Усюдыісны Пенсон: габрэй, узбек, беларус

Ёсць на Смаленшчыне старажытны беларускі горад Веліж. Зараз — расійскі, бо ўваходзіць (капрызы гістарычнага лёсу і вынікі камуністычнага панавання 1920-х гадоў) у склад Расійскай Федэрацыі. Ці выпадкова дзеячы культуры, навукі, палітыкі, мастацтва, што выйшлі родам з Веліжа — выключна беларусы і габрэі?

Школьнікі гуляюць у  шахматы

Школьнікі гуляюць у  шахматы

Насуперак таму, што агульнаімперскі перапіс 1897 года зафіксаваў: у Веліжы 12 193 жыхароў, з якіх габрэяў — 5 984, беларусаў — 5 809, вялікаросаў — 283. Як і па ўсёй Смаленшчыне (за выключэннем мястэчак, дзе прысутнічала вялікая доля габрэйства) — дамінавалі беларусы.

25 сакавіка 1918 горад Веліж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. А 1 студзеня 1919 года ён увайшоў — на пару тыдняў — у склад Беларускай ССР. Аднак 16 студзеня 1919 года бальшавікі далучылі Смаленшчыну да складу РСФСР.

Ці выпадкова дзеячы культуры, навукі, палітыкі, мастацтва, што выйшлі родам з Веліжа — выключна беларусы і габрэі? Прыгадаем: Андрэй Бембель — выдатны беларускі скульптар, Майсей Бераў — беларускі кінадакументаліст, Юрка Віцьбіч — беларускі грамадскі дзеяч, па вайне на эміграцыі, бліскучы пісьменнік і публіцыст, Антон Дубіна — дзяржаўны дзеяч БССР, Канстанцін Забароўскі — танкіст, Герой Савецкага Саюза, Міхаіл Керзін — беларускі скульптар (настаўнік Заіра Азгура, Аляксея Глебава, Андрэя Бембеля, Сяргея Селіханава, Анатоля Анікейчыка). І шмат іншых. Цэлае сузор’е!

Яно не будзе поўнае без яшчэ аднаго чалавека, чый жыццёвы шлях у гады сталасці прайшоў далёка ад радзімы.

2_maks_penson_avtoportret.jpg

Знаёмцеся: Макс Захаравіч Пенсон (1893–1959), савецкі габрэйскі фотамастак. Праўда, сам (як прыгадвае яго дачка Дзіна і сыны) ён называўся «сынам беларускага рамесніка». Пэўна, маем справу з культурна-сацыялагічным вызначэннем, адбіткам асаблівасці родных мясцін.

Пенсон нечакана «вынырнуў» з нябыту 20 гадоў таму — у лістападзе 1997 і сакавіку 1998 года — выставай у Парыжы ў Луўры (галерэя «Чорны квадрат» — Carre Noir) і вялікім артыкулам у «The New York Times» Сцівена Кінзера.

За год перад тым швейцарскае выдавецтва надрукавала намаганнямі гісторыка мастацтваў Эрыкі Білетэр альбом выбраных здымкаў майстра: «Usbekistan: Dokumentarphotographie 1925–1945 von Max Penson». А на выставе ў Парыжы на працы Пенсона звярнуў увагу патрыярх сусветнага фотамастацтва Анры Карцье-Брэсон.

Жывы значак

Жывы значак


Па 1998 годзе цэлай чарадой прайшоў шэраг экспазіцый — у Цэнтры мастацтваў у Маскве (2000), Музеі фатаграфіі ў Сунсвале (Швецыя, 2001), у Маскоўскім Доме Фатаграфій (2003), на Міжнародным фотафестывалі ў Рыме (2003), у Штаб-кватэры ААН (2004), Ташкенцкім доме фатаграфіі (2005), Gilbert Collection у Лондане (2007).



Вярхоўны савет. Ташкент

Вярхоўны савет. Ташкент

Нарэшце, у Ташкенце, дзе Пенсон правёў асноўную частку жыцця (да смерці, ці, па іншай версіі, самагубства ў 1959 годзе) у 2013 годзе ў галерэі «ART and FACT» адчынілася пастаянная экспазіцыя твораў майстра. Паўстаў спецыяльны сайт — www.maxpenson.com — з раздзеламі бібліяграфіі, біяграфічнымі звесткамі, вялізным алічбаваным архівам здымкаў.

А ў Беларусі, на гістарычнай радзіме фатографа, яго імя застаецца невядомым.

Макс Пенсон нарадзіўся ў сям’і пераплётчыка веліжскай друкарні (нават у невялікім гарадку існаваў кнігадрук). Хлопец рана пачаў цікавіцца мастацтвам, хаця нават пісьменства спачатку спасцігаў самавукам. Затым адвучыўся ў 1907–1911 гадах у Веліжскім гарадскім вучылішчы (туды яго ўладкаваў бацька, які працаваў пры ўстанове ў пераплётнай майстэрні) ды накіраваўся на Палтаўшчыну, у Міргарад. Але ў мясцовай мастацка-керамічнай школе правёў толькі паўгода: неставала сродкаў на навуку.

Перабраўся ў Вільню: там, у мастацка-прамысловай школе Льва Антакольскага, давалі стыпендыю. У віленскай школе займаўся па 1915 год, і, па версіі сына Мірона, у гэты час выпадкова сустракаўся з Маркам Шагалам.

Арашэнне

Арашэнне

Але пачалася Сусветная вайна, эвакуацыя прыфрантавых раёнаў, выбухнулі габрэйскія пагромы. У выніку Макс з’ехаў — туды, дзе, як ён спадзяваўся, навала антысемітызму і вайна ніколі не заспеюць. Паехаў далёка — у правінцыйны Каканд ва Узбекістане.

Мелася адукацыя і жаданне працаваць: Пенсон уладкаваўся рахункаводам і паралельна выкладаў маляванне ў мясцовай школе. У 1921 годзе ён атрымаў першую ўзнагароду: грамату «За ўнёсак у развіццё адукацыі» і падарунак — фотаапарат.

Бягун

Бягун

З таго часу ў Пенсона, як жартуюць фатографы, не праходзіла «ні дня без негатыву». Ён фатаграфаваў сваёй простай «Leica» апантана, аддаючы ўсе грошы на фотаматэрыялы. І не дзіва, што, пераведзены ў 1923 годзе ў Ташкент, ён ужо праз два гады зрабіўся карэспандэнтам першага буйнейшага савецкага фотаагенцтва «Руссфото», а ў 1926 годзе — фотакорам «Правды Востока», галоўнай савецкай газеты азіяцкіх рэспублік.

Мастацкая адукацыя і выдатнае веданне сусветнай культурнай спадчыны зрабілі сваю справу: Пенсон бездакорна валодаў кампазіцыяй, светлаценню, адчуваў рытм і малюнак лініі, выразнасць вобраза. Фатаграфаваў імгненна, адчуўшы адпаведны момант.

Спартоўка з дыскам

Спартоўка з дыскам

Зразумела, адбіраў лепшае з мноства фотаадбіткаў. І пры гэтым у яго творах праяўлялася, ажывала брутальная выразнасць сучаснага канструктывізму. Нездарма яго параўноўвалі з лідарамі савецкага фотамастацтва адпаведнага канструктывісцкага кірунку — Лісіцкім і Родчанкам.

У бальніцы

У бальніцы

Вядучы спецыяліст Расіі па гісторыі фотамастацтва Вольга Свіблава, якая ў апошнія два дзесяцігоддзі арганізавала некалькі выстаў Пенсона і мае калекцыю яго твораў у сваім Мультымедыа Арт Музеі ў Маскве, ставіць яго, як мастака, нават вышэй за Аляксандра Родчанку. А адкрыццё яго архіва называе апошняй знаходкай такога кшталту і ўзроўню ў свеце. Аўтар швейцарскай манаграфіі пра Пенсона Эрыка Белетэр, у сваю чаргу, параўноўвае свайго героя з ці не найлепшым сучасным фотажурналістам — бразільцам Себасцьянам Сальгаду.

Рамонт экскаватара

Рамонт экскаватара

З 1920-х гадоў працы Пенсона пачалі друкаваць агульнасаюзныя выданні — «Огонёк», «СССР на стройке» (адзін з нумароў быў цалкам праілюстраваны работамі Макса). У 1936 годзе ён атрымаў трэцюю прэмію на фотаконкурсе газеты «Правда». А ў 1937-м адбыўся трыумф: на Сусветным фотабіенале ў Парыжы работа Пенсона «Узбекская мадонна» рашэннем журы была ўганараваная галоўным прызам, залатым медалём.

Скачок у ваду

Скачок у ваду

Сын Макса Мірон (у 1999 годзе з’ехаў у Нью-Ёрк), таксама фатограф, як і шмат хто з крытыкаў, адзначаў, што на працы Макса Пенсона адбіваліся рэдакцыйныя заданні і цэнзура. Багата работ паўставала на заводах, у школах, у калгасах, на будоўлях. У тым ліку вялікага Ферганскага канала, уручную ўзведзенага за лічаныя гады. Таму майстар увайшоў у гісторыю як летапісец пераўтварэння Узбекістана на сучасны лад.

Мост шыракакалейнай чыгункі

Мост шыракакалейнай чыгункі

Але творчасць Пенсона вызначалі таксама высокі мастацкі густ і алюзіі класічнага мастацтва (адну работу нават параўналі за светлавыя эфекты з творамі Леанарда да Вінчы), і ўвага да чалавека — настрояў, пачуццяў, шчырых перажыванняў.

Узбекская мадонна, 1936 г.

Узбекская мадонна, 1936 г.

Узбекская мадонна — шчаслівая жанчына новага часу (акцёрка Маргіланскага тэатра Юлдузхон была сфатаграфаваная Пенсонам выпадкова ў час антракту ў парку за тэатрам), якая корміць дзіця. А ў той жа час паўставалі яшчэ фотаздымкі жанчын у паранджах на вуліцах «традыцыйнага» Узбекістана! Менавіта гэты кантраст, пераход і натуральнасць перададзеных пачуццяў так уразілі еўрапейцаў у работах Пенсона на выставе ў Парыжы.

У старым Ташкенце.

У старым Ташкенце.

Што тычыцца фотаздымкаў будоўляў, то праца Макса на Ферганскім канале не прайшла марна. Там у 1940 годзе Пенсон пазнаёміўся з Сяргеем Эйзенштэйнам, які прыехаў здымаць фільм пра ўзвядзенне канала. І за кіпучую энергію назваў Макса «ўсюдыісным Пенсонам».

Ферганскі канал

Ферганскі канал



У 1944 годзе прайшла першая персанальная — і апошняя пры жыцці — фотавыстава Пенсона ў Саюзе мастакоў УзССР.

Знаныя сабаводы

Знаныя сабаводы

Двое.

Двое.

Надышоў 1949 год, а з ім тое, чаго Пенсон ніколі не чакаў на Савецкім Усходзе. Хваля барацьбы з касмапалітызмам — і з «сіянізмам» — дакацілася да Ташкента. Макс быў яе першай ахвярай: яго зволілі з агенцтва, газеты, а затым НКУС увогуле забараніў яму займацца фотасправай.

Дзеці прыгадвалі: 56-гадовы, абсалютна здаровы і поўны творчай энергіі бацька, якога не бралі на працу нават у правінцыйныя газеткі, змушана зачыніўся ў хаце. Паліў здымкі рэпрэсаваных мадэляў. І займаўся дзіўнай справай — на некаторых партрэтах сціраў вочы і маляваў іх нанова. Можа, хацеў, каб людзі больш спагадліва глядзелі на свет.

Праз 10 гадоў, у 1959 годзе, памёр (ці засіліўся), усімі забыты.


У 1966 годзе, падчас разбуральнага землятрусу ў Ташкенце, яго архіў, — каля 40 тысяч здымкаў і негатываў, — апынуўся пад развалінамі дома. На шчасце, быў выратаваны дзецьмі, двума сынамі-фатографамі, а найперш дачкой, фатографам і супрацоўніцай «Узбекфільма» Дзінай разам з яе мужам, кінадакументалістам і літаратарам Файзулой Хаджаевым. Шмат гадоў пасля таго Дзіна ажыццяўляла тытанічную працу — прыводзіла архіў да ладу, чысціла негатывы, рабіла адбіткі з кожнага. Нарэшце ў сярэдзіне 1990-х гадоў у Ташкент завіталі госці са Швейцарыі, якія шукалі след пераможцы Парыжскага фотабіенале 1937 года. А потым прыехала Вольга Свіблава з Масквы.

З гэтага моманту пачалося трыумфальнае вяртанне Пенсона. Большая частка арыгіналаў Пенсона — у Ташкенце (каля 30 тысяч). Частка — у Нью-Ёрку (8,5 тысяч), няшмат — у Маскве.

Не сумуй. Бухарскія габрэі

Не сумуй. Бухарскія габрэі

Спачатку спадчыннікі скардзіліся: у Ізраілі яго не прызнаюць, мала раскрываў габрэйскую тэму (што абвяргаюць выдатныя здымкі, хоць бы «Бухарскія габрэі»), для рускіх ён чужы, і ўзбекам як бы не свой. Зараз пытанне так не стаіць. Пытанне стаіць, чаму яго не ведаюць у Беларусі? Яго, каторы называў сабе «сынам беларускага рамесніка». Ды так упэўнена, што нават у «New York Times» зазначылі: Пенсон нарадзіўся ў невялічкім беларускім мястэчку Веліжы.