Jazz-вітанне з Радзімай

Цягнік «Магілёў — Вільня» стаіць у Залессі дзве хвіліны. Гэтага часу дастаткова, каб некалькі пасажыраў паспелі саскочыць на платформу з высокай падножкі вагона.



ea6b2efbdd4255a9f1b3bbc6399b58f4.JPG

Усе дзве гадзіны язды ў перапоўненым «літоўцы», як называюць віленскі цягнік мясцовыя жыхары, я мару, каб у гэтым кірунку хадзілі хуткасныя электрычкі з маленькім інтэрвалам, каб яны спыняліся ў маім квартале, і каб створаная ў 1794 годзе на, скажам так, станцыі майго прыбыцця мелодыя «Развітанне з Радзімай» аднойчы ператварылася з гімну змагароў за свабоду ў джынгл, які абвяшчае гэту станцыю. І калі я іду па завеяным Залессі паўз прадуктовы шапік «Паланез» у пошуках дома Дар’і Ліс, я яшчэ не ведаю: тое, што адбудзецца сёння ў маім унутраным свеце, — гэта яшчэ выразнейшае кшталтаванне утапічнай мары пра еўрапейскую Беларусь.


У 2009 годзе на ўліку ў нашай краіне стаяла 507 тысяч — больш за паўмільёна — інвалідаў. Напачатку 2010 года незалежныя аналітыкі з дэпрэсіўным абурэннем сустракалі першыя вынікі перапісу насельніцтва РБ. Простая арыфметыка сведчыла: за апошнія 10 гадоў з Беларусі выехала блізу паўмільёна грамадзян. У суме гэта — мінус мільён эмігрантаў. Толькі здаровыя пакідаюць беларускі соцыум па ўласнай ініцыятыве, а непаўнаспраўныя застаюцца па-за грамадствам не па сваёй волі.
Становішча беларускіх асобаў з абмежаванымі магчымасцямі па сваіх наступствах для эканомікі ды культуры мала чым адрозніваецца ад эміграцыі — і гастарбайтэры, і паралізаваныя хворыя сочаць за апошнімі навінамі з дапамогай тэлебачання ды інтэрнэту, мала ўплываючы на падзеі. Прыезд студэнта з Масквы (Берліна) у родны горад на Каляды (Вялікдзень) і спуск інваліда-вазочніка ў двор уласнага дома з мэтай удзелу ў сходзе жыхароў — з’явы аднаго сацыяльнага плану.
Я думаю, гэта адзін з галоўных у нас з Дашай пункцікаў перасячэння. Яна не хоча пакідаць сваю Беларусь шляхам гэткай вось унутранай эміграцыі.
Аднойчы ў Берліне я трапіла ў джаз-клуб, прастора якога была ўмоўна падзеленая на дзве часткі. Адна называлася «зона слухання», другая — «зона шаптання». У размове пра Дашу Ліс я прапаную па чарзе мінуць абедзве зоны: мы спачатку паслухаем, а потым пашушукаемся.


Listening zone


Даша Ліс не пярэчыць, калі яе называюць «інвалідам», хоць зазначае: людзі на вазках зазвычай супраць таго, каб іх так называлі. Тут найперш прафесійнае: журналістам уласціва ашчаджаць словы. Па-другое, Даша так часта гаворыць пра праблемы інвалідаў, што доўгія паліткарэктныя выразы робяцца нязручнымі. Вобраз аўтаркі, які паўстае на старонках кнігі «Вясновы jazz», — далікатна-лірычны, пяшчотны і датклівы. Ёсць вялікая спакуса паддацца гэтаму аксамітнаму рамантызму і намаляваць імпрэсіяністычны візерунак нашай Дашы. Дый дэкарацыі прынадныя: унікальная сядзіба і парк Агінскіх, поруч з якімі Даша нарадзілася і жыве ўжо 28 гадоў.
Але «Вясновы jazz» прывабіў мне іншымі нотамі, якія таксама там прысутныя, хоць мала педалююцца. У гэтай кнігі — ясны і лаканічны сінтаксіс, з дапамогай якога аўтарка спакойна і ўзважана выкладае сваю жыццёвую пазіцыю сучаснай дзяўчыны перадавых поглядаў. Гэтая пазіцыя — быць незалежнай. У тым ліку — ад сваёй хваробы. «Я ўжо ведаю, які ён будзе. Я выбрала ў інтэрнэце. Лёгкі, ручны, мабільны, кампактны, а галоўнае — з электрапрывадам», — апісвае Даша вазок сваёй мары — гаранта гэтай незалежнасці.
«Інваліднасць не павінна вызначаць лёс чалавека. Толькі карэктаваць», — паўтарае Даша прыватна і публічна. Але, па маіх назіраннях, у Беларусі гэта «карэктура» нагадвае працу дасведчанага цэнзара: парэзаць як мага болей, але каб чытач нічога не заўважыў. Па словах Дашы, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі прымае не толькі выклік уласнай хваробы, з якім урэшце неяк дае сабе рады, але і вылік знешніх абставінаў, што значна цяжэй. У біяграфіі Дашы Ліс прыцягвае ўвагу сумны кур’ёз: месца будучай адукацыі было прадвызначана… наяўнасцю ліфта ў будынку. У сталічных МДЛУ і філфаку БДУ гэткага дасягнення цывілізацыі няма, а ў шматпавярховым педуніверы імя Максіма Танка — ёсць. Так што выбар Дашы мела толькі між факультэтамі гэтай шаноўнай установы — і ў выніку скончыла завочна факультэт беларускай філалогіі і культуры.
Цягнік «Магілёў — Вільня» стаіць у Залессі дзве хвіліны. Гэтага часу дастаткова, каб пака­заць правадніцы квіток і заскочыць на падножку вагона. Для таго, каб выканаць наступныя дзеянні: паказаць правадніцы некалькі квіткоў, залезці на падножку з чалавекам у руках, скласці вазок, занесці вазок у тамбур, — гэтага часу катастрафічна мала. Цалкам верагодна, давядзецца зрываць стоп-кран і плаціць штраф. Каб пасадзіць інваліда-вазочніка на цягнік БЧ, патрэбныя час і высілкі некалькіх дужых мужчынаў. Паколькі людзям з фізічнымі абмежаваннямі і так увесь час здаецца, што яны замінаюць гэтаму свету налева і направа, яны стараюцца не складаць яму залішніх праблем.
Дар’я Ліс любіць вандраваць, але робіць гэта выключна калі ў яе занятых працай бацькоў ёсць час вазіць яе на машыне. Пры гэтым — вось яна, загана вышэйшай адукацыі для «праблемных» індывідаў, — Даша ведае: існуюць сусветы, дзе лёгкім рухам рукі пасажыра падножка вагона ператвараецца ў пандус, які знаходзіцца на адным узроўні з перонам, а калідор у вагоне дастаткова шырокі для вазка любых габарытаў. Зрэшты, нядаўна да тэорыі дадаўся эмпірычны досвед: у снежні 2009 года Даша пабывала на літаратурным семінары «Бязмежжа» на Беласточчыне. Па яе словах, на польскім баку, дзякуючы арганізатарам і інфраструктуры, яна не адчувала ніякіх фізічных абмежаванняў нідзе — ані падчас паэтычных чытанняў у Белавежскай пушчы, ані падчас шопінгу ў гандлёвых цэнтрах Беластоку. На гэтым месцы мы «добрым словам» згадваем мінскі праспект Незалежнасці. Крамы гэтага праспекту знакамітыя тым, што на ганку маюць элегантны пандус, які за дзвярыма змяняецца крутымі сходамі ў сутарэнні.
Тым больш Даша імкнецца да незалежнасці, чым больш складаным ёсць для яе ажыццяўленне мэты з дыягназам «спінальная аміатрафія». Дзяўчыну трэба ўвесь час насіць на руках — і гэта не метафара, а жыццёвая патрэба. Галоўнымі сваімі героямі Даша называе сям’ю. Яе блізкае атачэнне — гэта яе бацькі, спадарыня Тамара (настаўніца рускай мовы) і спадар Алег (прадпрымальнік), малодшая сястра Аляксандра. Прыроджаная хвароба праявілася ў паўтара годзікі, а ў дванаццаць дзяўчына перастала хадзіць. Ні на хвіліну бацькі, а за імі і маленькая Даша, не перапынялі змагання: аб’ездзілі ўвесь былы Саюз па дактарах ды народных знахарах, а калі дазналіся пра невылечнасць, пастанавілі выхоўваць Дашу як звычайнага падлетка і — змагацца. Змаганне працягваецца і дагэтуль — гімнастычнай палкай, турніком; сонцам і морам улетку, а ўзімку — смачнымі вітамінамі з гароду залесскай сядзібы.
Дом сям’і Ліс на ўскраіне Залесся — мікрамадэль сапраўды незалежнай Беларусі. Трапіўшы ў аб’ёмы гэтага дома, несупастаўныя з аб’ёмамі маёй гарадской кватэры, я пачулася адначасова Алісай у Цудасвеце і Гуліверам у краіне Ліліпутаў. Розніца была не толькі ў квадратных метрах, але і ў прапорцыях: дзвярныя праёмы і ўсе памяшканні тут — дастаткова шырокія для праезду і манеўравання Дашынага вазочка. «Сакрэт у тым, што гэта — сваё і рабілася для сябе», — кажа спадар Алег. Я і Даша, акурат па Чэхаве, проста сядзім на кухні і п’ем наш любімы напой — каву, і як бы нічога не адбываецца, але насамрэч адбываецца вельмі шмат. Мы размаўляем пра літаратуру, пра каханне, пра агульных працадаўцаў, расказваем пра сям’ю і сяброў… І ў тым, як узважана распавядае пра сваю хваробу і «карэктуру», якую тая ўносіць у яе ўнутраны свет, у яе «35 кілаграм фішачак і вар’яцінак», — разумееш: хвароба ў тым змаганні за незалежнасць, якое штодня працягваюць Даша і яе сям’я, целяпаецца ў хвасце турнірнай табліцы.


Whispering zone


Я спрабую спрагназаваць рэакцыю на такі партрэт маёй гераіні. Некаторыя з вас абурацца, што, пішучы пра дзяўчыну ў вазку, я не дэманструю сваім стылем ані кроплі шкадавання. Але ж дадаць у голас шкадобы азначала б абраць неадпаведную фарбу. У біяграфіі Дар’і фігуруе такі пункт: працавала кансультантам у цэнтры псіхалагічнай падтрымкі. Я перакананая: з яе атрымаўся б выдатны «тэлефонны псіхолаг». Прычым не толькі для непаўнаспраўных жанчын, а для жанчын увогуле — як ні бязлітасна гэта прагучыць стасоўна ўсіх маіх дэпрэсіўных таварышак са здаровымі рукамі-нагамі (маю сумневы, што да галавы), кінутых або яшчэ не падабраных мужчынамі сваёй мары. Такі псіхолаг дае суразмоўцу «чароўнага выспятка» і навучае глядзець на рэчы канструктыўна. «Не толькі хворым патрэбны здаровыя. Здаровым хворыя патрэбныя болей, каб лячыць свае зачарсцвелыя душы», — гэтыя словы паэткі Дануты Бічэль з уступнага эсэ да кнігі «Вясновы jazz» вельмі дакладна апісваюць сутнасць стасункаў Дашы з людзьмі навокал.
Многія — і я ведаю, сябры, што вас большасць, — пацешацца, што я пазнаёмілася з сімпатычным вам чалавекам: у Дашы зайздросна шырокае кола сяброў, калег і знаёмых. Нехта з вас, безумоўна, жахнецца дыягназу — бедная дзяўчынка! — і папросіць за яе Бога падчас малітвы. Актыўныя асобы з добрым сэрцам, цалкам верагодна, наладзяць акцыю збору сродкаў на электравазок, так неабходны Дашы. І магчыма, знойдзецца шчодры спонсар, які прафінансуе дружнай і працавітай сям’і Ліс турпаездку ў Францыю — ва ўласнай прадмове да кнігі «Вясновы jazz» аўтарка дэкларуе сваю мару: «пабачыць Парыж (і жыць далей)»…
Толькі вось мэта Дашы — не разжаліць каго-кольвек, не раскруціць кагосьці на ажыццяўленне яе мараў, а давесці калегам і патэнцыйным працадаўцам: яна здольна сама зарабіць на ўсё, пра што марыць. Жорсткая праўда: дзеці з цяжкімі спадчыннымі захворваннямі працягваюць нараджацца і расці, і лячыць іх хваробы на генетычным узроўні (трэба верыць, пакуль што) па-за магчымасцямі людзей планеты. Тое, што цалкам па плячы ўсім нам, — выхаваць сябе ў такое грамадства, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць жыць і працаваць на роўных. Гісторыя Дашы Ліс, а таксама праблемы, якія дзяўчына ўзнімае ў публічнай прасторы, адкрываюць нам яшчэ адно еўрапейскае вымярэнне ідэальнай Беларусі: недасягальны свет, усе часткі якога звязаныя зручнымі пандусамі і шырокімі калідорамі.
…Некалькі гадоў таму Даша вырашыла важнае для кожнага «рэчыста» пытанне: «Што збіраць?» — і калекцыянуе званочкі. Рознакаляровая, рознакаліберная і рознагалосая калекцыя навісае над яе працоўным месцам — кампутарным сталом з вялізным маніторам і мініяцюрнай клавіятурай, даючы пра сябе ведаць ціхуткім дзыньканнем, калі мы рухаемся па пакоі. І я нават не ведаю, што ёсць большай метафарай Дашы — яе магутны кампутар, дзе з маленькай клавіятуры ў свет выходзіць шырокае палатно разумнага тэксту — або такі вось маленькі кранальны званочак. Здаецца, і тое, і іншае цалкам падыходзіць. Такая вось чыста джазавая сінкопа.