Легендарнаму Данчыку 65. Пяць фактаў з неверагоднага жыцця
Мне было дзесяць гадоў, калі ўпершыню прагучала «Беларусачка» ў выкананні Данчыка А ўлюблёнай калыханкай, якую мы спявалі з маёй маленькай дачкой, была «Баю-баю, люлі-люлі», якую я таксама пачула ўпершыню ў выкананні Данчыка.
А што яшчэ варта ведаць пра Багдана Андрусышына (Данчыка), які нарадзіўся ў Нью-Ёрку 3 студзеня 1958 года?
Нашчадак вядомага роду
Маці Багдана Юлія, дачка Яніны Каханоўскай. Бацька Паўло родам з Украіны. Яніна Каханоўская нарадзілася ў сям’і Аляксандра Апалінаравіча Шабуні і Эміліі з Луцкевічаў, малодшай дачкі Яна Баляслава, сястры беларускіх дзеячаў Івана і Антона Луцкевічаў. Мела малодшага брата Эдварда. Скончыла Мінскую польскую гімназію і агульнаадукацыйныя курсы, працавала медыцынскай лабаранткай[. З 1944 года ў эміграцыі, спачатку ў Германіі, потым у ЗША. Пасялілася ў Нью-Ёрку. Узяла сабе і дзецям прозвішча Каханоўская ад Аўгена Калубовіча (Каханоўскага), хоць шлюбу яны не афармлялі.Брала ўдзел у дзейнасці БАЗА (сакратар Галоўнай управы), уваходзіла ў кіраўніцтва жаночых структураў арганізацыі, а таксама ва ўправы Нью-Ёркскага і Манхэтанскага аддзелаў. Сябра рэдкалегіі газеты «Беларус» і БІНІМа.
Бабуля Яніна была лепшым сябрам Багдана. А яшчэ дзякуючы ёй уся сям’я перабралася ў ЗША, яе не спужала ні жыццё ў Гарлеме, ні неабходнасьць самой забяспечваць дзяцей і маці ў чужой краіне. Усмешка не сыходзіла з яе твару: «Надвор’е добрае і бальшавікі далёка: што яшчэ трэба?» — фраза, якую запомнілі ўсе, хто яе ведаў.
Адмовіўся ад акторскіх амбіцый
«Пасля ўніверсітэта я вучыўся ў прыватнай акцёрскай школе. — рапсавёў Данчык у адным з інтэрв’ю. — Аднойчы да нас прыйшла знакамітая актрыса Джэйн Фонда, уладальніца двух “Оскараў”. Запомніў яе фразу: “Калі вы не прачынаецеся і не ідзяце спаць з думкай, як стаць зоркай, кідайце гэтую прафесію”. Фонда была дачкой Генры Фонда, вялікага галівудскага акцёра, таксама ўладальніка “Оскара”. Яна казала, што мела тое, чаго не маюць іншыя (знаёмствы з прадзюсарамі, рэжысёрамі). Але нават ёй было вельмі цяжка прабіцца.
Тое самае з музыкай. Я вельмі любіў спяваць, але для самога сябе. Мне не было патрэбна прызнанне. З іншага боку, я думаў: калі маеш Божы дар, трэба ім дзяліцца. Таму я даваў канцэрты. Але зрабіць спевы прафесіяй я не адважыўся. У шоу-бізнесе выбіваюцца адзінкі. У мяне не было прагі да сцэны. Я занадта практычны і патрабавальны да самога сябе. Ведаў, што мушу мець нейкую прафесію, з якой буду зарабляць сабе на хлеб».
Упершыню наведаў Беларусь у 1989 годзе
Багдан атрымаў дазвол на ўезд у Беларусь (тады яшчэ частку СССР) у 1989 годзе.
— Я збіраўся ў Беларусь на месяц (мяне запрасіў Леанід Барткевіч, зорка “Песняроў”, я пазнаёміўся з ім у Амерыцы). Шчыра прызнацца, я ехаў не на канцэрты, а каб сустрэцца з маім дзядулем, якога ніколі не бачыў. Яшчэ да вайны ён развёўся з бабуляй, трапіў у войска. А яна засталася на акупаванай тэрыторыі. Паколькі разам з другім мужам яна працавала ў арганізацыі “Беларуская народная самапомач” (была створана для дапамогі беларусам, пацярпелым ад вайны), у 1944-м яны эмігрыравалі. Разам з імі з’ехала і мая прабабуля, родная сястра Антона і Івана Луцкевічаў, а таксама мая 12-гадовая маці. Дарэчы, яна з’яўляецца аўтарам кнігі ўспамінаў “Забыццю не адданае”, якую жадаючыя могуць набыць у мінскім бюро Радыё Свабода. Дык вось, наша сям’я трапіла ў Нямеччыну, адтуль у ЗША. А дзядуля застаўся, стварыў новую сям’ю.
Але канцэрты ўсё ж адбыліся. Другі раз канцэрты Данчыка ў Беларусі адбыліся ўжо ў 1996 годзе.
Усвядоміў сваю сексуальную арыентацыю яшчэ ў дзяцінстве
Упершыню Багдан зразумеў, што яго прываблівае мужчынскае цела, калі ўбачыў у 1965 годзе фільм “Біблія”. Доўгі час яго клопатам было было — паводзіцца так, каб у ім не распазналі гея.
Магчыма таму ён і адмовіўся ад акторскіх амбіцый. «Галоўнае для актора разьняволенасьць, а ўсё маё жыцьцё было падпарадкаванае аднаму: як трымацца, каб сябе ня выдаць, каб мяне не забілі...» Як ён тлумачыў: Трэба было таксама браць у разлік суворыя настроі ў беларускім эмігранцкім асяродку 80-90-х у ЗША.
Ён цешыцца, што сёння можа гаварыць адкрыта, але ягонае жаданьне быць гранічна праўдзівым збянтэжыла частку беларускай аўдыторыі і прымусіла Данчыка пашкадаваць пра сваю шчырасць.
Ніколі не думаў, што пакіне Нью-Ёрк
З 1992 года Дынчык працуе на радыё Свабода а адбылося гэта вось як. Фірма, дзе ён тады працаваў, знаходзілася на Брадвеі, на 50-й вуліцы. А Радыё мела сваю сядзібу недалёка, на 57-й вуліцы. Начальнікам нью-ёркскага бюро тады працаваў Ян Запруднік, стары сябра сям’і. Яго бабуля шмат гадоў працавала з ім на Свабодзе. Аднойчы яму патэлефанаваў Запруднік і запрасіў да сябе на абед.
«Я прыйшоў, хоць не ведаў, у чым справа, — распавядаў Данчык. — Высветлілася, што ён сыходзіць на пенсію і запрашае заняць яго месца. Гэта прапанова перакуліла маё жыццё. У глыбіні душы я не думаў, што адкажу згодай. Ішоў 1992 год. Хадзілі чуткі, што Радыё Свабода хутка зачыняць. Нашто мне было сядаць на “Тытанік”, у нью-ёркскім аддзяленні якога працавала з дзясятак чалавек (смяецца)? У мінулым, калі на Свабодзе яшчэ працавала мая бабуля, офіс літаральна кішэў людзьмі.
Але сумоўе мусіла праходзіць у Мюнхене. Я падумаў: чаму б не з’ездзіць у Еўропу? Усё ж аплачана (смяецца). Там мне спадабалася. Але на сумоўі прапанавалі працу не ў Амерыцы (неўзабаве мясцовае бюро наогул закрылі), а ў Мюнхене. Давялося рабіць выбар. Я ніколі не думаў, што пакіну Нью-Ёрк, які вельмі любіў. Да таго ж я не ведаў нямецкай мовы. Але ўсё ж такі прыняў рашэнне. Натуральна, было цяжка. Тады свет быў нашмат меншы, чым зараз. Людзі, якія пераязджаюць на іншыя кантыненты, не адчуваюць сябе такімі адарванымі ад усяго роднага. Я адпраўляў лісты за акіян. Тэлефанаваў рэдка, бо званкі каштавалі вельмі дорага.
Для мяне гэта быў цяжкі выбар. Я думаў: калі не паеду, ніколі сабе не прабачу, бо заўсёды буду думаць: “А што, калі б…” Я мусіў сабе даказаць, што не баюся. Гэта была галоўная матывацыя. Змяніць жыццё і паглядзець, ці змагу жыць у чужой краіне. Зрэшты, я вам прызнаюся, што была і празаічная прычына. У ЗША я пасля пяці гадоў працы меў толькі тры тыдні вакацый. А на Радыё Свабода мне адразу далі шэсць тыдняў. Не хапіла сіл ад такога адмовіцца (смяецца).
У 1990-я гады яшчэ ішлі размовы, што Радыё Свабода зачыняць. Потым мы пераехалі ў Прагу, і адкрылася новае дыханне. З пачатку 2000-х я намеснік дырэктара Радыё Свабода. Займаюся ўсім: ад рэдактарскіх задач да адміністрацыйных”.