Прозвішча ў лёсе: Казімір Альхімовіч

20 снежня спаўняецца 175 гадоў ад нараджэння выдатнага мастака культурнага «памежжа», удзельніка паўстання 1863 года, беларуса Казіміра Альхімовіча. Падстава дастатковая, каб прайсціся яго сцежкамі.



alchim_kazimierz_466.jpg

Казімір Альхімовіч

Магчыма, ягонае прозвішча ўтварылася ад сярэднявечнай навукі — «алхіміі», што ўзыходзіла да арабскага — al-kimija і перакладалася як «філасофскі камень». Яму ж да спадобы было дзіцяча-фантастычнае тлумачэнне, якое наўпрост нітавалася са зразумелым жыццём наваколля ды таямнічым светам старажытных кельтаў, якія не ведалі Збавіцеля і маліліся дрэвам. У ірландскай «Песні лясных дрэваў» алешына («альха») — самая ваяўнічая чарадзейка, самая гарачая ў двубоях. Свяшчэнная алешына моцна шанавалася, ёю гацілі непралазныя балоты, на ёй ставілі самыя старажытныя еўрапейскія будыніны. Шмат яшчэ забабонаў знітавана з гэтым дрэвам.

Галоўнае ж — з яго мажліва было здабыць фарбы: чырвоную, бы агонь, — з кары, зялёную — з кветак, а рудую — з маладых галінак…

Ад калыскі

Нарадзіўся Казімір Альхімовіч напярэдадні Калядаў у мястэчку Дубрава на Лідчыне (цяпер Шчучынскі раён). Калі ў аднадваровага шляхціца Альхімовіча з’явіўся першынец, у мястэчку было 150 двароў, вучэльня, касцёл, праваслаўная царква, некалькі крамак ды карчма. Спрактыкаваны бацька Дамінік не пашкадаваў грошай на навучэнне сыноў у Вільні.

Заснавальнікаў ліцвінскага мастацтва — Францішка Смуглевіча (1745–1807), Яна Дамеля (1780–1840) ды Яна Рустэма (1762–1835) Казік ведаў з маленства. Але гонар мастацкай Вільні рабіла майстэрня Рафаіла Слізеня (1803–1881) з Бартнікаў (цяпер вёска Вольна пад Баранавічамі) ды прыватныя студыі «прафесараў»: паўстанца Вікенція Дмахоўскага (1807–1862), Караля Рыпінскага і іншых. Водгук у сэрцы Казіміра і ягонага брата Гіяцынта знаходзілі жывыя побытавыя сцэнкі Канстанціна Кукевіча (1810–1842) ды жывапісныя палотны Канута Русецкага (1801–1860), які трапна выбраў галоўнага героя — працаўніка зямлі, працягнуўшы цікаўнасць філаматаў да народнага жыцця. Казіміру дужа падабаліся абразы «Літоўка з вербамі» ды «Жняя».

kazimir_al_himovich_.jpg

Казімір Альхімовіч. Аўтапартрэт

Альхімовічы, пэўна, вучыліся ў гімназіі, што месцілася ў мурах зачыненага ўніверсітэта. Малюнак, верагодна, у іх выкладаў Мацей Пржыбыльскі (1794–1867), асісціраваў яму другі гадаванец славутай установы — Антон Валасевіч. Вынікам сталася тое, што абодва браты па заканчэнні навучэння прыстойна валодалі пэндзлем. Сцвярджаюць, што «Казімір пэўны час працаваў эканомам у маёнткаў пад Кіевам» і нібыта там паспрабаваў сябе ў публіцыстыцы.

Быў і кароткі глыток свабоды — 1863 год. Паўстанне. Суд. Выгнанне ва Уральскі Кунгур, «слаўны сваімі цэрквамі, кабакамі ды брудам». Пасяленне ў яшчэ драбнейшым малавядомым Верхатур’і.

na_etape.jpg

На этапе (1894)

Варшава

У Варшаве атабарылася большасць амніставаных інсургентаў, хоць «жандараў на вуліцах было больш, чым ліхтароў». Казімір прыехаў сюды вучыцца. Дарэчным стаўся досвед малявання, атрыманы ў Віленскай гімназіі ды самастойныя штудыі на выгнанні, якія давалі невялічкі прыбытак. (Некаторыя знаўцы мастацтва лічаць яго алоўкавы аўтапартрэт 1864 года лепшай выявай). На пракорм Казімір падрабляў рамесніцкім роспісам парцаляны ды фаянсу на прыватных мануфактурках. Раз-пораз кантактаваў з перыёдыкамі Вільні, Варшавы, Львова. Як асоба цікаўная ды прагная да нязведанага, не абмінуў лепку з гліны ды тэракоты, плоскую і аб’ёмную разьбу па дрэве.

Найпапулярнейшай вучэльняй краю была «Школа малюнка», якую ачольваў карэнны варшавяк, рэаліст Войцех Герсан (1831–1901). Сюды і трапіў Альхімовіч.

Штудыі (1871–1873) праляцелі для Казіміра хутка: дзякуючы прыязна-сяброўскай і творчай атмасферы, якая панавала ў школе, дзе атрымоўвалі адукацыю шмат юнакоў з беларускіх абшараў. Са школай у Казіміра былі знітаваныя і першыя прафесійныя дасягненні, калі ён браў удзел у выставе Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў, двойчы быў узнагароджаны срэбным медалём за настраёва-тэматычныя карціны.

Аднакашнік і інсургент Юзаф Хельманоўскі (партрэт яго Казімір напіша ў 1902 годзе) казаў, што Альхімовіча пан Войцех вылучаў з першага года навучання. Ён сябраваў з дачкой мэтра — пісьменніцай Марыяй Герсан-Дамброўскай. Ёй імпанавала, што крыху дзікаваты мастак паўсюдна гаварыў на «вясковай лідскай» гаворцы.

Калі ў 1896 годзе з ласкі сябра па Імператарскай Акадэміі мастацтваў жывапісца-акадэміка Семірадскага (1843–1902) Войцех Герсан атрымаў замову на роспіс купала і нефа святыні Расіі — Пецярбургскага касцёла Св. Кацярыны, то, не вагаючыся, разам з Тадэвушам Попелем ды Антоніем Піятроўскім запрасіў да ўдзелу ў працы і Казіміра Альхімовіча.

bozhee_rozhdenie_poklonenie_volhvov.jpg

Божае нараджэнне. Паланенн валхвоў

 

Сакральная тэма была пажыццёвай у творчасці Альхімовіча. (Назавём абраз «Прасвятая Панна Марыя» для царквы ў Закапанэ, роспіс Свята-Троіцкага сабора ў Любліне, а таксама моцную манахромную кампазіцыю ў змешанай тэхніцы «Божае нараджэнне» ды інш.).

sbor_yachmenya_rufyu(1).jpg

Руфь бярэ ячмень

Аднак, закончыўшы навучанне, Казімір Альхімовіч, развітаўшыся з калегамі і сябрамі, зноў апынуўся на ростанях.

Мюнхен. Атмасфера і норавы

Мастак рушыў у сталіцу Баварыі — «Нямецкія Афіны». Імпазантны Мюнхен меў Акадэмію мастацтваў ад 1770 года, а з XІХ стагоддзя да яе дадаўся шэраг прыватных школак. Мюнхен стаў калыскай авангардызму.

Выбар Альхімовіча не быў стыхійным, калі ён спыніўся на класе Аляксандра фон Вагнера (1838–1919). Мэтр, амаль пагодка Казіміра, гадаванец Венскай акадэміі і прафесар гісторыі мастацтваў Каралеўскай акадэміі, быў эрудытам і ў творчасці аддаваў перавагу гістарычным сюжэтам ды жанравым выявам з венгерскага жыцця. Не толькі неабходнасць прафесійнага ўдасканалення падштурхоўвала «герсанца», але і прага да «новага гістарызму».

Маятнік жыцця «студыёзусаў» гойдаўся між майстэрняй і кавярняй. Кавярні мелі профільны падзел, абавязкова прапаноўвалі піва, каву, більярд і газеты. Абавязковымі былі і заляцанні да «сваёй дзявулькі» (панначкі, кадэткі і г.д.), якая магла быць і кельнершай, і мадысткай. Маці, з ліку былых «дзявулек», падахвочвалі нягеглых дачок хоць трапна паляваць на будучых аліментшчыкаў. Плённымі былі карнавалы, пасля якіх мюнхенскае народанасельніцтва прыбывала.

devochka_v_lesu.jpg

Дзяўчынка ў лесе

Жанчыны — «кветкі жыцця» — хвалявалі душу мастака. Але ён быў каталік... Сакральнае мастацтва ў яго цнатлівай душы ахоўвалі паненкі-зямлячкі: дачка паўстанца з Баландычаў, што пад Гродна — Марыя Магдалена Бутаўт Анджэйкавіч (1852–1933) ды Марыя Гажыч (1860–1935).

Але маладосць брала сваё. Відаць, у той час нарадзілася жаданне ўвекавечыць ліцвінскую багіню Мілду. Не маці Сусвету — стваральніцу ўсяго — Жэміне (Зямлю), а «распусніцу» Мілду, якая апякуецца тымі, хто пакутуе ад адзінотны, дорыць вясновы прамень сонца. Яшчэ ў гімназічныя часы Казімір слухаў паданні пра яе капішча дзесь на падэшве Гедыміна (збоку трохкрыжовай гары). Быў зачараваны расповедамі пра яе храм, што існаваў у мясціне зліцця Нёмана і Нярыс у Коўне. Ён прагнуў кахання і маліўся душой старалітоўскай багіні, суродзічцы Афрадыты ды Венеры.

Палатно Альхімовіча «Мілда» стала самараскрыццём беларуса, а палагоджванне-сінтэз супрацьстаяння між фізічнай жарсцю і рэлігійнай маральнасцю, зямнога, рэальнага існавання і боска-сакральнага, касмічнага паклікання перадвызначыла рамантычны накірунак мастакоўскага стылю.

Францыя

Авіньён і Фантэнбло (1876) сталіся для мастака мажлівасцю суаднесці Мюнхенскія набыткі з шырэйшым кантэкстам. Гіпнатычныя мроі тых, хто спыніўся-заседзеўся, варта падварушваць, і таму досвед іншай школы неабходны.

Звесткі пра французскае падарожжа нашага Альхімовіча сціплыя. Там ён сустрэўся з братам, Гіяцынтам Альхімовічам (1841–1897), які пасля разгрому паўстання Каліноўскага выслізнуў з хіжых лапаў улады і апынуўся ў Перпіньяні. Папрацаваўшы чарцёжнікам, інжынерам на будоўлі чыгункі, ён неўзабаве вярнуўся да мастацтва і адмысловую адукацыю атрымаў ужо ў выгнанні, а ў 1876 годзе сцвердзіўся ў якасці прафесара жывапісу. Калі Казімір упершыню наведаў Францыю, малодшы брат якраз перабраўся на сталае жытло ў Парыж, дзе ўжо пасябраваў з земляком-паўстанцам Міхаілам Андрыёлі (1832–1893.)

Пасля экспанавання ў 1881 годзе карцін Альхімовіча ў Салон-дэ-Пары рэцэнзент адзначыў: відаць, у краіне мастака няма «…нябеснага блакіту, празрыстага паветра, жывых сонечных промняў… мабыць, той край асуджаны на снежныя замецці, вільготную імглу, алавяны далягляд…»

dziewczynka_na_tle_pejzazu.jpg

На тле краявіда

Але ўсё ж быў жывапісны ўсплёск, які мастак перажыў дзякуючы Францыі. У Народным музеі Польшчы экспануецца работа «Дзяўчынка ў лесе», якую Аляхновіч напісаў у год узлёту мадэрну ў сэрцы Еўропы. Яна дэманструе зусім іншы, чым у большасці папярэдніх твораў, жывапіс. Артыстычна лёгкі і нязмушаны, натолены мноствам сонечных блікаў, выбеленых плямінаў на валасах і сукенцы гераіні. Дынамічна-экспрэсіўная праца пэндзля, асабліва ў перадачы паветранага фону...

У кампазіцыях захапляе багацце каляровай палітры, якая жыве і дыхае суладна сонечнаму святлу. Твор выкананы эскізна-лёгка, у згарманізаванай каларыстычнай манеры, дзе пяшчотна-тонкія срэбна-шэрыя, бэжавыя і бела-малочныя колеры далікатна спалучаюцца з амаль празрыстай зелянінай. Карціна — выбух чыстых (кантрасных) і сакавітых колераў пры падкрэслена ўраўнаважанай кампазіцыі: кідка-сонечныя і памаранчавыя колеры надзіва ўдала спалучаюцца з зялёнай лістотай і кармінавай шалькай юнай паненкі…

Па мастацкасці і ёмістасці абагульнення, філасафічнасці найзначным дасягненнем мастака можа лічыцца яго «Пастушка». Дзіця, прытуліўшыся да дрэва, назірае з пагорка, нібы яднае сабой зямное і нябеснае, высі — і ніжні абшар, парослы сакавітай травіцай, на якім пасецца статак.

Было ў гэтых творах штось нявыказанае…

 

Вяртанне. Гады ўзлёту

Вярнуўшыся ў Варшаву ў 1880 годзе, Казімір Альхімовіч цалкам прысвяціў сябе творчасці. Уганараваны за мастацка-публіцыстычныя працы перасоўніцкага чыну («Смерць на этапе», «Пахаванне на Урале»), выявіўшы яшчэ недасканалую жывапісную кампазіцыю па біблейнай прыпавесці «Руф, якая бярэ проса» ды рэалістычна-побытавую ідэю «Жніво» (1869), ён сцвердзіў новую для ліцвінска-беларускага мастацтва тэму вясковага жыцця і працы. І далей Альхімовіч будзе непахісна трымацца ідэі палагоджвання стасункаў між сялянамі і дробнай шляхтай, да якой належаў. «Наём работнікаў» (1893), «Вяртанне героя» (1902), «Шляхціц і селянін» (1908) — таму сведчанне.

naem_rabotnikov.jpg

Наём работнікаў

 

4682_photo_1432036188_1_2.jpg

Вяртанне героя. (Літва, прыватная калекцыя)

Шматфігурная кампазіцыя — «Дажынкі», як і папярэднія рэчы, створаныя на падвіленска-лідскім этнаграфічным і тапаграфічным матэрыяле. Постаць гаспадара з падкрэсленым сэнсавым цэнтрам, псіхалагічна-трапна абмаляваныя шараговыя сяляне-парабкі, гарэзлівая дзятва (не разбярэш, сяляне ці то «панічыкі») утвараюць дадатковыя мізансцэны.

Але прамоўленае не мела моцнага розгаласу.

У 1883 годзе Альхімовіч выставіў сваю рамантычную элегію «Пахаванне Гедыміна». Яна абляцела палову свету: ад Пецярбурга і Львова да Сан-Францыска і Варшаўскай Захэнты. У 1888 годзе была выстаўлена ў Нацыянальным музеі Кракава. Двойчы за гэты твор майстар быў узнагароджаны.

pahavanne_gedim_na.jpg

Пахаванне Гедыміна

Перадаючы скрушную часіну хаўтурнай выправы, перапоўненую жальбай і веліччу развітання старадаўніх ліцвінаў са сваім князем, мастак ужывае шмат навацыяў. Элегічна-павольны рытм працэсіі, бы плынь магічнай ракі, па якой герой кіруе ў іншасвет, падтрымліваецца таямнічым настроем векавога гушчару. Ашчадна-думна ўжывае ён лакальныя колеры: чырвоны, сіні, белыя вопраткі вояў ды дудары ва ўльтрамарыне, што ачольваюць працэсію, нітуюцца з чорнай прагалай лесу. Дыяганальная рытміка кампазіцынай пабудовы палатна надае твору адчуванне руху. Спрадвечная надзея і зарука будучыні — панаванне чыстага і высокага неба…

Потым была нізка гістарычных кампазіцыйных партрэтаў стараліцвінскай тэматыкі. Напрыклад, «Сон Кейстута», у якім харызматычнага (мяркуючы па вопратцы — ледзь не «селяніна») уладара Жамойці, Трокаў, Гародні і Бярэсця ў часе кароткага адпачынку не пакідае клопат пра бяспеку сваіх земляў. Бо трызніцца яму мажлівая навала, якая гідка дыхае ў патыліцу.

У кампазіцыі «Вітаўт на магіле Кейстута» Вялікі (прыжыццёвае вызначэнне) Вітаўт (1350–1430) — у праваслаўі Юрый, у каталіцтве Аляксандр, адзін з сямі сыноў Кейстута, — у стане глыбокага роздуму і пошуку шляхоў краіны.

Работы са згаданай нізкі глядзяцца як патрыятычны мастацка-пластычны курс гісторыі, добраахвотная «сплата сыноўняй пазыкі». Але Радзіма пачынаецца для яго задоўга да нараджэння Збавіцеля і з’яўленння ВКЛ, у казачна-фантастычныя часіны паганства. Створаныя ім партрэты-ўявы таму сведчаннем: «Паганскія вешчуны (ведуны-вайдэлоты)» — тыя, што бачаць і перадаюць свае веды людзям словамі, «Ліздзейка з дачкой на крушнях храма Перуна» — апавядае пра развітанне вешчуна з храмам паганскага Бога, які намовіў Гедыміна запачаткаваць на Тур’яй гары Вільню.

У сярэдзіне 1880-х Казімірам Альхімовічам былі напісаны творы з польскай гісторыі, такія, як «Абарона Ольштына (1587)» — палатно, якое ўслаўляе ахвярнасць у імя ратавання горада.

Адна з адметнасцяў творчасці мастака з-пад Ліды — цікаўнасць да чалавека ў драматычных, а то і трагічных момантах. Крытыка ХІХ стагоддзя назвала паказанае ў Пецярбурзе ў 1885 годзе палатно «Смерць Міхаіла Глінскага ў цямніцы» адным з лепшых у творчасці Альхімовіча.

А чаго варты жыццяпіс і пакаранне шляхціца Самуіла Збароўскага, палітычнага дзеяча і гетмана Запарожскага Войска (1581). Таленавітую рэч Альхімовіча не псуе ні разгорнутая літаратурнасць, ні традыцыйнасць пластычных сродкаў, ні пэўная дыдактычнасць. Скатаваны і ўланцужаны Збароўскі, непахісны ў перакананнях, мужна трымаецца веры ва ўласную праўду. Рашучы паварот галавы, пранізлівы погляд, укамянелая варта... Фізічна-адчувальныя прамяні ўрываюцца ў закратаваны каземат і асвятляюць твар і руку зняволенага. Псіхалагічна завастраючы падзею, мастак прысачыняе дадатковага персанажа — ка́та з сякерай у руках.

Праца ў гістарычным рэчышчы вымагала ад Казіміра Альхімовіча не толькі напружання і творчых пакутаў, але і сур’ёзнага заглыблення ў навуковую літаратуру, хронікі ды аўтэнтычныя гравюры. У большасці твораў мастак праз загалоўнага героя даследуе пасіянарнасць народа.

Займеўшы выкладчыцкі досвед у студыях Францыі, Казімір Альхімовіч у 1890 годзе ўладкаваўся выкладчыкам малюнка ў прыватную школу Браніславы Посьвікавай. На Варшаўскай мастацкай выставе 1902 года ён не толькі прадставіў свае працы, але ўвайшоў у склад аргкамітэта і журы конкурсу.

alhimovich.jpg

Краявід з буслом

Туга па натуры

Для Альхімовіча краявід — толькі частка твора, антураж («Праз багну», «Стары млын»). Выключэнне ў шэрагу — «Краявід з буслом». Ён вельмі і вельмі маляўнічы пры ўсёй сваёй знешняй сціпласці. Палітра арганізоўваецца праз адценні зялёнага (толькі зарунелай, сонечна-пяшчотнай травы і амаль цёмных кронаў дрэў на другім плане). Натура абмалявана далікатна з усёй разнастайнасцю блакітна-смарагдавых водгукаў неба: малочна-рудаватага воблака, мышаста-шэрай хаціны і асляпляльна-бялюткага бусла над чорнай вадой балаціны. Мізансцэна суседства бусла над чорнай вадой надае краявіду драматызм і філасафічную задуменнасць.

Як патрыёт свайго краю, Альхімовіч не мог абмінуць увагай і постаць Адама Міцкевіча. Калі ў 1898 годзе шырокая грамадскасць (не толькі краёвая інтэлігенцыя) адзначала ўгодкі паэта, ён выставіў у «Захэнце» нізку з дванаццаці маляўнічых твораў паводле міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша». Яны, на жаль, не захаваліся і слаба адзначаны польскімі крытыкамі. Хіба што за інтэрпрэтацыю «Свіцязянкі» «Tugodnik ilustrowany» ўганараваў Казіміра Альхімовіча ў 1898 годзе адмысловай прэміяй. «Зафіксавана» таксама пазнейшае палатно «Паляўнічы з рогам» (трапіла на аўкцыён).

Зрэшты, жывапіс Альхімовіча заўважны ў айчынным культурным жыцці. Вядомы малюнкі з выявамі дзеячаў мінулага: Паўла Яна Сапегі, Кшыштафа Радзівіла, ілюстрацыі да твораў Ю. Славацкага, Ю. Крашэўскага ды інш.

Пад засалону

Еўрапейскае мастацтва ў ХІХ стагоддзі зрабіла рашучы крок да стылістыкі найноўшых накірункаў. Ліцвінска-беларускія творцы К. Альхімовіч, Г. Вейсенгоф, С. Богуш-Сестранцэвіч, пазней і Ф. Рушчыц ды С. Жукоўскі ўтваралі своеасаблівую апазіцыю як мадэрну, так і познеакадэмічнаму рэалізму, пераасэнсоўваючы яго ў плыні неарамантычных (у польскім ды рускім усведамленні — проста «рамантычных») тэндэнцый. Паўстанне 1863 года не толькі «паўплывала» на творцаў, якія жылі ў Варшаве. Ён, Казімір Альхімовіч, а таксама Максімільян Герымскі, Гіпаліт Дэбіцкі і Людамір Бенедыктавіч былі чыннымі ўдзельнікамі, іншыя спачувалі барацьбітам (Ян Матэйка), некаторыя ж проста памяталі і шанавалі тыя падзеі. Нават паветра ў Варшаве ў той час было «набрынялае ледзь улоўным, але шматабяцальным прысмакам духу ўзаемнасці» між мастакамі…

У 1906-м з нагоды святкавання 40-х угодкаў педагагічнай дзейнасці Аляксандра Вагнера на выставе, якая адчынілася ў «Захэнце», сярод твораў яго вучняў былі і працы Казіміра Альхімовіча. З 1874 па 1912 год ён паказаў у «Захэнце» больш за 100 сваіх твораў.

Варшава (развітанне)

Пад заслону Каляднага тыдня 1916 года ў Шпіталі Немаўляці Езуса Казімір Альхімовіч адышоў у іншасвет і быў сціпла пахаваны на Паванзкоўскіх могілках Варшавы. У 1918-м грамада, ачоленая мастакамі-сябрамі, шэрагі якіх станавіліся ўсё радзейшымі, зладзіла ў «Захэнце» пасмяротную выставу Казіміра Альхімовіча.

mag_la_kaz_m_ra_al_h_mov_cha.jpg

Магіла Казіміра Альхімовіча

Ужо ў нашы часы грамадска-патрыятычная арганізацыя «Беларуская нацыянальная памяць» пад бел-чырвона-белымі сцягамі на Дзяды наведала Паванзкоўскія могілкі і запаліла памінальныя свечкі, схіліўшы ў пашане галовы над магіламі сыноў і дачок Беларусі: Станіслава Манюшкі, каханай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, выдатнага фатаграфіка Яна Булгака, літаратара Адама Плуга і таленавітага навукоўца, стваральніка фундаментальнай працы «Люд Беларускі» Міхала Федароўскага. Не абмінулі і магілу мастака-змагара Казіміра Альхімовіча.

Твораў Казіміра Альхімовіча ў дзяржаўных сховішчах Беларусі няма. Захоўваюцца яны ў сумежных краінах: Літве, Польшчы, Нямеччыне, Францыі і інш. Пра частку з іх выпадае гаварыць, абапіраючыся на рэпрадукцыі ды згадкі-апісанні ў перыядычным друку.

Але сапраўднае адкрыццё і ўшанаванне творцы, спадзяемся, яшчэ наперадзе…