Вярнуць празрысты свой настрой...
20 лістапада Яўгеніі Янішчыц было б толькі 70. Але трыццаць гадоў, як яе няма сярод нас.
Да 70-годдзя беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц
Мае равеснікі і старэйшыя па пяру літаратары яе добра ведалі, паважалі і любілі. Мы зачытваліся яе шчырай, светлай лірыкай. Мы вучыліся ў яе пісаць: проста, лёгка, вобразна:
Рэчаньку цёплую пяройдзеш ты,Я ж — па тонкім лядочку.Два слядочкі — да цемнаты,А два — праз глухую ночку.
Поздняй восенню 1979 года я прыйшоў з войска. І, каб не сядзець год без справы, уладкаваўся загадчыкам Сынковіцкага сельскага клуба Зэльвенскага раёна. Вёска Сынковічы побач з маёй роднай вёскай Хадзявічы Слонімскага раёна. Дзве вёскі якраз знаходзяцца на мяжы двух раёнаў. Да клуба ад маёй хаты хвілін дзесяць язды на ровары. Бываў я ў Сынковічах не кожны дзень, таму дома ў вольны час рыхтаваўся да паступлення ў Белдзяржуніверсітэт, пісаў вершы, замалёўкі, вёў вялікую перапіску з пісьменнікамі і з сябрамі.
Сусед мой выпісваў «Сельскую газету» і, седзячы на прызбе, кожны дзень чытаў. Аднойчы і я ўзяў паглядзець гэтую «Сельскую газету» («Белорусская нива»). І мне якраз трапіў той нумар, дзе на чацвёртай старонцы друкаваліся вершы і розныя матэрыялы на тэму культуры. Вырашыў і я даслаць падборачку сваіх вершаў у «Сельскую газету». Тым больш, што я вярнуўся з войска дамоў, у сельскую мясцовасць, працую ў клубе, ды яшчэ пішу вершы. Пра гэта я таксама паведаміў у пісьме. Праз тыдзень атрымліваю з газеты ліст ад літаратурнага кансультанта гэтага выдання. А кансультантам тады была Яўгенія Янішчыц. Яўгенія Іосіфаўна напісала ліст вельмі шчыра, каб не пакрыўдзіць мяне, каб не спалохаць. Яна пахваліла мае вершы, раіла пісаць больш і дасылаць ёй усё самае лепшае. Але ў канцы пісьма паэтка сказала, што вершы апублікаваныя не будуць, бо да ўзроўню рэспубліканскай газеты яны яшчэ не дацягваюць.
Але мяне ліст узрадаваў. Таму я зноў і зноў дасылаў вершы Яўгеніі Янішчыц у «Сельскую газету». А яна мне адказвала, вучыла мяне пісаць, давала розныя парады, заўвагі, пажаданні. А 9 красавіка 1980 года ад яе я атрымаў і такі ліст: «Добры дзень, дарагі Сяргей! Уважліва прачытала два тваіх вершы: «Вёска — радасць мая» і «Беларусь — мая калыска». Падкупляе сваёй шчырасцю верш «Беларусь...» І асабліва — такія радкі: «да цябе зноў вяртаюся жменькаю ўспамінаў, і ты — як сон перад вачыма». Хораша і паэтычна сказана! Хацелася б пажадаць табе такой шчырасці і надалей, сваіх нечаканых і адметных мастацкіх вобразаў. Верш «Беларусь» буду прапаноўваць у друк. Дашлі свае вершы (гэтыя і новыя) на радыё («Шчырага сэрца парывы») і напішы пра сябе: дзе і калі нарадзіўся, што скончыў і г.д. Я вяду гэтую перадачу і хацелася б цябе прадставіць нашаму рэспубліканскаму слухачу. Для «Сельскай газеты» дашлі сваё фота і яшчэ новыя вершы. Ці друкаваўся дзе раней? Пішы тэрмінова. З пажаданнем поспехаў Яўгенія Янішчыц».
Ад такога ліста я быў на «сёмым небе» ад радасці. Хуценька ўсё выканаў, аб чым прасіла Яўгенія Іосіфаўна. Паслаў у газету некалькі новых вершаў і фотаздымак, а таксама падборку вершаў на радыё. Сапраўды, Яўгенія Янішчыц вяла тады на радыё адзін раз на месяц літаратурную перадачу «Шчырага сэрца парывы». Я стараўся не прапускаць гэтыя перадачы, а аднойчы, дзякуючы паэтцы, пачуў там і свае вершы. Не ведаю, ці гучыць цяпер на Беларускім радыё такая цудоўная літаратурная перадача, якая ў 1980-я гады гучала голасам Яўгеніі Янішчыц.
Не прайшло і месяца, як у «Сельскай газеце» з’явілася падборка маіх вершаў з фотаздымкам і ўступным словам Яўгеніі Янішчыц. Я не буду хваліцца тымі цёплымі радкамі, якія пра мяне напісала паэтка. Скажу толькі, што да сённяшніх дзён я ведаю іх напамяць. І газету тую берагу, як самую дарагую рэч. І калі чытаю-перачытваю яе, слёзы самыя з’яўляюцца на вейках: ці то ад радасці, ці то ад суму, ці то ад болю. І прыгадваюцца радкі Яўгеніі Янішчыц:
Як дзіўна і зусім незразумела:Між усяго, што ў сэрцы набалела,На нейкай дзікай сцежачцы ляснойВярнуць ізноў празрысты свой настрой.
У жніўні 1980 года я паступіў у Белдзяржуніверсітэт. Наш філфак знаходзіўся тады на Чырвонаармейскай вуліцы, 6. Побач на Ульянаўскай вуліцы жыла Яўгенія Янішчыц, а зусім побач на вуліцы Карла Маркса, 40 была рэдакцыя часопіса «Маладосць». Надрукавацца ў тыя гады ў «Маладосці», ды яшчэ студэнту, было няпроста. Асабліва складана было з’явіцца на старонках выдання другі раз. Я неяк асмеліўся і вырашыў занясці з дзесятак вершаў у часопіс. Тым больш, што дэбютаваў тут у 1981 годзе, таму няхай ляжаць вершы і чакаюць сваёй чаргі.
Я прыйшоў у аддзел прозы і паэзіі, дзе за сталом у кабінеце сядзеў адзін Уладзімір Дамашэвіч. «Я вяду аддзел прозы, а за паэзію ў нас адказвае Яўгенія Янішчыц. Пачакайце крыху, яна хутка павінна быць, бо жыве тут недалёка», — сказаў Уладзімір Максімавіч. Мы пачалі гутарыць і праз хвілінку-другую зайшла Яўгенія Іосіфаўна, тая самая Яўгенія Янішчыц, з якой я перапісваўся і якую ўбачыў упершыню. Паэтка хутка распранулася, села за стол і пачала чытаць мае вершы. Вершы яна прачытала імгненна і для друку выбрала сем паэтычных тавораў. «Але яны, Сяргей, будуць надрукаваныя крыху пазней», — сказала Яўгенія Іосіфаўна. Вершы, сапраўды, з’явіліся ажно летам 1985 года.
Так мы пазнаёміліся. І пасля часта сустракаліся ў Доме літаратараў, на розных сустрэчах і мерапрыемствах. Яна заходзіла і да нас на філфак на сустрэчу з універсітэцкім літаб’яднаннем «Узлёт», якім кіраваў прафесар Алег Лойка. Гэта яму маладая Жэня Янішчыц прысвячала радкі яшчэ ў 1973-м:
Пакуль жыве ў душы пачатак,Пакуль шляхоў не замяло,Яшчэ злятаемся так частаПад Ваша дружнае крыло...
Жэня любіла «ўзлётаўцаў», бо сама была самай актыўнай «узлётаўкай». У 1967 годзе з друку выйшла другая паэтычная кніга паэтаў літаратурнага аб’яднання «Узлёт» пад назовам «Натхненне». Зборнік адкрываўся нізкаю вершаў Яўгеніі Янішчыц з яе фотаздымкам каля яблынькі. У 1971 годзе свет пабачыў новы паэтычны зборнік «узлётаўцаў» усіх пакаленняў. У ім быў змешчаны і верш Яўгеніі Янішчыц, верш, які памятаюць і ведаюць усе беларускія паэты:
Ты пакліч мяне. Пазаві,Сто дарог за маімі плячыма.Пачынаецца ўсё з любві,А інакш і жыць немагчыма.
У маёй хатняй бібліятэцы ёсць усе зборнікі Яўгеніі Янішчыц. Некаторыя з іх з аўтографамі. Вось невялічкі і ладненькі зборнічак «Дзень вечаровы» (1974), за які паэтка атрымала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі ў 1978 годзе. У асноўным гэта лірычныя вершы, дзе, маладая на той час паэтка, пісала пра родныя мясціны, пра вёску і землякоў, і, вядома ж, пра каханне. Усе вершы з гэтага зборніка можна цытаваць, бо ім характэрны глыбокі і самабытны роздум над жыццём, акрэсленасць думкі, шматзначнасць вобраза:
Прыйдзі, падзелім напаламТой ручаёк, які не высах,Пакуль душа падобна высям,А высі — светлым журавам...
У 1983 годзе з друку выйшла яе кніга паэзіі «Пара любові і жалю», за якую Яўгенія Янішчыц атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы. Пры жыцці былі і яшчэ яе кнігі вершаў «Снежныя грамніцы», «Ясельда», «На беразе пляча», «Каліна зімы» і іншыя.
20 лістапада Яўгеніі Янішчыц было б толькі 70. Але трыццаць гадоў, як яе няма сярод нас. Я зноў перачытаў усе кнігі паэткі. Дзякуй Вам, Яўгенія Іосіфаўна, за Вашы цудоўныя вершы, за тое, што некалі дапамаглі мне знайсці і выбраць сваю літаратурную сцежку ў жыцці.