Камунізм у сучаснай Беларусі

У 1997 годзе ў Францыі выйшла аб’ёмная (780 старонак) «Чорная кніга камунізму». Злачынствы, тэрор, рэпрэсіі. У кнізе сцвярджаецца, што камунізм у свеце адзначыўся 95 мільёнамі ахвяр.

7_listapada_2017._fota_paula_aksinovicza.jpg

У 2001 годзе кніга была перакладзеная на рускую мову і выйшла ў Расіі вялікім на той час накладам у 130 тысяч асобнікаў. Пра камунізм наогул напісана процьма кніг і артыкулаў. Разам з тым, у свеце і Беларусі пашыраецца ўплыў ідэй камунізму, свет «лявее», як пішуць палітолагі.

Што такое камунізм?

Перш, чым аналізаваць стан камунізму ў Беларусі, неабходна вызначыць, як беларусы разумеюць гэтае складанае паняцце, і што ёсць сучасны камунізм у Беларусі на самай справе. Іншымі словамі — што такое камунізм на побытавым узроўні і на больш-менш навуковым.

Каб знайсці адказы на першую частку, я арганізавала два апытанні — у сваім аграгарадку Забалоцце, дзе зараз жыву, і ў Мінску, сярод былых і сучасных суседзяў, знаёмых, сяброў, іх дзетак і ўнукаў. Гэта было не тыповае сацыялагічнае апытанне толькі па аднолькавых фармулёўках, але больш размова, каб людзі разумелі дакладна, што мяне цікавіць. І хоць гэтую выбарку нельга лічыць сапраўдным навуковым сацыялагічным даследаваннем і распаўсюджваць на ўсё беларускае насельніцтва, яе высновы цікавыя — не ў колькасным плане, але ў якасным.

Значная частка маіх вясковых «рэспандэнтаў» станоўча ацэньваюць камунізм, гарадскіх — адмоўна (прыкладна, як +90% і –80%). Вяскоўцы, якія так ці інакш ведаюць пра калектывізацыю, вынішчэнне хутароў (у нас у раёне такіх людзей ужо засталося няшмат, але яны перадалі дзецям сваё стаўленне, хоць і не ўсе) і складаюць 10 адмоўных працэнтаў да камунізму. Станоўча выказаліся пра камунізм так званыя «ідэйныя камуністы» — настаўнікі, былыя супрацоўнікі партапарату, тыя, хто ў савецкія часы добра жылі ў матэрыяльным плане.

20081211_3_kom_logo_1.jpg


Цікава, што жыхары не Мінска, калі казалі пра камунізм, мелі на ўвазе найперш рэальныя падзеі са свайго жыцця (прыгадваюць, як райкам КПБ дапамог, як цікава было ў камсамоле, піянерах і іншае), жыхары Мінска адмоўна ставіліся пераважна да камуністычнай ідэі (як яны яе разумелі), называлі яе ўтапічнай. Моладзь наогул не хацела размаўляць на гэтую тэму, бо лічыла яе не карыснай і не цікавай для свайго будучага жыцця, адказвала тэлевізійнымі штампамі.

Разам з тым, камунізм у сучаснай Беларусі ёсць вынікам амаль 75-гадовага жыцця насельніцтва ў складзе СССР-БССР. Ён не толькі культываваўся дзяржавай, але і быў формай жыцця не менш чым трох пакаленняў. Памяць пра гэтае жыццё, яго найбольш яскравыя старонкі — і ёсць аснова ўяўленняў сучасных беларускіх людзей пра камунізм.

З навуковага погляду (аналізу выступаў кіраўнікоў дзяржавы, прынятых законаў, арганізацыі сістэмы дзяржкіравання, дзяржаўнага выхавання, публікацый у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, манаграфій, перадач БТ, ушанавання падзей і людзей, твораў мастацтва, у тым ліку літаратуры і іншае) камунізм у сучаснай Беларусі ёсць сукупнасць поглядаў на развіццё эканомікі, палітыкі Беларусі, арганізацыю дзяржаўнага выхавання, нацыянальнае і дзяржаўнае развіццё. Гэтыя погляды складаюцца не толькі з тэарэтычных пасылаў, але ўтрымліваюць і канкрэтныя прапановы дзеянняў. Важна разумець, што яны звязаныя непарыўна — эканоміка дапамагае палітыцы, тэорыя — практыцы, існуюць у камуністычнай сістэме. Дэфармацыя ў адным з блокаў гэтай сістэмы вядзе да змяненняў у іншых. Гэта стварае ілюзію пазбаўлення ад камунізму, але пакуль уся сістэма не разбураная, камунізм працягвае існаваць.

Змяняюцца назвы (напрыклад, прэзідэнт аналагічны пасадзе першага сакратара КПБ, Адміністрацыя прэзідэнта і яе аддзяленні ў рэгіёнах адпавядаюць структурам і дзейнасці ЦК КПБ і райкамаў КПБ, «варожыя класы» замененыя «апазіцыяй» і іншае), але сутнасць застаецца нязменнай.

Камунізм у сучаснай Беларусі захаваў адметныя рысы савецкага камунізму (можна таксама сказаць «бальшавіцкага камунізму»), у некаторых напрамках яго нават развілі, дый развіваюць дагэтуль.

kisspng_anti_communism_communist_symbolism_leninism_clip_a_ban_cliparts_5aa24c13e1afa3.3650095815205857479244.jpg


Рысы камунізму

Я вызначаю толькі асноўныя адметныя рысы савецкага камунізму, якія з невялікай трансфармацыяй найбольш характэрны для насельніцтва і элітаў Беларусі:

1. Разуменне беларускага грамадства як класавага грамадства, наяўнасць «варожых» класаў, груп, неабходнасць іх абмежавання (класічныя прыклады — прадпрымальнікі як «вашывыя блохі», «нацыяналісты», «свядомыя» і іншыя), а народа — працоўных, рабочых, сялян, — як тых, хто заўсёды мае рацыю і падтрымлівае ўладу.

2. Разуменне беларускай дзяржавы як патэрналісцкай (дзяржава павінна забяспечыць кожнаму жыхару пэўны шэраг сацыяльных і палітычных дабротаў).

3. Татальны характар уздзеяння дзяржавы, у ідэале — на ўсе сферы жыцця чалавека і грамадства, прыярытэт інтарэсаў дзяржавы над любымі іншымі формамі інтарэсаў, і найперш над інтарэсамі асобы.

4. Нівеляванне і прыніжэнне значнасці асобы ва ўсіх сферах дзяржаўнага жыцця, адносіны да чалавека як да «вінціка дзяржаўнай машыны».

5. Бюракратызацыя ўсіх форм дзяржаўнага і грамадскага жыцця, вылучэнне кіруючай бюракратыі ў закрытую касту.

6. Выключная роля спецслужбаў у дзяржаве і грамадстве, апора на іх як на гаранта развіцця, у першую чаргу, эканамічнага і палітычнага;

7. Прыніжэнне ролі прыватнай уласнасці ў эканамічным развіцці, узнаўленне і ўдасканаленне ў Беларусі так званай «нэпаўскай мадэлі камуністычнага развіцця».

8. Наяўнасць у дзяржаве і грамадстве адзінай пануючай ідэалогіі, на падставе якой адбываецца размежаванне на «сваіх» і «чужых», падтрыманне ўладамі гэтага размежавання, арганізацыя барацьбы з «ворагамі» і да таго падобнае.

9. Падыход з боку дзяржавы да ўсіх праяваў нацыянальнага як да варожага, накіраванага на задавальненне інтарэсаў ці варожых класаў, ці варожых дзяржаў.

10. Адносіны да нацыянальнай мовы толькі як да сродку, з дапамогай якога можна больш глыбока ўкараніць у грамадстве пануючую камуністычную ідэалогію і культуру, адпрэчванне наяўнасці ў беларусаў магчымасцяў з дапамогай роднай мовы больш шырока і глыбока адлюстроўваць своеасаблівасці свету, аспрэчванне каштоўнасцяў нацыянальнай культуры, наяўнасці і каштоўнасці для людзей нацыянальнай літаратуры і іншае.

11. Умацаванне і развіццё бязбожжа, «праваслаўнага атэізму» як пануючай рэлігіі.

12. Персаніфікаванае ўяўленне аб магчымасцях дзяржаўнага і грамадскага развіцця, панаванне «культу кіруючай асобы».

13. Выхаванне ў людзей адсутнасці патрэбы ў свабодзе, нівеляванне свабоды як галоўнага дасягнення развіцця адносін паміж дзяржавай і чалавекам, як галоўнай каштоўнасці чалавека.

Асноўныя і неасноўныя рысы камунізму ў сучаснай Беларусі маюць найбольшае ўвасабленне ў наступных формах жыцця чалавека, грамадства і дзяржавы:

  • светапоглядзе;
  • ідэалогіі;
  • культуры;
  • маралі;
  • адукацыі;
  • формах арганізацыі грамадства;
  • формах арганізацыі дзяржаўнага кіравання;
  • эканоміцы;
  • формах уяўленняў пра гістарычнае жыццё Беларусі і беларусаў;
  • формах арганізацыі навукі;
  • міфах;
  • героях, асобах, што патрабу­юць грамадскага ўшанавання;
  • сімвалах (дзяржаўных, тэрытарыяльных, арганізацый і іншага).


fota_paula_aksinovicza2.jpg


Светапогляд

Тыя, хто атрымаў вышэйшую адукацыю да сярэдзіны 1990-х гадоў, дакладна ведаюць, што камуністычны светапогляд быў абавязкова партыйны. Тады пісалі: «Партыйнасць светапогляду мае на ўвазе класавы падыход да ацэнкі сацыяльных і прыродных працэсаў, абавязвае наўпрост і адкрыта станавіцца на пункт погляду пэўнай грамадскай групы. Адметнай рысай камуністычнага светапогляду з’яўляецца непарыўная сувязь яго з навуковымі ведамі, якія не зводзяцца да простай сумы фактаў і законаў, а выступаюць як частка, праява, пацвярджэнне дыялектыка-матэрыялістычнага погляду на свет.

Разглядаючы навуковы светапогляд як спосаб асэнсавання, разумення і ацэнкі аб’ектыўнай рэальнасці, мы вызначаем, што ён уяўляе сабой сувязь паміж рознымі ведамі, ідэямі, паняццямі, якія ўтвараюць пэўную сістэму. У якасці элементаў гэтай сістэмы выступаюць погляды, уяўленні, ідэі, прынцыпы, накіраваныя на высвятленне адносін чалавека да свету, на вызначэнне чалавекам свайго месца ў прыродным і сацыяльным асяроддзі».

Сучасны камуністычны светапогляд беларусаў фармуецца, аднак, ужо не на працытаванай вышэй класічнай аснове, а на крыху падпраўленай пад сучаснасць — так званым наасферным камуністычным светапоглядзе, які распрацоўваецца ў Расіі. Як сцвярджаюць яго апалагеты, «наасферна-камуністычны светапогляд з’яўляецца, па сутнасці, светапоглядным сінтэзам, які вырастае на базе марксісцкага вучэння, тэорыі Вярнадскага і этыка-эстэтычных уяўленнях Івана Яфрэмава, і мае ў сваёй аснове прымат навуковага мыслення (у прыватнасці, сумы эмпірычных абагульненняў), над тэарэтычнымі пабудовамі пазначаных вышэй трох складовых частак».

Праявы гэтага светапогляду лёгка заўважыць у публікацыях беларускіх дзяржаўных выданняў, шматлікіх перадачах БТ. Не буду сцвярджаць, што ўсе аўтары папулярызацыі наасферна-камуністычнага светапогляду робяць гэта свядома. Але, як казалі ў камуністычныя часы, няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці.

На наасферным камуністычным светапоглядзе будуюцца адпаведныя ідэалогія, культура, мараль і адукацыя. У сучаснай Беларусі гэтыя пабудовы ажыццяўляюцца пакуль нераўнамерна. Найбольш заражанымі камунізмам у класічнай і наасфернай форме з’яўляюцца мараль і адукацыя.

Напрыклад, тэзіс наасферцаў пра тое, што «вучэнне аб камунізме павінна перш за ўсё быць заснаванае на ведах, атрыманых навукова-эмпірычным шляхам, а не на філасофскіх або калянавуковых тэорыях. І таму патрэбны менавіта навуковы камунізм, жывая мова навуковага пазнання, а не той схаластычны прадмет, з якім кожны сутыкаўся ў СССР са школьнай лавы», — усё часцей знаходзіць увасабленне і ў школьных, і ў праграмах навучання ў ВНУ. «Адмежаванне, з аднаго боку, ад механістычнага разумення маральнасці, а з другога — ад пазіцыі, якая растоптвае, прыніжае прыроду чалавека, зводзіць яго альбо да ўзроўню жывёлы, альбо да заняпалага твору Божага, — вось шлях сапраўднага камуніста».

stahoddze_kastrycznika__pavel_aksinovicz____8__logo_1.jpg

«Чым збіраемся займацца? Пераконваць, тлумачыць і даказваць, што рэформы ў інтарэсах бізнесу — шлях у галечу, а «нацыянальны гонар» — разводка для дурнаватых. Шукаць прыхільнікаў свету, пабудаванага на іншых прынцыпах — роўнасці і салідарнасці. Свету, не падзеленага на «эліту» і кіраваную масу (так, гэта называецца камунізм)», — пішуць на сваіх сайтах у інтэрнэце сучасныя беларускія прыхільнікі камунізму.

Больш буйнаму развіццю камунізму ў беларускай культуры, адукацыі, ідэалогіі пэўны час актыўна перашкаджалі ідэі неабходнасці першапачатковага нацыянальнага развіцця Беларусі, у тым ліку мовы, літаратуры, жывапісу, музыкі, кіно, тэатру, папулярныя ў грамадстве напрыканцы ХХ — на пачатку ХХІ стагоддзяў. Паколькі класічны савецкі камунізм у Беларусі разглядаў беларускае як рагатку, што перашкаджае камуністычнаму развіццю (канкрэтна пра гэта казаў у свой час сакратар КПБ Кнорын), публічна прапагандаваць камуністычныя погляды ў класічным выглядзе стала непапулярным. Каб зняць гэтую перашкоду, апошнія гады ў краіне стаў практыкавацца прынцып, які ажыццяўляўся ў Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гадоў — беларускі па форме, камуністычны паводле зместу і сутнасці. У гэтым рэчышчы выглядаюць і нядаўнія прапановы ўсталяваць помнікі беларускім камуністам, якія праводзілі палітыку беларусізацыі.

20181107_img_6850_logo_1.jpg


Эканоміка

У класічным камунізме галоўным фактарам развіцця грамадства з’яўляецца эканоміка. Лічыцца, што нявырашаныя праблемы эканомікі зрабілі з Расійскай імперыі СССР, з СССР — Беларусь і іншыя краіны. І калі ў Расіі пасля развалу СССР адразу пачаў развівацца спачатку ліберальны, а потым алігархічны капіталізм, у Беларусі сітуацыя склалася зусім інакш. Яшчэ ў 1980-я гады, калі ў СССР пачаліся працэсы рэарганізацыі жыцця краіны, звязаныя з эканамічнымі крызісамі — так званая «гарбачоўская перабудова», — у БССР на апошнім з’ездзе КПБ перабудоўшчыкі пацярпелі паразу. Яны сталі ў апазіцыю абранаму на з’ездзе кіраўніцтву, што на тыя часы было з’явай неверагоднай, прыцягнулі да сябе ўвагу кіруючых беларускіх элітаў і іх сімпатыі. Акрамя таго, перабудоўшчыкі, якіх падтрымлівала Масква, засталіся на сваіх пасадах у кіраўніцтве БССР. І калі СССР разваліўся, яны паступова занялі кіруючыя пасады ў Беларусі, і пачалі сваю «перабудову».

Сутнасць гэтай перабудовы можна сфармуляваць наступным чынам: камунізм трэба захаваць, ачысціўшы яго ад хібаў савецкага развіцця (рэпрэсій, бюракратызацыі, неэфектыўнай эканомікі, непапулярнасці камуністычных лідараў). Для гэтага была абраная мадэль рэстаўрацыі ў Беларусі палепшанага (з улікам дасягненняў развіцця цывілізацыі) варыянту так званай новай эканамічнай палітыкі. Гэтая мадэль дзейнічае і па сёння. Пэўныя палітычныя колы Расіі паставіліся з цікаўнасцю да «беларускага эксперыменту», доўгі час падтрымлівалі яго матэрыяльна, і нават мелі планы ўзнаўлення СССР праз аб’яднанне Расіі і Беларусі ў адзіную саюзную дзяржаву з далейшым далучэннем да яе і іншых былых рэспублік СССР. Але ў сучаснай Расіі беларускі выбар мадэлі развіцця ўжо лічаць няўдалым.

Кіраўніцтва Беларусі, аднак, актыўна абараняе свой «НЭП». Гэта выклікае розныя эканамічныя і палітычныя праблемы ў стасунках паміж Расіяй і Беларуссю, галоўнай з якіх усё часцей называюць захаванне самой незалежнасці беларускай дзяржавы ў існуючых зараз формах.

Трэба зазначыць, што ўвядзенне «НЭПа» патрабавала «сваіх» форм арганізацыі дзяржавы, грамадства, дзяржаўнага кіраўніцтва, навукі і культуры, якія склаліся ў часы БССР. Гэтыя формы былі цалкам захаваныя пры арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Як ужо заўважана, некаторыя савецкія назвы былі змененыя, а некаторыя нават і не змянялі, як, напрыклад, КДБ.

20181107_img_6763_logo_1.jpg


Улада і грамадства

Найбольш вядомае з таго, што засталося з камуністычных часоў у Беларусі, — гэта так званая «савецкая ўлада». У СМІ часта ўпрыгожваюць сучасную савецкую ўладу рознымі, не ўласцівымі ёй назвамі — напрыклад, «парламент», «мэр» і «губернатар». Але гэта толькі ўпрыгожванні — да заходняй дэмакратыі сучасная беларуская савецкая ўлада не мае дачыненняў. Яна і па назве, і па сутнасці, і па формах існавання і дзеяння застаецца савецка-камуністычнай. Мясцовае кіраванне, якое з’яўляецца важнай часткай любой дэмакратычнай сістэмы кіравання, не мае аніякага дачынення да дзеяння беларускіх сельскіх і гарадскіх саветаў.

Цікава, што засталося і савецкае абыякавае стаўленне людзей да «народнай» улады — улада сама па сабе, людзі самі па сабе. Людзі дазваляюць уладзе абіраць сабе замену, нават прымаюць удзел у выбарчым працэсе, хаця ведаюць, што вынікі напісаных выбараў не маюць ніякага дачынення да сапраўдных вынікаў галасавання і, як і ў савецкія часы, вынікі галасавання іх не цікавяць. Мне неаднойчы распавядалі, як у савецкія часы дасягалі неабходнага выніку «галасавання»: «Зараз прасцей, проста перапішуць пратакол, як трэба, — і ўсе».

Беларускія людзі не любяць савецкую ўладу, але падпарадкоўваюцца ёй, шукаюць у ёй паратунку. Патэрналісцкая апека ўлады, характэрная для савецкіх часоў, засталася і па сёння.

Палітычная сістэма Беларусі ўтрымлівае шэраг арганізацый, адкрыта і неадкрыта маючых камуністычныя ідэі. Легальна існуе нават Камуністычная партыя. І хоць уплыў гэтых партый на палітычнае жыццё Беларусі пакуль мінімальны, не выключана, што ў будучым яны яго пашыраць. На карысць гэтага сведчаць узноўленыя піянерскія і камсамольскія арганізацыі з іх камуністычнай сімволікай, масавыя грамадскія арганізацыі, якія так ці інакш фінансуюцца дзяржавай.

20181107_img_7045_logo_1.jpg


У Беларусі і сёння найбольш публічна ўшанаваныя важныя даты і дзеячы камуністычных часоў — у помніках, назвах вуліц, дзяржаўных устаноў і нават дзяржаўных святаў. Сімвалы — таксама савецкія — і дзяржаўны сцяг, і дзяржаўны гімн, і паўсюдныя чырвоныя зоркі, і помнікі Леніну. Можна колькі заўгодна казаць, што савецкая сімволіка — турыстычны брэнд, адметнасць Беларусі, але важна зусім іншае. Штодзённая беларуская падсвядомасць фармуецца пад уплывам камуністычнага светапогляду.

Уяўленні пра гістарычнае жыццё беларусаў — у большасці савецкія не толькі па падзеях, якія трэба мець у памяці, але і па іх ацэнках. Асабліва гэта выяўляецца ў ацэнках тых ці іншых гістарычных падзей для вызначэння іх каштоўнасці для развіцця Беларусі, беларускай свядомасці, беларускай дзяржаўнасці.

Спецслужбы з судовымі рэпрэсіямі — як і ў савецкія часы — галоўны рухавік беларускага прагрэсу. Яны маюць уласцівую толькі для бальшавіцкага камунізму функцыю: з’яўляюцца своеасаблівымі «чысцільшчыкамі» кіруючага апарату, ажыццяўляюць барацьбу з непазбежнай для камуністычнай эканомікі карупцыяй.

Ёсць некаторыя адрозненні: турэмнае зняволенне па палітычных артыкулах «за антысавецкую прапаганду» замененае і замаскіраванае пад адміністрацыйныя парушэнні, артыкулы пра знявагу кіраўніка дзяржавы ды іншае. Але калі ў камуністычнай БССР расстрэльвалі целы за непрыманне камунізму, то зараз расстрэль­ваюць пераважна душы, ламаюць лёсы.


Працяг будзе