Журналістка збірае грошы на выданне кнігі ўспамінаў афіцэра НКУС

Унук рэпрэсаванага супрацоўніка ДПУ НКУС Іосіфа Ятчэні вырашыў апублікаваць рукапісы свайго дзеда, якія захоўваў некалькі дзесяцігоддзяў. Гэтыя запісы — дакументальнае выкрыццё сталінізму і ўсёй камуністычнай эпохі ў жыцці нашай краіны.

ulej.by

ulej.by

Журналістка Анастасія Зелянкова распачала збор сродкаў на выданне кнігі, заснаванай на рукапісных запісах былога супрацоўніка дзяржбяспекі.
Іосіф Ятчэня паспеў пабываць і ў царскай, і ў Чырвонай Арміі, бачыў на свае вочы рэвалюцыю і зазнаў усе нягоды сталінскага рэжыму. Ён піша, як стаў рэзідэнтам спецслужбаў, чэкістам, а пасля апынуўся «ворагам народа». Прычым не толькі апісвае, што з ім адбывалася, але і спрабуе аналізаваць, чаму так выйшла, шукаць адказ на пытанне, ці правільна ён паступіў і што зрабіў не так?
Іосіф Ятчэня падрабязна распавядае пра тое, што яму давялося перажыць у «амерыканцы», пра катаванні і метады НКУС, пра людзей — ахвяраў і катаў, — з якімі яго звёў лёс. Ён таксама апавядае, як ратаваўся ў вайну адразу ад двух супернікаў — савецкіх уладаў, якія лічылі яго «нядобранадзейным», і нямецкіх акупантаў — ужо як былы супрацоўнік органаў. Піша, як працаваў бухгалтарам пры акупацыйным рэжыме і як пайшоў у партызанскі атрад, дзе бачыў марадзёрства, п'янства і бязмежжа.
У кнізе ёсць таксама мноства спасылак і гістарычных даведак. Каб пацвердзіць праўдзівасць апісанага, зроблена спроба (у большасці выпадкаў паспяховая) адшукаць у дакументах усіх тых, пра каго згадваецца ў дзённіках. Ёсць таксама звесткі, якія ўдалося здабыць у архівах КДБ Беларусі адносна самога Іосіфа Ятчэні.
Гэтая кніга не толькі для тых, хто цікавіцца тэмай рэпрэсій і сталінскага тэрору, але і для тых, каму цікава зірнуць на пераломныя гістарычна падзеі 20 стагоддзя вачыма непасрэднага іх удзельніка.
Выданне кнігі «Дзённікі афіцэра НКУС» запланавана на жнівень.