«Сутыкацца, але не пазабівацца». З нагоды 80-годзьдзя палітычнай філёзафкі і паліталягіні Шанталь Муф

Сёньня спаўняецца восемдзясят год вядомай бэльгійскай тэарэтыцы і рэфарматарцы дэмакратыі Шанталь Муф. Адна з найслыннейшых сучасных паліталягіняў Захаду працягвае сачыць і аналізаваць разьвіцьцё дэмакратыі зь Лёндану, дзе здаўна жыве і працуе прафэсаркай на катэдры палітычных навук і міжнародных адносінаў Вэстмінстэрскага ўнівэрсытэту, у якім узначальвае Цэнтар дасьледаваньня дэмакратыі.

Шанталь Муф

Шанталь Муф

Яе часта лічаць радыкалкай, хоць ейная палітычная і навуковая пазыцыя досыць умеркаваная і канструктыўная — хутчэй за ўсё многіх заблытваюць сьмелыя, яркія азначэньні, якія выкарыстоўвае дасьледніца. А сама яна ўжывае паняткі «радыкальная дэмакратыя», «радыкалізацыя», «антаганізмы», «аганізмы», «афэкты», «правы папулізм», «левы папулізм» і, нарэшце, «дэмакратычная зялёная рэвалюцыя».
Да ўсяго на практыцы Шанталь Муф зьяўляецца музай, натхніцелькай многіх сучасных левых рухаў: гішпанскай партыі Падэмас, францускай партыі «Непакорная Францыя». Мысьлярка рэабілітуе панятак «папулізм» і апраўдвае папулісцкую стратэгію партыяў, як левых, так і правых, хаця прыгэтым адзначае прынцыповае адрозьненьне левага і правага папулізму: першы інклюзыўны, то-бок адкрыты да розных катэгорыяў і групаў, тады як правы папулізм — заўсёды эксклюзыўны, то-бок закрыты, кансэрватыўны, адкідвае і маргіналізуе пэўныя катэгорыі насельніцтва.
Аднак не зважаючы на ўсе ідэалягічныя адрозьненьні, сучасная дэмакратыя ўсё яшчэ функцыянуе па прынцыпе, які Ш. Муф трапна рээюмавала выказваньнем францускага этноляга, антраполяга Марсэля Моса: «Сутыкацца, але не пазабівацца». Такога дасягнуць змаглі толькі дэмакратыі, што зьяўляецца каштоўнасьцю і ейным галоўным адрозьненьнем ад іншых рэжымаў, дзе, напрыклад, забаронена сутыкацца, спрачацца альбо калі адбываюцца сутычкі паміж прадстаўнікамі апазыцыі, што могуць заканчвацца гвалтам ці забойствамі.
Вядомая Шанталь Муф і ў Беларусі: так, у 2019 годзе па запрашэньні ЭГУ, Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёханэса Рау і Беларускага эканамічнага дасьледніцка-адукацыйнага цэнтру Шанталь Муф выступіла ў Менску з лекцыяй «Афэкты дэмакратыі». Праўда, цэнтральнай тэмай дасьледаваньня для яе зьяўляецца дэмакратыя, таму многія тэорыі і падыходу дасьледніцы пакуль не стасавальныя да аўтарытарнай Беларусі, хіба ў пэрспэктыве мы зможам ужыць крытычныя погляды і прапановы Шанталь Муф. Але ж цэнтральны панятак «афэкты» ў тэорыі палітычнай мысьляркі — якраз унівэрсальны і працуе ва ўсіх рэжымах:

афэкты, то-бок жарсьці, пачуцьці, эмоцыі — гэта неадымная частка чалавецтва, у тым ліку палітыкі. Менавіта яны скіроўваць нас, перадусім многіх палітыкаў-цаў і актывістаў-ак, да рэалізацыі ідэяў. Без эмоцыяў і адданасьці ідэі цяжка пераканаць іншых у іх важнасьці.

Таму афэкты ці жарсьці, эмоцыі займаюць важнае месца ў жыцьці прафэсійных палітыкаў-даўгавечнікаў, якія ведаюць, што якраз не праграма партыі прывабіць выбарнікаў, а нейкае жывое эмацыйнае апавяданьне, размова з выбарнікамі.

Шанталь Муф

Шанталь Муф

Паліталягіня не хавае сваіх левых поглядаў: яна крытыкуе як правіцу за закрытасьць, эксклюзыўнасьць, так і палітычны цэнтар (нэа)лібэралізм) за гіпэрспажывецкасьць і спробу ўлагодзіць усіх і вынішчыць невырашальныя і нават карысныя для разьвіцьця канфлікты. Але яшчэ больш дастаецца сваім: сацыялісцкаму і сацыял-дэмакратычнаму лягеру, якія не ўлавілі павеваў часу, засталіся ў старой парадыгме клясавага канфлікту і не зрэагавалі, як сьлед, на шматлікія сацыяльныя пратэсты, якія выпрабоўвалі дэмакратыю: прафсаюзныя, фэмінісцкія, зялёныя, нацыянальныя, моўныя і гендарныя рухі. У выніку лявіца і правіца ўсё больш прайграюць тэхнакратычнаму, капіталісцкаму, спажывецкаму нэалібэралізму, які ўзмацніў да нельга свае пазыцыі асабліва падчас кавіду, калі пытаньне бясьпекі, кантролю адкрыла просты шлях да аўтарытарных тэндэнцыяў у дэмакратыі. У выніку ідэалягічная афарбоўка, спэцыфіка левых, правых, цэнтрысцкіх сілаў размываецца і выбарнікам становіцца складана выбіраць. Прынцыповых адрозьненьняў падчас многіх цяперашніх заходніх выбараў паміж рознымі кандыдат-к-амі цяпер проста няма — «мы выбіраем паміж кока-колай і пэпсі-колай», як жартуе сама паліталягіня падчас лекцыяў. Такую сытуацыю яна называе постпалітычнай ці постпалітыкай.
Яшчэ Шанталь Муф бязупынку нагадвае нам, што існая форма лібэральнай прадстаўнічай дэмакратыі — падробка, сам панятак «прадстаўнічая дэмакратыя» — аксюмаран.

Дэмакратыя можа быць толькі простай, народнай, без усякага прадстаўніцтва і пасярэдніцтва.

А таму трэба мяняць, радыкалізаваць сутнасьць дэмакратыі ці адмаўляцца ад азначэньня «дэмакратыя».
Будучыня ў дэмакратыі, пагатоў у левай дэмакратыі, усё ж ёсьць, на думку Ш. Муф, — дэмакратычная зялёная рэвалюцыя. Зялёная ці экалягічная тэма сама напрошваецца стаць цэнтральнай і скансалідаваць левы лягер, як у мінулым зрабіла клясавае пытаньне. Ш. Муф прапануе стварыць шырокую кааліцыю рухаў пад сьцягам «Зялёнай дэмакратычнай рэвалюцыі», што падразумявае абарону грамадзтва і ягоных матэрыяльных умоваў такім чынам, каб пашыраць магчымасьці людзей, а не прымушаць іх хавацца ў абарончым нацыяналізме або пасіўным прыняцьці тэхналягічнага прагрэсу. Зялёная рэвалюцыя Ш. Муф — гэта якраз абарона многіх, бальшыні, бо экалягічныя правы тычацца ўсіх. Да ўсяго гістарычна лявіца першай зьвярнула ўвагу на палітычны патэнцыял экалёгіі, цяпер надышоў час забясьпечыць сацыяльную справядлівасьць і салідарнасьць шляхам кансалідацыі лявіцы вакол зялёнай тэмы. Гэтай тэме прысьвечаная апошняя кнігі паліталягіні — «Дэмакратычная зялёная рэвалюцыя» (у францускай вэрсіі) ці «На шляху да зялёнай дэмакратычнай рэвалюцыі» (у англамоўнай вэрсіі), якая зьявілася ў 2022 годзе.

1686942430633blob.jpg


А яшчэ бязупынныя канфлікты, якія назіраюцца ў сьвеце, у Эўропе, пакідаюць мысьлярку аптымісткай: гэта азначае, што палітыка яшчэ існуе, калі ёсьць месца канфліктам. Канфлікты мабілізуюць і пастаянна аднаўляюць, нават амаладжваюць палітыку. Ш. Муф насьцярожваюць палітыкі, якія спрабуюць загасіць канфлікты ці знайсьці ўнівэрсальны сродак вырашыць усе канфлікты.

У дэмакратыі галоўнае, каб людзі бязупынку сыходзіліся, сутыкаліся, спрачаліся, мелі розныя погляды, але пры гэтым не пазабіваліся. Баяцца спрачацца і выйсьці на вуліцу — гэта ўжо рыса дыктатуры.

А таму і ў 80 год бэльгійская паліталягіня застаецца хутчэй аптымісткай, што датычыць будучыні Захаду, калі глядзіць на тое, як бурліць дэмакратыя, у прыватнасьці эўрапейская, як сутыкаюцца розныя групы людзей падчас маніфэстацыяў ці парлямэнцкіх дыскусіяў. Нам у Беларусі гэтаму яшчэ доўга вучыцца, але Ш. Муф пакідае нам парады, як навучыцца гэтаму хутчэй.