Выбары ў ЗША: Дональд супраць Хілары?

Прэса ўсур’ёз дэбатуе, ці здольны мільярдэр Дональд Трамп, якога шмат хто лічыць вар’ятам і клоунам, перамагчы на праймерыз рэспубліканцаў, а пасля і на выбарах, дзе яму будзе супрацьстаяць Хілары Клінтан.



donaljd_tramp.jpg

Кампанія па абранню прэзідэнта ЗША набірае ход. 3 жніўня прайшлі першыя дэбаты прэтэндэнтаў ў кандыдаты ад рэспубліканцаў. Усяго ад партыі, сімвалам якой як вядома з’яўляецца выява слана, балатуюцца 17 чалавек, аднак па сутнасці інтарэс грамадства прыцягнуты да аднаго. Гэта мільярдэр Дональд Трамп,. які з’яўляецца лідарам сацыялагічных апытанняў сярод рэспубліканскага электарату. Маючы 25-26 працэнтаў падтрымкі ён абыходзіць бліжэйшага праследвальніка на 15 пунктаў.

Самае цікавае, што ўздымам свёй папулярнасці Трамп абавязаны выхадкам. Ён дэманстратыўна парушае ўсе каноны палітычнай культуры, называючы мексіканцаў злачынцамі, ветэранаў вайны трусамі, сваіх супернікаў ліліпутамі, Барака Абаму нелегальным эмігрантам і г.д. Як нядзіўна такі брутальны лексікон — пра што сведчаць вынікі сацыялагічных даследванняў, знаходзіць свайго адрасата.

Амерыканскія сацыёлагі ўжо высветлілі што падабаецца амерыкаскай аудыторыі, а менавіта — жорсткі гумар, які ператварае палітыку ў шоў. Яго эскапады падаюцца простым людзям пратэстам супраць эліты і яе схемаў гульні. Дапамагае Трампу прэса, якая ў пошукх скандалаў ахвотна цытуе палітыка.

Пры ўсёй камічнасці сітуацыі ў прэсе усё часцей гучаць заклапочаныя галасы — а што будзе, калі Трамп сапраўды выйграе рэспубліканскі праймерыз кандыдата ў прэзідэнты? Для гэтага ёсць падставы. Па-першае, усе памятаюць гісторыю сенатара Барака Абамы, які кінуў выклік партыйнаму істэблішменту дэмакратаў, што рабіў стаўку на Хілары Клінтан. Дзякуючы падтрымцы партыйнай базы Абама зрабіў цуд — перамог на праймерыз Хілары Клінтан. Па-другое, відвочна, што пакуль праціўнікі Трампа не знайшлі спосаб, здольны спыніць яго трыумфальнае шэсце.

Аднак тыя, хто ўсур’ёз ўспрымае сцэнар перамогі Трампа на праймерыз, у большасці пагаджаюцца, што цягацца з Хілары Клінтан (найбольш верагодны прадстаўнік дэмакратаў на выбарах 2017-га) ён будзе не здольны. Пішуць, што ў выпадку намінацыі Трампа ў кандыдаты, амерыканцаў чакае рэтраспектыва выбараў 1968-га, калі ад “сланоў” ішоў вельмі кансерватыўны палітык Бары Голдуотэр. Яго агрэсійўны лексікон, які стаў, дарэчы, прадметам вывучэння псіхолагаў, адпудзіў нават рэспубліканскую публіку.

Тым не менш сустракаюцца і тыя, хто верыць у зорку Трампа ў выпадку яго выхаду ў фінал. Яны звяртаюць увагу на тое, што Хілары Клінтан мала чым адрозніваецца ад цяперашніх праціўнікаў Трампа сярод рэспубліканцаў, якія размаўляюць штампамі, заганяючы ў сум.

Акрамя таго архіварыусы ўзгадалі, што ў 1979-м бойкага на язык Рональда Рэйгана таксама спачатку трымалі за блазня і прагназавалі катастрофу для Рэспубліканскай партыі ў выпадку яго перамогі. Так “Newsweek тады пісаў: “З яго стылем Рэйган ніколі не зможа усур’ёз разглядацца як удзельнік тэсту на прэзідэнцтва… Гэта будзе для краіны ганьбай, якая надоўга застанецца ў памяці”.

Некаторыя каментатары кажуць, што Трамп падобны хутчэй не на Рэйгана, а на аднаго з рэспубліканцаў, які ў 1992-м таксама рваўся ў прэзідэнты. Той таксама нарабіў шуму пасля таго, як спрабаваў давесці, што ахвяры гвалтаванняў самі правакуюць падобныя злачынствы.

Напэўна будзе цікава пазнаёміцца з поглядамі Трампа на міжнародную палітыку, якую ён можа праводзіць у выпадку абрання на пасаду прэзідэнта. Трамп з’яўляецца канцэптуальным крытыкам знешнепалітычнага курсу Абамы. На яго думку, адміністрацыя Абамы бачыць знешнюю палітыку як своеасаблівую шахматную партыю.

Такая стратэгія, як кажа Дональд Трамп, з’яўляецца эфектыўнай калі на двары халодная вайна і трэба улічваць шмат фактараў, камбінуючы іх на сваю карысць. Так, напрыклад, рабіў у свой час Ніксан, які умудрыўся перацягнуць на свой бок кітайскіх камуністаў. Аднак у наш час, паводле Трампа, трэба захапіць ініцыятыву і навязваць свае правілы гульні. “Я люблю Амерыку. І калі вы любіце нешта, вы абараняеце гэта горача. Мы самая вялікая краіна, якую ведала гісторыя свету. Таму я не раблю ніякіх выбачэнняў за свае ўчынкі дзеля гэтай краіны ў сваім жаданні ўбачыць яе больш моцнай і багатай”, — кажа Трамп.

Судзячы па меркаваннях палітыка, у выпадку яго перамогі ЗША маюць перш за ўсё паставіць на месца Кітай, які за кошт маніпуляцый з курсам юаня і выкрадання тэхналогій, падрывае амерыканскую эканоміку. Калі верыць Трампу, у 2027 годзе Кітай абыйдзе ЗША па ўсіх эканамічных паказніках, пасля чаго пачнецца рэалізацыя каварнага плану па непасрэднаму падпарадкаванню Амерыкі кітайцам.

Трамп таксама лічыць, што Абама, які прайграў усё, што можна па ўсяму свету, вырашыў рэабілітавацца за кошт Украіны. На яго думку, лезці ў расійска-украінскі канфлікт ЗША няма сэнсу, паколькі Расію можна перамагчы за кошт паслядоўных эканамічных санкцый.

Што атрымаецца ў Трампа, мы даведаемя ўжо ў наступным годзе.