Выбары па-французску: фінал непрадказальны

Сёння ў Францыі праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Галоўная яго інтрыга — якая пара кандыдатаў пройдзе ў другі тур. Толькі тады можна будзе паспрабаваць зразумець, хто менавіта ўзначаліць у выніку Пятую Рэспубліку. А можа, паўстане Шостая? Давайце паразважаем...

vybary_francyja.jpg


Пейзаж перад бітвай

Упершыню ў найноўшай гісторыі Францыі дзеючы прэзідэнт не выстаўляе сваю кандыдатуру на другі тэрмін. Франсуа Аланд, абраны ў 2012 годзе ад Сацыялістычнай партыі, не стане ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы. Ды і цяжка было бы гэта зрабіць з рэйтынгам 4%.

Акрамя таго Францыя зараз знаходзіцца ў глыбокім істытуцыянальны крызісе палітычных партый, гэтага "каркаса" палітычнай сістэмы Пятай рэспублікі. Паўстагоддзя да ўлады прыходзілі альбо рэспубліканцы, альбо сацыялісты. Зараз жа французскія сацыялісты патрапілі ў наймацнейшы крызіс за ўсю сваю гісторыю. Пры Аландзе Сацпартыя стала хутка губляць папулярнасць, а яе выбаршчыкі ўпадабалі альбо вельмі левыя, альбо правыя сілы. Міграцыйны крызіс у Еўропе і жудасныя тэракты (уключаючы смяротны напад 2015 году ў Парыжы) пераканалі грамадзян у правальнасці палітыкі партыі, якая сцвярджала, што толькі яна можа забяспечыць Францыі сацыяльную і эканамічную справядлівасць і, як следства, бяспеку.

Да таго ж, на думку шмат якіх французаў, сацыялісты сёння — самая буржуазная з усіх партый краіны. Нядзіўна, што традыцыйны электарат яе пакідае.

kandydaty.jpg

У сённяшніх выбарах удзельнічаюць: Эмануэль Макрон (рух "Наперад!"), Марын Ле Пен (Нацыянальны фронт), Франсуа Фіён ("Рэспубліканцы"), Жан-Люк Меланшон ("Непакорлівая Францыя"), Бенуа Амон (Сацыялістычная партыя).
Пры такім раскладзе сацыялісту Амону даводзіцца трымаць абарону злева ад Жан-Люка Меланшона і ад Эмануэля Макрона — справа.
Фіёну жа трэба трымаць удар ад таго жа Макрона, але ўжо злева, і ад лідара праварадыкальнай партыі "Нацыянальны фронт" Марын Ле Пен — справа. Як бачым, у цяперашніх умовах і вельмі левыя, і вельмі правыя сілы Францыі пачынаюць змагацца за адзін і той жа электарат.

Па выніках апытанняў на 21 красавіка, асноўныя канкурэнты — Эмануэль Макрон і Марын Ле Пэн — ідуць амаль на роўных. Неістотна адстаюць Франсуа Фіён і Жан-Люк Меланшон.

Лідзіруе ў рэйтынгах, як і раней, Марын Ле Пэн. За яе гатовыя прагаласаваць ад 22 да 23,5% французаў. Далей — Эмануэль Макрон, які мае падтрымку 22-22,5% выбаршчыкаў. Трэццяе месца ў Франсуа Фіёна, які можа разлічваць на 19-20% галасоў; замыкае чацвёрку Жан-Люк Меланшон, за яго гатовыя прагаласаваць 17-20% грамадзян Францыі. А вось Бенуа Амон відавочна не можа прэтэндаваць на прэзідэнцкі пост. Па ацэнках сацыёлагаў, у лепшым выпадку ён зможа набраць 9% галасоў у першым туры.

"Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што 48% працоўных з фабрыкаў і заводаў прагаласуюць за лідэра нацыяналістаў Ле Пен, 19% — за ўльтралевага кандыдата Жан-Люка Меланшона, 33% — за Макрона і толькі 10% гатовыя падтрымаць сацыяліста Амона. Адваяваць галасы працоўных будзе вельмі няпростай задачай, якую за гэтую выбарчую кампанію сацыялісты не вырашаць", — лічыць палітолаг Гель Брюстье.

Відавочнае і верагоднае

Самы верагодны варыянт — у другі тур выйдуць Марын Ле Пен і Эмануэль Макрон. Пакуль усе сацапытанні паказваюць, што ў гэтым выпадку амаль напэўна прэзідэнтам стане Макрон. Тут верагодны паўтор сцэнара 2002 году, калі ў другім туры ўсе спужаліся Жан-Мары Ле Пэна і аб'ядналіся вакол Жака Шырака, які ў выніку атрымаў больш 80% галасоў. Калі Марын Ле Пэн выйдзе ў другі тур, такі сцэнар, напэўна, будзе разыграны зноў.

makron_lepen_logo.jpg

Прэзідэнт Франсуа Аланд ужо заявіў, што яго галоўная мэта — не дапусціць Ле Пэн да ўлады. Як вынік, цяпер апытанні паказваюць, што 65% выбаршчыкаў у другім туры будуць галасаваць за Макрона. А Ле Пэн у другім туры можа прыцягнуць на свой бок, апроч тых, хто не вызначыўся, хіба што электарат Фіёна. Аднак сам Фіён ужо афіцыйна заявіў, што будзе выступаць супраць Нацыянальнага фронту.
Але і пра "эфект Трампа" забываць не варта — і ён можа быць звязаны з постаццю Марын Ле Пэн. Мы не чакалі ні выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза, ні, тым больш, прыходу Трампа да ўлады. З Ле Пен можа адбыцца нешта падобнае хоць бы таму, што шмат якія французы канчаткова не вызначыліся са сваім выбарам. Чыннік — расчараванне ад звыклых і вядомых кандыдатаў.
Ключавы пункт праграмы Ле Пэн — змаганне з "засіллем імігрантаў і ісламізацыяй Францыі". Апроч таго, яна падтрымлівае ідэю выхаду краіны з Еўрасаюза і адмовы ад адзінай еўрапейскай валюты. Па апытаннях сацыялагічных службаў IFOP і OpinionWay, Марын Ле Пен мае мінімум 25% галасоў выбаршчыкаў. Яшчэ ёсць фактар утоенага электарату.
У Францыі ў шырокіх пластах грамадства афіцыйная публічная заява аб тым, што чалавек сімпатызуе Нацыянальнаму фронту, — гэта маветон. Многія французы саромеюцца публічна казаць аб такіх сімпатыях, але, калі яны прыйдуць да выбарчых урнаў, могуць моўчкі прагаласаваць за Ле Пэн. Таксама вядома, што ў Марын Ле Пэн шмат прыхільнікаў у паліцыі, спецслужбах, войску. Яны хоць публічна не выказваюцца ў яе падтрымку, але ёсць вялікая верагоднасць, што на выбарах прагаласуюць менавіта за Нацфронт.

Левак супраць цэнтрыста

Усякае бывае. Ёсць верагоднасць таго, што ў другі тур пройдуць Жан-Люк Меланшон і Эмануэль Макрон. Тут мы атрымліваем класічны расклад "левы супраць цэнтрыста". Меланшон абяцае забяспечыць працай кожнага, хто яе не мае, і максімальна падвысіць заробкі. Таксама ён збіраецца пайсці на адміністрацыйную рэформу з тым, каб дэцэнтралізаваць кіраванне краінай.

makron_melanszon_logo.jpg

Макрон жа ў сваёй праграме вылучае шэсць прыярытэтных кірункаў: адукацыя, праца, мадэрнізацыя эканомікі, бяспека, адраджэнне дэмакратыі і ўдзел у міжнародным жыцці. Ён абяцае паменшыць кошт працоўнай сілы і павялічыць заработную плату, што выдаецца на рукі, коштам паніжэння падатку на фонд заработнай платы, аб'яднаць разрозненыя пенсійныя сістэмы ў розных рэгіёнах Францыі і стымуляваць працоўныя перамовы на ўзроўні кампаній. Пры гэтым кандыдат не збіраецца падвышаць пенсійны ўзрост або зніжаць пенсіі. Макрон заве свой праект "эканомікай будучыні", а я нагадаю, што сам ён — у мінулым міністр эканомікі (з 2014 па 2016 гады).
Вядома, Францыя — краіна з вельмі багатымі "левымі" традыцыямі. Але пры гэтым французы ганарацца і тым, што іх радзіма — адзін з двух слупоў адзінай Еўропы. Ды і досыць высокі ўзровень жыцця большасць усё ж звязвае з цэнтрыстамі. Так што ў супрацьстаянні Меланшон vs. Макрон асабіста я пастаўлю на другога.

Правы — таксама супраць цэнтрыста

Франсуа Фіён — гэта кандыдат, якога правільна было бы назваць "правацэнтрыстам". І у другім туры мы можам убачыць такую пару супернікаў: Франсуа Фіён і Эмануэль Макрон. Але пры такім раскладзе складана нават выказаць здагадку, што можа дапамагчы Фіёну перамагчы. Хіба што толькі публічная падтрымка з боку Марын Ле Пэн. Але, як я ўжо казаў, Фіён зрокся ад Нацыянальнага фронту, гэта значыць па ідэі ён павінен будзе адмовіцца ад падтрымкі Ле Пэн у другім туры. Хоць, з іншага боку, давайце ўспомнім, што паняцце "realpolitik" нарадзілася менавіта ў Еўропе.

fijon_makron_logo.jpg

Галоўнае іх адрозненне: Эмануэль Макрон прытрымліваецца праеўрапейскіх поглядаў, у той час як Франсуа Фіён прапаноўвае перагледзець адносіны з партнёрамі па ЕС і з Брусэлем. Таксама Макрон досыць добразычліва ставіцца да мігрантаў, а вось Фіён абяцае французам абарону ад наплыву імігрантаў і лічыць неабходным узмацненне жорсткасці правіл атрымання грамадзянства. Але пры гэтым электарат і Фіёна, і Макрона, — гэта пераважна прадстаўнікі сярэдняга класа.

Правы, яшчэ правей…

Што будзе, калі скрозь сіта першага тура пройдуць Франсуа Фіён і Марын Ле Пэн? А вось гэта ўжо расклад, які цалкам можа зрабіць Франсуа Фіёна прэзідэнтам. Таму што для французскага палітычнага істэблішменту ён значна больш "свой", чым непрымірымая і рэзкая ў выказваннях Марын. Нагадаю, што Фіён — сапраўдны ветэран французскай палітыкі. Сваю палітычную кар'еру ён разпачаў у 1976 годзе ў якасці памочніка дэпутата ад дэпартамента Сарта. Паступова прасоваўся па кар'ернай лесвіцы і заняў у 2002 годзе пост міністра працы. У 2007-м Фіён стаў прэм'ер-міністрам, а ў 2013-м быў абраны ў Нацыянальны сход Францыі.

fijon_le_pen.jpg

Зараз, калі ён выйдзе ў другі тур на пару з Ле Пен, то ўсе іншыя значныя палітычныя сілы падтрымаюць у фінале менавіта Франсуа Фіёна.
Але ёсць у іх і кропка сумяшчэння: сілавікі, якім абодва кандыдаты абяцаюць павялічыць фінансаванне. Марын Ле Пэн мае намер наняць дадаткова 15 тысяч паліцыянтаў. Франсуа Фіён лічыць, што неабходна прыцягнуць яшчэ 10 тысяч сілавікоў, а таксама аб'яднаць усе структуры, што забяспечваюць парадак, і ўзброіць муніцыпальную паліцыю.

Самая вялікая інтрыга

Я быў бы гатовы заплаціць вялікія грошы, каб убачыць абліччы французскіх палітолагаў, калі ў другі тур пройдуць Марын Ле Пэн і Жан-Люк Меланшон. Ультраправы і ўльтралевы кандыдаты, прычым абодва настолькі "ультра", што іх праграмы ў выніку стульваюцца. Асноўная частка выбаршчыкаў Ле Пэн — гэта неабароненыя групы насельніцтва і працоўны клас, для якога вельмі добра працуюць абяцанні ўрэгуляваць міграцыйны крызіс і вырашыць эканамічныя пытанні. Праблема ў тым, што ўсё гэта ў роўнай меры адносіцца і да Меланшона.

le_pen_melanszon_logo.jpg

Да нядаўняга часу ён успрымаўся выключна як маргінальны кандыдат. Усплёск цікавасці да яго персоны адбыўся пасля таго, як ён, па апытаннях, выйграў другія нацыянальныя тэледэбаты. Яго позва вельмі блізкая да Ле Пэн — ён, напрыклад, таксама заклікае выйсці з NАТО і ЕС. Унутраная позва Меланшона — класічныя левыя ідэі, блізкія да камуністаў-трацкістаў. У свой час Меланшон выйшаў з Сацыялістычнай партыі, таму што быў незадаволены курсам Аланда і Сегален Руаяль на лібералізацыю партыі і адыход ад сацыялістычных прынцыпаў. Але фішка ў тым, што і ў Ле Пэн эканамічная праграма — цалкам "левая", хоць сама Марын пазіцыянуецца як правы палітык.
Калі гэтыя двое выйдуць у фінал прэзідэнцкай гонкі, усе іншыя партыі і палітыкі наўрад ці змогуць аб'яднацца вакол аднаго і супраць другога. А значыць, шанцы на перамогу ў другім туры ў іх будуць прыкладна роўныя.