Выбары з сунічным прысмакам

Дзякуючы кандыдату КПРФ Паўлу Грудзініну выбары прэзідэнта Расіі набылі хоць нейкую інтрыгу. Пра феномен Грудзініна і перыпетыі кампаніі распавядае маскоўскі палітолаг Дзмітрый Кастэнка.

grudinin_obshhestvennyj_dejatel.jpg


— Як Павел Грудзінін, давераная асоба Пуціна і «адзінарос», умудрыўся стаць іконай камуністаў?

— Шлях Грудзініна ў палітыку вельмі незвычайны. Яго калі і ведалі, дык хутчэй як удалага бізнесоўца, нефармальнага ўладальніка ЗАТ «Саўгас імя Леніна», што пад Масквой. Дзякуючы таму, што саўгас знаходзіцца за кальцавой, тут можна лёгка зарабляць на арэндзе. Дастаткова сказаць, што на тэрыторыі знаходзіцца найбуйнейшы ў Маскве гандлёвы цэнтр «Крокус-сіці», да якога нават праведзена лінія метро. Вядомы саўгас і як вытворца суніцаў.

Аднак расійская рэальнасць пабудаваная так, што нават паспяховым бізнесоўцам патрэбны палітычны дах. Спачатку Грудзінін фліртаваў з «мядзведзямі», потым — з Жырыноўскім, пакуль не прыбіўся да лагера Зюганава. Менавіта камуністы зрабілі Грудзініна папулярнай фігурай сярод левых, стварыўшы яго саўгасу імідж «народнага прадпрыемства», дзе супрацоўнікі, нібыта, атрымліваюць да тысячы долараў у месяц. У выніку Грудзінін нечакана апынуўся здольным канкураваць з лідарам КПРФ і выйграў восеньскія праймерыз адзінага левага кандыдата.

— Некаторыя лічаць, што той праймерыз быў вельмі непразрыстым. Нават магчыма,што яго выніковы пратакол пісалі ў Крамлі…

— З праймерыз, сапраўды, шмат незразумелага, паколькі ніякага кантролю за галасаваннем не было. Удзельнічаць у галасаванні маглі і папросту праплачаныя «боты». Колькасць удзельнікаў галасавання (16 тысяч чалавек) не адлюстроўвае пазіцыі ўсяго левага электарату. Таму Зюганаў мог лёгка ігнараваць перамогу Грудзініна. Але ўнутры яго партыі пачаўся бунт. Незадаволеныя Зюганавым фракцыі запатрабавалі вылучэння ў якасці кандыдата КПРФ менавіта Грудзініна. У выніку кіраўніцтва паддалося ціску. Зрэшты, не выключана, што гэта быў пралічаны ход. Слабы вынік Грудзініна на прэзідэнцкіх выбарах дыскрэдытуе ўсіх праціўнікаў Зюганава. У тым ліку можа забяспечыць Зюганаву магчымасць правесці на пасаду лідара партыі свайго ўнука Леаніда Зюганава, цяперашняга дэпутата Массавета ад КПРФ, вядомага бізнесоўца.

— Кандыдат Грудзінін стартаваў вельмі паспяхова. Зараз у рэйтынгах ён ідзе на другім месцы пасля Пуціна з 7–10 працэнтамі. Някепска для палітыка-неафіта...

— Інтарэс да Грудзініна, на мой погляд, сітуацыйны. Ён абумоўлены тым, што Грудзінін — новы твар у расійскай палітыцы. Яго падтрымала частка лібералаў, якім імпануе вобраз паспяховага бізнесоўца. Але цяжка сказаць, як доўга захаваецца гэты трэнд. Па-першае, Грудзініным упершыню пачалі моцна цікавіцца журналісты, якія адразу знайшлі на яго кампрамат — рахункі ў замежжы, навагодні адпачынак у Германіі. Гэтай інфармацыі ўжо хапіла, каб ад дырэктара саўгаса пачаў трымаць дыстанцыю левы актыў, які не хоча падтрымліваць «буржуя». Цяпер Грудзінін спрабуе кампенсаваць сабатаж левых за кошт прыцягнення нацыяналістаў, але на патрыятычным полі Пуціна ўсё роўна не пераплюнуць. З улікам гэтага, хутчэй за ўсё, Грудзінін згубіць цяперашнюю адносную папулярнасць.

— Некаторыя прапуцінскія выданні баяцца, што кандыдатуру Грудзініна могуць падтрымаць на Захадзе. Там, нібыта, уцямілі, што Майдану ў Расіі ўсё роўна не атрымаецца, і вырашылі зрабіць стаўку на значна больш папулярныя ў грамадстве левыя ідэі, настальгію па савецкіх часах. Пішуць, што «пятай калоне» ўжо паслалі сігнал аб неабходнасці падтрымаць Гру­дзініна…

— Не думаю, каб на Захадзе, які традыцыйна робіць стаўку на Навальнага, маглі так хутка пераарыентавацца на новыя імёны. Для гэтага як мінімум патрэбная санкцыя Трампа, які нічога не разумее ва ўнутранай расійскай палітыцы. Дый сам Грудзінін наўрад ці будзе аспрэчваць пройгрыш на выбарах, заклікаць людзей на вуліцы. Папулярная думка, што кампанія патрэбна яму як заяўка на пасаду губернатара Маскоўскай вобласці.

— Хто можа сарваць сцэнар выбараў Пуціна? Рыгор Яўлінскі, Ксенія Сабчак ці Аляксей Навальны, які анансаваў кампанію байкоту?

— Яўлінскі прадстаўляе вельмі малую частку інтэлігенцыі, якой цікавейшы не Майдан, а калектыўнае спевы бардаўскага хіта «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались». Сабчак — відавочны спойлер Пуціна, якую могуць падтрымаць хіба гледачы яе шоў «Дом-2». За Навальным стаіць толькі частка мажорнай моладзі. Увогуле, у самім расійскім грамадстве няма запыту на Майдан, паколькі сітуацыя ў эканоміцы больш-менш стабілізавалася. Акрамя таго, няма расколу ў эліце, як у 2011-м, калі шмат хто быў гатовы падтрымаць другі тэрмін Мядзведзева, што, па сутнасці, азначала канец асабістага дамінавання Пуціна ў расійскай палітыцы. Рэальную пагрозу для рэжыму сёння ўтрымліваюць, напэўна, толькі наступствы персанальных санкцый супраць пуцінскіх алігархаў, якія Злучаныя Штаты плануюць увесці ў лютым. Калі пачнуцца канфіскацыі рахункаў на Захадзе, дык выключаць «палацавую змову» з удзелам спецслужбаў нельга.