Vox populi: украінцы тлумачаць свой выбар
У дзень галасавання карэспандэнт НЧ пабываў на трох выбарчых участках у Кіеве, у тым ліку ў Доме Афіцэраў Узброеных Сіл Украіны, дзе галасаваў дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка.
Узровень арганізацыі выбараў у дзень галасавання быў вельмі высокім, можна сказаць, што нават бездакорным.
Шматлікія назіральнікі, апячатаныя празрыстыя скрыні для бюлетэняў, самі бюлетэні, аформленыя як бланкі строгай справаздачнасці — з індывідуальным нумарам. Журналісты маглі працаваць бесперашкодна: фатаграфаваць, падлічваць пустыя бланкі, сачыць за тым, ці распісваецца чалавек у бюлетэні, з якім пасля ідзе ў кабіну для галасавання, апытваць па сваім жаданні любога члена выбарчай камісіі альбо выбаршчыка.
Выбарчыя ўчасткі былі адкрытыя да 20 гадзін, аднак папярэднія дадзеныя экзіт-полаў сталі з’яўляцца ў прэсе бліжэй да абеду. Яны паказвалі, што безумоўная перавага на баку «народнага кандыдата» Зяленскага.
Па выніках апытанак, праведзеных карэспандэнтам НЧ на двух выбарчых участках, безумоўнае лідарства сапраўды належала Зяленскаму. Прычым, што характэрна, ужо з раніцы выбаршчыкі не саромеліся голасна аб’яўляць пра свой выбар і яго каментаваць.
На выбарчым участку ў Цэнтральным Доме афіцэраў мы спыталі Пятра Парашэнку:
— За што сёння, на вашу думку, павінен прагаласаваць украінскі народ: за пэўны курс развіцця альбо за пэўную асобу?
— Народ можа галасаваць у адпаведнасці са сваім ўяўленнямі: за курс або за чалавека. Але найлепшым варыянтам будзе той, калі выбаршчык, сёння прагаласуе адразу за опцыю «два ў адным»: адначасова за курс і за чалавека.
Яўген, 35 гадоў:
— Я галасаваў за Зяленскага. Ён малады і энергічны, а старыя палітыкі павінны сысці на пенсію. Я так лічу. Мне 35 гадоў, а Зяленскі не нашмат старэйшы. Па сутнасці, я галасую за сваё пакаленне. Але яшчэ я галасую так, таму што рэформаў, як такіх, у краіне няма. Цяперашні прэзідэнт усё, што мог, ужо зрабіў. За што яму вялікі дзякуй. Павінна быць абавязкова змена ўлады.
Юрый Уладзіміравіч, пенсіянер:
— Я галасаваў за Зяленскага. Мне падабаецца ён, таму за яго і прагаласаваў. У яго добрыя памкненні. Ну, і задавальняе пакуль. Яму будуць рабіць перашкоды, імкнуцца дыскрэдытаваць, асабліва спачатку. Таму я яму не зайздрошчу. А вашага Лукашэнку я ведаю і паважаю. Ёсць надзея і на Зяленскага. Можа, ён навядзе парадак. Такі як Лукашэнка ў Беларусі.
Аляксандр, інжынер-электрык:
— Хачу пераменаў. Толькі і ўсяго. Хачу, каб эканоміка развівалася больш дынамічна. Карупцыя эканоміку з’ядае. Я хацеў бы, каб у нас свабодна развівалася ўсё. Каб было свабоднае права прадпрымальніцтва, якое, на жаль, у нас вельмі моцна абмежаванае.
Ігар. Прыйшоў на ўчастак з жонкай і маленькім сынам.
— Галасаваў за Пятра Парашэнка. Лічу яго больш надзейным кандыдатам. За пяць гадоў шмат усяго змянілася ў лепшы бок, ёсць пэўны вектар, у рамках якога хацелася б рухацца і далей. А што будзе, калі прыйдзе Зяленскі, пакуль складана сказаць.
Наталля:
— Зяленскі. Хочацца змяніць нешта да лепшага, адчуць нейкі новы подых. Мяне не радуюць камунальныя тарыфы, якія пастаянна растуць. Кошты ў крамах не радуюць. На тым тыдні заходзіш — адна цана, праз тыдзень — іншая. Уся палітыка, уключаючы прэзідэнта, павінна накіроўвацца на памяншэнне тарыфаў. Мы бярэм вельмі шмат міжнародных траншаў, з нагоды гэтага павышаюцца пастаянна кошты, у тым ліку на камунальныя паслугі.
Сяргей, працуе ў сферы мабільнай сувязі:
— За Зяленскага. Таму што я хачу зменаў у краіне. Я жыў у Еўропе, і я хачу, каб мая краіна жыла так, як у Еўропе. За пяць гадоў Саакашвілі зрабіў з самай крымінальнай Грузіі краіну, якая зараз квітнее. На жаль, у Пятра Аляксеевіча гэтае не атрымалася за пяць гадоў. Будзем спадзявацца, што ў Зяленскага атрымаецца. Хацелася бы паспрабаваць.
Алена Бажко, маладая мама:
— Мы галасавалі за Парашэнка. Зяленскі мне менш сімпатычны, чым Парашэнка. Мне падабаецца курс, які праводзіць Парашэнка. Хоць мы з малым цяпер атрымалі від на жыхарства ў Аўстрыі, і нас у краіне ўжо не будзе. Але я хачу, каб ва Украіне ўсё нарэшце нармалізавалася. І я разумею, што Зяленскі — гэта нават не «кот у мяху», гэта няправільны крок. Гэта будзе чарговы, напэўна, Майдан. Гэта будзе крок назад.
Аліса Вінаградава, актывістка ўкраінскай арганізацыі «Femen»:
— Сваім выглядам я хацела канстатаваць непазбежны канец Парашэнка і наступ Зяленскага, эпоха якога няўхільна наступіць пасля гэтых выбараў.
А вось што казалі выбарнікі на ўчастку №800583 па вул. Ольгінскай 2/4 у Кіеве.
Валянціна, педагог, зараз працуе рэпетытарам:
— У цэлым, беларусы наші сябры. Мы вас слухаем, перапісваемся. У Беларусі зусім іншыя агітацыйныя метады. Я падтрымала Парашэнка. Курс на адукацыю, Еўропу, здаецца мне годным вектарам развіцця. І сам цяперашні прэзідэнт мне здаецца годным чалавекам. І увогуле на гэты вектар павінна арыентавацца моладзь.
Мікалай Лебедзеў, пенсіянер:
— Галасаваў я за Зяленскага. Прычына? Надакучыў зладзейкаваты прэзідэнт. Таму мне было ўсё роўна каго абіраць, абы не Парашэнка.
Вольга, пенсіянерка. Прызналася, што сапсавала бюлетэнь:
— Я не люблю, калі хлусяць. Хлусяць абодва. Нікому не веру.