Гартэнзіявы рай: выспа Алісы Мадэрны, якая жыла дзеля людзей і жывёлаў
У Атлянтыцы паміж Эўропай і Паўночнай Амэрыкай месьціцца гартэнзіявы рай — Азоры, архіпэляг, які складаецца з жмені выспаў. Іх так часта і называюць «выспамі гартэнзіяў», бо гэтыя кветкі буяюць паўсюль, як у нас крапіва. Дарэчы, гэтая буйная расьліна з галавападобнай кветкай зьяўляецца адным з азорскіх сымбаляў. Іншым сымбалем лічыцца вядомая азорская гарбата з адзіных у ЭЗ гарбатных плянтацыяў.
![Гартэнзіі Азораў Гартэнзіі Азораў](/img/v1/images/hartenziji_azory.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1718022391&w=528)
Гартэнзіі Азораў
Зрэшты, папулярным вобразам, зьвязаным з Азорамі, зьяўляецца кіт. Бо ў Атлянтыцы ля выспаў іх шмат і якраз сюды імкнуцца многія турысты, каб паназіраць за кітамі. Часта Азоры асацыюцца з прыгожымі вулканічнымі падвойнымі азёрамі Сэты-Сідадыш: адно возера з блакітнай, а другой з зялёнай вадой.
А яшчэ Азоры — у прыватнасьці найбольшая выспа Сан-Мігел з сталіцай Понта-Дэлгадай — радзіма падзабытай пісьменьніцы, паэткі, выдаўчыні, рэдактаркі, друкарніцы, фэміністкі, прыхільніцы рэспублікі і першай на Азорах і адной зь першых у Партугаліі змагаркі за правы жывёлаў Алісы Мадэрны (1867-1946). Гэтая слынная і скандальная азорка з бразыльскімі і францускімі каранямі нарадзілася ў Парыжы. Сям’я хутка вярнулася на радзіму на Азоры.
![Дом Алісы Мадэрны ў Понта-Дэлгадай Дом Алісы Мадэрны ў Понта-Дэлгадай](/img/v1/images/dom_alicy_maderny_ponta_delgada.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718022389&w=528)
Дом Алісы Мадэрны ў Понта-Дэлгадай
Аліса стала першай дзяўчынай, якая пайшла ў ліцэй на Азорах. Дагэтуль дзяўчаты атрымлівалі выключна хатнюю адукацыю, аднак Аліса настаяла, каб бацька запісаў яе ў ліцэй. Наагул яна часта дабівалася свайго і знаходзіла досыць радыкальныя выйсьці праблемам: так, пакутваючы ад мігрэні, яна не паслухала парадаў лекара-бацькі накладваць кампрэсы і змочваць халоднай вадой валасы, а проста адрэзала свае даўгія валасы, якія было цяжка насіць — і Алісе стала значна лепш. Яна хадзіла з «мужчынскай» зачоскай, смаліла цыгаркі на публіцы, любіла прагульвацца з трысьцінкай у адной руцэ і з сабакам на ланцужку ў другой. Гэта скандалізавала блізкіх ды ўсіх у Понта-Дэлгадзе цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Рана сыйшла з дому і пачала жыць самастойна, выкладаючы францускую і партугальскую мовы.
![Аліса Мадэрна ў 18 гадоў Аліса Мадэрна ў 18 гадоў](/img/v1/images/alica_maderna_u_18_hod.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718022390&w=528)
Аліса Мадэрна ў 18 гадоў
Як вымагаў дух часу, апрача роднай мовы яна валодала францускай — пісала мадэрнісцкія вершы аднолькава пасьпяхова па-партугальску і па-француску. П’есы, раманы, апавяданьні і артыкулы пісала па-партугальску. Была франкафілкай і рэспубліканкай, чаліцай Рэспубліканскай лігі партугальскіх жанчынаў. Марыла быць пахаванай на могілках Пэр-Ляшэз побач з бабуляй, якой прысьвяціла свой раман «O Dr. Luis Sandoval» («О, доктар Люіш Сандавал», 1892). Аднак у гісторыі партугальскай літаратуры пісьменьніцца асацыюецца перадусім з п’есай 1913 году «Na véspera da incursão» («Напярэдадні рэйду»), якая была вельмі папулярнай у партугальскіх тэатрах напярэдадні Першай сусьветнай вайны. Да ўсяго пакінула багатую фэмінісцкую эпісталярную і журналісцкую спадчыну. У лістах і артыкулах выступала ў падтрымку палітычных правоў жанчынаў, спрашчэньня разводаў, роўнай адукацыі для дзяўчатаў, а таксама вельмі крытыкавала віктарыянскі ідэал жанчыны.
![Карыкатура на Алісу Мадэрну Карыкатура на Алісу Мадэрну](/img/v1/images/karykatura_na_pismennicu.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718022387&w=528)
Карыкатура на Алісу Мадэрну
Да нядаўняга часу ў біяграфіі пісьменьніцы замоўчвалася тое, што яна была адкрытай лесьбійкай, якая ганарылася сваім каханьнем да журналісткі Марыі Эвэліны дэ Сусы. Разам у «бостанскім шлюбе» кабеты пражылі сорак год і памерлі ў 1946 годзе адна за другой цягам тыдня. З пачатку ХХ ст. да завяршэньня Другой сусьветнай вайны гэтая адважная пара была своесаблівай візытоўкай Азораў: кабеты дзейнічалі разам на пэдагагічнай і журналісцкай ніве, змагаючыся за рэспубліканскія і жаночыя правы, стваралі газэты і літаратурныя альманахі, рэгулярна хадзілі на шпацыр уздоўж акіяну, стаўшы мясцовай жывой легендай і пакінуўшы пасьля сябе процьму мітаў і плётак. Кансэрватыўнае азорскае грамадзтва за сьпінай крытыкавала іх «жаночае сяброўства», але ў вочы ніхто не адважваўся павучаць жыцьцю ўплывовых і заможных кабетаў. «Сяброўкі», як часта называлі іх, пахаваныя разам у адной крыпце на цэнтральных могілках Понта-Дэлгады.
![Аліса Мадэрна і Марыя Эвэліна дэ Сусы Аліса Мадэрна і Марыя Эвэліна дэ Сусы](/img/v1/images/alice_moderno_e_maria_evelina_de_sousa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718022387&w=528)
Аліса Мадэрна і Марыя Эвэліна дэ Сусы
Аліса Мадэрна і ейная спадарожніца Марыя Эвэліна дэ Суса былі забытыя сумысьля, толькі таму, што шакавалі і ня ўпісваліся ў звычайную карціну сьвету грамадзтва, таму, што былі лесьбійкамі. У ХХІ ст. імя Алісы Мадэрны вярнулі зь нябыту — ейныя творы перавыдаюцца, у азорскіх музэях і гідах згадваецца мясцовая піянэрка фэмінізму і пісьменьніца, вядомая ня толькі як паэтка, але і драматургіня. У жніўні 2014 года быў створаны турыстычна-пазнавальны маршрут пра жыцьцё і творчасьць Алісы Мадэрны ў Понта-Дэлгадзе. На сьцяне дому, дзе жыла і працавала пісьменьніца, усталяваная дошка ў гонар слыннай азоркі, якая жыла дзеля людзей і жывёлаў.
![Мэмарыяльная дошка на доме, дзе жыла паэтка Мэмарыяльная дошка на доме, дзе жыла паэтка](/img/v1/images/doska_pamiatnaja_dom_dze_zyla_paetka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718022389&w=528)
Мэмарыяльная дошка на доме, дзе жыла паэтка
Яна завяшчала сваю маёмасьць на розныя дабрачынныя мэты, і ў 1948 годзе на грошы памерлай пісьменьніцы была пабудаваная вэтэрынарная клініка імя Алісы Мадэрны, прызначаная для жывёлаў, зь якімі жорстка абыходзіліся. З 1911 году пісьменьніца актыўна абараняла ў прэсе справу зьбітых жывёлаў, і ў тым жа годзе разам з партнэркай яны заснавалі Sociedade Micaelense Protectora dos Animais, першую асацыяцыю абароны жывёлаў на Азорскіх выспах, якая прасоўвала некалькі ініцыятываў па стварэньні вэтэрынарных клінікаў на выспе і хадайніцтва аб забароне сьмяротных баёў быкоў. У адным з артыкулаў Аліса Мадэрна напісала: «Заўсёды памятайце, што калі вы дрэнна абыходзіцеся з жывёлай, вы шкодзіце ўласнай годнасьці». Калі раней ейныя ідэі і змаганьні ўспрымаліся як прыхамаць заможнай экстраваганткі і справай мяньшыні, то цяпер у эпоху досыць разьвітага заканадаўства, скіраванага на ахову правоў жывёлаў, і ў той час, калі ў заходніх дэмакратыях паўстаюць «анімалісцкія» палітычныя партыі, зразумела, што чалавечая годнасьць якраз вымяраецца стаўленьнем да жывёлаў і тычыцца ўсіх нас. г
![Вокладка кнігі Алісы Мадэрны Вокладка кнігі Алісы Мадэрны](/img/v1/images/vokladka_knihi_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718022389&w=528)
Вокладка кнігі Алісы Мадэрны
На Азоры варта абавязкова ехаць: пабачыць гартэнзіявы рай, паназіраць за кітамі, а таксама, калі не перадусім, наведаць Понта-Дэлгада, места, па вулках якога шыбавала фэміністка, піянэрка правоў жывёлаў і эстэтка партугальскага пісьменства.
![hortensias60.jpg hortensias60.jpg](/img/v1/images/hortensias60.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1718022389&w=528)