыні верхняй палаты парламента, за што грамадзянін атрымаў 5 сутак арышту). СМК патрабаваў унесці ў спіс «забароненых дзеянняў» у тым ліку «дэманстратыўнае калупанне ў носе» і «чханне ў напрамку высокапастаўленых асоб».

Пазней Саюз мусульман прапанаваў караць смерцю прэзідэнтаў-доўгажыхароў, калі тыя захочуць кіраваць краінай у старэчым узросце. Для гэтага прапаноўвалася ўнесці ў канстытуцыю папраўку аб абавязковым смяротным пакаранні кіраўнікоў дзяржавы ў 80 гадоў. У заяве СМК гаворыцца: «Паводле даследаванняў навукоўцаў, крытычным для чалавека з’яўляецца ўзрост 80 гадоў. Пасля яго дасягнення, пачынаецца імклівая дэградацыя асобы. Чалавек, старэйшы за 80 гадоў, не здольны кіраваць краінай. На жаль, гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі дзяржаўныя дзеячы з-за старэчай прыдуркаватасці даводзілі грамадства да поўнага хаосу. У выпадку, калі кіраўнік дзяржавы па дасягненні 80-гадовага ўзросту імкнецца і далей кіраваць краінай, ён павінен быць пакараны незалежна ад яго жадання».

Такога кшталту заяваў было вельмі шмат, і падавалася, грамадства даўно павінна скласці ўяўленне пра СМК. «Вясёлы талібан», — так пракаментаваў адзін з блогераў заклік Саюза мусульман пабудаваць пантэон нацыянальных герояў на Месяцы. Гэта была рэакцыя СМК на патрабаванне прэм’ера — выбраць месца для пахавання герояў Казахстану. У сваёй прапанове Саюз мусульм кіраваўся тым, што «размяшчэнне пантэона на Месяцы дазволіць усяму чалавецтву захапляцца месцам пахавання вялікіх казахаў, не выходзячы са сваіх кватэр».

Некаторыя лічаць, што Целібекаў выкарыстоўвае методыку Хаджы Насрэдзіна і Алдара-Касэ — герояў фальклору, якія лёгка падманвалі ханаў і баеў за кошт ліслівасці і выкарыстання дыскурсу ўлады.

Хтосьці лічыць, што Целібекаў — аферыст, які выкарыстоўвае інтарэс на Захадзе да праблемаў мусульман. Карыстаючыся брэндам СМК, яму, маўляў, лёгка атрымаць запрашэнне на розныя форумы ў заходніх сталіцах.

Праўда, гэта яшчэ бяскрыўдная трактоўка ўчынкаў Мурата Целібекава. Сярод часткі казахскай апазіцыі распаўсюджана думка, што СМК — структура, сфармаваная ўладай. Пры гэтым, як правіла, спасылаюцца на шэраг супярэчнасцяў у дзейнасці СМК. Так, арганізацыя робіць заявы на грані фолу, якія лёгка пры жаданні прыцягнуць пад артыкул «Абраза асобы Елбасы». Аднак лідар СМК ніколі не быў аб’ектам пераследу з боку казахскай Феміды. Тая нават не паспрабавала пазбавіць яго структуру рэгістрацыі.

Нашто Назарбаеў у такім выпадку трымае СМК? Па-першае, Саюз можа быць закліканы дыскрэдытаваць мусульманскі рух. «Самы просты аналіз яго выказванняў і дзеянняў кажа не толькі пра імкненне раскалоць мусульманскую суполку. Відавочна, што Мурат Целібекаў у свой час пралічыў, што вельмі зручная ніша «ўшчэмленых» вернікаў дазволіць як прыцягнуць да сябе ўвагу СМІ, так і ўнесці раскол і сумятню ў шэрагі мусульман. Заадно, можна будзе і свет паглядзець», — піша адзін з яго крытыкаў.

Цяпер прыхільнікі думкі па тое, што СМК — марыянетка Акорды (так называюць адміністрацыю Назарбаева), атрымалі яшчэ адзін доказ. Целібекаў вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, што ў вачах грамадства выглядае вельмі супярэчліва. Датэрміновыя выбары прэзідэнта, прызначаныя на красавік, нават сама ўлада называе рэферэндумам аб даверы Назарбаеву. Як следства, жадаючых удзельнічаць у кампаніі з загадзя вядомымі вынікамі сярод палітыкаў няма. Дэфіцыт спарынг-партнёраў улада вымушана кампенсаваць за кошт каго-небудзь, прычым кастынг праводзіцца самым незвычайным спосабам. Паводле інфармацыі на сайце «Respublica-kz», у кандыдаты на прэзідэнта давялося запісацца нейкаму гандляру, які мае доўг дырэкцыі рынку.  Сам Целібекаў, аднак, не лічыць, што робіць масоўку для Назарбаева. У інтэрв’ю інтэрнэт-парталу Zona.kz ён заявіў: «Гэта (удзел у кампаніі) цалкам дастойная рэч. Я хачу стаць для моладзі прыкладам таго, што ў людзей павінны быць амбіцыі. Яны павінны навучыцца ўздымаць планку вышэй, чым гэта ім ставяць тыя, хто ў гэтым не зацікаўлены. Вельмі лёгка кіраваць рабамі, якім загадзя вызначылі іх месца ў жыцці і якія з гэтым пагадзіліся». У выпадку рэгістрацыі ў якасці кандыдата Целібекаў абяцае электарату як мінімум выклікаць Назарбаева на тэлевізійныя дэбаты.