«Ці будуць перапоўненыя трыбуны, калі цяпер перапоўненыя турмы?»

Беларусы запісалі відэазварот да сусветнай хакейнай супольнасці, у якім просяць адмяніць Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Запіс апублікаваны на старонцы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці ў Facebook.

clip_24.jpg


Зварот агучылі вядомая баскетбалістка Алена Леўчанка, кіраўнік грамадскай платформы «Голас» Павел Лібер, урач-анколаг Дзмітрый Буралкін і прадстаўнік беларускіх заўзятараў Мікіта.

«Як беларус я задаю сабе пытанне: а дарэчнае цяпер гэтае свята ў маёй краіне? Тры месяцы беларусы хочуць, каб іх пачулі. У адказ іх б’юць і гвалцяць. У твары старых і студэнтаў распыляюць газ. На вуліцах мірных гарадоў выбухаюць святлошумавыя гранаты. Як вы думаеце, ці будуць перапоўненыя трыбуны, калі цяпер перапоўненыя турмы?», — задаюцца пытаннем удзельнікі запісу.

Алена Леўчанка распавяла аб сваім вопыце затрымання і ўмовах, у якіх правяла 15 сутак зняволення.

«Я спала на жалезных бэльках без ацяплення, без гарачай вады, без каналізацыі, без медыцынскай дапамогі. У мяне з’явіліся вошы. Я не здзяйсняла злачынстваў-і была арыштаваная толькі за тое, што ў мяне ёсць голас, і я не магла маўчаць», — кажа спартсменка, падкрэсліваючы, што яе выпадак не ўнікальны: такім жа чынам за краты трапілі тысячы мірных грамадзян.

«Гэта самы масавы і беспрэцэдэнтны тэрор у Еўропе з часоў 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Наколькі сумленна праводзіць Чэмпіянат свету ў краіне, закон у якой нічога не значыць, а Алімпійская Хартыя нічога не вартая?», — пытаецца Леўчанка.

«Наколькі бяспечна праводзіць Чэмпіянат свету ў краіне, якая адмаўляе існаванне віруса, ад якога загінула ўжо больш за мільён чалавек? Ці бяспечна гэта будзе асабіста для вас? І ці не стане свята балем падчас чумы, гаспадар якой ні разу не надзеў маску?», — кажа анколаг Дзмітрый Буралкін.

«У лістападзе на нашай платформе мы спыталі ў беларусаў, ці хочуць яны, каб Чэмпіянат свету па хакеі прайшоў у маі або лічаць важным яго перанесці. Мы атрымалі каля 400 тысяч адказаў. 90% рэспандэнтаў прагаласавалі за перанос чэмпіянату», — рэзюмуе Павел Лібер, дадаючы, што гэта меркаванне народа, якое ў цывілізаваным дэмакратычным грамадстве нельга ігнараваць.


Чэмпіянат свету па хакеі-2021 павінны правесці Беларусь і Латвія. Раней Латвія заклікала перанесці мерапрыемства з Мінска. У пачатку верасня кіраўніцтва Латвіі заяўляла, што калі Міжнародная федэрацыя хакея не пойдзе насустрач, а сітуацыя ў Беларусі не зменіцца, то краіна можа адмовіцца ад правядзення спаборніцтваў. У беларускай федэрацыі хакея, у сваю чаргу, заявілі аб гатоўнасці правесці чэмпіянат 2021 года ў адзіночку.

Савет Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) планаваў сабраць экспертную групу, каб ацаніць статус Чэмпіянату свету-2021. Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой выступіў за перанос чэмпіянату з Беларусі, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца.