Замежныя СМІ пра Беларусь: 21–27 сакавіка

Наступным крокам беларускага лідара для замацавання сваіх новых пазіцый на міжнароднай палітычнай арэне, магла б стаць дзейсная дапамога ў справе ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка. 



smi4.jpg

Выразная пазіцыя Лукашэнкі ў гэтым пытанні, а менавіта заклік да вызвалення ці хаця б змены месца і ўмоў утрымання, магла б выратаваць жыццё Надзеі. Садзейнічанне ў вырашэнні сітуацыі з Саўчанка, безумоўна, дадало б Лукашэнку козыраў у яго няпростай знешнепалітычнай гульні, так што застаецца спадзявацца, што прэзідэнт Беларусі ўсё яшчэ імкнецца выйграць у ёй. Ці хаця б не прайграць.
УНІАН (Украіна)
Праславутая «шматвектарнасць» Аляксандра Лукашэнкі ва ўмовах рэзкага абвастрэння стасункаў Расіі з Захадам пачынае прыносіць яму ўсё больш выгод, аднак на жыцці простых беларусаў гэта ніяк не адлюстроўваецца. Той факт, што апошні год для эканомікі Беларусі стаў вельмі няўдалым: змяншэнне экспарту, дэвальвацыя, скарачэнне працоўных месцаў і падзенне ўзроўню жыцця — сёння ніколькі не бянтэжыць мясцовае кіраўніцтва. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што, у адрозненне ад унутранай сітуацыі, справы на міжнароднай арэне ў беларусаў складаюцца значна лепш. З Мінскам сталі размаўляць у Брусэлі, Масква не аказвае сур’ёзнага ціску, ЗША знялі санкцыі з «Беларуснафты», прэзідэнт рэспублікі зноў перастаў быць у вачах заходніх палітыкаў дыктатарам, атрымаўшы статус міратворца, а краіна замерла ў чаканні новых бонусаў ад цяперашняга супрацьстаяння Расіі і Захаду.
«Регнум» (Расія)
На сённяшні дзень ужо відавочным фактам з’яўляецца тое, што Аляксандр Лукашэнка да 15 лістапада не будзе праводзіць сур’ёзных структурных рэформаў. Справа ў тым, што менавіта на гэты дзень прызначаныя чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія ў Беларусі прыраўноўваюцца да вельмі важнай дзяржаўнай падзеі. Аляксандр Рыгоравіч не можа рызыкаваць, каб не падвяргаць небяспецы ўласны аўтарытэт сярод электарату. Аналітыкі лічаць, што пры цяперашнім раскладзе Лукашэнка зноў «адной левай» яшчэ на 5 наступных гадоў замацуе за сабой прэзідэнцкае крэсла. Таксама эксперты шчыра сумняваюцца ў тым, што пасля свайго чарговага перавыбрання шматгадовы дзяржаўны лідар пачне актыўна рэфармаваць састарэлую сістэму. Традыцыйна, пасля заканчэння выбараў у Беларусі наступае зацішша, паколькі задача была выкананая, пасля чаго можна і адпачыць. На першы план у дадзеным выпадку выйдзе звыклы ваяўнічы кансерватызм Лукашэнкі. 
«Биржевой лидер» (Расія — Украіна)
Пасля самагубства СССР перад яго рэспублікамі намалявалася ілюзія выбару. Можна было пайсці на ідэйную, палітычную і эканамічную асіміляцыю з Захадам ці ж успомніць свой «залаты век», вярнуцца да традыцый пазамінулай, дасавецкай эпохі. Самы просты і лагічны выхад з гэтай пасткі прапанавалі беларусы. Калі ўжо ў эпоху паскоранай мадэрнізацыі XX стагоддзя нас за руку прывялі камуністы, значыць, кансерватыўнае стаўленне да савецкага жыццеўладкавання з’яўляецца важнай умовай для захавання пазітыўных дасягненняў гэтай жа мадэрнізацыі. Аднак праект нідзе так і не перайшоў на ўзровень дзяржаўнай палітыкі. Захаванне вядучай ролі ў прамысловасці за дзяржсектарам не задавальняла новыя эліты, якія робяць капіталы якраз на прыватызацыі. Дэманстратыўнае захаванне савецкіх традыцый здавалася несумяшчальным з добрымі адносінамі на Захадзе.
«Однако» (Расія)
У Беларусі перанеслі на год забарону на гандаль таварамі лёгкай прамысловасці без дакументаў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Адтэрміноўка забароны на гандаль без дакументаў была выкліканая складанай эканамічнай сітуацыяй у краіне і нежаданнем росту сацыяльнай напружанасці ў грамадстве ў год прэзідэнцкіх выбараў. Так, паводле ацэнак арганізацыі «Перспектыва», каля 65 тысяч (а паводле ацэнак Лукашэнка, каля 20 тысяч) чалавек у Беларусі з-за ўвядзення новых правілаў гандлю мо­гуць застацца без працы.
«Deutsche Welle» (Германія)