Доктар Леніна супраць COVID-19

Лекар з Гомеля яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя распрацаваў метад лячэння, які, магчыма, можна выкарыстаць і супраць наступстваў каронавіруса. А ўвогуле доктар Залманаў лічыў, што абуджэнне схаваных сіл арганізма — галоўны складнік у барацьбе з любымі хваробамі.

zalmanov_jv.ru.jpg


Праніклівы погляд і адчувальныя рукі

У 1875 годзе ў сям’і Саламона Залманава ў павятовым Гомелі нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Абрамам. Бацька служыў настаўнікам у Гомельскім габрэйскім вучылішчы, але фанатычнай прыхільнасці да іудаізму не меў. І праз некалькі гадоў прыняў хрысціянства, а сыну свайму пры хрышчэнні даў імя Аляксандр. Хлопчык рос надзвычай кемлівым, скончыў гімназію з залатым медалём і без праблем паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пры гэтым на 4-м курсе Аляксандр перайшоў на юрыдычны факультэт, а яшчэ — адначасова наведваў лекцыі знакамітага гісторыка Ключэўскага.

Як і вялікая частка моладзі таго часу, студэнт з Гомеля захапляўся рэвалюцыйнымі і сацыялістычнымі ідэямі. Прыкладна тады ж у Маскоўскім універсітэце вучыўся яшчэ адзін гамяльчанін — Пётр Карповіч, пазашлюбны сын памешчыка і сялянкі ды далёкі нашчадак імператрыцы Кацярыны II. У 1899 годзе ў шэрагу ўніверсітэтаў Расійскай імперыі ўспыхнуў страйк, выкліканы самаўпраўнасцю кіраўніцтваў ВНУ. Залманаў не проста ўдзельнічаў у ім, а быў нават адным з арганізатараў усерасійскай студэнцкай стачкі. За што быў арыштаваны царскай паліцыяй і адлічаны з універсітэта. Па мерках злоснага самадзяржаўнага рэжыму, студэнт з Гомелю яшчэ лёгка выкараскаўся. За актыўную грамадзянскую пазіцыю ён мог бы і з’ехаць у Сібір на некалькі гадоў.

Пасля гэтых падзей Залманаў эміграваў у Германію, паступіў на медыцынскі факультэт Гейдэльбергскага ўніверсітэта. У Германіі апынуўся і Карповіч, які зблізіўся з гуртком народавольніцкага кірунку.

Пры гэтым частку ўдзельнікаў студэнцкіх выступленняў аддалі ў салдаты. У знак пратэсту супраць гэтага двое маладых людзей нават скончылі жыццё самагубствам. А Карповіч вярнуўся ў Расійскую імперыю і 12 лютага 1901 года ад імя партыі эсэраў смяротна параніў рэакцыйнага міністра адукацыі Багалепава.

Аляксандр Залманаў у сваім служэнні народу пайшоў па іншым шляху — навукі і медыцынскай практыкі. Скончыўшы ўніверсітэт у Гейдэльбергу, ён працаваў там асістэнтам неўрапатолага. У 1906 годзе ён пераехаў у італьянскі горад Нэрві пад Генуяй, дзе ўзначаліў курортную лякарню. Тут ён працягнуў займацца навуковымі пошукамі разам з лекарамі Мандэльбергам і Майсеевіч. Як сказана ў рэкламнай абвестцы таго часу, лякарня знаходзілася ў «трапічным парку каля мора». Тут лячыліся пацыенты з лёгачнымі і сардэчнымі захворваннямі. Каштавала лячэнне нямала — 6–8 рублёў на суткі. Але адначасова Залманаў аказваў дапамогу расійскім палітэмігрантам. І разам з іншымі лекарамі і журналістамі заснаваў «Таварыства міласэрнасці для рускіх бежанцаў». Палітуцекачы былі заўсёднікамі і арганізаванай Залманавым бібліятэкі.

Напрыклад, там жыла эсэрка Алена Грыгаровіч, якая ўваходзіла ў баявую групу Барыса Савінкова, мастачка, антрапасофка і сяброўка Канстанціна Бальмонта. На віле ў Залманава папраўляў здароўе і легендарны народаволец Герман Лапацін, які адбыў 22 гады адзіночнага зняволення ў Шлісельбургу. Тут жа жыла і лячылася ад сухотаў яго пляменніца Злата Лапаціна, студэнтка Генуэзскага ўніверсітэта. На цяжкую хваробу сэрца пакутавала і жонка самога доктара, графіня Вольга Эмануілаўна з арыстакратычнага роду Сіверс. Ужо тады доктар Залманаў актыўна рэкамендаваў сваім пацыенткам сонечныя ванны ды прымушаў тых гадзінамі прымаць іх на саламяных крэслах на тэрасе.

У Італіі ўраджэнец Гомеля хутка стаў сваім. «Рухавы, поўны гумару, маленькага росту, з праніклівымі вачыма, з вечнай папяросай у роце і рукамі, надзвычай адчувальнымі, гэты чалавек пражыў жыццё, падобнае на раман», — так апісваў Залманава яго італьянскі вучань, будучы прафесар медыцыны і прадаўжальнік яго справы Марыё Манчыні.

У 1911 годзе доктара напаткала няшчасце — яго жонка Вольга, здароўе якой ужо пайшло на папраўку, пасля паездкі ў Парыж прастыла і раптоўна памерла. Другой жонкай лекара стала яе сяброўка Злата Лапаціна, пляменніца нарадавольца.

У тым жа 1911 годзе Залманаў атрымаў італьянскі дыплом доктара медыцыны, стаў чальцом Каралеўскай акадэміі медыцыны ў Генуі. У Расіі ж ён першым укараніў метад пнеўматораксу пры сухотах лёгкіх — праз Ваенна-медыцынскую акадэмію. З пачаткам Першай сусветнай вайны Залманаў палічыў сваім абавязкам вярнуцца дадому і аказваць дапамогу людзям. Ужо праз дзесяць дзён пасля пачатку баявых дзеянняў доктар быў на фронце. Ён узначаліў санітарны цягнік і асабіста вывозіў з перадавой параненых, праводзіў хірургічныя аперацыі. Затым быў начальнікам ваенных шпіталяў у Маскве. Былы «палітычны» атрымаў медыцынскі чын, роўны званню генерала. Адначасова ён з’яўляўся рэдактарам медыцынскага часопіса Маскоўскай гарадской управы, дзе публікаваў вынікі сваёй навуковай дзейнасці, якую не спыняў нават ва ўмовах сусветнай вайны.


Выдалены ад Леніна за добрае лячэнне?

Рэвалюцыю 1917 года сацыяліст Залманаў вітаў. У 1918 годзе ён працягваў працаваць у інфекцыйным і тэрапеўтычным шпіталях у Маскве. А ў жніўні 1918 года быў прызначаны першым начальнікам Галоўнага курортнага ўпраўлення і загадчыкам Дзяржаўнай камісіі па барацьбе з сухотамі, — страшным бічом таго часу. У Маскве Залманаў заснаваў бальнеалагічны інстытут. Звыклымі бясплатнымі санаторыямі, якія з’явіліся ў СССР, мы абавязаныя шмат у чым і гэтаму лекару з Гомеля.

У кастрычніку 1918 года доктара выклікалі для лячэння старшыні Саўнаркома Уладзіміра Леніна, яго жонкі Надзеі Крупскай і сястры Марыі Ульянавай. Тэрапія, відавочна, была настолькі паспяховай, што Ульянаў-Ленін у 1921 годзе асабіста падпісаў Залманаву дазвол на выезд за мяжу.

Паводле іншай версіі, Залманава адправілі за мяжу змоўшчыкі ў партыі. Маўляў, хвораму Леніну стала значна лепш пасля прапісаных яму шкіпінаравых ваннаў, і, калі б Абрам Саламонавіч і далей быў асабістым лекарам Уладзіміра Ільіча, Іосіф Вісарыёнавіч так бы і не змог прыйсці да ўлады. Зрэшты, гэта ўжо чыстай вады канспіралогія — і зусім іншая гісторыя. Але, паводле некаторых звестак, і сам Сталін пасля лячыўся і амалоджваўся па методыцы доктара Залманава.

Аляксандр Залманаў выехаў за мяжу для вучобы і працягу навуковай працы. Але пасля стаў «невяртанцам». З якой прычыны — гэта пакуль таксама з’яўляецца «белай плямай» у яго біяграфіі. Магчыма, доктар някепска разбіраўся не толькі ў медыцыне, і змог паставіць дыягназ далейшаму развіццю палітычнага рэжыму на чале са Сталіным. Лекар Залманаў больш ніколі не вярнуўся ў СССР. Але, тым не менш, ён да канца жыцця захоўваў пашпарт і лічыў сябе савецкім грамадзянінам.

Збярог Залманаў і дазвол на выезд за мяжу, падпісаны «правадыром сусветнага пралетарыяту». Хутчэй за ўсё, гэты дакумент выратаваў доктару жыццё. Бо ў 1937 годзе шматлікія выбітныя савецкія навукоўцы былі рэпрэсаваныя новай «ахранкай» — НКУС. Блізкасць да Леніна і актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху ў дадзеным выпадку былі не індульгенцыяй, а абцяжарваючай акалічнасцю. Фактычна, знішчыўшы старых сацыялістаў, сталінская бюракратыя зрабіла ў СССР контррэвалюцыйны міні-пераварот.

Як бы ні было, але далейшая лекарская і навуковая дзейнасць Абрама-Аляксандра Залманава ўжо праходзіла за мяжой. Доктар дасканала валодаў пяццю замежнымі мовамі, што дазваляла яму лёгка арыентавацца ў апошніх дасягненнях сусветнай навукі. На працягу 8 гадоў Залманаў наведваў шпіталі і клінікі медыцынскага факультэта Берлінскага ўніверсітэта, працаваў у патолагаанатамічным інстытуце, інстытуце фізіялогіі і калоіднай хіміі.

Ужо пасля смерці Сталіна, у 1958 годзе ў СССР была выдадзена кніга Залманава «Таемная мудрасць чалавечага арганізма». Праўда, у яе ўвайшлі не ўсе прапанаваныя ім метады. Частка з іх была выдалена з асноўнага выдання і выдадзена асобнай брашурай «для ўнутранага карыстання». Мабыць, афіцыйныя медыкі баяліся, што простая, але надзейная рэцэптура неардынарнага доктара будзе выкарыстоўвацца знахарамі і лекарамі. Аляксандр Залманаў выдаў і шэраг іншых прац.

Памёр Абрам Саламонавіч у Францыі ў 1964 годзе, ва ўзросце 88 гадоў.

foto_doktor_zalmanov__bagira.guru.jpg


Абуджэнне ўнутранай сілы

Сёння кнігі Аляксандра Залманава перавыдаюцца і, нібыта, перажываюць другое нараджэнне. Але чаму ўсё ж навуковец з сусветным імем у свой час аказаўся ў нас такім незапатрабаваным? І з-за чаго памяць пра гэтага выдатнага медыка ў нашым рэгіёне дагэтуль не ўвекавечаная?

Прычыны тут могуць быць розныя. Напрыклад, у яго біяграфіі ёсць пляма: у гады Другой сусветнай вайны Абрам Залманаў, па чутках, лячыў кіраўнікоў «Трэцяга рэйха». Наўрад ці з ідэйных сімпатый — але ж як лекар ён абавязаны лячыць любога хворага? Дый, магчыма, і выбару ў яго папросту не было. Але, хутчэй за ўсё, гэта не прычына забыцця — мажліва, проста нагода, якую выкарыстоўваюць яго праціўнікі.

Яшчэ пры жыцці ў доктара Залманава хапала як ворагаў, так і апанентаў. Можа, уся справа ў тым, што прапанаваная ім методыка лячэння заснаваная перш за ўсё на абуджэнні натуральных сіл арганізма. І далёка не ўсім прадстаўнікам старой забюракратызаванай, і цяперашняй манетызаванай медыцыны такі падыход падабаецца. І, канешне, ён проста супрацьпаказаны для бізнесу і магутных фармацэўтычных карпарацый.

Аляксандр Залманаў з’яўляўся буйным спецыялістам у геранталогіі (навуцы пра старэнне арганізма і яго запаволенне), курорталогіі і шэрагу іншых напрамкаў. Напрыклад, ім яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя было складзенае падрабязнае апісанне курортных мясцовасцяў Усходняй Рыўеры, даследаваныя лячэбныя ўласцівасці італьянскага клімату. Пра яго ролю ў арганізацыі савецкай курортнай справы мы ўжо казалі.

Пасля Другой сусветнай вайны доктар Залманаў працаваў у Францыі. І, нібы зазіраючы ў будучыню, пісаў пра рост колькасці французскіх пенсіянераў: «Трэба паміраць у 90 гадоў. Трэба захаваць грамадскую каштоўнасць, чалавечую годнасць да апошняга ўздыху. Трэба даць старому магчымасць зарабляць, для дзяржавы і для падаткаплацельшчыка гэта самая здаровая эканомія; для старога — адзіная магчымасць, дзеля якой варта жыць».

Прычынай дачаснага старэння з’яўляецца клеткавае старэнне, якое шмат у чым выклікана недастатковым капілярным харчаваннем клетак крывёю. Узроставым зменам арганізма Залманаў даваў наступную характарыстыку: «Старасць можа быць вызначана як паступовае высыханне арганізма з прычыны паступовага закрыцця капіляраў». Гэта вядзе да парушэнне клеткавага метабалізму, і, як вынік, — да старэчага перараджэння. Бо клетка — гэта арганізм чалавека ў мініяцюры. «Усякая хвароба — гэта мясцовае ці агульнае прыпыненне руху жыцця, без прыпынку кровазвароту, без перашкоды руху пазаклеткавай вадкасці няма хваробы», — лічыў Залманаў. Тыя ж пнеўманіі, такія пагібельныя ў сталым узросце, і нізкую супраціўляльнасць рэспіраторным інфекцыям можна перамагчы праз стымуляванне лёгачных капіляраў і альвеолаў.

На думку Залманава, «капілярная тэрапія» можа адыграць вялікую ролю ў аздараўленні і амаладжэнні чалавека. Актывізацыя кровазвароту за кошт дробных сасудаў здольная даць каласальны эфект. Тым больш, што ў буйных сасудах і органах засяроджана толькі 10 працэнтаў агульнага аб’ёму крыві.

Аляксандр Залманаў адным з першых прапанаваў развіваць супрацоўніцтва медыцыны не толькі з хіміяй і біялогіяй, але і з фізікай. Чалавечы арганізм ён вобразна прыпадабняў да рэактару, у якім штосекундна адбываецца мноства мікравыбухаў з вылучэннем велізарнай колькасці энергіі. Прычым гэтыя «выбухі» ў чалавечым рэактары могуць быць як стваральныя, так і разбуральныя. Навучыцца кіраваць імі — важная задача.

Апелюючы да міждысцыплінарнага сінтэзу навук, доктар Залманаў дамагаўся лекавання самымі простымі і даступнымі сродкамі. Актывізацыі капілярнага кровазвароту ён дасягаў з дапамогай простых прэпаратаў на аснове шкіпінару. Лячэбныя ўласцівасці субстрату хваёвай «жывіцы» здаўна былі вядомыя беларускім сялянам. Залманаў сцвярджаў, што шкіпінаравыя ванны — «гэта сапраўдная гімнастыка для капіляраў і перавыхаванне органаў кровазвароту». Яго шкіпінаравыя ванны былі прынятыя ў якасці лячэбнага метаду Міністэрствам аховы здароўя Францыі. А прэпарат «Скіпафіт» да гэтага часу прадаецца ў кожнай аптэцы.


Стары метад супраць новых выклікаў

zalm_kniga.jpg



А што ж каронавірус? У часы нашага лекара COVID-19 яшчэ не быў вядомы. Але выпадкі запалення лёгкіх былі частымі, а ў 1918–1919 гадах грып «іспанка» забіў ад 50 да 100 мільёнаў чалавек. Залманаў у ліку іншага зай­маўся і лёгачнымі захворваннямі, і інфекцыйнымі. У сваёй кнізе ён робіць цікавыя назіранні, што на скуры і ў арганізме амаль кожнага чалавека жыве велізарная колькасць самых розных мікробаў, да газавай гангрэны і слупняку ўключна. Але толькі ў пэўных сітуацыях яны выклікаюць захворванне. Да правакуючых фактараў доктар Залманаў адносіў псіхічную дэпрэсію, капілярны застой і многае іншае. «Але перш чым ужываць антыбіётыкі, дайце дзейнічаць “полібіётыкам”, — заўважаў Залманаў. — Для гэтага трэба аднавіць кровазварот у капілярах, то-бок ачысціць кроў, аднавіць яе цыркуляцыю, выдаліць з крыві шкодныя рэчывы, адкрыць дарогу фагацытозу, абмыць мікробы цыркуляванай плазмай; тады яна склеіць, прэцыпітуе, абясшко­дзіць і ліквідуе мікробаў, як вада ў рацэ ліквідуе свой бруд, таму што ў кожнай кроплі крыві больш антыцелаў, чым ва ўсіх лабараторыях свету».

Ужо ў 1958 годзе Залманаў робіць амаль што прарочае прадказанне: «Працягласць жыцця чалавека ёсць вынік яго звычак, ладу жыцця, які ён вядзе. Зніклыя было эпідэміі, якія раней выносілі шмат жыццяў, зноў узнікаюць у наш час з прычыны фізічных і душэўных парушэнняў, з прычыны дэмагогіі, палітычнай хлусні (найвялікшай сацыяльнай хваробы), з прычыны татальных войнаў і памылак навукі».

Навуковец Залманаў зусім не ідэалізуе магчымасці навукі і стан сучаснай яму медыцыны. Ён звязвае яе крызіс і з таталітарнымі рэжымамі, і з грамадствам спажывання: «Сучасная медыцына, якая спрабуе шляхам фармакадынамічнай хіміі дамагчыся хуткага паказальнага акрыяння і не думае пра фізіялагічную будучыню хворых, народжана ў ваенны і пасляваенны перыяды 1914 і 1945 гадоў. Дзве сусветныя вайны і іх пагроза, «халодная вайна», розныя ідэалогіі, норавы, таксама радыкальна змянілі тэрапію і прынцыпы рацыянальнага нагляду за хворымі.

Да жніўня 1914 года клініка, арганізуючы дагляд за параненымі і хворымі, кіравалася ідэямі прафілактычнай медыцыны, пазбягала паскарэння этапаў нармальнай эвалюцыі хвароб, маючы на ўвазе натуральныя ахоўныя рэакцыі самога хворага арганізма.

Сучасная медыцына — гэта дзіўнае спараджэнне перыяду велізарных сацыяльных пераваротаў, рэвалюцый, контррэвалюцый, дыктатур разнастайных афарбовак (“чырвоных”, “сініх”, “карычневых”, “белых”, “зялёных” і іншых) — была вымушана хутка задавальняць патрэбы армій па ходзе бою. Патрабавалася неадкладна апераваць, ставіць на ногі параненых байцоў і хворых для хуткага папаўнення стратаў. У сувязі з гэтай катэгарычнай непазбежнасцю медыцына ва ўсіх краінах добра выконвала свой абавязак.

Пры вяртанні ж да нармальнага жыцця медыцынская думка павінна была ацаніць карысныя набыцці (хоць іх было мала), знайсці згубленыя шляхі прафілактычнай медыцыны, каб прадбачыць цяжкія ўскладненні і пазбягаць іх у будучыні.

З 1914 года падвоілася колькасць флебітаў, артэрыітаў, захворванняў сэрца. Трэба берагчы сценкі вен, берагчы нармальны склад крыві, трэба скараціць занадта вялікую колькасць унутрывенных уліванняў.

Трэба даць сабе справаздачу ў тым, што лішак антыбіётыкаў у час уздыму тэмпературы забівае ахоўныя сілы арганізма, робіць яго алергічным, на шмат месяцаў пазбаўляючы супраціўляльнасці. Трэба скараціць колькасць вакцынацый. Нерацыянальна знішчаць неабходны для арганізма сімбіёз з мікробамі. Без падземных бактэрый наша глеба не магла б даць нам збожжа, гародніны і садавіны.

Злоўжыванне антыбіётыкамі, паўтораныя вакцынацыі, памяншаючы вірулентнасць розных відаў мікробаў, культывуюць устойлівыя ультравірулентныя мікробы і абяззбройваюць арганізм перад многімі інфекцыйнымі захворваннямі.

Род чалавечы з’явіўся на Зямлі, ён схільны тым жа ўплывам, што і наша планета. Чалавек павінен адаптавацца да зменаў клімату згодна сезонам, зменаў тэмпературы ў розных геаграфічных паясах. Авіяцыя, што пераносіць нас за некалькі гадзін з Аляскі ў Бразілію, з Паўночнага полюсу на экватар, патрабуе вельмі хуткай адаптацыі да рэзкіх зменаў тэмпературы і атмасфернага ціску.

Празмерная колькасць людзей у вялікіх гарадах, дзе атмасфера атручаная сажай, дымам, выдзяленнем газаў незлічонымі машынамі, прымушае наш арганізм адаптавацца да жыцця пры вялікім кіслародным дэфіцыце. Дадайце да гэтага паўсюднае прагрэсуючае заражэнне радыеактыўнымі рэчывамі — і вы зразумееце, што чалавецтва перажывае перыяд вялікай біялагічнай рэвалюцыі, якая можа справакаваць у будучых пакаленняў не толькі функцыянальныя, але і структурныя змены.

Чалавечыя натоўпы, атупелая ад спорту (прагляду спартыўных шоу. — Ю.Г.), радыё, тэлевізара, ад газетнага дурману, ад стэрыльнага навучання ў дзяржаўных школах (дагматычнага, амаральнага, антыграмадзянскага), працягваюць свае скокі смерці на апакаліптычным вулкане».

Але вернемся ўласна да тэрапіі. Сёння ў інтэрнэце выкладзены відэазапіс аднаго ізраільскага лекара. У стадыі, калі вірусная інфекцыя ўжо выклікала пнеўманію і фіброз лёгкіх, ён прапануе гарачыя абкручванні грудной клеткі па методыцы доктара Залманава. І сапраўды, у кнізе «Таемная мудрасць чалавечага арганізма», напісанай вельмі жывой і амаль паэтычнай мовай, абкручванні і стымулюючыя дыханне ўколы камфары прыпадабняюцца да «праветрывання чалавечага арганізму». Залманаў рэкамендаваў абгортваць грудную клетку хворага на пнеўманію змочанымі ў гарачай вадзе ручнікамі, але па адмысловай тэхналогіі.

Не будучы спецыялістамі, мы не бярэмся каментаваць гэты метад. Аднак акадэмік Класоўскі ўхвальна адгукаўся пра неспецыфічную тэрапію Залманова, у тым ліку і пра метад абкручвання. Па выніках такога лячэння яшчэ ў пецярбургскіх клініках паказвалася, што жыццёвая ёмістасць лёгкіх у сярэднім павялічвалася з 52 да 83 працэнтаў. Мы ж проста канстатуем: і праз шмат гадоў многія простыя метады лячэння, прапанаваныя нашым земляком застаюцца дзейснымі.

Пры гэтым доктар Залманаў зусім не адмаўляў і не грэбаваў традыцыйнымі метадамі сучаснай яму медыцыны. Але ўсё ж рэкамендаваў без патрэбы не злоўжываць рэнтгенам, унутрывеннымі ўколамі, што траўмуюць сценкі сасудаў, антыбіётыкамі і іншымі моцнадзейнымі прэпаратамі. Катэгарычна выступаў і супраць папулярнага ў яго час электрашоку.

А прапанаваны доктарам з Гомеля прынцып абуджэння ўласных сіл арганізма з’яўляецца надзвычай актуальным і ў нашы дні — на фоне маштабнай пандэміі небяспечнай інфекцыі і іншых медыцынскіх праблем.