Кіраўнік ФХБ Дзмітрый Баскаў і кікбаксёр Дзмітрый Шакута занесены ў спіс неўязных у Латвію
"Чорныя спісы" тых, хто працягвае жорстка душыць мірныя пратэсты ў Беларусі, будуць пашырацца.

Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў занесены ў спіс неўязных у Латвію. Такое рашэнне прыняў міністр замежных спраў краіны Эдгарс Рынкевічс, паведамляе «Прэсбол».
Таксама ў спіс неўязных уключаны вядомы кікбаксёр Дзмітрый Шакута.
"На падставе пункта 2 артыкула 61 Закона аб іміграцыі я прыняў рашэнне аб уключэнні двух грамадзян Беларусі ў спіс асобаў, непажаданых для Латвійскай Рэспублікі, усталяваўшы забарону на ўезд у Латвію на нявызначаны тэрмін. Цытата з класіка: "Такі хакей нам не патрэбны!"
Разам з Літвой і Эстоніяй мы хутка пашырым "чорныя спісы", уключыўшы ў іх тых, хто працягвае жорстка душыць мірныя пратэсты ў Беларусі", — напісаў кіраўнік латвійскага МЗС у твітары.

Нагадаем, днямі ў шэрагу СМІ з'явілася інфармацыя, што людзі, падобныя на Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуту маюць дачыненне да забойства жыхара плошчы Перамен Рамана Бандарэнкі.
У 2021 годзе Беларусь і Латвія павінны прыняць чэмпіянат свету па хакеі.