Затрыманне, смерць жонкі, уцёкі. Гісторыя беларуса, які не здаецца
Часам лёс бывае вельмі жорсткім да нас у сваіх выпрабаваннях. У Артура (імя зменена) пасля смерці жонкі засталося двое дзяцей — і дзяржава, якая і блізка не збіраецца падтрымліваць.
«Я спраўлюся, таму што ў мяне няма іншага выйсця», — так пра cябе гаворыць Артур. У 2020 годзе мужчыну затрымалі на адным з маршаў: абышлося штрафам, але ён стаў падазраваным па крымінальным артыкуле. Следчыя згадалі пра Артура ў 2023 годзе. За адзін месяц яму давялося адбівацца ад сілавікоў, пахаваць жонку і з двума малалетнімі дзецьмі бегчы з краіны. «Медыязона» расказвае гісторыю бацькі-адзіночкі.
Імёны герояў зменены з мэтай бяспекі.
«Я табе зараз пакажу — ні быдла, ні статак». Затрыманне
Артуру 40 гадоў. 10 з іх ён у шлюбе, выхоўвае дваіх дзяцей. У Мінску працаваў у аддзеле продажаў буйной фірмы. Да пратэстаў 2020 года ён выходзіў на акцыі ў 2010 годзе, на «Марш недармаедаў» у 2017 і на «Чарнобыльскі шлях».
— Я быў звычайным актыўным удзельнікам усіх пратэсных акцый у Мінску з 9 жніўня. Не «каардынатарам», хоць і доўгі час хадзіў з гучнагаварыцелем. Людзям гэта падабалася, — расказвае пра сябе Артур.
Сілавікі затрымалі яго 1 лістапада — на маршы супраць тэрору па дарозе ў Курапаты. Мужчына кажа, што нічога жорсткага з боку сілавікоў пры затрыманні не сустрэў.
— Мяне затрымлівала відавочна нейкая «спецура». Яны былі з драбавікамі, але не карпянкоўскія дурні, якія наогул без формы бегалі. Гэтыя былі ў бронекамізэльках і аліўкавай форме. Я проста ішоў, і мне крычаць: «Гэй ты, спартыўны, ідзі сюды». Я думаю: «Не, не я, не я, не я». Яны зноў: «Гэй ты, адыдас, ідзі сюды». Я думаю: «Не, гэта не мне. На мне «Пума», «Асікс», але «Адыдаса» няма». Нешта яшчэ мне пракрычалі, тады ўжо зразумеў, што гэта мне. Мяне скруцілі літарай «Г» і павялі да буса.
У мікрааўтобусе яго сустрэлі байцы АМАПа: «выпісалі прафілактычных пару ўдараў па ляжках», але «моцна не збівалі». Мацней збівалі тых, хто спрабаваў апраўдацца перад сілавікамі, што нідзе не ўдзельнічаў. Запясці рук у сцяжцы пазначылі чырвонай фарбай. Потым у РАУСе амапавец спытаў, адкуль пазнака, і адказаў: «Ну, віншую». Артур адпрасіўся ў прыбіральню і адцёр яе.
З буса яго перавялі ў аўтазак. Там хлопец, у якога рукі не былі звязаны сцяжкамі, дапамог Артуру развязаць з плячэй нацыянальны сцяг і схаваць яго пад лавачку.
«Едзем да цябе на ператрус». Суд
Суд прызначыў Артуру штраф за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Таксама яго дапыталі па крымінальным артыкуле аб грубым парушэнні парадку.
У гэты ж месяц Артура запрасілі ў РУУС на гутарку. Адтуль да яго выйшаў супрацоўнік і запрасіў сесці ў машыну: «Едзем да цябе на ператрус». Ператрус прайшоў «ціха» — без беспарадкаў. Праз месяц — яшчэ адзін ператрус, гэтым разам па адрасе прапіскі. Сілавікі нічога не забралі, але арыштавалі пральную машыну.
— І вось, [са снежня] да сакавіка 2021 была цішыня. У сакавіку мяне выклікалі ў Следчы камітэт Ленінскага раёна Мінска. Следчая патлумачыла, што нібыта крымінальную справу хацелі закрыць, але кіраўнік не дазволіў. Следчая сказала: «Чакайце».
Увесь 2022 год сілавікі не праяўлялі цікавасці да Артура. Ён самастойна спрабаваў даведацца, на якім этапе знаходзіцца яго справа, але ў СК адказалі, што яна не закрыта, «проста цяпер мяняецца следчы», і таму яны не могуць даць адказ.
25 сакавіка 2023 года да Артура прыйшлі два міліцыянты, далі падпісаць «прафілактычныя» паперы і праверылі тэлефон.
«У гадзіну ночы ў яе паднялася тэмпература, у гадзіну дня мне патэлефанавалі і сказалі, што яна памерла». Смерць жонкі
Пасля візіту сілавікоў Артур з жонкай Яўгеніяй пайшлі па крамах. Мужчына кажа, што яна адчувала сябе добра. Яны купілі для аднаго з сыноў канапку і адправіліся дадому.
— Усё было добра, абсалютна. Яна ні на што не хварэла. Ноччу ў яе паднялася тэмпература. Яна выпіла ібупрафен, потым гарачкапаніжальнае. Тэмпература трымалася 39-39,5 градусаў, пасля лекаў падала да 38,5 градусаў. Таму мы выклікалі «хуткую».
Медыкі ўкалолі жонцы гарачкапаніжальнае і прапанавалі праехаць з імі ў бальніцу. Але Яўгенія ад шпіталізацыі адмовілася, таму што акрамя тэмпературы і «ламоты» цела сімптомаў не было.
Праз 30 хвілін пасля сыходу медыкаў жонцы Артура стала горш, з'явіўся крывацёк. У другі раз выклікалі «хуткую».
— Да таго часу ў жонкі на твары высыпалі крывяныя кропкі, а на адной руцэ пачалі цямнець пальцы. Ёй паставілі кропельніцу і выклікалі рэанімацыю.
«Хуткая» павезла жонку ў інфекцыйную бальніцу на Крапоткіна. Артур патэлефанаваў у бальніцу праз паўтары гадзіны — у 10:30. Жонка ўжо была ў рэанімацыі. І назвалі дыягназ: інфекцыйнае захворванне.
— Я тады яшчэ не ведаў, што гэта такое. Сказалі: «Патэлефануйце ў 12:00. Мы пакуль нічога не можам сказаць, стан цяжкі». І абмовіліся, тыпу, лік ідзе на гадзіны. Я думаю: «Што на гадзіны? Праз пару гадзін вы скончыце рэанімацыйныя дзеянні і перавезяце яе ў палату?» Ці нешта яшчэ? Ну, думаю, добра. Пачаў шукаць у Інтэрнэце. Зразумеў, што ўсё сур'ёзна, — Артур выцірае слёзы. — У гадзіну ночы ў яе паднялася тэмпература, у гадзіну дня мне патэлефанавалі і сказалі, што яна памерла.
Артуру рэкамендавалі легчы разам з дзецьмі ў бальніцу для назірання, каб высветліць, ці не заразіліся яны.
«Мне адчынілі вакзал аднаму, каб я мог на лавачцы пераначаваць». Уцёкі
Пакуль Артур з дзецьмі месяц ляжаў у шпіталі, да яго дадому зноў прыходзілі сілавікі. Ён зразумеў, што трэба бегчы з краіны — вырашыў праз Калінінград у Польшчу. Мінчук адправіўся ў Маскву, адтуль на самалёце ў Калінінград, далей — аўтобус у Польшчу. Але на мяжы яго развярнулі ФСБшнікі і ўручылі паперу аб забароне на выезд.
Тады ён узяў квіткі на цягнік да Адлера, які праходзіць праз Мінск, і сказаў памежнікам, што едзе ў Беларусь. Але цягнік ідзе праз Літву, і на мяжы Артур папрасіў літоўцаў дазволіць яму выйсці.
— Выйшаў, ноч, усё закрыта. Мне адчынілі вакзал, каб я мог на лавачцы пераначаваць. Цягнік толькі а 6-й раніцы. Усю ноч то плакаў, то радаваўся.
Прыяцель Артура, які падсеў да яго перад мяжой, каб дапамагчы і падтрымаць, паехаў далей у Мінск. На мяжы мужчыну высадзілі супрацоўнікі КДБ і доўга распытвалі пра Артура. Але адпусцілі.
Артур дабраўся да Польшчы, арандаваў жыллё, уладкаваўся на працу. Пазней бацькі да яго прывезлі старэйшага сына.
«Цяпер вось гэтыя эмацыйныя рэчы: то гамон як дрэнна, то гамон як добра». Жыццё пасля смерці
Пра смерць мамы Артур расказаў толькі старэйшаму сыну. Сям'я не змагла быць на пахаванні жонкі, таму што яны ляжалі ў бальніцы. На магілу жонкі Артур паспеў зазірнуць перад ад'ездам толькі раз. Пахаваннямі займаліся бацькі.
— Я ўжо сказаў пра смерць мамы, калі мы з'ехалі. Мне так раілі псіхолагі, што пра гэта гаварыць дзецям трэба ў спакойным месцы, а не ў бальніцы, дзе яны і так адчуваюць стрэс. Для яго гэта быў удар. Малодшаму я яшчэ не расказаў.
Псіхолагі рэкамендавалі сказаць малодшаму сыну ўсё як ёсць, але дзіця ўсё роўна не зможа ўсвядоміць гэтага да канца. Яны папярэдзілі, што сын будзе задаваць пытанні, напрыклад «А мама прыйдзе да мяне на дзень нараджэння?».
Артур кажа, што не хутка зможа адысці ад таго, што адбылося.
— Цяпер гэтыя эмацыйныя рэчы: то гамон як дрэнна, то гамон як добра. Мяне кідае туды-сюды. Разумееш: памерла жонка, прыходзілі гэтыя дэбілы — бах, і ты не разумееш, што, бл*дзь, наогул адбываецца. Зноў страх, зноў баяцца. Потым хоп — і ўдалося выбрацца, старэйшага вывезці ў бяспеку. Эмоцыі зашкальваюць ад таго, што добра. Прыязджаеш у Польшчу і думаеш: «Блін, колькі ўсяго трэба, як вывезці малодшага?» Зноў хваляванні, зноў страх. Цяжка сказаць, што я псіхічна здаровы. Не ведаю, колькі часу спатрэбіцца, каб гэта ўсё прагаварыць, каб гэта ўсё вырваць з сябе, вымыць усе гэтыя перажыванні і ўсё астатняе.
Калі Артур даведаўся пра смерць жонкі, кажа, што не спалохаўся, што яму давядзецца гадаваць дзяцей у адзіночку. «Гэта мае дзеці, і я іх люблю бязмерна. І ведаю, што ўсё будзе добра. Я спраўлюся, бо ў мяне няма іншага выйсця».
— Трэба проста рабіць, працаваць, рухацца, каб дзеці адчувалі, што ўсё окей, таму што калі ў цябе ўсё окей, то і ў дзяцей усё будзе окей. Ім трэба гэта паказваць. Нельга, каб яны бачылі: «Бл*, халера, што рабіць далей?» Я стараюся, каб у дзяцей быў добры настрой, каб яны адчувалі свята, каб яны жылі ў нармальным, цывілізаваным, радасным дзяцінстве.