Сашко Білый: недарэчны змагар?

Ваяр, крымінальнік, патрыёт і палітык... 24 сакавіка спаўняецца чатыры гады са дня смерці Аляксандра Музычкі (Сашко Білы). Біламу пашчасціла нарадзіцца тады, калі ягоная пасіянарнасць знайшла выйсце — па іроніі лёсу, прывёўшы яго ж да смерці.

muzychko006.png


Ураджэнец Расіі

Аляксандр Музычка нарадзіўся ў 1962 годзе ў Пермскай вобласці, у сям'і ўкраінца і беларускі. Шмат яго родзічаў ваявалі ў арміі УНР і УПА, прытым трое дзядзькаў загінулі ад рэпрэсій, што безумоўна наклада адбітак на погляды Аляксандра.
Як толькі Украіна стала незалежнай, Музычка паехаў на радзіму і стварыў у Роўна ячэйку СНУМ (Спілка незалежнай украінскай моладзі), што ёсць моладзевым крылом Украінскага Хельсінкскага камітэту. Падчас падзей ГКЧП кіраваў атрадамі УНСО (Украінская нацыяналістычная самаабарона) на Ровеншчыне.

muzychko004.jpg


У 1994-1996 гадах Музычка ваяваў у Чачні ў складзе падраздзялення Шаміля Басаева кіраваў атрадам «Вікінг», які складаўся з сяброў УНСО. Удзельнічаў у абароне Грознага. Там жа, у Чачні, і атрымаў пазыўны «Білы», а таксама — ордэн «Герой нацыі» ад Джахара Дудаева, ахоўнікам якога ён пэўны час быў. Прынамсі так пішуць. Аднак...
Перыяд з 1994 па 1996 гады — даволі таямнічы ў жыцці Сашко Білага. Кажуць, што ён з 900 байцамі вызваліў Грозны, што ўзяў у палон узвод расійскай марской пяхоты... Усе даступныя біяграфіі маюць нестыкоўку — нібыта ў 1995-м Музычка быў асуджаны ўкраінскім судом за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў наведвальніку кафэ «Рэгіна» ў Роўна. Але як такое магло быць, калі ва Украіну ён вярнуўся толькі ў 1996-м? Незразумела і тое, як Музычка за такі кароткі тэрмін заслужыў каласальны давер асцярожнага і хітрага Дудаева — і той дазволіў іншаземцу стаць сваім ахоўнікам. Дарэчы, у сваёй кнізе ўспамінаў «Міліён першы» ўдава Джахара Дудаева Алла, якая скрупулёзна апісвала дэталі быта Джахара і яго ахоўнікаў, ані разу не прыгадвае Білага...

muzychko002.jpg


Гэтым жа перыядам у жыцці Музычка старана карысталася расійская прапаганда для стварэння вобразу бандыта-нацыяналіста. У 2014 годзе Следчы камітэт РФ завёў крымінальную справу і аб'явіў Білага ў міжнародны вышук за тое, што той, нібыта, у студзені 1995-га забіў больш за 20 (!) расеіскіх салдат і афіцэраў. Добра хоць што не з'еў! І ні ў каго не выклікала здзіўленне, што лёс 20 забітых вайскоўцаў зацікавіў СК РФ толькі праз 19 год...
Затое чачэнскі музыкант і бард Імам Алімсултанаў у сваёй песне «Украина, спасибо тебе» прыгадвае Музычку з падзякай і павагай:
Память ребятам УНСО,Погибшим в чеченской войнеСлава тебе, наш СашкоТараса Бульбы сыновьям
З 1996-га па 2013 год — адносна спакойныя часы для Украіны, якія мала спрыялі такім людзям, як Музычка. Напачатку нулявых яго абвінавацілі ў замаху на жыццё сябра УНСО, а потым асудзілі за вымагальніцтва на 3,5 гады. У 2012-м Музычка балатаваўся ў нардэпы Украіны, але набраў толькі 1,1 працэнта галасоў.

Бандыт ці змагар за ідэалы Майдана?


У 2013-м прагрымеў Еўрамайдан, які і зрабіў Аляксандра Музычку тым, кім ён стаў. Сашко паспеў прыняць удзел як у захопе ровенскай абласной адміністрацыі, так і ў падзеях у Кіеве.
Аднак месца ў новай эліце Біламу не знайшлося — хаця і не вядома, ці былі ў яго такія амбіцыі. Ён застаўся лідарам нацыяналістаў у правінцыі і амаль адразу стаў у апазіцыю новай уладзе, абвінавачваючы яе ў невыкананне патрабаванняў Майдана, карумпаванасці і недастатковай нацыянальнай скіраванасці. З гэтага часу інтэрнэт і тэлебачанне пачалі трансляваць негатыў пра Білага: бандыт, вымагальнік, карупцыянер, абклаў усю Ровеншчыну данінай і не даваў усталяваць законную ўладу. Што з гэтага праўда, зараз ужо цяжка зразумець, бо, як кажуць, «хейтэраў» у Сашко хапала і ў самой Украіне.
Дэпутат Генадзь Маскаль, у прыватнасці, наўпрост абвінаваціў Музычку ў вымагальніцтве хабару і рэкеце. Усё гэта сапраўды магло быць, аднак у адрозненне ад многіх іншых украінскіх палітыкаў, Музычка ніколі не купаўся ў раскошы. Жыў у сціплым доме ў вёсцы Бармакі, праз дарогу ад сваіх бацькоў, сам сабе называў «людынай не багатай, але і не беднай». Адзіным каштоўным прадметам, які заўсёды насіў пры сабе, быў хіба што яго аўтамат.
Аднак на роднай Ровеншчыне Білы і сапраўды пачуваўся вельмі ўпэўнена. Усе СМІ абляцелі кадры яго прыходу ў мясцовую Раду з аўтаматам і пагрозамі чыноўнікам, а таксама кадры, дзе ён дае поўхі разгубленаму пракурору, які, па чутках, за грошы закрываў крымінальныя справы. Дарэчы, мала хто ведае, але праз год гэты самы пракурор быў затрыманы за хабар...


Спецаперацыя

Што стала пераломным момантам, які вырашыў лёс Білага — сказаць цяжка. Але хутчэй за ўсе гэта была пагроза Арсену Авакаву, якога ён у адкрытую назваў віннаватым у здачы Крыма Расіі, а потым і ўвогуле паабяцаў «павесіць як сабаку».
Новая ўлада не даравала яму гэта і дэманстратыўнае патрасанне зброяй на мітынгах і ў пракурорскіх кабінетах. Хаця варта адзначыць, што напачатку праблему спрабавалі вырашыць мірам. Да Сашко прыязджала ўпаўнаважаная прэзідэнта па пытаннях антыкарупцыйнай палітыкі Таццяна Чарнавол, казала, што яму трэба на некалькі месяцаў «залегчы на дно» і, па чутках, прапанавала грошы. Сашко адмовіўся.
Што было далей — вядома. 24 сакавіка 2014-га, кафэ «Тры карасі» на Ровеншчыне. Падраздзяленне «Сокал» «праводзіць спецаперацыю па затрыманню сябраў АЗГ» (арганізаванай злачыннай групы).

muzychko005.jpg


Пасля гэтай аперацыі Музычка застаўся з двума стрэламі ў сэрца і рукамі, скаванымі кайданкамі за спіной. МУС потым доўга апраўдавалася, прадстаўляла відэаздымкі, абяцала дапусціць да расследавання грамадскасць... Але ім не паверыў амаль ніхто. Занадта шмат было сведкаў і занадта дэманстратыўным і «своечасовым» аказалася гэта забойства. За 11 дзён да яго Сашко наўпрост напісаў у сацсетках, што яго збіраюцца забіць па замове зверху. У той жа дзень зранку яму аб гэтым сказаў ягоны былы падначалены з Каўказу. І нават ў той жа дзень сам Сашко прыходзіў у мясцовую ўправу ўнутраных спраў — адзін. І чамусьці не быў затрыманы...
Пахавалі Білага з гонарам. Драматычны тэатр Роўна быў адданы пад паніхіду. Тысячы людзей прыйшлі на развітанне. Правы сектар гераізаваў Білага, абяцаў адпомсціць, рабіў ультыматумы з патрабаваннем аддаць Авакава пад трыбунал і даваў «час да заўтра» на іх выкананне... Але словы так і засталіся словам. А былыя паплечнікі Музычкі, што так актыўна яго гераізавалі, удала ўладкаваліся ў камерцыю і палітычную сістэму.

«Хочаце забраць маю зброю? Адбярыце!»  

muzychko003.jpg


Смерць Сашко Білага стала сігналам для ўсіх, хто яшчэ не скарыўся цэнтральнай уладзе. Сігналам, што перыяд стыхійнай дэцэнтралізацыі і failed state ва Украіне скончыўся, і манаполія на ўжыванне гвалту зараз ізноў за законнай уладай — а не за дабраахвотнікамі і рэвалюцыянерамі, колькі б заслуг перад краінай і антырасійскай рыторыкі ў іх не было.
Тыпаж Білага — прарыўны, жорсткі, з пагардай да небяспекі — быў запатрабаваны ў рэвалюцыйныя часы, у віры якіх такія як ён маюць шанец стаць сапраўднымі народнымі героямі. Напорыстыя і рызыкоўныя мужыкі з аўтаматамі і нястомным характарам знаходзяць сябе ў гадзіны перамен, асабліва там, дзе трэба ахвяраваць жыццём — сваім і чужым.
Але калі палітыка перамяшчаецца з вуліц у кабінеты, то мужыкі са стваламі раптоўна пераўтвараюцца ў «бандытаў», а ўзброеныя палітычныя групоўкі — у арганізаваную злачыннасць.
«Хочаце забраць маю зброю? Адбярыце!» — казаў Білы чыноўнікам Ровенскай рады. Тады яны прамаўчалі. Але зброю ў Сашка ўсе ж адабралі — хай і чужымі рукамі. Учорашнія Дон Кіхоты робяцца непатрэбнымі новай эліце. Сашко Білы не здолеў адчуць гэтую змену, бо быў ваяром, а не чыноўнікам.
Сотні патэнцыйных «Сашкоў» як ва Украіне, так і ў Беларусі мучаюцца ў турмах, эміграцыях ці ціха співаюцца дома — бо гісторыя не дае ім шансу стаць кімсьці большым. Біламу пашчасціла нарадзіцца тады, калі ягоная пасіянарнасць знайшла выйсце — па іроніі лёсу, прывёўшы яго ж да смерці. І забойцам ягоным стала тая самая незалежная і нацыянальна-арыентаваная ўкраінская дзяржава, аб якой ён так марыў.