У Мінску судзяць чатырох журналістаў. Суддзя Касцян карае вялікімі штрафамі

Незалежных журналістаў Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву), Сяргея Кавалёва, Алеся Сіліча і Марыю Арцыбашаву вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ — працы без акрэдытацыі на карысць тэлеканала «Белсат».

Фота Белсат

Фота Белсат

Вядома, што судзіць усіх чатырох журналістаў мусіць суддзя Ігар Касцян. Самі ж журналісты вырашылі не прыходзіць на пасяджэнні.

Суд пастанавіў разглядаць справу без іх, даследуюць пісьмовыя матэрыялы справы.

Cправы Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Сяргея Кавалёва разглядалі разам, паводле пратаколаў журналісты нібыта парушылі Закон аб СМІ, працавалі без акрэдытацыі.

У справе ёсць пратакол абследавання сайта тэлеканала "Белсат", якое праводзілася ў міліцыі. Агулам суд разглядаў чатыры эпізоды (па два ў кожнага з журналістаў). Гэта пратаколы за сюжэты пра Дзень незалежнасці і Дзень дэсантніка.

Аб'яўлены перапынак для вынясення рашэння суда. Паседжанне суда доўжылася 20 хвілін.

Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Сяргей Кавалёў былі пакараныя штрафамі: кожны з іх мусіць сплаціць дзяржаве па 50 базавых велічынь (па 1 150 рублёў).

Міліцыянты вінавацяць карэспандэнтаў у парушэнні арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, аднак ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”  ужо шмат гадоў настойвае на тым, што судзіць журналістаў і аператараў па гэтым артыкуле неправамерна.

Бо адказнасць за працу без акрэдытацыі ў Беларусі не прадугледжана. Нягледзячы на гэта, толькі сёлета журналістаў за супрацоўніцтва з “Белсатам” штрафавалі ўжо 30 разоў. Усе сённяшнія працэсы адбудуцца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.

Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва  судзілі а 10 гадзіне.

Алеся Сіліча і Марыю Арцыбашаву будуць судзіць а 15 гадзіне.

baj.by