«Жоўтыя камізэлькі» ідуць на Усход?

Рух «жоўтых камізэлек», які паралізаваў Францыю, хаатычна распаўзаецца па Еўропе: Іспанія, Бельгія, Нідэрланды, Германія… На чарзе і постсавецкая прастора?

 Фота www.vesti.bb.lv

 Фота www.vesti.bb.lv

У раёне станцыі Хоўрына, што пад Масквой, 9 снежня прайшоў мітынг супраць «горадабудаўнічага бязмежжа». Пры гэтым удзельнікі акцыі апранулі жоўтыя камізэлькі — па аналогіі з пратэстоўцамі ў Парыжы. Згаданы выпадак стаў для журналістаў падставай, каб спытаць у расійскіх палітолагаў, ці магчымы ў краіне або ў рэгіёне феномен руху «жоўтых камізэлек»?

Пакуль большасць экспертаў скептычна глядзяць на магчымасць імпарту руху «жоўтых камізэлек» у нашы краіны. Так, у Расіі і ў Беларусі вельмі жорстка кантралюецца вертыкаль улады. Спецыяльныя службы апрыёры рэпрэсуюць любых актывістаў. «Няма цэнтраў кансалідацыі, няма нават дробнамаштабных лідараў, якія здольныя арганізаваць дзесяць—дваццаць чалавек і павесці іх за сабой на вуліцу», — прызнаюць «Новыя Известия».

Зрэшты, ёсць краіны з ліберальнейшымі рэжымамі, такія, як Малдова і Украіна. Тым больш, у Кіеве рашэнне ўраду падняць з новага года тарыфы на ацяпленне для фізічных асоб сапраўды выклікала размовы пра хуткі бунт «камізэлек», праўда, жоўта-блакітнага колеру. Аднак і ва Украіне наўрад ці магчымы рымейк французскіх падзей. Усялякі прыкметны пратэст украінскія алігархі намагаюцца перахапіць і выкарыстаць ва ўласных інтарэсах.

Аднак пры гэтым большасць экспертаў лічыць, што «жоўтыя камізэлькі» ўскосна паўплываюць на палітычны працэс у нашых шыротах. Перш за ўсё таму, што б’ецца ў сутаргах так званая «мадэль Макрона». Гаворка пра спробу рэалізацыі вялікага пакета рэформ за кошт прыходу да ўлады маладога амбіцыйнага палітыка, накшталт Эмануэля Макрона, які не належыць да карумпаваных палітычных кланаў.

Першапачаткова праект Макрона сапраўды выклікаў шмат спадзяванняў. Многія ўбачылі ў прэзідэнце новы подых, які выратуе не толькі Францыю, але і ўсю Еўропу. Як вынік, у шэрагу краін хутка сфармаваўся заказ на аналагічны тыпаж палітыка. Ахвочых стаць мясцовымі «макронамі» было дастаткова і ва Усходняй Еўропе. Самы вядомы прыклад, мабыць, Святаслаў Вакарчук — лідар украінскага гурта «Океан Эльзи», які некалькі разоў агучваў намер выставіць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 2019 года, але да гэтага часу не прыняў канчатковага рашэння.

Зрэшты, напэўна, ужо і не прыме. Сёння ўсё прызнаюць, што «мадэль Макрона» не працуе. Можна знайсці сімпатычнага маладога чалавека, раскруціць яго ў медыя, інвеставаць у яго кампанію, прывесці да ўлады — але ў выніку мы атрымаем, хутчэй, штучны тэхналагічны прадукт, які, да ўсяго іншага, і не карыстаецца асаблівым аўтарытэтам. Нездарма толькі пры Макроне краіна, дзе забастоўкі і пратэсты ў парадку рэчаў, дакацілася да стану, калі амаль 75 працэнтаў насельніцтва настроеныя супраць сістэмы.

Акрамя таго, дзякуючы «жоўтым камізэлькам» у краінах экс-СССР аказалася дыскрэдытаваная ідэя фатальнага геапалітычнага выбару. Палітыкам з гэтага часу будзе цяжэй мабілізаваць электарат, абяцаючы яму ўваход у нейкія рэгіянальныя аб’яднанні. Аказваецца, цяпер паўсюль хапае ўнутраных супярэчнасцяў і праблемаў.

Гэты момант больш за ўсё ўдарыў па цяперашняму рэжыму ў Кіеве, дзе шмат кажуць пра цывілізацыйны маяк у выглядзе NАТО, ЕС і гэтак далей. Раптам высветлілася, што большасць французаў у марах бачыць сваю краіну па-за межамі ЕС і Паўночнаатлантычнага альянсу. Прынамсі, падобныя патрабаванні фігуруюць у дэкларацыі «жоўтых камізэлек», што былі апублікаваныя 10 снежня. Каб залагодзіць гэтую супярэчнасць, Парашэнка прыдумаў вельмі цікавы тэзіс. Аказваецца, на Еўрамайдане ўкраінцы змагаліся не за прымітыўныя сацыяльна-эканамічныя інтарэсы, а за нейкую ўзнёслую свабоду.

Праколы ўкраінскай прапаганды любяць абсмоктваць у Крамлі, ігнаруючы небяспечны для сябе аспект. Падзеі ў Францыі абрынулі міф пра тое, што ўсё вырашае не ўрад, а нябачны «рынак» або абстрактная «глабальная кан’юнктура». Як паказвае прыклад Макрона, які пагадзіўся часткова выканаць патрабаванні пратэстоўцаў, пры жаданні адміністрацыя можа знайсці для людзей неабходныя сродкі. У выпадку Францыі гаворка ўвогуле ідзе пра астранамічную суму памерам у 8 мільярдаў еўра. Такая прорва грошай неабходная для ўзняцця мінімальнага заробку, што абяцаў гарант. У расійскіх сацсетках у сувязі з гэтым актыўна задаюцца пытаннем: наколькі сапраўды непазбежнай была нядаўняя непапулярная пенсійная рэформа?

Можна чакаць, што цяпер пратэстоўцы ў нашым рэгіёне — па прыкладзе французаў — будуць прад’яўляць уладам канкрэтныя патрабаванні, настойліва артыкуляваць інтарэсы, кансалідавацца, каб не даць маніпуляваць імі або раскалоць на фракцыі паводле розных інтарэсаў. Самая вялікая інтрыга наконт адаптацыі прыкладу «жоўтых камізэлек» да нашых рэалій тычыцца формаў арганізацыі руху. Французы адмаўляюцца ад любога лідарскага прынцыпу руху. Каардынацыя пратэстаў ідзе праз дэбаты паміж удзельнікамі аўтаномных груп. Між тым, у нас традыцыйна вядучую ролю ў сацыяльных або палітычных ініцыятывах адводзяць правадыру, які абавязкова павінен мець «харызму».

Так што «жоўтыя камізэлькі» сапраўды могуць паўплываць на постсавецкі палітычны цырк. Аднак наўрад ці гэтым той спіс вычарпаны. Перш за ўсё таму, што рэвалюцыя ў Францыі, падобна, працягваецца. У большасці «жоўтыя камізэлькі» незадаволеная саступкамі Макрона, якія той агучыў 9 снежня, і гатовыя зноў ісці на вуліцу.