На душы — журба, або Падарожжа да Міхася Стральцова

Сваю колішнюю, пяцідзе­сяцігадовай даўнасці, рэцэнзію на першую кнігу Міхася Стральцова «Блакітны вецер» я пачынаў, памятаю, з разгляду апавядання «Перад дарогай».

3_mihas_stralcou____na_babrovyh_tonjah_na_radzime_fota_alesja__masarenki.jpg

Міхась Стральцоў — на бабровых тонях на радзіме. Фота Алеся  Масарэнкі


Мне б лепей у журбе,
у думках і здалёку,
ў табе і пры табе
шукаць сабе палёгку.

Міхась Стральцоў


Што па-свойму сімвалічна, бо былі абодва прыкладна перад дарогай — літаратурнай. З невялікай розніцай ва ўзросце і творчым досведзе. Рэцэнзія ж (яна называлася «Ці існуе блакітны вецер?») была ўсяго адной з самых першых спробаў выступіць у якасці літаратурнага крытыка.

 

«Перад дарогай»... «На вакзале чакае аўтобус»... «На аўтобуснай станцыі»... «Падарожжа за горад»… Вершаваныя радкі: «Мне дарожанька, адпачын — табе», «I усё вяла, вяла дарога. То хмель на ёй, то дзераза…» Словам — дарога, падарожжа. Віртуальная, вобразна-паэтычная. Ды я хачу распавесці пра падарожжа сапраўднае, пра рэальную паездку на радзіму аўтара прыведзеных вышэй радкоў.

 

На гэты раз нас, а менавіта мяне і Міхася Шавыркіна, чакаў не нейкі «безыменны» аўтобус на вакзале, а чакаў са сваім быстраходным «Міцубішы» Міхась Скобла. Ініцыятыва, кажуць, рэч адказная, нават каральная. Ён стаў галоўным ініцыятарам выдання выбраных твораў Стральцова ў знаным кніжным праекце «Беларускі кнігазбор», укладальнікам кнігі і аўтарам каментароў да яе. I вось цяпер лічыць сваім доўгам папулярызаваць выданне, ладзіць гэтак званыя прэзентацыі і ў выпадку, падобным на наш, самому ся­даць за стырно ўжо ў літаральным сэнсе гэтых слоў.

 

Выпраўляліся ў даволі далёкую дарогу: ад мінскай станцыі метро «Магілёўская» да поўдня магілёўскага краю — раным-рана, а сёмай гадзіне. Міхась — кіроўца — з асобнікамі «Выбраных твораў», другі Міхась, былы шматгадовы рэдактар часопіса «Роднае слова» — з публікацыяй, прысвечанай творчасці М. Стральцова, а я — з дарагім для мяне томікам «Мой свеце ясны» (маўляў, пагартаем, асвяжым у памяці па дарозе). У Бялынічах робім невялікі прыпынак — і ў выніку да нас далучаецца нядаўна прыняты ў наш пісьменніцкі Саюз празаік, рок-музыка, бард ну і, зразумела, аўтар песняў на словы Міхася Стральцова Юрый Несцярэнка. Вось такая складвалася літартгрупа, настроеная на адну агульную, стральцоўскую хвалю.

 

А ў самім Слаўгарадзе нас сустракаў блізкі зямляк Міхася Стральцова, заслужаны, вядомы на Магілёўшчыне грамадскі актывіст, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў Фелікс Шкірманкоў. Як колішні мясцовы кіраўнік, Фелікс Уладзіміравіч парупіўся наконт правядзення прэзентацыі.

 

Адбывалася яна ва ўтульнай залі раённага Дома культуры. Прайшла, як і трэба было чакаць, хораша, жыва. Мы гаварылі пра адметныя вартасці кнігі М. Стральцова, пра яго творчасць і жыццёвы шлях, які пачынаўся ў некалькіх вёрстах ад гарадка, чыталіся яго вершы і ці не ўпершыню тут гучалі песні на яго словы, гучаў выразна

 

Матыў лірычны, адмысловы

У важкай думе ці журбе —

Ён неабходны, каб на слове,

Паэце, верылі табе.

 

Прэзентацыя мела своеасаблівы працяг. Вырашылі наведаць заадно родную вёску аўтара «Выбраных твораў», той самы Сычын, дзе ён нарадзіўся, рос-гадаваўся і які не забываў, па якім нязменна тужыў і ў душы, і разам з героямі сваіх твораў. Ехалі апетай ім у вершах дарогай. Палі, пералескі, лугавіны… «Святло той рэчанькі Галубы, якую прыгалубіў Сож»... Малая Каменка... Вялікая Каменка... Не адразу знайшлі Сычын, давялося спыняцца і распытваць. Калі даехалі — не надта ўзрадаваліся. Бязлюдная вуліца, ніводнай жывой душы. Некаторыя хаты мала з выбітымі вокнамі і абваленымі стрэхамі і столямі. З цяжкасцю адшукалі на ўскрайку вёскі... не, не хату, не сядзібу, хата настаўніка Лявона Клімавіча Стральцова згарэла, — а ўсяго толькі зарослае хмызам і густой травой падвор’е з абгарэлымі шуламі. Малюнак, так бы мовіць, не для слабанервовых. Трымаліся, дзякуючы ўпартай неадступнасці М. Скоблы. І суцешыла крыху тое, што сустрэлі ўсё ж карэннага вяскоўца — сычынца і да таго ж стрыечнага брата Стральцова. Так, таго самага, Уладзіміра Громава, якому пісьменнік прысвяціў сваё апавяданне «Двое ў лесе». Пасядзелі з ім, адзінокім і хворым, на лаўцы каля яго хаты, пагутарылі, падаравалі братаву кнігу. «Ага, пачытаю» — сказаў на развітанне…

 

Не цяжка ўявіць, з якім пачуццём пакідалі мы «малую» ра­дзіму М. Стральцова. З якім пачуццём, з якім настроем, з якімі думкамі. Выходзіць, — думалася, — нездарма ён аддаваў у сваіх творах столькі ўвагі тэме пакінутай вёскі, пакінутай бацькоўскай хаты, нездарма яго герой з нясцерпным болем вырашае, якім чынам памірыць у душы горад і вёску. Нібы прадбачыў аўтар, якім яно будзе, што атрымаецца з гэтага прымірэння наяве. Згадаўся амаль даслоўна ягоны ліст, адрасаваны гомельскай паэтцы Ніне Шкляравай, — яна пазнаёміла мяне потым з лістом, — дзе ён пісаў, што вельмі хочацца дамоў, што «дом у нас адзін, той, што з калыскі». Яшчэ дадаваў гаркотныя словы, што наканаваную апошнюю часіну трэба сустракаць на тым парозе, «на які Бог усадзіў: няхай ужо адтуль і прымае». Дык вось яны, вынікі злавеснай змовы быцця з нябытам, — дзяліўся я ўжо ўслых роздумам са сваімі спадарожнікамі, — няма ні таго бацькоўскага дома, таго парога, ні той ранейшай вёскі, няма з намі і самога аўтара ліста, і аўтара кнігі, што пабачыла свет («мой свеце ясны») ужо без яго і выданню якой прысвячалася наша паездка.

 

Рэальная паездка, вядома ж, цесна спалучалася з падарожжам віртуальным, з духоўным падарожжам у прасторы і часе, у душы і памяці. Што і зразумела. Бо ён, Міхась Стральцоў, займаў сваё адметнае месца ў маёй біяграфіі.

Мы бачыліся, сустракаліся і супрацоўнічалі па трох наступных мінскіх адрасах: вуліца Захарава, 19, рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва», вуліца Энгельса, 9, Саюз пісьменнікаў (таго будынка ўжо не існуе) і вуліца Веры Харужай, 48, пяціпавярховік, у якім разам атрымоўвалі кватэры і суседнічалі.

 

Вярнуўшыся (пасля вандраванняў з адной раённай газеты ў другую) у стольны Мінск, я стаў працаваць у рэдакцыі пісьменніцкага штотыднёвіка «Літаратура і Мастацтва». Тут у адзін цудоўны дзень і адбылося маё знаёмства з пачынаючым празаікам Міхасём Стральцовым. Павітаўся з характэрнай для яго ўсмешкай, павіншаваў мяне з новай працай і паклаў на стол… не, не апавяданне, а рэцэнзію. Не памятаю — на якую кнігу. Ды ўзяўся тут жа з цікавасцю чытаць і спыніўся на вызначэнні: «талент — у чалавечнасці, без чалавечнасці нічога таленавітага не створыш». Сцверджанне здалося мне занадта катэгарычным. Пра што я сказаў. Міхась памяркоўна выслухаў, ледзь было не пагадзіўся са мной. Ды ўсё ж стаў прыво­дзіць аргументы ў карысць свайго меркавання. Спакойна, ціхім голасам, але з глыбокай перакананасцю. Размова скончылася тым, што я ўхваліў рэцэнзію без якіх-небудзь значных правак, сэнсавых ці стылёвых. Такім быў пачатак нашых узаемаадносін, нашай таварыскай супрацы. Затым, не без маёй ініцыятывы, Стральцоў прымае ўдзел у распачатай «ЛіМам» дыскусіі пра стан беларускага рамана: выступае са смелым, крытычным артыкулам. (Не ўсім ён спадабаўся, мелі непрыемнасці і аўтар, і супрацоўнікі газеты.) Далей — болей. Пазнаёміўшыся з яго першай кнігай «Блакітны вецер», я рашыўся ўзяцца за пяро ў якасці літаратурнага крытыка і змясціў на старонках тыднёвіка разгорнуты артыкул пад назвай «Ці існуе блакітны вецер?» Даваў высокую ацэнку: «Існуе». Гэта была, здаецца, ці ні першая такога рода публікацыя ў дачыненні да творчасці маладога празаіка. I размова ў ёй, заўважу, ішла пра тую самую чалавечнасць. Я зазначаў, што ў апавяданнях М. Стральцова ўражвае найперш надзвычайныя любоў і спагада да чалавека, засяроджаная ўвага да рухаў яго душы, да яго духоўнага, інтэлектуальнага і эмацыйнага свету. I заканчваў рэцэнзію высновай: «Харошую кнігу напісаў Міхась Стральцоў. Светлую, чалавечную, таленавітую».

 

Ён у дзень выхаду газеты спачатку патэлефанаваў, потым зайшоў у рэдакцыю, дзякаваў. Крыху сумеўшыся, казаў, што ці не перахвалілі ягоны зборнік, што ў яго ёсць больш цікавыя задумы…

 

Пазней я не змог па нейкай прычыне выказацца ў друку пра яго аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь». А выказацца было проста неабходна. Справа ў тым, што калі ўчытваўся ў твор, то не толькі з цікавасцю, але нават са здзіўленнем зазначаў: Міхалка і Трафім — амаль вылітыя мае рэальныя дзяды, дзед Грышка (па маці) і дзед Арцём. Яны адыгрывалі прыкладна такую ж ролю ў тым, каб неяк дапамагаць маці (бацька быў на вайне) адзяваць і абуваць нас, малалеткаў. Кожны па-свойму, як і персанажы аповесці. Асабліва ўразіла сваім падабенствам гісторыя з наганам і патронам да яго. З той, праўда, розніцай, што калі дзед Міхалка прадбачліва адабраў і «перахаваў» унукаву зброю, то дзед Грышка дазволіў майму стрыечнаму брату Барысу пазабаўляцца з вінтоўкай, якую з адным ці двумя патронамі яму далі як калгаснаму вартаўніку. Унук усё ляскаў і ляскаў затворам на печы і стрэліў напраўду. Проста ў спіну дзеду, які, схіліўшыся над дзяжой, вырабляў аўчыну. Той толькі і войкнуў: «Што ты, Барыс, нарабіў…» І праз некалькі хвілін памёр…

 

Запомнілася тое ўражанне, з якім дачытваў аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь». Асабліва — апошнія старонкі, у прыватнасці праніклівыя радкі пра начны адыход у «празрыста-халодную вечнасць», пра натуральную, негвалтоўную — у адрозненне ад гібелі майго дзеда, — смерць дзеда Міхалкі. Дачытаў і тут жа пазваніў па тэлефоне аўтару: «Міхась, зайдзі пасля працы да мяне. Пагаворым пра твае лапаць і чунь, пра твайго Іванку і тваіх дзядоў, у тым ліку і пра маіх. Як, адкуль ты дазнаўся пра іх?». Міхась падвечар прыйшоў. (Балазе, жылі, як я ўжо казаў, па суседству, у сумежных кватэрах.) Пагаварылі і па справе, і па шчырасці, пра аповесць і пра сваё ваеннае дзяцінства, пра дабро і зло, праўду жыццёвую і праўду мастацкую. Прагаварылі, памятаю, да поўначы.

 

Увогуле, ён згадваецца ў сукупнасці з нейкімі важнымі для мяне жыццёвымі момантамі. Ён адзін з першых выказаў мне спачуванне з нагоды смерці маці. Мы былі побач на нашумелым пятым з’ездзе пісьменнікаў, і ён з захапленнем (не перабольшваю) гаварыў мне пра мой верш «Поезд справядлівасці», які мне ўдалося надрукаваць напярэдадні з’езда — у падтрымку Васіля Быкава. Ён з адабрэннем гаварыў мне пра мой другі прыход — ужо ў якасці галоўнага рэдактара — у тыднёвік «Літаратура і мастацтва»…

 

Я не выпадкова вынес у якасці эпіграфа радкі М. Стральцова з яго ўлюбёным, з яго незаменным, абавязковым, шматзначным словам «журба». Думаю, рэч тут у характэрнай адметнасці паэтыкі аўтара, у арганічна ўласцівых яму, як асобе і творцу, светаадчуванні і светапоглядзе. Паняцце журбы мае ў яго творах мноства адценняў і асацыяцый і — па ўласным прызнанні пісьменіка, — пакуты, смутак, гэтая самая журба «сталі ягонай другой натурай».

Так, мы пераважна ведалі і ўспрымалі ягоную, так бы мовіць, натуру першую, яўную. Яе цяпер згадваем, пра яе гаворым і пішам. А вось што тычыцца ягонай «другой натуры» (ён яшчэ гаварыў пра «сваю душэўную гаспадарку»), то гэта — асобная тэма…