Cа спісу рэпрэсаваных самазабойцаў. Мікалай Галадзед
Чарвякоў, Жылуновіч, Ігнатоўскі... Усе яны скончылі жыццё самагубствам праз палітычны пераслед. Як і Мікалай Галадзед, які цягам 10 гадоў кіраваў урадам БССР і чыё 125-годдзе з дня нараджэння прыпадае на 21 траўня.
Трывожны званочак бомкнуў
для Галадзеда, калі чарговая хваля рэпрэсіяў у траўні 1937 года закранула яго
сяброў-ваенаначальнікаў — Яна Гамарніка ды Гераніма Убарэвіча. Гэта яшчэ дзве
асобы разам з названымі вышэй, у гонар якіх названыя вуліцы ў Мінску.
Гамарніка 20 траўня знялі з пасады начальніка Палітупраўлення РСЧА — Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, а праз нейкі час газета «Праўда» паведаміла, што ён, «заблытаўшыся ў сваіх сувязях з антысавецкімі элементамі і, мабыць, баючыся выкрыцця, 31 траўня, скончыў жыццё самагубствам». Пасмяротна Гамарніка, які дагэтуль працаваў першым сакратаром ЦК КПБ, назвалі «ворагам народа».
Супрацоўнікі НКУС 29 траўня ў цягніку «Мінск — Масква» арыштавалі Гераніма Убарэвіча, начальніка Беларускай ваеннай акругі. Ужо 11 чэрвеня за «удзел у ваеннай змове ў Чырвонай арміі і падрыхтоўку звяржэння савецкай улады шляхам узброенага паўстання» яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання і ў наступную ноч расстралялі.
Галадзеда знялі з пасады старшыні Савету Народных Камісараў (ураду) БССР, якую ён займаў з 1927 года, 30 траўня. У чым толькі не абвінавачвалі яго пры гэтым — і ў абароне хутароў пры калектывізацыі, і ў сумневах што да слушнасці партыйных чыстак. Дарэчы, колькасць чальцоў КПБ цягам пяці гадоў да 1937-га скарацілася на некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Нацыяналістаў, трацкістаў ды іншых «шпіёнаў» ды «ворагаў» выкаранялі ў тым ліку за подпісам на адпаведных дакументах самога Галадзеда.
14 чэрвеня Галадзед, заклапочаны сваім лёсам і рэпрэсіямі супраць кіраўніцтва БССР, паехаў у Маскву на прыём да Сталіна. Вось што згадвала ў 1988 годзе на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» дачка Мікалая Галадзеда Валянціна: «Прабыў ён у Крамлі даволі доўга і вярнуўся адтуль у добрым настроі, акрылены, бо Сталін супакоіў бацьку, сказаў, што хвалявацца за свой лёс Галадзеду не трэба, што ёсць нават думка зрабіць яго саюзным наркамам, што яму аказваюць поўны давер». Але ў гэты ж дзень пасля прыёма ў Сталіна Галадзеда арыштавалі — як «кіраўніка антысавецкага падполля ў Беларусі».
Арыштаванага ў Маскве Галадзеда перавезлі ў Мінск, дзе пад час допыту 21 чэрвеня ён выкінуўся з вакна пятага паверху будынку НКУС, не даўшы ніякіх паказанняў. Гэта быў спосаб нікога не агаварыць у выніку катаванняў.
Ёсць версія, што самагубства не было. Па словах дачкі Галадзеда, вядомы мінскі лекар Майсей Шапіра распавядаў яе маці, што ў адну з начоў да дома, дзе жыла сям’я Шапіра, падʼехаў «чорны воран». Шапіра вырашыў, што прыехалі яго арыштоўваць. І сапраўды, яго павезлі ў турму НКУС: «У пакоі следчага ён убачыў тапчан, на якім ляжаў бацька — урач добра ведаў яго ў твар, Шапіра кінуўся адразу, каб дапамагчы яму, бо тата цяжка дыхаў. Аднак яго спыніў вокрык: «Не падыходзіць!». Бацька памёр на вачах хірурга. Ад Шапіры патрабавалі, каб ён толькі зафіксаваў смерць... Пасля таго выпадку Шапіра катэгарычна адмаўляў версію, што бацька выкінуўся з вакна, бо на касцюме Мікалая Мацвеевіча, як сцвярджае сведка, не было ні крыві, ні бруду».
Галадзед не ведаў, што перад тым, як толькі ён выправіўся да Масквы, туды паляцелі «матэрыялы» ад наркаму ўнутраных справаў БССР Барыса Бермана (дарэчы, арыштаванага і расстралянага ў 1938-м) і першага сакратара ЦК КПБ Васіля Шаранговіча.
Шаранговіч адправіў на імя Сталіна шыфратэлеграму, у якой паведамляў: «Для мяне абсалютна відавочна, што Галадзед з’яўляецца ворагам народа, таму прашу санкцыянаваць яго арышт». Шаранговіч таксама падзяліўся думкай, што варта зняць з пасады ЦВК Беларусі (Цэнтральнага выканаўчага камітэту) Аляксандра Чарвякова. У тыя дні якраз праходзіў з’езд КПБ, і праз жорсткую крытыку на ім Чарвякоў застрэліўся ў службовым кабінеце. Шаранговіча такая актыўнасць не ўратавала: яго арыштавалі ўжо летам гэтага ж года і прыгаварылі да расстрэлу. І ў вуліца ў ягоны гонар (дакладней, і вуліца ягонага імя) ёсць у сталіцы Беларусі...