Яшчэ адна вялікая страта: памёр Вітаўт Кіпель

У вечны спачын 3 снежня адышоў старшыня Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва, грамадскі дзеяч, даследчык гісторыі беларускай эміграцыі, навуковец і пісьменнік Вітаўт Кіпель.

kipel5_1.jpg


Пра гэта ў фэйсбуку напісала яго калега, сябра ўправы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Наталля Гардзіенка.
Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 года. У 1933—1942 гг. разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. Потым вучыўся ў Мінску, пакуль у 1944-м не выехаў з бацькамі ў Германію. Паступіў на медыцынскі факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэта. У 1953-м скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) — па спецыяльнасці «геалогія», у 1955 годзе атрымаў ступень доктара мінералогіі. Быў заступнікам старшыні Саюза беларусаў Бельгіі.
Вось што Вітаўт Кіпель распавядаў пра свае студэнцкія гады, і наогул пра беларускае студэнцтва ў Бельгіі 1950-х.



У 1955-м пераехаў у ЗША. Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). У 1959-1985 — у Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі (у т. л. на пасадзе выканаўчага дырэктара), сабраў калекцыю беларускіх выданняў. Пасля вучыўся ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства». Пры канцы 1960-х гг. выкладаў у беларускай школе ў Брукліне. Супрацоўнічаў з радыё «Свабода».
Вітаўт Кіпель актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый. Ад 1982 года — старшыня БІНІМа.


Аўтар шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, у т. л. артыкулаў беларусазнаўчай тэматыкі ў амерыканскіх энцыклапедыях. У 1993 годзе выйшла яго першая манаграфія «Беларусы ў ЗША» (беларускае выданне падрыхтаваў перакладчык Сяргей Шупа, англамоўнае выданне ў ЗША выйшла ў 1999 годзе). У 2017-м пабачыла свет другое выданне кнігі, што выйшла значна таўсцейшае, больш як 600 старонак, багата ілюстраванае, дапрацаванае і дапоўненае новай інфармацыяй. Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенка як рэдактара.
У 1997 абраны ў склад Прэзідыума Рады БНР.
Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную «Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе», выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць». 
«Новы Час» выказвае шчырыя спачуванні сваякам, сябрам і калегам Вітаўта Кіпеля.