Карпацкі легінь Дмытро Паўлычка
Экзатычнае слова «легінь» існуе ва ўкраінскай мове для азначэння хлопца, які нарадзіўся ў Карпатах і надзелены ўсімі станоўчымі якасцямі, што ўвайшлі ў ментальны імператыў народа. Менавіта такі чалавек — зорка сусветнай паэзіі Дмытро Паўлычка.
Па дасягненні паўналецця юнак павінен прайсці ў сваёй грамадзе абрад ініцыяцыі, у выніку малады хлопец атрымлівае права насіць зброю — карпацкі тапірэць! Яму, што засведчыў сілу і розум, пры абароне сябе, свайго краю, дазволена забіваць ворага.
У гэта тлумачэнне закладзена інтрадукцыя да асноўнай характарыстыкі Дмытра Васільевіча Паўлычкі, народжанага ў карпацкім сяле на Гуцульшчыне ў 1929 годзе, сёння знакамітага пісьменніка, грамадскага дзеяча, дыпламата, якому 28 верасня ўдзячная супольнасць адзначае высокае 90-годдзе з дня нараджэння.
Пачатак майго знаёмства з юбілярам прыпадае на нашу сумесную львоўскую ўніверсітэцкую філалагічную маладосць. Паўлычка-малады паэт, друкаваўся з 1951 года, аспірант, і я, студэнтка-пачатковец, атрымалі ад рэктара Львоўскага ўніверсітэта, незабыўнага наша куміра, мудрага і прагрэсіўнага Яўгена Канстанцінавіча Лазарэнкі не загад, а «ўрок» з просьбай годна адгукнуцца на міжнародныя падзеі, што, як на той час, атрымлівалі важкі народазнаўчы статус. Лазарэнка засяродзіў нас на антыімперыялістычнай рэвалюцыі на Кубе. У 1960-я гады з’явіліся Гаванскія дэкларацыі, што сталі праграмай барацьбы кубінскага народу за нацыянальную незалежнасць. Кіраўніцтва СССР наладжвала мерапрыемствы ў падтрымку народу Кубы, вітаючы найперш сацыяльную матывацыю паўстанцаў. Наш рэктар, акадэмік мінералогіі з сусветным імем, вызначаўся высокай культурай, веданнем еўрапейскіх літаратур і, найперш, роднай украінскай. Ён ведаў тое, што не паспелі яшчэ асвоіць мы як філолагі. Аказваецца, яшчэ ў далёкіх 1880-х украінец Барыс Грынчэнка ўзнімаў голас дэмакрата ў абарону кубінцаў, напісаўшы цікавую паэму «Мацільда дэ Аграмантэ».
З падачы рэктара я выступіла з адпаведным дакладам на Першай Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай краінам Лацінскай Амерыкі, што адбылася ў Маскве пад патранатам Пасольства Кубы. Дмытро Паўлычка, дзякуючы Лазарэнку, атрымаў магчымасць здзейсніць падарожжа на Кубу. Блаславенне рэктара стала для Паўлычкі адной з вызначальных форм інтэлектуальнай ініцыяцыі, што вылілася ў напісанне ім у 1962 годзе кнігі вершаў і прытчаў «Жест Нерона».
Пераканана: згаданы «рэктарскі ўрок» для Паўлычкі стаў магутным каталізатарам выспявання ўсёй шырыні далейшай філасофскай нацыянальна-вызваленчай праблематыкі, якая з неспадзяванай яшчэ для тагачаснага мастацтва сілай выбухнула некалькі раней у яго зборніку «Правда кличе» (1958). Ідэйна-кампазіцыйны стрыжань кнігі — санет «Коли помер кривавий Торквемада» — прагучаў ёмістай алегорыяй дыктатарскага рэжыму ў Краіне Саветаў. Наклад кнігі быў знішчаны. Вытрымаць ціск ідэалагічнай апрацоўкі, што абрынулася на аўтара пад «жэстамі навейшых неронаў», было не проста. Аднак Дмытро Паўлычка выстаяў. Ён быў прадвеснікам эпохі шасцідзясятніца, у атмасферы якой выспявала гуманістычнае светабачанне новага пакалення.
У 1964 годзе паэта прымаюць у Саюз пісьменнікаў Украіны. Гуцульскі легінь пераязджае ў сталічны Кіеў. Львоўская тутэйшасць, местачковыя патрыёты ўзбурыліся: «Як, Паўлычка, любоў і надзея ўсёй Галіччыны, робіцца кар’ерыстам і здраджвае свайму краю?». Аднак паэтычная інвектыва, філасофская прытча, мастацкае слова, вострае, як «меч гладыятара», сталі адэкватнай да гуцульскага тапірця зброяй паэта. Жыццядзейнасць Паўлычкі ў Кіеве адбываецца пад знакам непарыўнай барацьбы за цэласнасць дзяржавы Украіна. Думкі пра неабходнасць духоўнай спадкаемнасці ўсіх пакаленняў украінцаў — з усіх куткоў і мацерыковай Украіны, і эміграцыйных украінскіх — стымулююць энергію творцы.
Паўлычкавы ідэі незнішчальнасці ўкраінскай саборнай нацыянальнай культуры яскрава выяўляюцца ў яго зборніках «Гранослов» (1968), «Спіраль» (1984), «Поеми і притчі» (1988), «Покаянні псалми» (1994), «Вірші з майдану» (2014). Пад гэтым дэвізам Паўлычка ўдзельнічае ў стварэнні кінастужак «Сон» паводле Тараса Шаўчэнкі, «Захар Беркут» паводле Івана Франко. Такім выявіў сябе Паўлычка, працуючы ў сакратарыяце Саюза пісьменнікаў. І ў грамадска-палітычнай дзейнасці як дэпутат Вярхоўнай Рады, як ініцыятар Народнага Руху Украіны. І як дыпламат на пасадах Надзвычайнага і Паўнаважнага пасла Украіны ў Рэспубліцы Славакія, Рэспубліцы Польшча…
У межах гэтай віншавальнай публікацыі поўна ахарактарызаваць шматграннасць асобы знакамітага юбіляра немагчыма. Аднак пра яго літаратурную дзейнасць неабходна сказаць шырэй. Па колькасці выданняў ён — ці не найбольш актыўны ўкраінскі пісьменнік! Яшчэ першы зборнік «Любов і ненависть» (1953) прадказаў галоўную адметнасць таленту Паўлычкі: канфліктнасць лірычнага сюжэта і дыялектычнасць мыслення развіваюцца ім ва ўзаемадзеянні. Эстэтычная праграма паэта ўключае ў сябе культуру народнай этыкі, шырыню эмацыянальнага ўспрыняцця наваколля, прыгажосць чалавека паэт бачыць у бескарыслівай дабраце і душэўнай шчодрасці. Верш Паўлычкі ўнутрана арганізаваны. Працуючы ў многіх паэтычных жанрах і формах, асвоеных роднай літаратурай, паэтамі Захаду і Усходу, Паўлычка асаблівую ўвагу аддае санету. Аднак з-пад пяра Паўлычкі выходзяць і бліскучыя, арыгінальныя рубаі! Шлях паэта-грамадзяніна — гэта нястомныя пошукі праўды і чысціні ў творчасці і міжнародных адносінах, нацыянальным калектыве, асабістым жыцці індывідуума.
Вялікую папулярнасць прынесла Паўлычку яго інтымная лірыка: асобныя зборнікі «Таємниця твого обличчя» (1974, 1979), цыклы «Любов», «Пахощі хвої», «Пісні». Паэтычны Пегас Паўлычкі прынёс чытачам эратычную лірыку, створаную на ўзроўні класічных традыцый Сафо, Катула, Бадлера, Тувіма. Многія яго вершы праз меладычнасць, набліжанасць да фальклорнай паэтыкі «пайшлі ў народ», сталі любімымі і знанымі не толькі ва Украіне: «Два кольори», «Лелеченьки», «Впали роси на покоси»...
Як рэдактар знакамітага часопіса «Всесвіт» Паўлычка падключаў лепшыя ўкраінскія сілы да папулярызацыі сродкамі роднай мовы дасягненняў блізкіх і далёкіх культур, скіроўваў іх на раскрыццё ўкраінскай самабытнасці ў кантэксце «всесвіту». Пры гэтым Паўлычка няспынна пашыраў і свае творчыя арбіты: выступаў як крытык, літаратуразнаўца, перакладчык. Адзін толькі пералік перакладзеных ім аўтараў выклікае захапленне. Гэта творцы старажытнасці і сучаснасці, прадстаўнікі розных краін і народаў: Дантэ, Петрарка, Шэкспір, Гарсія Лорка, Хасэ Марці, Гётэ і Гейнэ, Рыльке і Ібсан, Стаф, Пушкін, Блок і Ясенін, Івашкевіч, Гвездаслаў, Незвал, Шымборская... Літаратуразнаўчы даробак Д. Паўлычкі вымяраецца тысячай старонак, ён выдадзены ў двух тамах. Першы — прысвечаны ўкраінскаму пісьменству, другі — творцам і творам сусветнай літаратуры.
Пачэснае месца ў творчым даробку і творчых планах Д. Паўлычкі займае беларусіка. Важкае слова сказаў Паўлычка пра В. Быкава, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, В. Рагойшу. Ён пераклаў творы М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, Г. Бураўкіна. А яшчэ — усе санеты Янкі Купалы. «Я верыў, — скажа Д. Паўлычка, — што ў Янкі Купалы павінна быць нешта такое, што мае адносіны да адвечнага жадання беларусаў — жадання мець сваю дзяржаву. Я перажыў пэўную радасць, перакладаючы надзвычайна актуальны яго санет «Наша гаспадарка»». Сёлетні чэрвеньскі нумар выдання «Новы час» змясціў выдатныя вершы Паўлычкі, прысвечаныя памяці Васіля Быкава.
Паўлычка неаднойчы наведваў нашу краіну. Асабліва памятнымі былі яго прыезды ў Беларусь разам з шчырым украінскім беларусазнаўцам Лубкіўскім у 2003 і 2009 гг., удзел у працы музеяў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча. Беларусіку гэтых слаўных украінскіх сяброў вызначаюць словы Дмытра Паўлычкі: «Я не віддам своєї волі і вашу боронитиму сповна!»...
Магу запэўніць, што з часу яго львоўскай біяграфіі юбіляр вонкава амаль не змяніўся. Гады яго не «прызямлілі»: іскрысты погляд глыбокіх сініх вачэй, гучны эмацыянальны голас, парывістая хада. Ён энергічны, «стрункий, ще й на бороді ямка», як пяецца ў народнай песні. Адно толькі — у некалі густым чубе свавольна гаспадараць «вераснёўскія павуцінкі», непакорнае высокае чало прарэзалася барознамі маршчын. Унутрана ж, інтэлектуальна, духоўна, творча карпацкі легінь з году ў год узрастае, узбагачаецца на працягу ўсяго свайго няпростага, насычанага апантанай працай жыцця.
Дмытро Васільевіч Паўлычка — Герой Украіны, яго заслугі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ордэнамі. Аднак найбольшая праўда адносна такіх людзей, як юбіляр, наступная: той, хто так мужна нясе свой цяжкі крыж, уганароўваецца цярновым вянцом…
Таццяна Кабржыцкая, лэдзі ордэна Святой княгіні Вольгі