Жыве народ Францыі! Жыве Рэспубліка!

«Французскі народ сказаў сваё слова, калі вырашыў выбраць мяне лідарам першага туру гэтых выбараў», — сказаў Эмануэль Макрон адразу пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў перашага туру. У другім туры французам трэба будзе выбраць паміж Эмануэлем Макронам (23,9%) і Марын Ле Пэн (21,4%).

makron_lepen_logo.jpg


Прэзідэнцкія выбары ў Францыі яшчэ да пачатку галасавання сталі самымі незвычайнымі і непрадказальнымі ў гісторыі Пятай рэспублікі.

Па-першае, адразу чатыры кандыдаты мелі рэальныя шанцы на выхад у другі тур. Разрывы іх рэйтынгаў былі настолькі невялікімі, што эксперты не рызыкавалі прагназаваць вынікі першага тура. Непрадказальнасць ўзмацнялася тым, што напярэдадні галасавання больш за чвэрць выбаршчыкаў так і не вызначыліся са сваім выбарам і маглі змяніць яго ў апошні момант. Акрамя таго, было невядома, як адаб’ецца на паводзінах электарату тэракт 20 красавіка ў Парыжы.

Па-другое, кандыдаты галоўных партый Бенуа Амон (ФСП) і Франсуа Фіён (Рэспубліканцы) маглі апынуцца па-за бортам прэзідэнцкай гонкі.

Па-трэцяе, тры фаварыты выбарчай кампаніі — ультраправы кандыдат Марын Ле Пэн, левы папуліст Жан-Люк Меланшон і цэнтрыст Эмануэль Макрон — з’яўляліся прадстаўнікамі ідэйна-палітычных сіл, якія ў апошнія тры з паловай дзесяцігоддзі маглі толькі марыць пра заваяванне пасады прэзідэнта.

Галоўнай прычынай такой незвычайнай сітуацыі з’яўляецца незадаволенасць французаў галоўнымі партыямі краіны. Яна стала расці яшчэ з сярэдзіны 1980-х гадоў і была выклікана моцным падабенствам унутранай палітыкі левых і правых урадаў, іх няздольнасцю вырашыць галоўныя праблемы краіны, перыядычнымі фінансавымі скандаламі з удзелам вядучых палітыкаў краіны. У выніку сярод насельніцтва распаўсюдзілася думка аб тым, што са зменай урадаў нічога не мяняецца, а палітычная эліта не ўлічвае турботы насельніцтва.

Наступствам такіх настрояў стала падзенне даверу да палітычных партый і палітыкі наогул, пастаянны рост абсентыізму і ўзмацненне папулярнасці так званых пратэстных партый і рухаў. Перадвыбарчая сітуацыя 2017 года як ніколі яскрава сведчыла аб імкненні насельніцтва да абнаўлення палітычнага жыцця краіны.

Па выніках першага тура, галоўныя кандыдаты размеркаваліся ў той жа паслядоўнасці, што і ў апошніх перадвыбарчых апытаннях. Для ФСП пятае месца Бенуа Амона стала самым моцным з 1969 года правалам сацыялістаў на прэзідэнцкіх выбарах. На вынікі кандыдата ФСП, безумоўна, паўплывала моцная незадаволенасць насельніцтва палітыкай Франсуа Аланда, хаця Бенуа Амон і быў адным з галоўных апанентаў курсу прэзідэнта.

Яшчэ адной прычынай яго няўдалага выступлення стала адсуттнасць у электараце ФСП і самой партыі кансэнсусу па пытанні аб палітыцы, якую павінны праводзіць левы ўрад у сучасных умовах. Прапанаваная Амонам больш левая, чым курс Аланда, праграма прывяла да таго, што памяркоўная частка прыхільнікаў ФСП і нават шэраг партыйных палітыкаў першага плану яшчэ да выбараў абвясцілі аб падтрымцы Макрона, чые прапановы яны ўспрынялі як больш рэалістычныя.

У той жа час, нягледзячы на паварот улева, Бенуа Амон прайграў барацьбу за галасы левага электарату Жан-Люку Меланшону, які меў больш рашучую левую праграму і быў больш харызматычным, чым кандыдат ФСП. Поспех Меланшона сведчыць аб тым, што ў левым электараце ўзмацніўся попыт на радыкальную левую палітыку, якая, здавалася, страціла прывабнасць разам з палітычным абвалам Французскай камуністычнай партыі ў 1980-я гады.

Для Франсуа Фіёна, які да пачатку скандала вакол яго асобы разглядаўся французамі як наступны прэзідэнт краіны, трэцяе месца стала “страчанай перамогай”. Не спраўдзіўся яго разлік на тое, што ўзрушаная скандалам частка правга электрату ўсё ж такі падтрымае свайго кандыдата дзеля перамогі правага легеру.Выхад Марын Ле Пэн у другі тур нельга лічыць сенсацыяй, таму што з 2013 года апытанні нязменны прадказвалі такі вынік. У аснове поспеху кандыдата Нацыянальнага фронту знаходзяцца два галоўныя фактары. Першым з’яўляецца спрыяльная для правых папулістаў кан’юнктура ў краіне, другім — стратэгія па наданні НФ больш рэспектабельнага іміджу, якую Марын Ле Пэн праводзіла пасля прыходу да кіраўніцтва партыяй. Поспех Мраны Ле Пэн стаў адлюстраваннем агульнай для заходніх краін тэндэнцыі ўзмацнення правага папулізму і яшчэ адной праявай росту ўплыву НФ у Францыі. Калі на выбарах 2012-га. Марын Ле Пэн атрымала 17,9% галасоў, аднак не здолела выйсці ў другі тур, то зараз яна паўтарыла дасягненне 2002-га свайго бацькі, але з больш значным электаральным паказчыкам (21,4 % галасоў супраць 16,9 % у Ж.-М. Ле Пэна).

Перамога Эмануэля Макрона стала бліскучым поспехам для чалавека, які выйшаў на палітычную арэну краіны толькі летам 2016-га. Ён найбольш удала скарыстаўся імкненнем французаў да абнаўлення палітычнага жыцця. Цэнтрысцкае пазіцыянаванне і перадвыбарчая праграма без радыкальных рэформ дазволілі яму атрымаць падтрымку памяркоўнай часткі і левага і правага электратаў. На карысць Макрона спрацавалі таксама навізна яго постаці і абяцанне сфарміраваць урад з новых людзей.

Вынік прэзідэнцкіх выбараў падаецца перадвырашаным, таму што ўсе апытанні на працягу апошніх трох гадоў нязменна прадказвалі паражэнне Марын Ле Пэн у другім туры незалежна ад асобы яе суперніка. Тым не менш, пэўны шанц у яе застаецца, калі вялікая колькасць выбаршчыкаў прайграўшых кандыдатаў не прыйдзе на выбары.

Тым не менш, парламенцкія выбары, якія адбудуцца ў чэрвені гэтага года, могуць абвастрыць палітычныя праблемы краіны. З 2002-га на іх нязменна перамагала партыя, чый кандыдат станавіўся прэзідэнтам краіны. Але створанай Макронам восенню 2016-га партыі “Наперад” будзе вельмі цяжка змагацца з больш вопытнымі ФСП і Рэспубліканцамі. Няма ўпэўненасці і ў тым, што Макрон здолее стварыць прапрэзідэнцкую большасць у парламенце з палітыкаў іншых партый.

Таму паўстае пытанне, як новы прэзідэнт будзе кіраваць краінай? І тут узнікае верагоднасць таго, што выбары 2017-га могуць прывесці да інстытуцыянальнага крызісу ў Францыі.