«Мне паступіў сігнал, што вы ўчора на ўроку сказалі дзецям праўду!»

Падзеі вакол нас даўно ўжо набылі біблейны характар. Нават нерэлігійны чалавек, угледзеўшыся, лёгка заўважыць: тут сапраўды ідзе не палітычная барацьба, а змаганне, даруйце за патас, Дабра са Злом. Нейкім незаўважаным, але пераканаўчым чынам канфлікт з палітычнага імкліва пераўтварыўся ў маральны.

roman_14_0.jpg


Калі прыняць за маральную норму патрабаванні рэжыму, цяпер у нас з'яўляецца злачынствам: памятаць сваіх мёртвых, ушаноўваць іх памяць кветкамі, даваць прытулак тым, хто ў небяспецы, падвозіць ваду тым, хто яе ня мае, казаць праўду, абараняць затрыманых ці звольненых калег і сваякоў, заклікаць да спынення гвалту, апеляваць у сваіх патрабаваннях да народу.
Наадварот, правільным і ўхвальным з'яўляецца: ілгаць, ілжэсведчыць, кідаць сваіх у бядзе, біць нагамі памінальныя лямпадкі, выдаваць тых, хто схаваўся ад небяспекі, зачыняць дзверы перад тымі, хто баіцца. Калі царква заклікае не апаганьваць памяць мёртвых — ёй загадваюць заткнуцца. Калі, наадварот, царква ўхваляе гвалт над людзьмі — ёй даюць месцы ля мікрафонаў. Калі доктар выказвае спачуванне і міласэрнасць да збітага — доктара звальняюць з працы. Калі доктар у ІВС штурхае нагой спакутаванага — ён застаецца працаваць.
Каб зрабіць кар’еру сёння, трэба быць: жорсткім, хлуслівым, амаральным, бессардэчным. Каб гарантавана страціць працу, трэба быць праўдзівым, неабыякавым, прыязным да людзей. Ты можаш нават не мець з сабой сцягоў, не дэклараваць палітычных патрабаванняў, ты можаш проста прынесці кветкі на месца забойства — і ты будзеш злачынцам. А можаш раскідаць кветкі нагамі — і ты будзеш паслухмяным грамадзянінам. Дый наогул, ты можаш абылгаць мёртвага — і выдаваць сябе за ікону маралі. А можаш прад’явіць людзям праўду насуперак гэтай ілжы — і справакаваць забарону на праўду для ўсіх.
Не ведаю, ці заўважаюць гэта тыя, хто сёння трымае на сваіх плячах былую ўладу: як лёгка і як беспаваротна яны звальваюцца ў маральную бездань. Вось ты судздзя, неблагая, напэўна, дзяўчына, харошая дачка харошай мамы, але ты проста вынесла прысуд на падставе ілжэсведчанняў, якія даў невядомы ані табе, ані іншым Іван Іванавіч Іваноў — опа, і ты ўжо на баку Зла. Здаецца, проста выконвала сваю работу (потым так і скажаш). Але дабро і зло не ведаюць межаў паміж работай і не-работай. Немагчыма быць на працы са Злом, а дома з Дабром. Так проста не бывае. Шчэ ў палітыцы можна падтрымліваць аднаго, а працаваць на іншага, без праблем. А з дабром і злом такія жарцікі не праходзяць. Ты альбо там — альбо там.
Мне падаецца, я разумею цяперашнюю беларускую Салідарнасць — салідарнасць маштабную, касмічную, салідарнасць, якая ня мае меры і межаў. Дабро цяпер — гэта пратэст. Што б ты ні рабіў добрага — ты ўжо пратэстуеш. Прывёз вады — пратэстуеш. Аднавіў паламаную чорнымі людзмі меблю — пратэстуеш. Пусціў памыцца ці адпачыць незнаёмца — пратэстуеш. Не схлусіў — пратэстуеш. Абараніў слабога — пратэстуеш.
Ну можна зрэзаць усе стужачкі, разбіць усе лампадкі, пасадзіць усіх з вуліцы, забараніць партрэты Рамана Бандарэнкі. Можна. Але з Дабром — што рабіць? Як ты яго забароніш? Нават калі жыццё пакласці на гэта — ну ніяк.
І менавіта таму ў гэтым канфлікце перамога — прадвызначаная. Ну так, Зло, бывае, выйграе ў тактыцы. Нават найчасцей так і бывае — тактычна Зло і больш хітрае, і больш жорсткае, і часцяком лепей аплочваецца. Але стратэгічна ў Зла няма ніякіх шансаў. І не проста таму, што так напісана ў Бібліі. А таму, што чалавецтва, каб выжыць і не пажэрці адзін аднаго, ад самага свайго пачатку вымушана трымацца Дабра. Голы практычны сэнс.
А беларусы людзі практычныя.
Хочацца расказаць напрыканцы адну праўдзівую гісторыю. Адна мая знаёмая настаўніца прыйшла ў панядзелак на ўрок збітая, з вялізарным сіняком на твары. На нядзельным маршы яна кінулася бараніць чалавека, якога цягнулі ў бус, і яе ўдарыў у твар амапавец. Дзеці, натуральна, успалашыліся: што з вамі? Яна шчыра расказала, як было.
А назаўтра яе выклікаў дырэктар і голасам прарока пратрубіў у яе разбіты твар: «Мне сёння патэлілі з аддзелу адукацыі! Туды паступіў сігнал, што вы ўчора на ўроку сказалі дзецям праўду!»
Мы ішлі з ёю поплеч па праспекце Пераможцаў, зноў была нядзеля, зноў побач было шмат прыгожых людзей, сіняк яе цвіў ужо жоўтым і чорным, і мы смяяліся.
Блог Радыё Свабода