Хуткасны рэжым поўнай дэмакратыі

Некалькі тыдняў перад прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне шчыльнасць падзей на адзінку часу зашкальвала: здача аналізаў, павышэнне рэйтынгу Парашэнка, паніжэнне рэйтынгу Парашэнка, фіктыўны замах на Зяленскага, дэбаты на стадыёне, суд у ноч перад прэзідэнцкімі выбарамі на ануляванне рэгістрацыі Зяленскага… 

photo_2019_04_21_13_00_01_logo.jpg


У дзень галасавання склалася ўражанне, што выбаршчыкі проста стаміліся: і ад бясконцых спрэчак у сацыяльных сетках, і, у цэлым, ад знясільваючай кампаніі.

Неверагодныя выбары

На гэтым фоне поўнага спакою ў нядзелю, 21 красавіка, ва Украіне прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Яны ўжо зараз былі ахарактарызаваныя як самыя мірныя за шмат гадоў.

praha__oczered_pered_otkrytiem_uczastka_logo.jpg


Нагадаем, у выбарах удзельнічалі два кандыдаты, якія ў першым туры 31 сакавіка набралі найбольшую колькасць галасоў, — шоўмен Уладзімір Зяленскі і дзейны кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка. Для правядзення выбараў было створана 199 тэрытарыяльных выбарчых акругаў і адна замежная, а таксама каля 30 тысяч участковых выбаркамаў. За мяжой працаваў 101 выбарчы ўчастак. Прыкладная колькасць выбаршчыкаў — больш за 29 млн грамадзян. 325,6 тысяч украінцаў скарысталіся часовым змяненнем месца галасавання. Права назіраць за выбарамі атрымалі 139 украінскіх грамадскіх арганізацый. ЦВК Украіны зарэгістраваў 2,7 тысяч афіцыйных назіральнікаў ад 20 міжнародных арганізацый і 21 замежнай дзяржавы.
Бяспеку галасавання забяспечвалі больш за 130 тысяч праваахоўнікаў. ЦВК павінен аб’явіць вынікі не пазней, чым на дзясяты дзень пасля галасавання.

sztab_poroszenko__veczer_logo.jpg


Значных парушэнняў выяўлена не было. Камітэт выбаршчыкаў Украіны фіксаваў факты недазволенай у дзень галасавання агітацыі ў сацыяльных сетках, несвоечасовае адкрыццё некаторых участкаў, няправільнае пламбаванне скрыняў для галасавання, няправільнае размяшчэнне інфармацыйных плакатаў кандыдатаў на участках. Са смешнага: у розных раёнах Кіева на розных участках былі эпізоды з’ядання выбаршчыкамі сваіх запоўненых бюлетэняў. Зрэшты, усё, у выніку, абмяжоўвалася не санкцыямі, а жартамі пра «асаблівую вясновую дыету».

У чаканні цудаў

Галоўнымі матывамі выбаршчыкаў, незалежна ад таго, за каго яны галасавалі, часта былі асабістыя сімпатыі альбо антыпатыі. Прыхільнікам абодвух кандыдатаў таксама было цяжка растлумачыць, напрыклад, якіх эканамічных рэформаў яны хочуць, хаця яны на іх настойвалі. Асабістае назіранне паказала, што за Парашэнку, у асноўным, галасавалі высокаадукаваныя людзі ўзроставай катэгорыі ад 37 да 50 гадоў альбо маладыя сем’і з дзецьмі. Электарат Зяленскага — пенсіянеры, моладзь, людзі з нізкай аплатай працы.

Каля штаба Зяленскага

Каля штаба Зяленскага

«Усе праблемы ў сацыяльна-эканамічнай сферы каманда Парашэнка спісвала то на вайну, то на ўрад, які сфармаваны збольшага «Народным Фронтам». Прапаганда падавала Парашэнку як «меншае зло» — з-за поўнай неспрактыкаванасці Зяленскага ў пытаннях дзяржкіравання, адсутнасці падтрымкі дыпламатаў і ваенных, адсутнасці выразнай пазіцыі па ключавых пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва, адсутнасці праграмы. Сюды ж: «вушы» Каламойскага, папулізм ды іншыя хібы, — заўважыў у каментары для НЧ журналіст украінскага выдання «Левы бераг» Андрэй Палівода. — З арганізацыйнага пункту гледжання Зяленскі няздольны нават эфектыўна правесці звычайную нараду па не вельмі добра вядомай яму тэме. Тыя круглыя сталы, якія ён ладзіў, больш падобныя на крэатыўную генерацыю жартаў для сцэнара, гэта яму блізка і зразумела. У Зяленскага ёсць вялікі электаральны плюс: калі Парашэнка жорстка антырасійскі, то Зяленскі — мякка. У Зяленскага — лепшыя крэатыўшчыікі, у Парашэнкі — лепшыя паліттэхнолагі. Але гэтага аказалася недастаткова».

Каля штаба Зяленскага

Каля штаба Зяленскага

Штаб Зяленскага размясціўся ў кангрэсна-выставачным цэнтры «Паркавы» непадалёк ад Вярхоўнай Рады. Як і падчас першага тура, у прэс-цэнтры былі настольныя гульні, працаваў бар з алкаголем: налівалі піва, італьянскае віно і шампанскае.

Каля штаба Парашэнкі
Прыхільнікі Пятра Парашэнкі дыслакаваліся ў нацыянальным культурна-мастацкім комплексе «Мыстецький арсенал». У штабе была ўсталяваная сцэна, на якой выступалі грамадскія дзеячы, палітыкі і валанцёры. Самае характэрнае, што ўжо ў 19:20, не чакаючы канца галасавання, у штабе Парашэнкі прызналі паразу свайго кандыдата.

Па дадзеных сацыялагічных апытанняў, выбаршчыкі Зяленскага чакаюць ад «народнага Галабародзька» ў першыя сто дзён ледзь не цуду:
— Зніжэння тарыфаў на камуналку — 39%.— Прыняцця закона аб зняцці недатыкальнасці з суддзяў, дэпутатаў, прэзідэнта — 35,5%.— Паскарэння або пачатку расследавання найбольш рэзанансных карупцыйных спраў — 32,4%.— Пачатку перамоваў з Расіяй — 23,3%.— Зніжэння заробкаў высокапастаўленым чыноўнікам — 18,4%.


Цуду чакаюць ад Зяленскага, таму што Парашэнка на цуд аказаўся не здольным. Пры гэтым рацыянальных прычын меркаваць, што Зяленскі знізіць тарыфы на камунальныя паслугі альбо прымецца за расследаванне рэзанансных спраў, няма і быць не можа. Рэгуляцыя тарыфаў — вотчына Кабміна, карупцыйныя справы і пасадкі па іх — сфера кампетэнцыі пракуратуры і суда. Зрэшты, Зяленскі ўсяго вышэйпералічанага нават не абяцаў. Не абяцаў ён і зніжэння заробкаў чыноўнікам. Закон «Аб дзяржаўнай службе» быў прыняты Радай яшчэ ў 2015 годзе. Любое яго змяненне ў дадзены момант можа пацягнуць за сабою кадравы хаос у дзяржаўным кіраванні.

zyr_petka___kakoho_my_djatla_vybrali_logo.jpg


Адзінае, што на сёння знаходзіцца ў сферы кампетэнцыі Зяленскага, — пачатак перамоў з Расіяй. Болей за тое, гэта адна з галоўных, пазначаных у Канстытуцыі Украіны, функцый прэзідэнта — кіраванне знешнепалітычнай дзейнасцю дзяржавы. Тым не менш, варта разумець, што перамовы па праблеме Крыма — вельмі працяглы працэс. Закрыць яго аператыўна Зяленскаму і яго камандзе не ўдасца.

Мітынг за вяртанне Крыма ў Кіеве ў дзень выбараў

Мітынг за вяртанне Крыма ў Кіеве ў дзень выбараў

vstrecza_s_savczenko_logo.jpg


Прычым, дадзеныя сацыялагічных апытанняў не паказваюць поўнага малюнку «народнага рэваншу», таму што ўлічваюць толькі меркаванні тых, хто здолеў выразна сфармуляваць свае найменш абсурдныя чаканні. Асабіста я сустракала зусім дзікія прэтэнзіі да Парашэнкі, — адпаведна яны пяройдуць па спадчыне да Зяленскага, але ўжо ў форме патрабаванняў. Напрыклад, неабходнасць асабіста сачыць за катамі і коткамі па раёнах альбо рэгулярна выязджаць на заліўку новага асфальту ў рэгіёнах.
«Перамога на прэзідэнцкіх выбарах Уладзіміра Зяленскага можа запусціць поўны дэмантаж сістэмы грамадска-палітычных адносін. Гэта значыць зрабіць тое, чаго не ўдалося дасягнуць нават двум «Майданам», якія прайшлі ў краіне. Раней электарат глядзеў на любыя магчымыя змены толькі праз прызму ўнутрыэлітных канфліктаў, кланавай барацьбы. Ніхто не падзяляў ранейшых прэзідэнтаў па сутнасці, таму што іх кіраванне не прыводзіла да маштабнага абнаўлення элітаў, — сказаў НЧ украінскі сацыёлаг, выкладчык КНУ імя Тараса Шаўчэнкі Мікола Ахрыменка. — Фенаменальная папулярнасць Зяленскага тлумачыцца тым, што для выбаршчыкаў ён — новая асоба, якая мае значна больш сувязяў з першасным асяроддзем, гэта значыць, народам, чым з элітамі. Магчыма, такая падтрымка дазволіць яму запусціць працэс маштабнай цыркуляцыі эліты на ўсіх узроўнях улады з наступным укараненнем якасна новых механізмаў кіравання. Але старая эліта пры гэтым, вядома, будзе або цалкам знішчаная, або як мінімум выціснутая ў рэгіёны».

Што далей?

Для Уладзіміра Зяленскага цяперашняя перамога на выбарах — гэта толькі пачатак. Яго поле для манеўру будзе значна абмежаванае Вярхоўнай Радай, якая здольная заблакаваць яго кадравыя і іншыя прынцыповыя рашэнні. Вынікам гэтага можа стаць расчараванне выбаршчыкаў у абранніку, які не здолеў апраўдаць іх чаканні. Гэта азначае, што адным з найбольш верагодных крокаў новага прэзідэнта можа стаць роспуск Рады з абвяшчэннем датэрміновых выбараў. Гэта таксама дасць магчымасць максімальна адэксплуатаваць усплёск антыэлітных настрояў і правесці ў парламент максімальна магчымую колькасць прыхільнікаў — тых жа самых умоўных «новых асоб». Гаворка, вядома, ідзе пра яго партыю «Слуга народа».

photo_2019_04_22_02_13_14_logo.jpg


Пра тое, што Зяленскі гатовы распусціць Раду, ён сам казаў за некалькі дзён да выбараў у інтэрв’ю агенцтву «РБК-Украіна». Зрэшты, ён абмовіўся тады, што будзе дзейнічаць строга ў рамках закона. І гэта якраз можа зрабіць яго першы палітычны крызіс непераадольным. Калі Вярхоўная Рада сама не пагодзіцца на роспуск, зрабіць гэта будзе практычна немагчыма. Усё ж ва Украіне парламент — самы галоўны орган улады, і тут ніякія сілавікі па загадзе прэзідэнта на штурм Рады не пойдуць — не тая краіна.

photo_2019_04_22_02_20_00_logo.jpg


А вось дэпутаты, калі здолеюць аб’яднацца супраць «зялёнага прэзідэнта», патэнцыйна могуць нават не дапусціць яго да ўлады — напрыклад, заблакаваць інаўгурацыю. Зараз у Вярхоўнай Радзе вельмі папулярная ідэя закона «Аб імпічменце», у якім, у прыватнасці, павінна быць прапісана абавязковае тэставанне прэзідэнта на алкаголь і наркотыкі. Зразумела, што гэтая ініцыятыва цалкам накіраваная на Зяленскага, на яго слабое месца — абвінавачванні ва ўжыванні псіхаактыўных рэчываў нарадзіліся не на пустым месцы. І справа пагоршылася пасля таго, як ён пачаў бегаць ад аналізаў — здаў толькі кроў у лабараторыі аднаго са сваіх сяброў, тады як Парашэнка — яшчэ і мачу, і валасы (у іх сляды наркотыкаў захоўваюцца гадамі).

photo_2019_04_22_02_14_24_logo.jpg


Па законе інаўгурацыя павінна прайсці па абумоўленай працэдуры ў Вярхоўнай Радзе. Калі каманда Зяленскага правядзе яе ў іншым месцы, яе легітымнасць будзе паспяхова аспрэчана ветэранамі Майдана, што выйдуць на вуліцы — а яны біцца любяць і ўмеюць. Гэта Украіна, тут магчыма ўсё. «Трэці тур выбараў» у яе гісторыі таксама ўжо быў.


У цэлым у гэтай кампаніі Зяленскі бліскуча вырашыў бягучую задачу — мабілізаваць усіх, хто стаміўся ад «старых» палітыкаў. Але праз пяць гадоў ці нават раней рэйтынг Парашэнкі можа дасягнуць узроўню «а я што казаў», і апаненты могуць папросту зноў памяняцца месцамі. Тым больш, што згодна з апошняй інфармацыяй, Парашэнка ўжо прапанаваў Зяленскаму як будучаму прэзідэнту супрацоўніцтва, і той не адмовіўся, нягледзячы на рэзкую крытыку дзеянняў Парашэнкі і публічнае дыстанцыянаванне ад яго палітычных прынцыпаў.