«Лабіст Лукашэнкі» не супраць забраць беларускую частку ЧС-2021 па хакеі
Легендарны савецкі хакейны галкіпер, а цяпер кіраўнік Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслаў Траццяк, якога называюць ледзьве не галоўным лабістам Лукашэнкі ў сусветным хакеі, заявіў пра гатоўнасць правесці ЧС-2021 па хакеі ў Расіі замест Беларусі.
Адзначыўшы, што сусветнае першынства, якое прайшло ў 2014 годзе ў Мінску, было «адным з лепшых», ён заявіў аб невядомасці, якая чакае Беларусь у бліжэйшай будучыні, перадаюць naviny.media.
«Расія, калі што, заўсёды гатовая прыняць чэмпіянат свету ў выпадку пераносу з той ці іншай краіны, але давайце спачатку зробім так, каб турнір прайшоў у Беларусі і Латвіі, як запланавана», — сказаў Траццяк.
Раней паведамлялася, што аглядальнік тэлеканала «Матч ТВ» Павел Лысенка заявіў: «Маё прадчуванне — ЧС-2021 з Мінска перанясуць... Калі ўявіць, што сітуацыя ў Мінску не зменіцца да траўня, то мы атрымаем турнір, дзе будзе вельмі шмат міліцыі, вакол якога паўстане куча скандалаў, ды і байкоты напэўна будуць. Ну, гэта як гуляць у хакей на вулкане».
Нагадаем ЧС-2021 павінен прайсці ў Мінску і Рызе з 26 траўня па 6 чэрвеня. Аднак з-за ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі 17 верасня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая ў тым ліку заклікае не праводзіць частку чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года ў Беларусі. У дакуменце ўтрымліваецца заклік да нацыянальных хакейных федэрацый краін ЕС і ўсіх дэмакратычных краінах выступіць з зваротам да Міжнароднай федэрацыі хакея аб скасаванні пастановы аб правядзенні Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі, пакуль сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не палепшыцца.
Раней у сувязі з беларускімі падзеямі пасля прэзідэнцкіх выбараў Латвія афіцыйна заклікала ІІХФ перанесці ЧС з Беларусі ў іншую краіну. Учора стала вядома, што кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў занесены ў спіс неўязных у Латвію.
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 11 лістапада заявіў, што Мінск працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў 2021 годзе. «Мы гатовыя да правядзення чэмпіянату. Бяспека спартсменаў і заўзятараў будзе забяспечана. Таму ўсе заклікі да байкоту, якія часам раздаюцца, незаможныя і не маюць месца», — сказаў ён.