Біскуп Баляслаў Слосканс: 17 турмаў, канцлагер, жыццё для беларусаў

На сёння прыпадае 130-я гадавіна з народзінаў этнічнага латыша, якога лёс прывёў служыць Беларусі. Біскуп Слосканс зведаў прыніжэнні і здзекі, але заўжды ішоў наперад. На пасадзе апостальскага адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі ён служыў ад 1926-га да канца жыцця ў 1981 годзе. Наступнікам біскупа стаў Тадэвуш Кандрусевіч. Прыгадаем старонкі гісторыі.

1_772.jpg

«Нацыя не загіне, калі нават яе заваюе больш моцны вораг, нацыя загіне, калі добраахвотна страціць сваю маральнасьць!» – казаў біскуп Слосканс.

Як слушна піша ксёндз Андрэй Кеўліч, «гэта быў пастыр, які любіў беларускі народ, размаўляў на яго мове і, прайшоў праз шматлікія выпрабаваньні, заставаўся моцным у веры і браў удзел у ІІ Ватыканскім Саборы».

Папа Францішак у 2018 годзе цытаваў словы біскупа Слосканса, калі быў недалёк ад мяжы з нашай краінай, у латышскай Аглоне:

«Біскуп Слосканс, які спачывае тут, пасьля таго, як быў арыштаваны і сасланы далёка, пісаў сваім бацькам: „Прашу вас з глыбіні душы: не дазвольце, каб помста і лютасьць пасяліліся ў вашых сэрцах. Калі мы дапусьцім гэта, то будзем не сапраўднымі хрысьціянамі, а фанатыкамі“».

Біскуп і Апостальскі адміністратар Менскі і Магілёўскі Баляслаў Слосканс нарадзіўся ў былой Віцебскай губерні ў Стэрнянах пад Рэжыцай (Латвія) у каталіцкай сям’і Бярнарда і Цэцыліі Слоскансаў 19 жніўня 1893 года.

У 1917 годзе ён быў высьвечаны на сьвятара, а ў верасьні 1924 года трапляе ў Беларусь – пачынае служыць недалёк ад месца свайго нараджэньня – у Віцебску, у касьцёле сьвятой Барбары.

Біскуп

10 траўня 1926 года біскуп Мішэль д’Эрбіньі, спецыяльны пасланьнік Папы Пія XІ, у касьцёле сьв. Людовіка ў Маскве таемна ўдзяляе сьвятару біскупскае пасьвячэньне і прызначае яго Апостальскім адміністратарам у Магілёве са жніўня 1926 года, і пасьля ў Менску з 1927 года.

Шырокавядомы выпадак, які яскрава сьведчыць пра беларускую пазыцыю біскупа: Аднойчы падчас наведваньня Гомельскай парафіі Баляслаў Слосканс зьвярнуўся да прысутнай у касьцёле інтэлігенцыі па-польску: «Казаньне мае на мэце выясьніць усім вернікам, без розьніцы ступені іхняе асьветы, найважнейшую справу іхняга жыцьця, справу збаўленьня душы. Дык гаварыць аб гэтым у такой мове, якой добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казаньні ў розных мовах я не маю часу. Дзеля гэтага прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх колаў вернікаў і выслухаць казаньне ў беларускай мове».

Дакумэнт Каралішчавіцкага касьцёла, датаваны 1928 годам з пячаткай біскупа Слосканса, ужо пасьля яго арышту

Дакумэнт Каралішчавіцкага касьцёла, датаваны 1928 годам з пячаткай біскупа Слосканса, ужо пасьля яго арышту

Рэпрэсіі

17 верасьня 1927 года біскупа арыштоўваюць камуністы. Яго абвінавацілі ў шпіянажы. Спачатку яго прымушалі прыняць гэтыя закіды, але калі гэтага не адбылося, перайшлі да катаваньняў. Пра перажытае біскуп распавёў аднойчы ксяндзу Верэнфрыду ван Страатэну. Вось што пераказваў потым нідэрляндзкі сьвятар:

«На Лубянцы біскупа распранулі, прывязалі да стала і білі плёткаю да крыві. Яго замыкалі ў такую шчыльную клетку, што ён не мог рухацца, а на галаву яму дзень і ноч падалі кроплі ільдзяной вады. Потым яго прыкавалі лежачы на сьпіне да падлогі і тыднямі сьляпілі пражэктарамі. Пасьля біскупа кінулі ў камэру сьмяротнікаў, цалкам пазбаўленую сьвятла, дзе ён напрацягу трох месяцаў чакаў, што яго заб’юць. Адзінай ежаю быў пратухлы суп.

Пра тое, што ішоў час, біскуп мог здагадвацца толькі па крыках, якія выклікалі іншых  на расстрэл».

Пасьля таго, як катаваньні не змаглі зламіць Баляслава Слосканса, абвінавачваньне ў шпіянажы было зьнятае, але ўсё адно ён быў прысуджаны да трох гадоў за кратамі.

5_546.webp

17 верасьня 1930 года ў яго скончыліся тры гады зьняволеньня. 13 кастрычніка біскупа Баляслава паклікалі ў канцылярыю лягера і загадалі зьбірацца «з рэчамі» на ад’езд.

З дзёньніка ксяндза Нэвэ нам вядома, што 8 лістапада 1930 года ён зноў быў арыштаваны. «Прыехаўшы ў Магілёў, мансіньёр Слосканс вырашыў, што цалкам вольны. Ён адслужыў імшу: адразу ж сабралася шмат вернікаў. На наступны дзень ён зьбіраўся зьдзейсніць урачыстую пантыфікальную імшу; біскупа чакала велізарная колькасьць вернікаў. Біскуп не зьявіўся, тады вернікі пайшлі ў ГПУ, каб высьветліць, у чым справа.

Чатырнаццаць дэлегатаў былі арыштаваныя, а біскуп зьнік. З таго часу пра яго не было ніякіх вестак».

Як адзначае Сяргей Чыгрын, у Магілёве Слоскансу неабходна было спачатку атрымаць дакумэнты на прыпіску, таму ён пайшоў у ГПУ. Там яго сустрэлі са зьдзіўленьнем. Маўляў, сёньня дакумэнты на прыпіску не так проста дастаць, бо цяпер біскуп Слосканс зьяўляецца для ўсіх каталікоў контррэвалюцыянэрам.

Супрацоўнікі ГПУ прапанавалі яму пакінуць Магілёў і паехаць у Смаленск. Але Баляслаў Слосканс адмовіўся: «Не, я хачу застацца ў Магілёве, а калі я тут такі непажаданы госьць, дык можа вы зноў мяне арыштуеце і вышлеце куды вам падабаецца?..» Зьдзіўленыя гэпэушнікі адказалі: «Гм, калі так, дык пачакайце крыху…».

І доўга чакаць не давялося. Праз дзесяць дзён пасьля прыезду Баляслава Слосканса ў Магілёў, яго зноў арыштавалі і высылалі ў Сібір.

Глядзіце таксама

Ксёндз Донат Навіцкі пакінуў наступнае неверагоднае пасьведчаньне аб сваім таемным пасьвячэньні ў сьвятары ў Салаўках:

«Усе прысутныя і я перажывалі вельмі адмысловыя пачуцьці. Мае сябры казалі пасьля, што была абстаноўка катакомбаў: ва ўбогай капліцы, на простай лаве замест фатэлю, сядзеў малады біскуп Баляслаў. Біскуп служыў без мітры і без пастарала: высокая духоўная дасканаласьць, якая зьзяла ў яго твары і казала сама за сябе, як бы замяняла гэтыя звычайныя бачныя знакі біскупскай улады.

У капліцы адчуваўся водар ласкі. Мы адчувалі, што і тут, на гэтай страшэннай выспе, поўныя рэальнага значэньня слова Хрыста: "Вось Я з вамі ва ўсе дні і брама пякельныя вас не адолеюць". Я не мог утрымацца ад ціхіх і радасных сьлёзаў, калі біскуп Баляслаў усклаў на маю галаву рукі і вымавіў: "Accipe Spiritum Sanctum" (Прымі Духа Сьвятога). Ведаю, што такія хвіліны ўжо не паўторацца ў маім жыцьці».

20 студзеня 1933 года біскупа выклікалі ў суд, дзе яго чакаў амбасадар латвійскага ўраду, які паведаміў яму, што, дзякуючы латвійскаму ўраду і Апостальскаму пасаду, савецкі ўрад пагадзіўся яго выменяць на аднаго камуніста.

Баляслаў Слосканс у Рызе ў 1937 годзе. Сёмы злева ў першым шэрагу

Баляслаў Слосканс у Рызе ў 1937 годзе. Сёмы злева ў першым шэрагу

Падчас Другой сусьветнай вайны гітлераўскія ўлады пастаянна перашкаджалі біскупу Слоскансу выконваць яго пастырскія абавязкі на Беларусі. А ў 1944 годзе нямецкае гестапа вывезла яго ў Нямеччыну ў лягер для ваеннапалонных Шнайдэмюле, адкуль яго, дзякуючы нямецкім біскупам, вызвалілі.

Біскуп Баляслаў Слосканс быў апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-каталікаў з 1952 года, а з 1953 года — і адказным за душпастырства для беларусаў латынскага абраду ў Заходняй Эўропе.

Часопіс «Божым Шляхам» у 1965 годзе пісаў: «Усе беларусы прымуць з радасьцю Дэкрэт з дня 9 чэрвеня 1965 года, падпісаны Яго Эмінэнцыяй Кардыналам Леркаро ад імя ўпаважненае Камісіі да спраў літургічных, у якім сказана, што беларуская мова можа ўжывацца ў сьв. Літургіі, адпраўлянай для народу.

Як даведваемся са зьместу Дэкрэту, дазвол ужываньня беларускае мовы ў латынскім абрадзе атрымаў Яго Дастойнасьць Біскуп Баляслаў Слосканс, Апостальскі Адміністратар Менскі і Магілёўскі. За гэта ўсе мы выказваем Яму шчырую ўдзячнасьць».

1.pdf

Ксёндз Ілмар Талстоўс узгадвае пра выпадак: «Быў такі біскуп Баляслаў Слосканс. У савецкі час яго арыштавалі і выслалі на Салаўкі, вынеслі сьмяротны прысуд... Неяк на Салаўках вартаўнік прынёс яму ежу і ўбачыў, што біскуп усьміхаецца. Вартаўнік спытаў: «Што ты, дурань, усьміхаешся? Табе ж сьмяротны прысуд абвясьцілі". А Баляслаў адказаў: "Я ўсьміхаюся, таму што шчасьлівы і вольны. А ты не ўсьміхаешся, таму што ты не вольны". Гэты чалавек нават у турме адчуваў сябе вольным, а таму ўвесь сьвет здаваўся яму цудоўным».

Актыўны ўдзел біскупа Баляслава Слосканса ў духоўным і культурным жыцьці беларусаў замежжа вызначаўся і ў матэрыяльнай, і ў маральнай дапамозе, якую ён надаваў беларускім каталіцкім часопісам «Źnič», што выдаваўся ў Рыме Пятром Татарыновічам, і «Божым Шляхам», які выдаваўся ў Парыжы Львом Гарошкам. Адным словам, фінансаваў гэтыя выданьні і матэрыяльна дапамагаў кампазытару Міколу Равенскаму, аўтару музыкі да гімну “Магутны Божа”.

Біскуп Антон Юст прыгадвае, што біскуп Слосканс увесь час перажываў, што не можа служыць у Менска-Магілёўскай дыяцэзіі, зь якой ён заўсёды быў разам у сэрцы, адкуль ад вернікаў да яго прыходзілі лісты, на якія ён адказваў да позьняй ночы.

Сёньняшні біскуп у Магілёве Аляксандар Яшэўскі ля партрэта свайго папярэдніка. Фота: Павел Хадзінскі

Сёньняшні біскуп у Магілёве Аляксандар Яшэўскі ля партрэта свайго папярэдніка. Фота: Павел Хадзінскі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч які стаў наступнікам біскупа Баляслава ў якасьці апостальскага адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі ў 1989 годзе, такім чынам выказаўся пра яго:

«На беларускую зямлю, якую неміласэрна выпальвала сонца атэізму, Бог паслаў правідэнцыйнага пастыра — біскупа Баляслава Слосканса. Ён быў не беларусам, а латышом. Аднак ён быў біскупам Паўсюднага Касьцёла і клапаціўся аб збаўленьні кожнага чалавека, да якога яго пасылае Бог.

2_713.jpg

Для яго, кажучы словамі сьв. апостала Паўла, ужо не было ні габрэя, ні грэка, а толькі Хрыстус. І ён мужна нёс Яго людзям, нягледзячы на небясьпекі, перасьлед, пагрозу зьняволеньня і нават праліцьцё крыві, становячыся такім чынам жывым пакутнікам.

Сваім жыцьцём ён і паўтарыў дэвіз свайго біскупскага служэньня: “Hostia pro frateribus” – “Ахвяра за братоў”.

Хаця яму не прыйшлося служыць у Беларусі доўга, бо вельмі хутка ён быў арыштаваны, ён пакінуў трывалы сьлед веры і служэньня людзям на гэтай зямлі. Ён даў ім надзею нават насуперак надзеі. Біскуп Баляслаў Слосканс паказаў, што ў апраметнай цемры ўзбуранага мора атэізму сьвеціць сьвятло Езуса і ў ёй Ён прысутны, каб у адпаведны час учыніць цуд».

З 2000 года ў Ватыкане адбываецца беатэфікацыйны працэс у дачыненьні да біскупа Слосканса.