Хронікі рэпрэсій. Магілёўца падманам выманілі з Польшчы і пасадзілі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 17 жніўня.
Суд Ленінскага
раёна Магілёва 13 ліпеня вынес прысуд Аляксандру Кулікову. Мужчыну абвінавацілі
ў абразе Лукашэнкі (ч.2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і паклёпе на яго (ч.2 арт. 367 КК).
У траўні 2023 года, ужо пасля ўзбуджэння крымінальнай справы, ён выехаў у Польшчу, дзе прабыў каля месяца. Затым яму патэлефанавала састарэлая маці, якая паведаміла, што ёй тэлефанаваў следчы і пагражаў вышукам сына. Было абяцана, што калі Кулікоў вернецца, яму будзе абрана мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі.
Праз нейкі час Кулікоў вырашыў вярнуцца ў Беларусь і быў затрыманы.
Суд прызнаў магілёўца вінаватым і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ва ўмовах агульнага рэжыму.
Гомельскага
прадпрымальніка Юрыя Ташкінава асудзілі за падтрымку Украіны і данаты ў фонд
салідарнасці. Пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва
Украіну мужчына ў сацыяльных сетках выказваўся супраць вайны і публікаваў
справаздачы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам Чарнігаўшчыны, якая была
акупавана ў пачатку вясны 2022 года.
Гомельскі абласны суд 17 жніўня прысудзіў Ташкінаву пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады, абвінаваціўшы яго ў распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч.1 арт. 130 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 КК).
У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў 26 ліпеня разглядалася крымінальная справа 71-гадовага мясцовага жыхара Генадзя Паляніна. Пенсіянера абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Арцём Падалянец.
Суд, з улікам узросту абвінавачанага, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
У судзе Ленінскага раёна Гродна 26 ліпеня быў абвешчаны прысуд Андрэю Мягкову за каментар у тэлеграм-чаце «Карнікі Беларусі», які экспертыза палічыла абразай прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў вядомы сваімі палітычнымі прысудамі суддзя Руслан Гурын.
Суд расцаніў каментар «што ні рожа, то парася», пакінуты пад публікацыяй пра супрацоўніка ГУБАЗіК Юрыя Скока, абразлівым.
Акрамя абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія») тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў, суд прызначыў Мягкову штраф у памеры 3 700 рублёў і маральную кампенсацыю «пацярпеламу» — 2 тысячы рублёў.
У судзе
Жлобінскага раёна 4 жніўня разглядалася
крымінальная справа Дар’і Караблінай, абвінавачанай па ч.1 арт. 342
Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыі пратэсту, якая адбылася ў горадзе 9
жніўня 2020 года. Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава.
Суд пакараў дзяўчыну абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.
14 жніўня ў судзе
Заводскага раёна Мінска агучаны прысуды мужу і жонцы Сяргею і Аксане Ясючэням
і Андрэю Капышаву. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага
кодэкса і прызначылі кожнаму па два з паловай гады абмежавання волі без
накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі».
Вядома, што іх судзілі за ўдзел у Маршах у 2020 годзе. Іх апазналі па фотаздымках на тэлефоне і затрымалі восьмага чэрвеня. Пасля прысуду іх вызвалілі ў зале суда. Вырак вынес суддзя Генадзь Янкоўскі.
Хапун у
Бярозаўцы. Затрымалі не меней за 9 чалавек. Пра гэта паведаміў брат Вітольда
Ашурка Андрэй. Паводле яго звестак, з дзевяці затрыманых тры — супрацоўнікі
мясцовага шклозавода «Нёман».
Андрэй Ашурак дадаў, што на мінулым тыдні на завод прызначылі ідэолагам колішняга супрацоўніка КДБ, які цікавіцца асабістымі справамі завадчан.
Пазней выявілася, што на шклозаводзе «Нёман» затрымалі каля 10 чалавек.
«Выводзяць паказальна ў кайданках у атачэнні сілавікоў. Гэта значыць. павесткай не выклікаюць, а адразу на заводзе «мордай у падлогу», каб усе бачылі і баяліся штосьці патрабаваць ці выказваць. Даюць «суткі» і адпраўляюць працаваць на сметнік у Сцеркава (Лідскі раён), — распавяла крыніца. — Людзі хочуць пайсці ў адпачынкі, а ім не даюць. Шмат замоў — «распранайся і працуй». Вось і пачалі мужыкі абурацца парушэннямі іх працоўных правоў, дык іх па аднаму цяпер затрымліваюць.
У 2022 годзе заробкі ў «гарачых» цэхах складалі 800-1000 рублёў, што даволі мала, улічваючы цяжкасць працы і шкоду для здароўя. Нядаўна пачыналася хваля незадавальнення заробкамі, то ім, як кажуць у народзе, «кінулі костку» ў выглядзе 100 рублёў даплаты».
Сілавікі затрымалі блогера Арсенія Кузьменчука. Хлопец у TikTok мае 40 тыс. падпісантаў. Яго абвінавацілі ў публічнай дэманстрацыі свастыкі. На запісаным пад прымусам відэа ён кажа, што публікаваў у сацсетках відэа «неналежнага характару».
Затрыманы байкер,
які вярнуўся з Літвы ў Беларусь. У запісаным пад прымусам відэа мужчына кажа,
што працаваў у офісе EPAM у Літве. Таксама ён паведаміў, што «ўдзельнічаў у
пратэсных акцыях, ездзіў на горадзе на матацыкле з пратэснай сімволікай і быў
падпісаны на дэструктыўныя каналы».
Палітзняволенага
журналіста Андрэя Пачобута перавялі ў ПКТ. Пра змену ўмоў утрымання напісала яго
жонка ў сацсетках. Журналіста перавялі ў памяшканне камернага тыпу на бліжэйшыя
шэсць месяцаў за адмову ад працы, якую нельга выканаць.
«Фельчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане
здароўя можа ўтрымлівацца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў
рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш вопытны медык —
лекар-тэрапеўт і, падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ. Цяпер пры вымярэнні
ціску Анджэю не паказваюць намераныя лічбы», — напісала Аксана Пачобут.