Пяць гадоў без Генадзя Грушавога
Роўна пяць гадоў таму, 28 студзеня 2014 года, пайшоў з жыцця Генадзь Уладзіміравіч Грушавы — доктар філасофскіх навук, прафесар. Але ў Беларусі і далёка за яе межамі ён быў вядомы як заснавальнік і нязменны кіраўнік Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля», які дапамог больш як мільёну жыхароў нашае краіны, што пацярпелі ў выніку самай жахлівай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя.
У 1990 годзе Генадзь Грушавы быў абраны дэпутатам
Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання (потым увайшоў і ў склад ВС 13-га
склікання). Быў чальцом фракціі Апазіцыі БНФ у ВС-12, узначаліў камітэт
Беларускага народнага фронту “Дзеці Чарнобыля”, які праз колькі часу ператварыўся
ў найбуйнешы ў свеце дабрчынны фонд, што займаўся дапамогай ахвярам катастрофы
на ЧАЭС.
Без дапамогі ўлады, а часта нават і насуперак ёй, БДФ “Дзецям Чарнобыля” атрымалася накіраваць на аздараўленне ў дзясяткі краінаў свету больш за 600 тысяч беларускіх дзетак.
Сотні малых беларусаў, хворых пераважна на анкалогію, былі прааперыраваныя ў лепшых замежных клініках, абсалютная большасць паспяхова.
Дзякуючы фонду і асабіста Грушавому на пачатку цяжкіх у эканамічным плане 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусь паступілі многія тысячы тон гуманітарнае дапамогі, лекаў, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання. Унутры краіны, у забруджаных радёнуклідамі раёнах, з’явіліся дзясяткі арганізацыяў самадапамогі, стварэнне якіх ініцыяваў і аб’ядноўваў Фонд Грушавога.
Сюды прыязджалі сотні замежных валанцёраў — маладых людзей пераважна з Германіі, якія працавалі ў беларускіх клініках, на будоўлі экалагічных дамоў на поўначы Беларусі, прызначаных для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў.
Апроч таго, былі яшчэ дзясяткі экалагічных праектаў для моладзі, міжнародня адукацыйныя і культурніцкія праграмы. Усё, што за больш як два дзясяткі гадоў зрабілі Генадзь Грушавы і ягоны фонд, пералічыць вельмі цяжка.
Сам Генадзь Уладзіміравіч захварэў на лейкемію — хваробу (як ён сам казаў), супраць якой змагаўся ўвесь час існавання фонду. Многіх выратаваў, а сам выратавацца не змог.
Імя Генадзя Грушавога ўжо ўпісана ў гісторыю. На торыторыі царкоўнага праваслаўнага комплексу на вуліцы Прытыцкага ў Мінску знаходзіцца Сад надзеі імя Генадзя Грушавога. Сам кіраўнік фонду разам з паплечнікамі калісьці высаджваў першыя дрэўцы. Сёння гэты сад — сапраўдны помнік слыннаму дабрачынніку, палітыку, навукоўцу, проста вельмі добраму чалавеку Генадзю Уладзіміравічу Грушавому, якому лёс адвёў толькі 64 гады такога насычанага жыцця. Светлая памяць Вам, шаноўны Генадзь Уладзіміравіч.