Рэканкіста Эдуарда Акуліна
У Доме літаратара 3 мая з вялікім поспехам прайшла прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага «Бой з сабой», якую можна аднесці да жанру творчага партрэта. Героем кнігі стаў знакаміты беларускі паэт, бард, рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень» Эдуард Акулін.
Усе без выключэння госці і выступоўцы адзначалі, што прэзентацыя кнігі адбываецца ў такім сімвалічным месцы, якое апошнім часам мала радавала прыхільнікаў беларускага прыгожага пісьменства сустрэчамі з Родным Словам, з любімымі аўтарамі і выканаўцамі. І вось з гэтай прэзентацыяй і пачалося «адваёўванне» (гішп. Reconquista) гэтай унікальнай інтэлектуальнай прасторы, якая яшчэ захавала рэха паэтычных і празаічных твораў, мовы Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса і іншых беларускіх геніяльных творцаў.
Першым з вітальным словам да аўтара кнігі і яго галоўнага героя, да будучых чытачоў звярнуўся акадэмік Радзім Гарэцкі, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра 100-гадовы юбілей Максіма Гарэцкага, які так хораша быў адзначаны ў Доме літаратара. Бо на тым — трыццацігадовай даўніны — свяце прысутнічалі такія выдатныя беларускія аўтары, як Максім Танк, які вёў тую вечарыну, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч і шмат іншых нашых вялікіх пісьменнікаў.
Зусім іншыя ўспаміны і эмоцыі ахоплівалі Радзіма Гаўрылавіча, калі той згадваў, як з Дома літаратараў гвалтоўна выносілі і выкідвалі партрэты беларускіх пісьменнікаў. Дзякуй богу, што хапіла розуму сённяшняму ўладальніку Дома вярнуць партрэтную галерэю, якой ён славіўся ў былыя часы.
Акадэмік Гарэцкі заўважыў, што герой кнігі Алеся Бяляцкага насычаны беларушчынай настолькі моцна, што без яе не ўяўляе свайго жыцця. Але гэта не робіць творчасць Эдуарда Акуліна аднабокай, а, наадварот, здзіўляе разнастайнасцю. Акулін — лірык, які тонка адчувае не толькі прыгажосць пачуцця кахання, але і чароўнасць роднай прыроды, распавядае пра прыналежнасць да яе. У той жа час, яго лірыка нясе адбітак філасафічнасці і роздуму над самымі разнастайнымі праявамі беларускага жыцця.
Пісьменнік-раманіст Леанід Дайнека адзначыў, што роўна сорак гадоў таму яго пакаленне было сведкамі, як Дом літаратара быў адкрыты. І цяпер яго сцэна памятае нашых славутых пісьменнікаў, паэтаў, празаікаў, якія ў тыя часы змагаліся за беларушчыну. «І я рады, што мы сёння вярнуліся сюды, — падкрэсліў Дайнека. — Гэта прыклад мяккай рэканкісты. У сярэднявеччы гэтым словам называўся працэс адваёўвання захопленых маўрамі хрысціянскіх тэрыторый. Гэта прыклад нашай беларускай рэканкісты. Вітаю вас з ёй!»
Пісьменнік-раманіст Леанід Дайнека ўспамінае лепшыя часы Дома літаратара
Леанід Мартынавіч ўспомніў першую сустрэчу з Эдуардам у «Беларускай хатцы» — філіяле музея Максіма Багданова на вуліцы Рабкораўскай. Дайнеку ўразіла лёгкасць, душэўнасць і адкрытасць гэтага чалавека. Па свайму складу і душэўнай арганізацыі Эдуард падаўся празаіку сапраўдным паэтам і сапраўдным «веснавым чалавекам». У якасці падарунка спадар Дайнека прапанаваў Акуліну і ўсім слухачам свой паэтычны экспромт «Тры Іваны, два Сысы»…
Аўтар кнігі Алесь Бяляцкі адзначыў, што ствараць нарыс творчасці Акуліна было лёгка, бо з 17 гадоў яны разам ішлі па адных жыццёвых сцежках: разам паступілі ў Гомельскі універсітэт, жылі ў адным інтэрнаце, ездзілі на раскопкі ў Мір, Ішкалдзь, Наваградак, стваралі беларускамоўны рок-гурт «Баскі»… Потым Эдуард па размеркаванні паехаў у правінцыю, а Алесь паступіў у аспірантуру. Калі ў сталіцы было створана таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», то Эдуард стаў яго сябрам і землякі зноў былі разам — падсумаваў успаміны Алесь Бяляцкі.
У 2011 годзе, калі аўтар прэзентаванай кнігі трапіў туды, куды «Макар цялят не ганяў» (па выразу А. Беляцкага), то менавіта за кратамі і канчаткова выкрышталізавалася ідэя напісаць творчы партрэт сябра.
Пісалася кніга «Бой з сабой», як не парадаксальна, даволі лёгка, з той прычыны, што Эдуард, сапраўды, добры паэт, які тонка адчувае патэнцыял беларускага слова. «Пішучы пра творчасць Эдуарда я меў на ўвазе не толькі майго сябра, але і ўсё пакаленне «Тутэйшых», якое выдатна стартавала ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя і ўжо ў канцы 80-х зрабіла мастацкі рывок маладой айчыннай паэзіі, прозы і драматургіі ў новае стагоддзе» — заўважыў Алесь Бяляцкі.
Для паўнаты карціны стварэння гэтай кнігі Бяляцкі распавёў пра асаблівасці у напісанні такіх твораў у турэмных умовах, Прыходзілася пастаянна ахвяраваць асабістым часам, каб кожны дзень выконваць запланаванае — пісаць адну старонку нарыса. Але менавіта так можна было ажыццявіць даўно задуманае. Цікава, што турэмнае начальства, бывала, прыхільна ставілася да літаратурнай творчасці «зэка» Бяляцкага. Напрыклад, вершы Акуліна пакідалі для прачытання і абдумвання яго зместу і асаблівасцяў. Хоць да іншай літаратуры «з волі» адносіліся больш строга — адсылалі дамоў сям’і вязня.
Рыгор Сітніца пра мастацтва і музыку Акуліна
Цікавую тэму сувязі мастацкага слова і выяўленчых вобразаў на прыкладзе паэзіі раскрыў старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які падкрэсліў, што многія паэтычныя радкі Эдуарда просяцца на палатно. Настолькі яны вобразныя і будзяць фантазію чытачоў.
Алег Сёмін — ветэран гурта Пліса
Пра вобразнасць паэзіі Эдуарда Акуліна нагадалі і запрошаныя на вечарыну музыкі. Алесь Сёмін з фолк-гурта «Пліса» выканаў песню «Камяні» на верш (і да задавальнення аўтара) Леаніда Дайнекі. А вось кіраўнік названага гурта Кастусь Герашчанка прадставіў прэм’еру песню на верш Акуліна «Максім, не вяртайся». Музычную праграму вечарыны працягнула паэтка і кампазітар Кацярына Ваданосава, якая распачынала свой шлях у літаратуру на старонак часопіса «Верасень». Гэтым разам Кацярына са сваім калектывам выканала некалькі аўтарскіх твораў, напрыклад, кампазіцыю паводле Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне», аўтарскую песняю «Паднімі мяне ў неба».
Кастусь Герашчанка
Адзін з арганізатараў знанага праекта «Спеўны сход» Аляксей Галіч таксама прыйшоў на прэзентацыю кнігі «Бой з сабой» з падарункам — прэм’ерай песні на верш Акуліна «Крылакрыж», якая выклікала гарачыя апладысменты і воклічы «брава!» слухачоў, якія прыйшлі на гэтую вечарыну.
Кацярына
Ваданосава
Удзельнікі гурта NAVI Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка прапанавалі слухачам больш простыя, папсовыя песні са свайго рэпертуару («Абдымі мяне») і гэта не дзіўна: гурт мэтанакіравана рухаецца да сваёй мэты, да ўдзелу ў «Еўрабачанні» менавіта з беларускамоўнай кампазіцыяй. Пажадаем жа маладым выканаўцам поспехаў на гэтым шляху.
Ксенія Жук
Ну а найбольшы поспех чакаў самога героя прэзентацыі – Эдуарда Акуліна, песні якога «Янка Купала» і «Белае паліто» спявала ўся зала! Сапраўды, рэдкае відовішча…
P.S. На жаль, як распавёў Эдуард Акулін «мяккая рэканкіста» ў Доме літаратара атрымалася не да канца, бо адміністрацыя ўстановы забараніла продаж прэзентаванай тут кнігі. Хоць гэта і абгаворвалася падчас падпісання дамовы і аплаты арэнды Дома літаратара. Як кажа сам «віноўнік» урачыстасці, «калі цябе запрашаюць вярнуцца ў храм адкуль выгналі, то трэба вяртацца». Але калі падманваюць, варта шукаць альтэрнатыву.