Івану Нікітчанку сёння б споўнілася 75 гадоў
10 студзеня — 75 гадоў з дня народзінаў выбітнага беларускага навукоўцы і грамадскага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў і лідараў айчыннага постчарнобыльскага руху Івана Нікітчанкі (10.01.1939, вёска Горыцы Пагарскага раёна Бранскай вобласці Расіі — 20.11.2010).
Іван Мікалаевіч Нікітчанка падчас акцыі "Чарнобыльскі шлях". 26 красавіка 2010 г. Фота Генадзя Кеснера
Гэты мужны даследчык і грамадзянін быў патомкам запарожскіх казакоў. Дзякуючы сваім працам ў галіне селекцыі жывёл доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Іван Нікітчанка быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Але ў найноўшую гісторыю Беларусі даследчык увайшоў, найперш, як адзін са стваральнікаў айчыннай постчарнобыльскай навукі і нязломны абаронца людзей, пацярпелых ад Чарнобыля.
Яго дзейнасць вельмі блізкая мне, як і тысячам іншых беларусаў, хто перажыў Чарнобыль у забруджаных радыяцыяй рэгіёнах краіны. Памятаю вочы дзетак з гарадоў і вёсак Палесся, якіх пасля 26 красавіка 1986 года вывозілі на аздараўленне праз Гомельскі чыгуначны вакзал, памятаю, як разам са сваімі выхаванцамі ўдзельнічаў у першамайскай дэманстрацыі 1986 года, якую потым не прызнавалі высокія мінскія чыноўнікі, памятаю нібыта абамлелы незвычайна ціхі амаль 600-тысячны летні постчарнобыльскі Гомель, у якім не было чуваць дзіцячых галасоў, памятаю закапаныя чарнобыльскія вёскі і адзінокіх сумуючых палешукоў, сселеных з зямлі сваіх продкаў і адарваных ад сваіх каранёў…
Іван Нікітчанка выступаў за адмену дзеючых нарматываў утрымання радыенуклідаў у прадуктах харчавання і прызнанне таго, што радыяцыя небяспечная ў любой дозе, і кожны чалавек павінен быць
абаронены ад яе.
Ён лічыў, што грамадскасць павінна дабіцца стварэння паўсюднай сістэмы радыяцыйнай абароны насельніцтва, якая прадугледжвае вытворчасць чыстых ад радыенуклідаў прадуктаў, жорсткі радыяцыйны кантроль людзей і таго, чым яны карыстаюцца, нармальнае медыцынскае абслугоўванне, якое мае на мэце пастаяннае назіранне за станам кожнага пацыента, аказанне аператыўнай дапамогі і забеспячэнне бясплатнымі медыкаментамі, вытворчасць і поўнае забеспячэнне прэпаратамі, што блакуюць радыенукліды і паскараюць іх вывад з арганізма, аднаўленне сістэмы выплат матэрыяльных кампенсацый за страчанае здароўе асобам, якія пацярпелі ад Чарнобыля.
Пры гэтым, на меркаванне навукоўцы, заніраванне тэрыторыі краіны варта весці не па ўзроўню забруджання зямель, а па ўдзельнай радыеактыўнасці цела мясцовых жыхароў. Ён звяртаў увагу на тое, што забруджанасць прадукцыі вызначаецца не толькі канцэнтрацыяй радыеізатопаў, але і якасцю глебы, яе вільготнасцю, відам і сортам раслін, тэхналогіяй іх вырошчвання, метадамі перапрацоўкі сыравіны і спосабамі прыгатавання прадуктаў.
Даследчык прыйшоў да высновы, што для атрымання чыстых прадуктаў у межах кожнага сельгаспрадпрыемства неабходна мець чатыры малыя вытворчасці — па агратэхабслугоўванні, выпечцы
хлебабулачных вырабаў, перапрацоўцы плодаагародніннай і жывёлагадоўчай прадукцыі.
Сярод праблем, што перашкаджаюць арганізацыі радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, навукоўца называў закрытасць інфармацыі аб узроўні радыяцыйнага забруджання; непрыдатнасць састарэлых методык
для ацэнкі ўдзельнай радыеактыўнасці чалавечага арганізма; забарону праводзіць вымярэнні ўзроўню ўнутранай паглынутай чалавекам дозы радыяцыі без дазволу Міністэрства аховы здароўя; выключэнне
сардэчна-сасудзістых захворванняў са спісу захворванняў, выкліканых постчарнобыльскімі наступствамі; адсутнасць сістэмы забеспячэння насельніцтва неабходнымі медыкаментамі, якія павышаюць імунітэт;
скарачэнне навуковага забеспячэння пытання радыяцыйнай бяспекі насельніцтва да трох навукова-даследчых устаноў; чыноўніцкую цяганіну пры доступе да гуманітарнай дапамогі, што паступае ў
краіну.
Праз 23 гады пасля Чарнобыля даследчык сцвярджаў, што сітуацыя з радыеактыўным забруджаннем у Беларусі больш cкладаная, чым у 1986 годзе, бо ўлады ўтойваюць рэальную карціну наступстваў катастрофы ў краіне, дзе кожны жыхар зведвае ўздзеянне радыяцыі.
Гэта выявіў маніторынг апраменьвання чалавечага арганізма, які Нікітчанка правёў са сваімі калегамі. Абследаванні пацвердзілі, што ні ў адным населеным пункце Беларусі няма людзей, якія не адчулі б уздзеянне радыяцыі. І што самае жахлівае — у дзяцей быў зафіксаваны ўзровень апраменьвання ў два разы большы, чым у дарослых.
23 кастрычніка 2009 года Іван Нікітчанка накіраваў ліст да прэзідэнта з заклікам аднавіць комплексную сістэму абароны насельніцтва ад радыяцыі, якая павінна распаўсюджвацца на кожнага жыхара Беларусі і быць даступнай.
У лісце даследчык, у прыватнасці, адзначаў, што недаацэнка наступстваў Чарнобылю прывяла да істотнага забруджвання глебаў практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі, каля 80% дозы апраменьвання людзі атрымліваюць праз забруджаныя прадукты харчавання, прычым аб'ём гэтых прадуктаў не змяншаецца, а павялічваецца.
Аўтар ліста паведамляў, што незалежныя навуковыя даследаванні медыкаў устанавілі "надзвычай негатыўны ўплыў" малых доз радыяцыі на здароўе чалавека.
Размова ідзе аб росце дзіцячай смяротнасці і колькасці нараджэнняў малавагавых дзяцей, шырокім распаўсюджанні хранічнай паталогіі сярод дзяцей, зніжэнні функцыянальных магчымасцяў арганізма больш чым у двух трацін школьнікаў і змяншэнні працягласці жыцця, значным росце смяротнасці ад сардэчна-сасудзістай, цэрабральнай і анкалагічнай паталогіі ў маладым узросце, а таксама аб прыкметным скарачэнні насельніцтва (на 678 тыс. чалавек з 1993 года).
Нікітчанка заклікаў перагледзець канцэпцыю бяспечнага пражывання людзей на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі, адмяніць усе нарматыўныя дакументы наконт гэтага, выдадзеныя з парушэннем заканадаўства, аднавіць эфектыўную сістэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання, забяспечыць вытворчасць на забруджаных тэрыторыях умоўна "чыстых" прадуктаў харчавання, якія не дапускаюць накаплення хранічнай унутранай паглынутай дозы радыяцыі.
Навукоўца арганізаваў і ўзначаліў Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў, ягонае праўдзівае слова пра вастрыню радыяцыйных наступстваў для Беларусі гучала ў незалежнай прэсе і на Чарнобыльскіх
шляхах, у вёсках, гарадах і на міжнародных канферэнцыях.
Сябра Рады беларускай інтэлігенцыі і Партыі БНФ, Іван Нікітчанка ўваходзіў у створаны ёю ценявы кабінет, быў старшынёй аграпрамысловай камісіі Нацыянальнага выканаўчага камітэта, зацверджанага аб’яднанай апазіцыяй.
Напрыканцы 2010 года Іван Нікітчанка займаўся падрыхтоўкай пераліку афіцыйных постчарнобыльскіх дакументаў, што супярэчаць заканадаўству, планаваў стварэнне міжнароднай чарнобыльскай арганізацыі. А паколькі беларускія ўлады не прызнавалі небяспеку малых доз радыяцыі, якія разбураюць арганізм чалавека на малекулярным узроўні і выклікаюць не толькі анкалагічныя, але і саматычныя захворванні, у тым ліку сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, органаў дыхання і стрававання, а таксама дачасную смерць і наступствы на генетычным узроўні, даследчык вырашыў звярнуцца ў суд з іскамі супраць шэрагу дзяржаўных структур, а таксама ў міжнародныя арганізацыі.
12 лістапада 2010 года навукоўца ўдзельнічаў у сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці з амбасадарам Германіі Крыстафам Вайлем, дзе абмяркоўваліся падрыхтоўка міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю Чарнобыльскай трагедыі, праблемы пераадолення яе наступстваў і сацыяльных гарантый ліквідатарам-чарнобыльцам, а таксама пытанні правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Аднак праз некалькі дзён 71-гадовы Іван Нікітчанка загінуў у аўтакатастрофе пад Маладзечна. Паводле версіі
міліцыі, легкавік, за рулём якога знаходзіўся навукоўца, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтамашынай "ЗіЛ".
Іван Нікітчанка быў адным з лепшых абаронцаў жыцця людзей у Беларусі, заявіў тады доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый Бандажэўскі. Паводле ягоных слоў, асоба Нікітчанкі заўсёды выклікала велізарную павагу з-за яго паслядоўнай пазіцыі ў дачыненні да людзей, якія пацярпелі ад Чарнобылю. "Гэта быў чалавек, які не прымаў плячо, калі трэба было праявіць прынцыповасць", — адзначыў вучоны. Ён выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі з "заўчаснай, нечаканай і недарэчнай" смерцю Нікітчанкі. "Ён быў сярод лепшых з тых, хто працягвае змагацца за праўду пра Чарнобыль, для таго каб пацярпелыя ад гэтай трагедыі атрымалі адэкватную абарону ва ўмовах, у якіх яны жывуць, — сказаў Бандажэўскі. — Ён быў сур'ёзным навуковым і дзяржаўным дзеячам, які зрабіў вельмі шмат для Рэспублікі Беларусь”.
Кандыдат у прэзідэнты, лідар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў выказаў упэўненасць, што ў дэмакратычнай Беларусі будуць рэалізаваныя ідэі абароны насельніцтва ад постчарнобыльскіх наступстваў, якія адстойваў Іван Нікітчанка
Палітык Вінцук Вячорка адзначыў цэльнасць асобы Нікітчанкі, які быў прыроджаным лідарам. "Лёс даў нам менавіта гэтага чалавека ў цяжкі час, калі трэба абараняцца ад
несвабоды і няпраўды пра Чарнобыль. Як кампетэнтны вучоны, ён ведаў праўду аб гэтай трагедыі і з адкрытым забралам змагаўся за яе, нічога не баючыся і не думаючы ні аб якой кар’еры, змагаўся
за выратаванне народа ад чарнобыльскага генацыду. І добра разумеў, што ў несвабоднай краіне народу немагчыма выратавацца фізічна", — падкрэсліў Вячорка.
Навуковы і грамадзянскі подзвіг Івана Нікітчанкі заслугоўвае належнага ўшанавання. Упэўнены, што ў будучым імя навукоўцы стане насіць адна з сталічных вуліц, на доме ў Мінску, дзе жыў Нікітчанка, з’явіцца мемарыяльная дошка, пабачаць свет зборнік артыкулаў даследчыка, кніга ўспамінаў і дакументальны фільма пра яго, будуць заснаваныя імянная стыпендыя Івана Нікітчанкі ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя Андрэя Сахарава ў Мінску і прэмія "За грамадзянскую мужнасць" для беларускіх навукоўцаў, а на радзіме даследчыка ў Бранскай вобласці Расіі адчыніцца мемарыяльны музей Івана Нікітчанкі.