«Настаўнікі не думаюць пра будучыню краіны, а думаюць...»

За плячыма ў Алеся Новіка 45 гадоў педагагічнага стажу. Былы выкладчык гісторыі Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна да гэтага часу лічыць сябе сябрам БНФ і не прызнаў яго раскол. Мы з ім мы гутарым пра дзеда, беларускасць і беларускіх настаўнікаў, як лакаматываў выбарчых кампаній, пра выбары і каронавірус.

img_20200309_165801_logo.jpg

Алесь , ці праўда, што ў школе дзеці да Вас звярталіся «дзядзька Алесь», не так, як да астатніх настаўнікаў — па бацьку? Чаму так, і як да гэтага ставіліся ў аддзеле адукацыі?
— Сапраўды так. Гэтак жа і дзеткі дзіцячага садка звяртаюцца, дзе я працую зараз рабочым. Працягваю даваенныя традыцыі настаўнікаў Грэскага раёна. Мой бацька распавядаў пра гэта. Вядома, што зварот па бацьку для беларусаў прыйшоў з расійскай гісторыі эпохі цара Аляксея Міхайлавіча. А ў 20-я — 30-я гады мінулага стагоддзя настаўнікі Грэскага раёна адраджалі беларушчыну, і я працягнуў іх намаганні. Аддзелу адукацыі гэта не падабалася, але, ўрэшце, яны змірыліся.
— У часы адраджэння, напачатку 90-х гадоў, Вашага бацьку запрашалі на святкаванні ўгодкаў Слуцкага Збройнага чыну. Ен дзяліўся сваімі ўспамінамі пра свайго бацьку, Андрэя Майсеевіча, які браў удзел у Збройным чыне. А калі Вы даведаліся пра такі гераічны ўчынак свайго дзеда?
— Тады ж, у пачатку 1990-х. Мой дзед загінуў падчас вайны ў 1943 годзе — гэта я добра ведаў. Пра слуцкія падзеі 1920 года і ўдзел у іх дзеда ніхто ў сям’і не ўспамінаў. У савецкія часы ўдзельнікаў слуцкага паўстання лічылі бандытамі, гэтая гісторыя была чорнай плямай на біяграфіі майго бацькі. Толькі дзякуючы цуду, сваім прафесійным здольнасцям і партызанскім сувязям мой бацька, Аляксей Новік, здолеў стаць дырэктарам сярэдняй школы. Дарэчы, дзед выжыў пасля паўстання, але ў 1933 годзе быў накіраваны на тры гады ў ссылку ў Казахстан. Афіцыйная версія — сувязь з кулацкімі элементамі. Пасля раскулачвання сялян у вёсцы Іграева Слуцкага раёна аднаму з былых «кулакоў» удалося збегчы ў Польшчу. Ён даслаў адтуль да дзеда ліст, у якім прасіў паклапаціцца пра старую маці, каб не памерла з голаду. Дзед Андрэй па сваёй дабрыні перадаў той трохі збожжа ды іншых прадуктаў.
Да гэтага часу ў дзеда было чацвёра малалетніх дзяцей, старэйшаму, майму бацьку, — усяго 12 гадоў. З Казахстана дзед вярнуўся праз тры гады. Абставіны тады ўжо былі настолькі небяспечнымі для жыцця такіх людзей з «цёмным мінулым», што пад ціскам родных ён зноў з’ехаў у Казахстан. Разам з бабуляй. Дзеці засталіся пад апекай дзеда і бабы, дзядзькоў. Адтуль, з Казахстана, пайшоў на фронт, загінуў.
— Усе жыхары Грэска, дзе жывуць каля тысячы чалавек, добра ведаюць Вас як нацыянальна свядомага настаўніка-беларуса, які заўсёды карыстаецца толькі беларускай мовай. Беларускасць у Вас з дзяцінства?
— Не, бацька мой прыйшоў да беларускасці падчас перабудовы. Я — значна раней, калі служыў у Савецкай арміі пад Вільнюсам у радыёсувязі. Дзякуючы выпадку, звёў знаёмства з адным выкладчыкам Віленскага ўніверсітэту. Вось той выкладчык па прозвішчы Малінаўскас і распавёў пра адзіную беларуска-літоўскую дзяржаву, сумеснае змаганне з расійцамі, якія ўрэшце перамаглі. Нас папярэджвалі пра літоўскіх нацыяналістаў, і я, як звычайны «савок», доўга спрачаўся з ім. Цяпер мне сорамна, калі я ўяўляю, якім ідыётам выглядаў у вачах адукаванага чалавека. Зразумела, што тады застаўся пры сваёй савецкай гісторыі, але нейкія сумненні ўзніклі. Пачаў задумвацца, шукаць нестандартную літаратуру, каб больш ведаць, хто ж мы такія ёсць. Сяк-так «выбіў па блату» ў райвыканкаме падпіску на расійскіх гісторыкаў Ключэўскага і Салаўёва, прачытаў іх крыху ўжо крытычна. Зразумеў, што я ўсё-такі не расіец, што ў майго народа была свая, адметная гісторыя. Ужо падчас перабудовы канчаткова перажыў культурны шок і з пашанай успрыняў новыя падручнікі і беларускую мову. Пачаў адносцца да Расіі як да заваёўніка з імперыялістычнымі амбіцыямі. Тлумачыў гэта і дзецям на сваіх уроках. Уступіў у БНФ, у якім і да гэтага часу. Нягледзячы на раскол, стараўся дапамагчы, чым мог, у разумных ініцыятывах. Соймы, выбары, байкоты, зборы подпісаў — праз усё прайшоў, разам са старэйшымі вучнямі педкласаў.
— Ці лёгка было працаваць у такой вялікай школе, дзе былі педкласы ад педагагічнага ўніверсітэта, з такой пазіцыяй пасля таго, як усталяваўся аўтарытарны рэжым?
— Спрабавалі ціснуць з усіх бакоў. Зразумела, што ў выбарчыя камісіі мяне не запрашалі, баяліся справядлівага падыходу да лічэння галасоў. Розных праверак было безліч, але я не прагнуўся. Да таго ж многія мае вучні выдатна здавалі гісторыю на ўступных экзаменах у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Праўда, як надышоў пенсійны ўзрост, мне і маёй жонцы, выкладчыцы матэматыкі, не далі папрацаваць у школе нават і года. Жонка, Зоя Паўлаўна — выдатны педагог. Дапамагала мне ва ўсім, разам выхавалі беларускамоўных дзяцей, у якіх гадуюцца беларускамоўныя ўнукі. Унуку Янку прысвечана шмат вершаў у маёй кніжцы «Мы ёсць!».
— Дарэчы, пра кніжку «Мы ёсць!». Якім чынам Вы прыйшлі да яе выдання?
— Натхніў мяне да напісання дзіцячых вершаў дэфіцыт беларускамоўных дзіцячых кніжак. Першы ўнук Янка любіў слухаць, калі я нешта выдумляў па-беларуску. А любая жонка Зоя (памерла год таму) падштурхнула напісаць і штосьці больш сур’ёзнае. На, жаль, выдання кніжкі яна ўжо не дачакалася.
— Чаму настаўнікаў часта лічаць праваднікамі адміністрацыйнага рэжыму?
— Бо так яно і ёсць. Зараз існуе шмат інфармацыі, і настаўнікі павінны разумець бязглуздзіцу выказванняў Лукашэнкі аб немагчымасці стварэння «нічога вялікага на беларускай мове». Замест унутранага і знешняга супраціву большасць настаўнікаў з лёгкасцю адмовіліся ад выкладання на роднай мове і ад беларускіх падручнікаў. Замест супраціўлення несправядлівасці яны падпарадкоўваюцца ёй. У выбарчых камісіях граюць ролю лакаматываў перавыбараў аднаго і таго ж кіраўніка. Лічу, што сапраўдны настаўнік павінен думаць не толькі пра сваю кішэню, але і пра будучыню нашай краіны, не ператварацца ў дробнага паслугача, які старанна выконвае ўсялякія загады, нават дураватыя. У «Споведзі настаўніка», напісанай у 2006 годзе, я крыху апісаў некаторыя з настаўніцкіх спраў. У цяперашні час дадалося яшчэ больш інструкцый і патрабаванняў.
«Інструкцыі, загады, планыДа нас ляцяць, нібы ерапланы…
На сход бацькоўскі напісацьДаклад, старонак так на пяць.Даць інфармацыю на вучняў,Што снедалі ў сталовай кучна.
Запоўніць пропускаў лісток.Аформіць прававы куток.Наведаць вучня на даму,Чый бацька «просіцца» ў турму.
Калі бацькоў малы заробак,Сабраць паперак, мо штук сорак,Каб дзеці тут бясплатна еліІ, божа крый, каб не схуднелі.
А каб усім ты быў харошы,Умей сабраць ад вучняў грошы –За кніжкі, святы і абед,Шпалеры, фарбу ў кабінет.
У кабінеце жа тым на сценкуПартрэт павесіць Лукашэнкі.Так, што далей? Трэба ў кампутарАб вучнях звесткі занясціІ, што даўно ўжо не крута,Дзяжурства вечарам нясці…»
— Зараз у грамадстве вядуцца спрэчкі наконт таго, ці ўдзельнічаць у выбарах. Частка апазіцыі гаворыць пра байкот выбараў. Як Вы ставіцеся да гэтай праблемы?
— Гэта вельмі цяжкае пытанне. Самае складанае для аўтарытэту апазіцыі, што за ўсе гады яна не дамаглася ніводнай сур’ёзнай саступкі ад улады, перамогі. Асабіста я не хаджу на выбары, мне сорамна ўдзельнічаць у тым, чаго няма. Лічу, што актыўны байкот таксама немагчымы ў нашым Грэску. Аітаваць насельніцтва нават у вялікім сяле — пусты нумар. Кожны лічыць сябе найразумнейшым палітыкам, тут трэба працаваць вельмі доўга і асцярожна, не біць у лоб. Колькі разоў, бывала, паразмаўляю з чалавекам наконт таго, каб не хадзіў хаця б датэрмінова. А пасля на мой запыт чую ў адказ: «Схадзіла датэрмінова ўчора. Вось зайшла ў краму дый прагаласавала». Закасцянелае стаўленне да самой сталінска-берыеўскай сістэмы, хто на працы — кожны адчувае сябе «пад каўпаком». Патрэбен час.
— Можа, гэтая страшная хвароба «каронавірус» трохі абудзіць насельніцтва?
— Наўрад ці гэтая сістэма зможа сур’ёзна ратаваць насельніцтва, паколькі яна больш зацікаўлена ў ратаванні самой сябе. Дарэчы, збоі ў арганізацыі аховы здароўя відавочныя. Мой пляменнік з Мінску тыдзень таму прыехаў з Ніцы. Тыдзень прасядзеў сам на каранціне. З’явіліся незразумелыя сімптомы. «Хадзіў па коле», каб здаць аналізы, чэргі на здачу. Прыйшлося ўмяшацца яго родзічам — медыкам, каб урэшце аналіз прынялі. Відавочна, што беларусам трэба думаць аб самаўратаванні і не спадзявацца на «авось».