Замежныя СМІ пра Беларусь: 19–25 красавіка

Ці можа Лукашэнка адмовіцца ад патрабавання Пуціна прывязаць транспарціроўку беларускай нафты да партоў Расіі?

Фота з сайта adviterra.ru

Фота з сайта adviterra.ru

Ён, вядома, паспрабуе, як заўсёды, паскандаліць, але гэтым разам наўрад ці будзе вынік. Ён і беларуская эканоміка занадта залежныя ад паставак нафты з Расіі (…) А Пуцін і расійская ўлада зараз вельмі неміласэрныя ў адносінах да свайго няўстойлівага ў саюзніцкіх абавязках таварыша. (...) У Лукашэнкі было больш за 20 гадоў, каб злезці з нафтавай і газавай іголкі Расіі. Ён мог бы выпускаць выдатныя машыны і трактары, але гэтыя галіны дыхаюць на ладан, ён мог бы развіваць ІТ-сектар, але пакуль той неяк цудам развіваўся сам, амаль без дапамогі дзяржавы, ён мог бы адкрыць краіну Захаду і зрабіць рэформы і шмат чаго яшчэ, чаго не было зроблена за гэтыя гады. Таму, мяркуючы па ўсім, тульскія пернікі для Лукашэнкі ў Расіі скончыліся, цяпер засталася толькі пуцінская пуга.

Delfi (Літва)
Фармаванне аб’яднанай сістэмы СПА Беларусі і Расіі было завершана яшчэ ў красавіку 2016 года, пра што было заяўлена начальнікам галоўнага штаба — першым намеснікам галоўнакамандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі Расіі Паўлам Курачэнкам (...) Гэта значыць, фактычна ўжо больш за год кіраванне сістэмай СПА Беларусі знаходзілася ў аператыўным кіраванні Масквы. І падаўшы закон у Дзярждуму, адміністрацыя Пуціна проста завяршае неабходны працэс легалізацыі (па планах, сістэма павінна была быць створана менавіта да жніўня 2017 года). У той жа час наўрад ці варта пераацэньваць жаданне «апошняга дыктатара Еўропы» ўвайсці пад высокую пуцінскую руку. Усё сваё прэзідэнцтва Лукашэнка гандлюецца з Масквой, то спекулюючы на пачуцці «братэрскіх народаў», то даходзячы да ідэалагічнай канфрантацыі. Так што зусім ужо вернападданым васалам Пуціна Лукашэнку лічыць не трэба.

«Деловая столица» (Украіна)


Эксперты згаджаюцца з тым, што беспрацоўе будзе расці — на дзяржаўных прадпрыемствах каля 20% «лішніх» работнікаў, якіх не звальняюць, толькі каб пазбегнуць сацыяльнага пратэсту. Аднак у Лукашэнкі ёсць яшчэ адзін папулісцкі «фетыш» — сярэдні заробак, і ён патрабуе яго няўхільнага росту. Акрамя ліквідацыі беспрацоўя, падчас свайго брэсцкага турнэ Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у бліжэйшыя год-два павысіць заробак яшчэ ў два разы, да 1500 рублёў, або 750 долараў у эквіваленце. Ва ўмовах працяглай рэцэсіі (рост у 1% эксперты не схільныя называць нават аднаўленнем эканомікі) павысіць зарплату можна толькі за кошт звальнення гэтых «лішніх» работнікаў. У наяўнасці супярэчнасць. Выканаць абодва гэтыя ўказанні папросту немагчыма, упэўненыя эканамісты.

«Независимая газета» (Расія)


Мяркуючы па ўсім, Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што ўдзячныя яму ўкраінскія ўлады стануць свайго роду «адвакатам» беларускіх інтарэсаў у Еўропе і ЗША. Да таго ж у дзвюх краін сапраўды шмат узаемных эканамічных інтарэсаў і перспектыўных праектаў — такіх, як польска-беларуска-ўкраінскі водны шлях Е40. Таксама, у любым выпадку, Украіне важна мець у асобе Мінска выразніка сваіх інтарэсаў у ЕАЭС, і ў абмен афіцыйны Кіеў, напэўна, не будзе супраць таго, каб лабіяваць беларускія інтарэсы на Захадзе.

«Росбалт» (Расія)