Чалавек, які вярнуў народу мову. Эліэзэр Бен-Ягуда

Гісторыя яўрэйскага народа пакутлівая і гераічная. Нацыя не толькі здолела выжыць, але і квітнее зараз. Не менш ашаламляльнай ёсць і гісторыя адраджэнне нацыянальнай мовы гэтага народа — іўрыту — гісторыя, якой, напэўна, няма аналагаў у свеце.

Эліэзэр Бен-Ягуда за працай

Эліэзэр Бен-Ягуда за працай

Кожны год у студзені адзначаецца дзень іўрыта, бо менавіта ў гэтым месяцы роўна 165 год таму 7 студзеня 1858 года нарадзіўся бацька сучаснай яўрэйскай мовы Эліэзэр Бен-Ягуда.

Мары юнацтва

Будучы яўрэйскі адраджэнец нарадзіўся ў мястэчку Лужкі, цяпер гэта аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці. І пры нараджэнні атрымаў імя Лейзер-Іцхок Перэльман. Яго бацькі — Ягуда і Фейга Перэльманы — былі веручымі людзьмі, чыталі псалмы на іўрыце. Біблейскі іўрыт на той момант захаваўся толькі менавіта ў такой ролі, мовы літургіі і рэлігійных тэкстаў, і даўно выйшаў са звычайнага гутарковага ўжытку.

Сын хасідаў, Лейзер-Іцхок атрымаў традыцыйную рэлігійную адукацыю ў мясцовай ешыве. Але менавіта ў ёй, дзе ён мусіў прыкладаць усе намаганні па вывучэнні Торы, ён пачаў цікавіцца не рэлігіяй, а свецкімі навукамі. Урэшце зразумеўшы, што рабін з яго не атрымаецца, юнак перайшоў у рэальную вучэльню ў горадзе Дынабург, сучасным Даўгаўпілсе. Пры гэтым ён быў проста апантаным яўрэйскай літаратурай, ахвотна чытаючы яўрэйскія перыядычныя выданні, асабліва тыя, якія тычыліся сіянізму. Для яго яўрэйскі нацыяналізм стаў спосабам прыняць іўрыт без рэлігіі.

Ён знаходзіў натхненне ў еўрапейскіх вызваленчых рухах таго часу. У ХІХ стагоддзі Італія і Грэцыя — дзве краіны, са старажытнымі мовамі і культурамі — сталі незалежнымі дзяржавамі. У 1876 годзе, за год да заканчэння ім вучэльні, у Балгарыі адбылося антыасманскае Красавіцкае паўстанне. Жорстка задушанае, яно тым не менш прынесла вядомасць балгарскаму нацыянальнаму руху. Усе гэта моцна на яго паўплывала.

Пасля заканчэння вучобы ў 1877 годзе ён на чатыры гады з’язджае ў Парыж вучыцца медыцыне. Знаходзячыся там, ён вывучаў у Сарбонскім універсітэце не толькі медыцыну, але і розныя іншыя прадметы, у тым ліку гісторыю і палітыку Блізкага Усходу. Там, у Парыжы, ён сустрэў яўрэя з Іерусаліма, які гаварыў з ім на іўрыце. Менавіта гэтая размова пераканала яго ў магчымасці адраджэння іўрыта як жывой мовы. Уяўляючы яўрэяў народам, падобным да балгараў, грэкаў і італьянцаў, малады чалавек са ўсёй упартасцю юнацтва вырашыў дапамагчы стварыць нацыю, дзе б іўрыт існаваў у якасці нацыянальнай мовы.

Аднак гэта не было лёгкай справай. Падчас свайго доўгага выгнання яўрэі ў асноўным перанялі як штодзённы сродак для зносін мовы тых краін, у якіх яны на той момант жылі. Яны нават стварылі ўласныя мовы, заснаваныя ў значнай ступені на мовах краін свайго пражывання. Дзве найбольш вядомыя з іх — гэта ідыш яўрэяў-ашкеназі Сярэдняй Еўропы і ладзіна, заснаваная на раманскім падмурку мова пірэнейскіх яўрэяў-сефардаў.

Яўрэй, размаўляй на іўрыце!

Таму ён не бачыў магчымасці для нацыянальнага адраджэння свайго народа ў Еўропе. Ён пісаў: «Іўрыт можа жыць толькі тады, калі мы адродзім нацыю і вернем яе на радзіму».

У 1881 годзе ён эміграваў у Палестыну, якая тады кіравалася Асманскай імперыяй, і пасяліўся ў Ерусаліме. Там ён і змяніў імя, стаўшы замест Перэльмана Бен-Ягудай, што значыць «сын Іўдзеі». У Палестыне ён знайшоў працу настаўніка, і адразу ўзяўся за распрацоўку таго, што па сутнасці павінна было стаць новай мовай, мовай, якая змагла б замяніць ідыш і іншыя рэгіянальныя дыялекты і стаць сродкам штодзённай камунікацыі паміж яўрэямі, якія эмігравалі з розных рэгіёнаў свету. Ён заклікаў сваіх суайчыннікаў : «Яўрэй, размаўляй на іўрыце!» Разам з жонкай Дворай яны фактычна стварылі ў Палестыне першую за сотні гадоў сучасную цалкам іўрытамоўную сям'ю і выхавалі першае сучаснае іўрытамоўнае дзіця, свайго сына Бен-Цыёна Бен-Ягуду. Усяго ў іх нарадзілася чацвёра дзетак.

Бен-Цыён Бен-Ягуда

Бен-Цыён Бен-Ягуда

Наяўнасць дзіцяці ў доме выклікала неабходнасць знайсці адпаведныя словы на іўрыце для штодзённага жыцця сям’і. Таму Бен-Ягуда прыдумаў новыя словы для такіх прадметаў, як лялька, марозіва, ручнік, ровар і сотні іншых.

Дома Бен-Ягуда выкарыстаў свайго старэйшага сына, каб праверыць жыццяздольнасць свайго праекта сучаснага іўрыту. Бо калі адное дзіця можа быць выхавана, размаўляючы цалкам толькі на гэтай мове, то і ўвесь народ таксама зможа яе прыняць. Гэта запатрабавала крайніх мераў з яго боку. Нейкі час ён нават спрабаваў перашкодзіць свайму сыну гуляць з іншымі дзецьмі, каб той не мог чуць размову на іншых мовах — так баяўся няўдачы.

Іншымі элементамі праекта адраджэння Бен-Ягуды было выкарыстанне іўрыту ў якасці мовы навучання ў школах, а таксама стварэнне слоўнікавага запасу, які зрабіў бы іўрыт прыдатнай мовай для пабытовага ўжытку. У гэтай справе яму дапамаглі некаторыя яўрэйскія выкладчыкі, якія вырашылі падтрымаць яго праект. Школа, у якой ён працаваў, і стала першай школай, дзе пачалі выкладаць іўрыт.

Вучы іўрыт дзеля сябе і сваіх дзяцей! Ізраільскі плакат 1910-х гадоў

Вучы іўрыт дзеля сябе і сваіх дзяцей! Ізраільскі плакат 1910-х гадоў


Працуючы па 18 гадзін на дзень, ён стварыў прыблізна 300 новых слоў. З таго часу лексікон сучаснага іўрыту налічвае больш за 100 000 слоў. Ім была распрацавана вялікая колькасць тэрмінаў, якія мусілі стаць адпаведнікамі сучасным выразам, і якіх старажытнаяўрэйская мова ніколі не ўтрымлівала.

Бен-Ягуда за працай

Бен-Ягуда за працай

У 1891 годзе яго сям’ю напаткала вялікая трагедыя, Двора памерла ад сухотаў. Зімой 1892 года эпідэмія дыфтэрыі забрала і жыцці трох іх малодшых дзяцей. Праз некалькі месяцаў Бен-Ягуда ажаніўся з малодшай сястрой сваёй нябожчыцы Хемдай. Гэта было зроблена па просьбе яго першай жонкі, якая баялася пакідаць яго і дзяцей адных. Эмансіпаваная і сучасная жанчына, яна хутка засвоіла іўрыіт, стала журналісткай і рупарам ідэй свайго мужа.

З Хемдай у 1912 годзе

З Хемдай у 1912 годзе

Але далёка не ўсе яўрэі былі яго прыхільнікамі. Многія артадоксы лічылі яго працу блюзнерствам. Для іх іўрыт быў святой мовай, мовай Торы, і яны проста не маглі сабе ўявіць, што яго можна выкарыстоўваць для абмеркавання штодзённых спраў. Яны нават дамагліся арышту Бен-Ягуды турэцкімі ўладамі, абвінаваціўшы таго ў закліках да бунту. Але дзякуючы сусветнай яўрэйскай грамадскасці прыгавор быў адменены.

Атрымаўшы такія ўдары лёсу, ён яшчэ больш паглыбіўся ў працу. Бен-Ягуда стаў галоўнай фігурай у стварэнні Камітэту яўрэйскай мовы (Ваад Ха-Лашон), які пазней намаганнямі яго вучняў стане Акадэміяй іўрыту, арганізацыяй, якая існуе і сёння.

Чальцы Камітэту яўрэйскай мовы. Бен-Ягуда — першы справа

Чальцы Камітэту яўрэйскай мовы. Бен-Ягуда — першы справа

У 1910 годзе Бен-Ягуда пачаў публікацыю галоўнай працы свайго жыцця — вялікага слоўніка яўрэйскай мовы, які ўключаў усе іўрыцкія словы з часоў Аўраама і да нашых дзён. Праўда, цалкам 17-томны зборнік «Поўнага слоўніка старажытнага і сучаснага іўрыту» быў завершаны толькі пасля яго смерці.

Смерць і спадчына

Бен-Ягуда не дажыў да стварэння дзяржавы Ізраіль. Ён памёр у 1922 годзе ад сухотаў, якімі захварэў яшчэ ў Францыі. Памёр усяго праз месяц пасля таго, як яго намаганнямі брытанскія ўлады, пад мандат якіх перайшла Палестына па выніках Першай сусветнай вайны, абвясцілі іўрыт афіцыйнай мовай пражываючых тут яўрэяў. Тым не менш яго мара аб нацыі Ізраіля, што жыве на сваёй зямлі і якая размаўляе на сваёй мове, здзейснілася.

У заснаванай ім газеце «Ха-цві» ён пісаў: «Для кожнай справы патрэбны толькі адзін мудры і энергічны чалавек, гатовы прыкласці да яго ўсе сілы, і справа пойдзе, нягледзячы ні на якія перашкоды… Для кожнай навіны, для кожнага, нават самага малога кроку на шляху прагрэсу неабходны першапраходца, які не ведае адступлення».

Яго жыццё можна лічыць узорным прыкладам жыцця чалавека, апантанага адной вялікай ідэяй. Ідэяй настолькі моцнай, што нягледзячы на частае неразуменне ягоных мар і памкненняў з боку шмат каго з саміх яўрэяў, яго адданасць размове на іўрыце і культываванне мовы ва ўсіх сферах жыцця натхняла іншых рабіць тое ж самае.

Таму тое, што іўрыт праз столькі стагоддзяў зноў стаў жывой мовай, дзяржаўнай мовай сучаснага Ізраіля, трэба падзякаваць мэтанакіраванай рашучасці аднаго чалавека, нашага зямляка Эліэзера Бен-Ягуды. Як пісаў брытанскі гісторык Сэсіл Рот: «Калі да Бен-Ягуды яўрэі маглі размаўляць на іўрыце, то пасля яго ўжо размаўлялі».

Помнік-бюст Эліэзэру Бен-Ягуду ў Глыбокім

Помнік-бюст Эліэзэру Бен-Ягуду ў Глыбокім